А́НІЧКІН Уладзімір Уладзіміравіч
(н. 24.9.1949 станцыя Дабрынка Варонежскай вобл.),
хірург. Д-р мед. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1972), працуе ў гэтым ін-це (з 1986 прарэктар). Навук. працы па дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы пасляаперацыйных ускладненняў і органазберагальных аперацыях пры язвавай хваробе дванаццаціперснай кішкі, пластычнай хірургіі. Прапанаваў спосабы пратэзавання трахеі. Ганаровы д-р мед. ф-та Масачусецкага тэхнал. ін-та (1990).
Тв.:
Изолированная резекция бифуркации трахеи. Мн., 1992 (разам з М.Р.Сачакам і У.П.Харчанкам);
Протезирование трахеи. Мн., 1995 (разам з М.Р.Сачакам і А.С.Карпіцкім).
т. 1, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЕ́ВІЧ Анатоль Барысавіч
(н. 9.1.1942, в. Мелаватка Валгаградскай вобл., Расія),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1991). Скончыў БДУ (1963), дзе працуе з 1967. Навук. працы па функцыян. аналізе і дыферэнцыяльных ураўненнях. Распрацаваў новы падыход у даследаванні функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў і нелакальных краявых задач, заснаваных на вывучэнні адпаведных аператарных алгебраў. Адзін з аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993).
Тв.:
Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984 (разам з Я.В.Радынам);
Линейные функциональные уравнения: Оператор. подход. Мн., 1988;
Functional differential equations: I.C.-theory. New York, 1994 (разам з А.У.Лебедзевым).
т. 1, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫ́КА Аляксандр Мікалаевіч
(н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1965 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексікалогію і інш.: «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970), «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст.» (1980). Аўтар «Слоўніка іншамоўных слоў» (1993), рэдактар і сааўт. «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96).
т. 3, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НЗЕН
(Bunsen) Роберт Вільгельм (30.3.1811, г. Гётынген, Германія — 16.8.1899),
нямецкі хімік, адзін з заснавальнікаў фотахіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1862). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1830), З 1838 праф. ун-та ў Марбургу, з 1852 — у Гайдэльбергу. Асн. навук. працы па агульнай хіміі і метадах даследавання хім. рэчываў. Упершыню атрымаў метал. магній, літый, кальцый, стронцый і барый (1852—55). Разам з Г.Р.Кірхгофам распрацаваў (1859) метад спектральнага аналізу, з дапамогай якога адкрыў цэзій і рубідый (1861).
Літ.:
Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 231.
т. 3, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНЯКО́ЎСКІ Віктар Якаўлевіч
(16.12.1804, г. Бар Вінніцкай вобл., Украіна — 12.12.1889),
рускі матэматык. Акад. Пецярбургскай АН (1830). Матэм. адукацыю атрымаў за мяжой (Швейцарыя, Францыя). З 1826 выкладаў матэматыку ў ВНУ Пецярбурга, з 1846 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1864 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. Навук. працы па інтэгральным злічэнні, тэорыі няроўнасцяў (гл. Бунякоўскага няроўнасць), тэорыі лікаў, тэорыі імавернасцяў і дэмаграфіі (статыстыцы насельніцтва). Аўтар першага ў Расіі падручніка па тэорыі імавернасцяў (1846).
Літ.:
Прудников В.Е. В.Я.Буняковский — учёный и педагог. М., 1954;
История отечественной математики. Т. 2. Киев, 1967.
т. 3, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫСТРЫ́ЦКАЯ Эліна Аўраамаўна
(н. 4.4.1928, Кіеў),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. маст. імя І.Карпенкі-Карага (1953). З 1958 у Малым т-ры Расіі. Праф. (1979) Расійскай акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод роляў: Юлія Піліпаўна («Дачнікі» М.Горкага, і ў кіно), Дона Ганна («Каменны ўладар» Лесі Украінкі), баранэса Штраль («Маскарад» М.Лермантава), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага); выканала 7 роляў у спектаклі «Выпадковы вальс» паводле кнігі С.Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» (т-р Эстрады). З 1951 здымаецца ў кіно: «Няскончаная аповесць», «Ціхі Дон», «Добраахвотнікі» і інш.
т. 3, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́Ў Сяргей Міхайлавіч
(н. 19.9.1925, в. Дзяшоўкі Калужскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1986). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1956). З 1956 у Бел. політэхн. акадэміі, у 1975—88 прарэктар. У 1969—75 рэктар Магілёўскага машынабуд. ін-та. Навук. працы па стварэнні абсталявання і распрацоўцы методык для правядзення выпрабаванняў аўтатрактарнай тэхнікі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможніка «Трактары» (1972, 1977).
Тв.:
Тракторы. Ч. 1. КонструкцИИ. Мн., 1979 (у сааўт.);
Тракторы. Ч. 4. Испытания. Мн., 1986 (разам з А.С.Салонскім).
т. 3, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ Аляксей Андрэевіч
(24.10.1864, Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 18.6.1937),
савецкі заолаг і зоагеограф. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Расійскай АН з 1923). Праф. Ленінградскага ун-та. Дырэктар Заал. музея АН СССР. Навук. працы па сістэматыцы, біягеаграфіі розных груп беспазваночных, птушак і млекакормячых. Садзейнічаў арганізацыі пры Заал. музеі пастаяннай камісіі па вывучэнні малярыйных камароў, экспедыцыі ў Сярэднюю Азію (1928), што спрыяла даследаванням у СССР па паразіталогіі.
Тв.:
Скорпионы. Вып. 1. Пг., 1917;
Фаланги // Фауна СССР. М.; Л., 1938. Т. 1, вып. 3.
т. 3, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ Іван Дзмітрыевіч
(1810, Масква — 1.12.1873),
рускі гісторык, славянафіл. З 1852 праф. Маскоўскага ун-та, сакратар Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Працы па гісторыі рус. сялянства, права, ваен. справы, летапісання. Даследаваў пытанні гісторыі Беларусі да 16 ст. У «Гісторыі Полацка ці Паўночна-Заходняй Русі...» (1872), прааналізаваў сац. і нац. склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Першы з рус. гісторыкаў даў этнагр. апісанне беларусаў, якіх называў крывічамі. Сабраў калекцыю стараж.-рус. рукапісаў.
Тв.:
Очерк истории Северо-Западного края России. Вильна, 1876;
Крестьяне на Руси. М., 1860.
т. 3, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІН Ілья Мікалаевіч
(31.7.1818, г. Перм — 3.4.1896),
расійскі вучоны-ўсходазнавец. Скончыў Казанскі ун-т (1837). Праф. Казанскага (1846—55) і Пецярбургскага (з 1855) ун-таў. Працы па гісторыі, філалогіі, археалогіі краін Блізкага і Сярэдняга Усходу, у т. л. «Унутраны лад Залатой Арды (паводле ханскіх ярлыкоў)» (1850), «Падарожжа па Усходзе» (т. 1—2, 1850—52), склаў «Граматыку персідскай мовы» (1853), выдаў «Бібліятэку ўсходніх гісторыкаў» (1849—54), «Зборнік летапісаў» іранскага сярэдневяковага вучонага Рашыдадзіна (1858—88), «Рускі энцыклапедычны слоўнік» (т. 1—16, 1873—88), «Турэцкую хрэстаматыю» (т. 1—З, 1857—90).
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)