ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Іосіфавіч) (н. 21.11.1901, в. Малая Каменка Бабруйскага р-на Мінскай вобл.),
генерал-лейтэнант (1945). У 1921—24 вучыўся ў 1-й Аб’яднанай ваен. школе імя ВЦВК, скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1919, удзельнік грамадз. вайны. У 1933—38 на дыпламат. рабоце. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах, 1-м Укр. франтах: камандзір дывізіі, корпуса. Да 1960 на адказных пасадах у Сав. Арміі.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛО́ВІЧ (Якуб) (Якаў Сідаравіч; 7.8.1910, в. Вяшэўка Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 18.4.1987),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў. Дэбютаваў вершамі ў 1929. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Над Бярозай» (1960), «Душа чалавека» (1962), «Родная зямля» (1967), «Твар у твар» (1970), «След на зямлі» (1977). Асн. тэмы твораў — вайна, праца калгаснікаў і сельскай інтэлігенцыі.
Тв.:
Сіняя птушка. Мн., 1980;
Акопы не пазарасталі. Мн., 1985.
т. 6, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Кастусь) (Канстанцін Якаўлевіч, н. 2.5.1954, в. Затур’я Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1981). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні, з 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1968. Паэзія вылучаецца праблемнай насычанасцю, эмацыянальнасцю, імкненнем да афарыстычнасці, філас. абагульнення жыццёвых з’яў, роздумам над лёсам зямлі (зб-кі «Планета маёй душы», 1982, «Зямная ноша», 1988, «У найме ў сонца» і «Пладаносны агонь», абодва 1991, «Галгофа», 1997).
т. 6, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМБРЖЫ́ЦКІ (Станіслаў Валянцінавіч) (1823, в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1.10.1907),
бел. паэт, краязнавец. З літ. твораў З. захавалася вершаванае апавяданне «Гутарка Сталюка» (1870—90-я г.), у якім паказаў побыт народа, нікчэмнасць фанабэрыстай шляхты, даў узоры бел. гутарковай мовы. Вывучаў курганы на радзіме, першы апісаў Вязынкаўскае гарадзішча. У 1881—83 бацька Я.Купалы арандаваў у З. зямлю.
Літ.:
Каханоўскі Г. Аўтар знайшоўся // ЛіМ. 1979. 2 лют.
Г.А.Каханоўскі.
т. 6, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́МНАЕ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Нёман, каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 80 км ад Мінска. 1127 ж., 396 двароў (1997). Дарожна-буд. ўпраўленне № 29. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі стаянка каменнага і бронзавага вякоў (8—1-е тыс. да н.э.).
т. 7, с. 26
т. 7, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНО́К (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 19.10.1949, г. Клецк Мінскай вобл.),
бел, хімік-арганік. Д-р хім. н. (1990), праф (1991). Скончыў БДУ (1972), дзе і працаваў. З 1991 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі гетэрацыклічных злучэнняў. Распрацаваў метад сінтэзу кісларод- і азотзмяшчальных гетэрацыклаў на аснове рэакцый унутрымалекулярнай цыклізацыі функцыянальна замешчаных ненасычаных і эпоксікетонаў, сінтэзаваў больш за тысячу новых гетэрацыклічных злучэнняў, многія з якіх біялагічна актыўныя (лек. прэпараты).
т. 7, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РКАЎКА (Аркадзь Андрэевіч) (26.1. 1900, в. Зазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1957),
бел. паэт. Скончыў БПІ (1934). Працаваў тэлеграфістам на ст. Мінск (1916—26), на з-дзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі, выкладаў у БПІ. У Вял. Айч. вайну партыз. сувязны ў Мінску. Друкаваўся з 1922. Паэзія М. (зб. «Дым жыцця», 1928) вызначаецца філасафічнасцю, лірызмам, паглыбленнем у чалавечую душу.
Тв.:
Гады, як ветразі. Мн., 1959;
Вершы. Мн., 1973.
т. 10, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНЕ́Ц (Яўген Фёдаравіч) (29.4.1932, в. Аляксандраўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.5.1986),
бел. вучоны ў галіне нейрафізіялогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1982). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956). З 1977 у БДУ (да 1984 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні ўстойлівасці галаўнога мозга да кіслароднага галадання.
Тв.:
Молекулярно-системные реакции гипоксического процесса в ткани головного мозга ( у сааўт.) // Актуальные вопросы невропатологии и нейрохирургии. Мн., 1975. Вып. 8.
т. 9, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНЬ,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Мядзел. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Вілейка, 108 км ад Мінска. 1148 ж., 444 двары (1999). Спірт- і вінзаводы, цэх мінер. вады, кансервавы цэх, малое прадпрыемства «Любань». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 9, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯШЧЫ́НСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). За 250 м на ПнЗ ад в. Ляшчынск Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун ружавата-шэрага дробназярністага граніту з уключэннямі крышталёў мінералаў цёмнага колеру (слюды). Даўж. 4 м, шыр. 3,4 м, выш. 0,8 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 10,7 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 9, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)