ПАЖА́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па нагляду за выкананнем правіл і норм пажарнай бяспекі. Ажыццяўляюць дзярж. органы П.н., якія праводзяць пажарна-тэхн. абследаванне прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, робяць заключэнне аб наяўнасці парушэнняў і даюць рэкамендацыі па іх ліквідацыі і ўзмацненні проціпажарнай аховы аб’ектаў, распрацоўваюць і зацвярджаюць правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі збудаванняў і правядзенні буд. работ; таксама накладаюць спагнанні за парушэнні правіл і патрабаванняў пажарнай бяспекі: часова прыпыняюць ці забараняюць эксплуатацыю прамысл. аб’ектаў (асобных памяшканняў, абсталявання), што працуюць з парушэннямі, выпуск і рэалізацыю прадукцыі, якая не адпавядае проціпажарным патрабаванням. На Беларусі П.н. ажыццяўляе Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (створана ў 1999), якому падпарадкаваныя тэр. (абл.) і мясц. органы (пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і пасты ў гарадах, раёнах, на асобных аб’ектах).

А.​С.​Гардзяюк, А.​П.​Герасімчык, В.​Ф.​Трапашка.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫНА́РЫ ((Portinari) Кандыда) (29.12.1903, г. Брадоскі, Бразілія — 7.2.1962),

бразільскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Нац. маст. школе ў Рыо-дэ-Жанейра (1918—28). У 1936—39 праф. ун-та ў Рыо-дэ-Жанейра. Зазнаў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму, П.​Пікасо. З сярэдзіны 1930-х г. у рэаліст. манеры адлюстроўваў жыццё простага народа (батракоў, індзейцаў, неграў), часта надаваў персанажам узнёсла-гераічны характар. Творам уласціва абагульненне форм, мяккасць святлоценявой распрацоўкі, дакладнасць малюнка. Аўтар манум. размалёвак у будынках Мін-ва адукацыі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра (1936—45), Б-кі кангрэса ЗША у Вашынгтоне (1941), каледжа ў г. Катагуазіс (1948—49), пано «Вайна і мір» у будынку ААН у Нью-Йорку (1955), партрэта Р.​Ралана (1936), карцін «Мёртвае дзіця» (1944), серыі «Бежанцы» (1945) і інш. Міжнар. прэмія Міру 1950.

К.Партынары. Мёртвае дзіця. 1944.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХУ́ТА (Анатоль Сяргеевіч) (н. 17.10.1947, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1971). З 1971 гал. архітэктар г. Ліда Гродзенскай вобл., з 1982 — Гродна. Асн. работы: комплекснае добраўпарадкаванне цэнтра Ліды (1973—82), генпланы гарадоў Ліда (1972, 1991), Смаргонь (1984), Навагрудак (1995), вёсак Квасоўка Гродзенскага, Бердаўка Лідскага, Тур’я Шчучынскага р-наў (1985—90); праекты рэгенерацыі гіст. цэнтра Гродна (1983, 1989), забудовы жылых гарадкоў Мін-ва абароны Беларусі Ліда, Слонім, Рось Ваўкавыскага р-на (усе 1990-я г.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998); жыллёвы комплекс па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1997), лядовы палац (1999) у Гродне (усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў інтэр’ераў абл. драм. т-ра, чыг. вакзала, кінатэатра «Кастрычнік», гасцініцы «Амега» ў Гродне (усе 1986—97).

Т.​Р.​Мартыненка.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЦЕ́ЛЬНЫЯ КЛАПЫ́ (Cimicidae),

сямейства насякомых атр. паўцвердакрылых. Каля 40 відаў. Пашыраны ўсюды. Крывасмокі; паразітуюць на пазваночных жывёлах (галубы, куры, лятучыя мышы і інш.), некат. віды — у чалавека. Актыўныя пераважна ўначы. Найб. вядомыя на Беларусі — П.к. звычайны (Cimex lectularius) і клоп ластаўчын (Oeciacus hirundi).

Цела акруглае ці авальнае, моцна сплюшчанае. Надкрылы ўкарочаныя. Даўж. П.к. звычайнага: самцоў — да 6,5 мм, самак — да 8,4 мм. Мае добры нюх. Характэрны ўласны рэзкі, непрыемны пах. Здольны хутка перамяшчацца (да 1 м за 1 мін). Ротавы апарат колюча-сысучы. Працінае хабатком скуру і ўпускае ў ранку сліну, якая перашкаджае згушчэнню крыві. Укусы выклікаюць сверб, раздражненне скуры. Вытрымлівае галаданне да некалькіх месяцаў. Развіццё з няпоўным ператварэннем; лічынка праходзіць 5 стадый (узростаў); для чарговай лінькі лічынка павінна насмактацца крыві.

С.​Л.​Максімава.

Пасцельны клоп звычайны.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ МІЖНАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С БЕЛАРУСІ́СТАЎ (Адбыўся 25—27.5.1991 у Мінску; удзельнічалі даследчыкі беларусістыкі) (гл. Беларусазнаўства) больш чым з 10 краін свету. Падрыхтаваны на працягу года Арганізац. к-там пад кіраўніцтвам праф. А.Мальдзіса пры ўдзеле АН БССР, Мін-ва культуры БССР, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рэсп. асацыяцыі беларусістаў. Распачаў дзейнасць Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (прыняты яе статут і выбраны кіруючыя органы). Навук. праца кангрэса праходзіла на пленарных і секцыйных пасяджэннях па кірунках; «Гісторыя і культура» (секцыя характарызавалася разнастайнай тэматыкай выступленняў),

«Мовазнаўства» (шмат часу прысвечана пытанням рэфармавання сучаснай бел. мовы; усяго каля 30 выступленняў), «Л-ра, маст. пераклад і фальклор» (каля 20 паведамленняў пра найноўшыя здабыткі ў галіне перакладу і апрацоўкі літ. спадчыны). У заключны дзень працы адбыўся «круглы стол» (агульнакангрэсавая нарада) «Бел. дыяспара».

Кр.: Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1. Мн., 1993.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМАДЫ́ЕЎ (Еркегалі Рахмадыевіч) (н. 1.8.1932, аул № 9 Семіпалацінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Казахстана (1975). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957, кл. кампазіцыі Я.​Брусілоўскага), з 1960 выкладаў у ёй (у 1967—75 рэктар, з 1979 праф.). З 1959 маст. кіраўнік Казахскай філармоніі. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення па справах мастацтва Мін-ва культуры Казахстана. З 1966 дырэктар Казахскага т-ра оперы і балета. Творчасць адметная спалучэннем рыс еўрап. прафес. мастацтва і казахскай нац. культуры. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Алпамыс» (1973), «Песня пра цаліну» (1980), «Майра» (1985); творы для салістаў, хору і арк.; канцэрты для скрыпкі з арк. (1986), для трубы (1984); камерна-інстр. творы; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Аўтар кн. «Час і музыка» (1986). Дзярж. прэмія Казахстана 1980.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТМІСТРАЎ (Павел Аляксеевіч) (6.7.1901, в. Скаварова Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 6.4.1982),

савецкі ваенны дзеяч, гал. маршал бранятанк. войск (1962), Герой Сав. Саюза (1965). Д-р ваен. н. (1956), праф. (1958). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931), Генштаба (1953). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, Сталінградскім, Варонежскім, Сцяпным, Паўд.Зах., 2-м Укр. і 3-м Бел. франтах. У час Беларускай аперацыі 1944 5-я танк. армія на чале з Р. удзельнічала ў вызваленні Барысава і Мінска. Пасля вайны на камандных пасадах у арміі, на выкладчыцкай рабоце, з 1964 у Мін-ве абароны СССР. Аўтар кн. «Час і танкі» (1972), «Танкі на вайне» (4-е выд., 1975) і інш.

П.А.Ротмістраў.

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА (Сяргей Ігнатавіч) (20.10.1904 г., п. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 5.6.1990),

ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1944), маршал авіяцыі (1955), праф. (1972). Скончыў ваен. школу лётчыкаў (1927), Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1932, 1936). У Чырв. Арміі з 1923: камандзір авіяэскадрыллі, авіябрыгады, авіядывізіі. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, Бранскім, Волхаўскім, Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Цэнтр., Бел. і 1-м Бел. франтах: камандуючы ВПС арміі, франтоў, авіягрупамі Стаўкі Вярх. Галоўнакамандуючага, нам. камандуючага і камандуючы 16-й паветр. арміяй. Удзельнік бітваў пад Сталінградам, Курскам, на Дняпры, Беларускай, Люблін-Брэсцкай, Варшаўска-Пазнанскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацый. Пасля вайны на адказных пасадах у ВПС, нач. Ваенна-паветр. акадэміі імя Гагарына, у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50, 1962—66. Аўтар кн. «Крылы перамогі» (1976).

С.І.Рудэнка.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лядоўня ’пограб з лёдам або снегам для захоўвання прадуктаў’ (Гарэц., Яруш., Янк. 2, Касп., Бяльк., Сцяшк.; жлоб., Нар. словатв.; мін., КЭС), лёдо́ўня ’тс’ (Шушк.). Укр. льодо́вня, леді́вня, рус. прыбалт. ледо́вня, польск. lodownia, в.-луж. lodownja, чэш. ledovna, славац. ľadovňa. Прасл. паўн. ledovьnʼa ’памяшканне для лёду’ (Слаўскі, 4, 322). Утворана ад прыметніка ledovъ > лядовы. Да лёд (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 138), Сцяцко (Афікс. наз., 165).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Млосць, паст. млось ’пачуццё слабасці, якое наступае перад стратай прытомнасці, рвотай’, ’прыкрасць’ (ТСБМ, Нас.; мін., драг., КЭС; віл., воран., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), млосны ’сумны, прыкры; які даводзіць сябе да знямогі’ (Нас.), ’маласольны’ (маст., Сл. ПЗБ), млосна ’нядобра, моташна, нязносна’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Яруш., Мядзв., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., ТС). Ст.-рус. мдлость ’слабасць’ (XVI ст.). Відаць, запазычана са ст.-польск. mdłość. Гл. таксама млець, мдле.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)