каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тыл ‘ задняя частка, процілеглая пярэдняй; задні бок чаго-небудзь’ (ТСБМ, Яруш.; шчуч., ашм., Сл. ПЗБ), ‘зад, задняя частка (тушы)’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘ніжняя частка тулава чалавека, клубы’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні’, ‘тэрыторыя ззаду лініі фронта’ (ТСБМ), ‘задні двор’ (навагр., Дзмітр.), ‘сцяна ў хаце насупраць варотаў’ (ТС), ст.-бел.тылъ ‘задняя частка, старана чаго-небудзь, процілеглая пярэдняй; тэрыторыя ззаду вайсковага падраздзялення, асобы’ (ГСБМ): подали тылъ ‘набеглі, адступілі’ (XVII ст., Карскі 2–3, 393). Параўн. укр.тил(ь), тило́ ‘хрыбетнік, спіна’, ‘задняя частка чаго-небудзь’, ‘тыльная частка нажа, нажніц’, ‘заднік абутку’; рус.тыл ‘зад, задняя частка чаго-небудзь’, ‘спіна’, ‘адварот, спод, левы бок’; стараж.-рус.тылъ ‘задняя часткі шыі, патыліца’, польск.tył ‘бок, процілеглы пераду, фронту’, ‘цела чалавека ззаду ніжэй спіны’, ‘частка цела жывёлы, якая знаходзіцца найдалей ад галавы’; палаб.tål ‘патыліца’; н.-луж.tył, tyło ‘карак’, в.-луж.tył ‘тс’, ‘тупы край нажа’; чэш.týl ‘карак’, ‘прастора за фронтам’, славац.tylo ‘карак, патыліца’, ‘абух’, ‘прастора за фронтам’, славен.tȋl ‘задняя частка шыі’, tȋlnik, zatȋlnik ‘карак’, харв.zàtiljak, pòtiljak, серб.за̀тиљак, по̀тиљак ‘карак’, дыял.тил ‘патыліца’, балг.тил ‘карак, патыліца’, макед.тил ‘задняя частка, карак’, ‘прастора за фронтам’, ‘абух’, дыял.тило ‘карак’: фана га за тило. Прасл.*tylъ, *tylo ‘задняя частка галавы і шыі’ (Борысь, 658; Бязлай, 4, 180) роднаснае літ.tū́las ‘іншы, шмат які’, tūlė̃ ‘(вялікае) мноства’, ст.-прус.tūlan ‘шмат’, вал.twl ‘круглае ўзвышэнне’, нова-в.-ням.бавар.Dollfuß ‘распухлая нага’, цірольск.doll ‘тоўсты’, ст.-грэч.τύλη ‘мазолістая спіна’, ‘падушка’, τύλος ‘мазоль’, ‘гуз’, алб.tul ‘мякіш (хлеба)’, ‘лытка, сцягно’, магчыма, таксама ст.-інд.tū́la‑ ‘пук валасоў’, утвораныя пры дапамозе суф. *‑l‑ ад і.-е.*teu̯ə‑/*tēu‑/*tu‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ > прасл.*tyti ‘таўсцець, пабухаць’, ‘густа расці’. Паводле Мартынава (Становление, 11), лексікалізаваны дзеепрыметнік на *lъ ад *tyti (як прасл.*ǫz‑l‑ъ ‘вузел’), параўн. харв. лак. til ‘тлусты’ — па паходжанні дзеепрыметнік ад titi ‘таўсцець’ (Борысь, Czak. stud., 110), гл. тыць. Куркіна (Этимология–1982, 23) падае яшчэ адзін апафанічны варыянт асновы *teu̯ə‑ — *tu̯el‑, параўн. каш.-славін.tvėla ‘тоўстая галіна, доўгі парастак’, аднак Борысь (SEK, 4, 184) выводзіць яго з н.-ням.Twehl ‘галіна’, Twäl ‘развіліна’, с.-ням.twele ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 4, 131; Чарных, 2, 275; Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Голуб-Копечны, 399; Сной, 764; ЕСУМ, 5, 567; Арол, 4, 125; ESJSt, 17, 1002. Гл. таксама тул. Сюды ж вытворныя ты́лак ‘ягадзіцы’ (Адм., Сержп. Прык.; лях., Сл. ПЗБ), ‘заднік абутку’ (гродз., Сл. ПЗБ), тыло́к ‘задніца, зад’ (Баршч.), тыльё ‘тыльная (тупая) частка нажа, касы’ (Чуд., ТС), тыло́к ‘зад (у асы)’ (ТС); тылавы́, ты́льны ‘задні’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘знешні, які знаходзіцца зверху’ (гродз., Сл. ПЗБ), апошняе, як і тыл, няма падстаў выводзіць з польск.tył, tylny (гл. Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154); тылы́ ‘сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, створаных для забеспячэння войск’ (ТСБМ, з рус.тылы́ ‘тс’), ты́льна сцяна, тылавая ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (баран., слуц., ЛА, 4), тылава́ць ‘адцягваць каня задам назад’, ‘адыходзіць задам’ (Шат.), з тылу ‘ззаду’ (Бяльк.; вільн., трак., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
спатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Ідучы насустрач, па дарозе сустрэць каго‑н. Першы чалавек, якога .. [Грэк] спаткаў, выйшаўшы з «газіка», была Алена Собаль.Паслядовіч.Каля універсітэцкага гарадка .. [Леанід] спаткаў Надзю.Шахавец.Лізавета .. абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нідзе ні душы і пакінула гэтае сумнае месца.Чорны.// Убачыць што‑н., што трапляецца на шляху. Мы спадзяваліся на ўдачу: увечары гаспадар расказваў нам, што тут можна спаткаць мноства дзічыны.Гурскі.// Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., атрымаць у адказ чый‑н. погляд. Не зірнуў [Гардзей], а нібы наскрозь працяў чалавека, хаваючы .. ад яго сваю ўважлівасць. Шкробат спаткаў нядобразычлівы позірк.Мележ.//перан. Знайсці каго‑, што‑н.; сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Што ж, я сёння больш у сэрцы, Чым калісьці, сілы маю. Дзе ні будзеш ты на свеце — Я знайду цябе, спаткаю!Гілевіч.//перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Не дужа артысты маглі б пахваліцца такім поспехам, які спаткаў Манга.Маўр.Відаць, Усе як ёсць пазналі Дні ліха, Ростань з цішынёй: У час адзін Бяду спаткалі Паланга, Брэст і Кішынёў.Калачынскі.
2. Выйсці сустрэць, прывітаць каго‑н.; прыняць каго‑н. Ужо аркестр [і]грае на адным узроўні з намі, і мы зусім блізка бачым твары людзей, што сабраліся, каб спаткаць жскурсію пісьменнікаў Савецкага Саюза.Галавач.На хутары .. [Зосю] спаткалі ласкавей, як учора.Чорны./уперан.ужыв.Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска.Кудраўцаў.// Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, надыход чаго‑н. Спаткаць недаверліва прапанову калегі. Спаткаць артыстаў апладысментамі. □ На гарызонце паказаліся самалёты. Яны хутка набліжаліся. Іх спаткалі буйнакаліберныя кулямёты.Гурскі.[Блакада] падкралася зусім непрыкметна і, здаецца, зусім нечакана, значыць — зусім не тады, калі яе меркавалі спаткаць.Брыль.Калі завітае няшчасце, Прыход яго мужна спаткай.Прануза.
3. Дачакацца пачатку, наступлення, з’яўлення і пад. чаго‑н. Раман ужо па полі, ходзячы за плугам, спаткаў усход сонца.Колас.Выйсці ў поле, дзе нівы шумяць Там, за ракою, Першую зорку ў небе спаткаць Толькі з табою.Русак.Шчыра, з радасцю бязмернай Сёння прымем самалёт: Прылятаюць піянеры, Каб спаткаць тут Новы год.А. Александровіч.
4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Спаткала, спасцігла [Напалеона] адплата У гэтай краіне чужой.Бялевіч.— Ты не плач, больш цябе не спаткае бяда — Будзе маці табе ўся Радзіма...Гілевіч.А тут і спаткала абодвух ваяк Вялікая ростань На некалькі год.Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мір1 ’згода, адсутнасць сваркі, вайны’, ’спакой, цішыня’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк.; драг., КЭС), мі́рнасць ’спакой’ (Нас., Гарэц.), міравая ’мірнае вырашэнне спрэчкі’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр., рус.мир, польск.mir, mier, н.-, в.-луж.měr, чэш.mír, славац.mier, славен.mȋr, серб.-харв.ми̑р, макед.мир, балг.мир(ът), ст.-слав.миръ. Прасл.mirъ, а таксама měrъ, паводле сведчанняў з польск., славац., ст.-чэш. і харв. моў, утвораныя пры дапамозе суф. ‑r‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-літ.mieras, лат.miērs ’спакой, цішыня’, якія Буга (Rinkt., 1, 352–353) лічыць слав. запазычаннямі, алб.mirë ’добры’, ст.-інд.mitras ’сябар’. Да і.-е.*mei̯‑ ’сябраваць, звязваць’ (Бернекер, 2, 60; Траўтман, 175; Фасмер, 2, 626; Бязлай, 2, 185). Махэк₂ (364) у якасці крыніцы паходжання прасл.mirъ прапануе літ.rìmti, rimóti ’сціхаць, заспакойвацца, быць спакойным’, у якіх адбылася перастаноўка зычных асновы r — m > m — r. Мала верагоднай з’яўляецца версія аб суаднясенні прасл.mirъ і milъ паміж сабою (протаі.‑е. неадрозненне l — r, гл. F. Specht, Der Ursprung der indogerm. Deklination. Göttingen, 1947, 318–320) і з лац.mitis ’ціхі, лагодны, рахманы’, ст.-інд.mitráh ’сябар, прыяцель, Мітра’. Апошняе падтрымліваецца Пухвелам (Etudes mithriaque, 1978, Tegeran — Liege, 335–343), які мяркуе, што прасл.mirъ трэба разглядаць як утворанае з *mitro‑/*mitru (або *meyro‑/*meyru‑) — з таго ж кораня, што і імя Мітры, а не як запазычанае з іран. (скіфск.) *mihro, як сцвярджае Траймер (Wiener slav. Jahrb., 14, 1967–1968, 77). Варбат (ОЛА–1979, 327), падтрымліваючы даследаванні Тапарова (Pratidānam. The Hague–Paris, 1968, 109–113; ён жа, Semiotyka і struktura tekstu, Wrocław etc., 1973, 366–370) і бачачы ў семантыцы і фразеалогіі прасл.mirь старажытныя і.-е. уяўленні (у вобразе інда-іранскага Мітры) аб сацыяльнай арганізацыі як выніку дамоўленасці, аб стане сяброўства, мяркуе, што каш.mʼiěa ’жаніх’, mířota ’маладая’ — рэлікты старажытнай семантыкі mirъ ’дагавор (шлюбны)’, а *miriti абазначала ’заключаць дагавор’. Тапароў (Этимология–1967, 18–21) гаворыць аб Мітры як аб аб’яднальніку людзей у сацыяльную структуру, рус.в мир у формуле Mit(h)ra‑yat‑, у якой *yat‑ першасна азначала ’збіраць, згуртоўваць’, і мяркуе, што верагоднай можа быць адпаведная прасл. формула тыпу *mirъ jatiti ’збіраць людзей у грамаду’ або *miromъ (mirъmъ) jatiti sę ’збірацца грамадою’. Цалкам здавальняючай з’яўляецца этымалогія Мартынава (Зб. Аванесаву, 188–190): ён, абапіраючыся на словаўтваральную структуру лексем з r‑суфіксам і ŭ‑асновай, прыводзіць паралель да прасл.žьrěti — žirъ, vьrěti — virъ, таксама і mьrěti ’паміраць’ — mirъ (сувязь паміж mirъ і mьrěti гл., напрыклад, у славен.mir! ’маўчы’, zamréti ’анямець’). Сюды ж міры́цца, міры́ць ’наладжваць мірныя адносіны’ (ТСБМ, ТС), міры́льнік ’той, хто мірыць’ (Бяльк.).
Мір2 ’сельская грамада’, ’народ, людзі’, ’свет’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Ян., ТС; пух., Нар. сл.; стаўбц., в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус.мир ’сельская грамада’, якое развілося са значэння ’мір, мірная суполка, згуртаванне’ у мір1 (гл.). Пух.мір ’мноства’ (Жыв. сл.) развілося з мір2.
Мір3 ’маруна, павіліца сапраўдная, Galium verum L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1). Да мір1, мі́рны ’сяброўскі, дружны’. Матывацыя: лісты і плады лёгка чапляюцца да іншых раслін, прытуляюцца, як да сяброў, прыліпаюць. Адсюль і іншыя адпаведныя назвы: чэш.přitula, польск.przytulia, ляш.přitulek, рус.дереза, чэш.lepenice, lepovica, мар.lipkač, укр.липчица.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
са́мы, ‑ая, ‑ае; займ.азначальны.
1. Ужываецца пры ўказальных займенніках «той», «гэты» для іх удакладнення ў значэнні: якраз, менавіта. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў.. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча.Колас.// Ужываецца пры асабовых займенніках, каб падкрэсліць, што гэта і ёсць тая асоба, пра якую ідзе гаворка. [Мужчына:] Гэта ж Гудовіч! [Жанчына:] Ён самы.Крапіва.[Маеўскі:] — Сяргей Фядотавіч?! [Прыборны:] — Ён самы.Шамякін.
2. Пры назоўніках са значэннем месца, прасторы або часу ўдакладняе прасторавую або часавую мяжу дзеяння. Па самыя гусеніцы зарыўся ў тваністы бераг перакулены танк.Лынькоў.У жнівеньскую поўнач, як і тады [даўно], гэтая зорка свеціць над самай тваёй галавой.Навуменка.Ужо на самым світанні прыляцелі падзяўбці насення шэрыя курапаткі.Ігнаценка.// У спалучэнні з назоўнікамі «рыба», «грыбы», «ягады» і пад. азначае: мноства. Цяпер самыя грыбы. □ — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — радзіць дзед.Лынькоў.// Пры назоўніках «час», «мера», «раз» і пад. азначае: іменна такі, які патрэбен, падыходзіць. Самая пара была ісці дамоў.М. Стральцоў.
3. З назоўнікамі месца і часу выражае гранічна высокую ступень праяўлення ў іх якой‑н. уласцівасці. Жыта канчала налівацца, нават на ўзгорках, далей ад лесу, на самым санцапёку месцамі ледзь-ледзь яно запалавела.Чорны.[Міхась:] — Арол! Ведае, чым узяць народ. За такім камандзірам кожны ў самае пекла пойдзе.Машара.// Пры назоўніках колькасці і меры абазначае крайнюю ступень колькасці. Самы мінімум. □ [Турсевіч і Лабановіч] лічылі, што ведаюць адзін аднаго да самых што ні ёсць маленькіх дробязей.Колас.// Пры назоўніках, якія абазначаюць крайнія межы ў часе або прасторы. Самы пачатак. Да самага канца. На самым версе. У самым нізе. □ Ладымер і ўсе ў нас ведаюць Костуся з самых малых дзён яго.Чорны.А мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба.Бядуля.
4. У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі служыць для ўтварэння найвышэйшай ступені. Кузьма быў самы вясёлы на сяле чалавек і гарманіст адменны.Кавалёў.Самы большы той шчупак, што з кручка сарваўся.Прыказка.// У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі выражае значэнне: звычайны, натуральны. Міхась нагнуўся і ўбачыў у густой траве... аўтамат. Самы сапраўдны баявы аўтамат...Якімовіч.// Разам з адноснымі прыметнікамі часавага і прасторавага значэння ўказваюць на грапічную мяжу прыметы. У самую апошнюю хвіліну. Самая крайняя хата. □ Мікуцева поле самае бліжэйшае ад калгаснага.Чорны.
5. Тое, што і сам (у 1, 2 знач.). Самы горад акружае прыгожае каменнае ўзбярэжжа, дзе заўсёды прагульваецца шмат вясёлых, шчаслівых людзей.Маўр.Яна рванула канверт гэтак, што парвала самы ліст.Чорны.
•••
Над самым вухамгл. вуха.
На самай справегл. справа.
На тым самым месцы сесцігл. сесці.
Пад самым носам; перад самым носамгл. нос.
Папасці ў самую кропкугл. папасці.
Па самую завязкугл. завязка.
Самае малоегл. малы.
Самы раз; у самы разгл. раз.
Самы той! (іран.) — азначае: не на таго напалі.
Самы часгл. час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няма́, безас.узнач.вык.
1. Не быць у наяўнасці, адсутнічаць, бракаваць. [Аўгінька:] — Віця! У нас нікога ў хаце няма... Бацька з маткай паехалі, а малыя недзе гуляюць... Зойдзем да нас... Добра?Зарэцкі.Рады ўсе, што сонца грэе, Што няма больш халадоў.Колас.// Не існуе, не бывае зусім. Нічога няма даражэй за Радзіму.Броўка.
2. У знач. няпоўнага сказа пры адмоўных адказах на пытанні. — Ці прыехала сястра? — Няма.
•••
Адбою нямаадкаго — занадта многа, больш чым трэба каго‑н. [Казік:] — Ну і вырасла, ну і пахарашэла.. Ад кавалераў, мабыць, адбою няма?Грахоўскі.
Дзець няма кудыгл. дзець.
Жывога месца няма — пра вельмі збітага чалавека.
Зладу нямазкім-чым — немагчыма справіцца з кім‑, чым‑н. [Антон Пятровіч:] — Унь, з адным сынам зладу няма, а тут — тысячы людзей, тысячы гектараў зямлі.Шашкоў.
Зносу нямачаму — добра носіцца, вельмі доўга не зношваецца (пра адзенне, абутак і пад.).
І блізка нямагл. блізка.
І думаць няма чагогл. думаць.
І заваду (заводу) няма — пра поўную адсутнасць каго‑, чаго‑н. — У нас стук, грукат, гудкі, дык шпакоў тут і заваду няма.Пальчэўскі.
І следу няма — нічога няма, нічога не засталося.
Канца-меры няма — пра што‑н. неабмежаванае, чаму няма меры.
Канца (канца-краю) няма — тое, што і канца (канца-краю) не відаць (гл. відаць).
Ліку няма — вельмі многа, незлічонае мноства каго‑, чаго‑н.
Няма воказакім-чым — пра адсутнасць догляду за кім‑, чым‑н.
Няма галавы — а) пра неразумнага, тупога чалавека; б) пра слабую, дрэнную памяць.
Няма доступу (прыступу)дакаго — нельга падступіцца, звярнуцца да каго‑н.
Няма дурных (дурняў) (іран.) — а) выказванне нязгоды з кім‑н., адмаўленне рабіць, выконваць што‑н. — Няма дурных, — сказаў Віктар, прыскорваючы хаду. — Сам папаўся, сам і выкручвайся.Васілёнак; б) не ашукаеш, не спадзявайся.
Няма за душойчаго — пра поўную адсутнасць чаго‑н.
Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць)гл. заняць.
Няма калі дыхнуць — тое, што і некалі дыхнуць (гл. некалі 1).
Няма куды вачэй дзецьгл. дзець.
Няма на што глядзецьгл. глядзець.
Няма роду без выроду — нічога не бывае без непрыемнага выключэння.
Няма сэрцаўкаго — пра адсутнасць спагады, літасці, спачування да каго‑н.
Няма таго, каб (зінф.) — пра адсутнасць прывычкі, жадання што‑н. рабіць; пра адсутнасць разумення таго, што трэба зрабіць. — От жа дзіцятка: няма таго, каб шанаваць, падтрымліваць бацьку, — таксама на бацьку кінуцца рад!Мележ.
Няма толку — а) бескарысна. А пасееш — няма толку, Што ж, зямля пустая!Колас; б) пра адсутнасць згоды, парадку, ладу.
Няма (і) у паміне — зусім няма, адсутнічае, не існуе. Карчмы няма ўжо і ў паміне, Нідзе і следу не відно.Гілевіч.
Няма чаго бога гнявіцьгл. гнявіць.
Няма чаго богу грашыцьгл. грашыць.
Няма чаго граху таіцьгл. таіць.
Няма чаго казацьгл. казаць 1.
Няма чаго на бога ківацьгл. ківаць.
Няма чаго рабіцьгл. рабіць.
Няма чым крыцьгл. крыць.
Рады няма — не хапае сілы, магчымасці справіцца з кім‑, чым‑н. І рукамі і нагамі пачала адбівацца [Петрачыха], чалавеку ледзь вачэй не павыдзірала. Рады няма з гэтай бабаю.Лобан.
Ратунку няма — пра вельмі моцную ступень праяўлення чаго‑н.
Слоў няма — бясспрэчна, канечне, няма падставы сумнявацца.
Сухога месца (рубца) няманакім — усё прамокла, усё стала мокрым.
Ходу нямакаму-чаму — а) пра адсутнасць магчымасці праявіць свае здольнасці ў якой‑н. галіне; б) пра адсутнасць попыту на што‑н., шырокага выкарыстання чаго‑н.
Цаны нямакаму-чаму — вельмі дарагое, неацэннае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шлях, ‑у, м.
1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей.Чорны.— Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях.Скрыган.Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе.Кірэенка.// Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле.Навуменка.Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок.Мурашка.// Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях...Колас.Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу.В. Вольскі.// Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.
2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе.Шамякін.Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам.Даніленка.Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына.Брыль.//перан. Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы.«Маладосць».
3.перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі...Маўр.
4.толькімн. (шляхі́, ‑о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.
5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель.Самуйлёнак.
6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху.Бядуля.А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны.Куляшоў.//перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму.Каваленка.Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту.Гіст. бел. сав. літ.//перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам.Гіст. бел. літ. мовы.Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой.Шахавец.
7.перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай.Брыль.Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны.Хадкевіч.Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным.Шкраба.// Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім.Смагаровіч.Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках.Тармола.[Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху.Васілевіч.
8.перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі.Карпаў.Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны!Гілевіч.
•••
Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.
Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.
Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт.Лыч.
Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.
Жыццёвы шлях — жыццё.
Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).
На шляхудачаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.
Саступіць з (свайго) шляхугл. саступіць.
Стаць на шлях чаго, якігл. стаць.
Стаць (стаяць) на шляхучыім, укагогл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
СЛАВЯ́НЕ,
найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл.Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасць слав. народаў — каля 300 млн.чал. (сярэдзіна 1990-х г.).
Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст.н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).
Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.
Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст.н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.
У 2—4 ст.н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.
У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл.Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс.слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.
У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.
У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах.дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст.нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал.ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл.Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне пра слав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал.ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасць слав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн.чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн.Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн.чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн.чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.
Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн.чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.
Літ.:
Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;
Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;
Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;
Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;
Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;
Славянская идея: история и современность. М., 1998;
Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;
Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чорт, ‑а, М ‑рце, м.
1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб’ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду.Крапіва.Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча.Прыказка.
2.Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты.Маўр.[Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш?Лынькоў.[Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў.Брыль.//Разм. Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска.Чарнышэвіч.[Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі.М. Ткачоў.
3.перан.Разм. Пра каго‑н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць.Шамякін.Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе.Панчанка.
•••
Аддаць (прадаць) чорту душугл. аддаць.
Адзін чорт — тое, што і адна трасца (гл. трасца).
Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н.
Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік.
К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок!Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго‑, што‑н., жаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны.Крапіва.
К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).
К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.).
На чорта (груб.) — навошта, дзеля чаго?
Ні богу свечка ні чорту качаргагл. свечка.
Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны.
Ніякага чорта — нічога.
(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе‑н.; пра непраходнае месца, дарогу.
Сам чорт не браткаму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна.
Скруціць чорту рогігл. скруціць.
Чарцям млосна (будзе, стане)гл. млосна.
Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго‑н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там.Колас.
Чортам падшытыгл. падшыты.
Чортам свістацьгл. свістаць.
Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.).
Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш.
Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так.
Чорт лазаты — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны.Колас.
Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).
Чорт падаткнуў — аб якім‑н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго.
Чорт пацягнуўкагоза язык — навошта было гаварыць што‑н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці).
Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў)каго — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба.
Чорт сеў (уссеў)накаго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць.
Чорт сядзіцьукім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам.
Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).
Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці.Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі!Чорны.
Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода.
Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).
Чэрці носяцькаго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто.
Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.
Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго‑н., зласлівасці, незадавальнення.
Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго‑, чаго‑н.
Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго‑, чаго‑н.).
Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19°паўн. і 16°паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30°паўн. і 30°паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19°паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт.Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт.Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт.Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт.Афрыка. Горныя лясы Уганды.