АДПА́Л,

1) тэрмічная апрацоўка металаў і сплаваў, якая ўключае награванне металаў ці сплаваў да пэўнай т-ры, вытрымку, павольнае (бесперапыннае ці ступеньчатае) ахаладжэнне і паляпшае іх якасць пры далейшай апрацоўцы і эксплуатацыі. Пры абпале адбываюцца працэсы адпачыну металу, гомагенізацыі, рэкрышталізацыі, рэлаксацыі, перыкрышталізацыі, графітызацыі, сфераідызацыі, якія прыводзяць да паляпшэння структуры, аднароднасці, фіз.-мех. і эл.-магн. уласцівасцяў, зняцця ўнутраных напружанняў, прыдання надання мяккасці і пластычнасці металам і сплавам. Адпал павялічвае вязкасць матэрыялаў.

2) Тэрмічная апрацоўка шкла пры t 400—600 °C у спец. печах для зняцця ўнутраных напружанняў (гл. ў арт. Шкло).

т. 1, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗАРАЗДА́ТАЧНАЯ КАЛО́НКА,

помпавая ўстаноўка для водпуску бензіну і інш. відаў вадкага аўтамаб. паліва на аўтазаправачных станцыях (АЗС). Злучаецца трубаправодам з паліўнымі рэзервуарамі; колькасць бензіну, што адпускаецца, адмерваецца аўтам. лічыльнікам.

Аўтаматызаваныя бензараздатачныя калонкі маюць высокапрадукцыйныя помпы з выбуховабяспечнымі электрарухавікамі, лічыльнікамі сумарнай і разавай выдачы, мех. або электрамех. дазатарамі. Сучасныя бензараздатачныя калонкі абсталяваны электроннымі прыстасаваннямі для падсумоўвання аб’ёму і кошту паліва, што адпускаецца на працягу пэўнага часу кожнаму кліенту, які мае спецыяльна закадзіраваны ключ, у гэтым выпадку запраўляць аўтамабіль можна ў любым месцы, дзе ёсць такія бензараздатачныя калонкі.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДЗЬМІНЫ МЁТЛЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі, вірусамі, насякомымі, кляшчамі, рэдка бактэрыямі. Утвараюцца часцей на дрэвах у выглядзе шчыльных пучкоў («мяцёлак») тонкіх укарочаных галінак з дробным недаразвітым лісцем. На Беларусі бываюць на вішні, сліве, бярозе, вольсе, грабе і інш. лісцевых дрэвах (узбуджальнікі — паразітныя грыбы з роду тафрына), на хвоі і елцы (узбуджальнікі — найчасцей іржаўныя грыбы).

Узбуджальнік хваробы пранікае ў расліну праз мех. пашкоджанні, роставыя пупышкі і стымулюе анамальныя роставыя працэсы: абуджэнне спячых і інтэнсіўнае развіццё прыдатачных пупышак. Меры барацьбы: абразанне і спальванне заражаных галін, знішчэнне хворых раслін, апрацоўка фунгіцыдамі.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧАЯ ПРАКА́ТКА,

пракатка нагрэтых металаў і сплаваў паміж вярчальнымі валкамі пракатных станаў. Робіцца пры т-рах, вышэйшых за парог рэкрышталізацыі, калі забяспечваецца дастатковая пластычнасць: для сталі 1000—1300, медзі 750—800, латуні 600—800, алюмінію і яго сплаваў 350—400 °C. Бывае падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і вінтавая (касая). На загатовачных і абціскных станах гарачая пракатка атрымліваюць загатоўкі круглага, квадратнага, плоскага сячэння для наступнай коўкі, штампоўкі і мех. апрацоўкі, а таксама сартавы пракат і пракат спец. профілю (паміж валкамі з паглыбленнямі), лісты, трубы і інш.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФО́Н (ад геа... + ...фон),

прыёмнік гукавых хваль, што распаўсюджваюцца ў верхніх слаях зямной кары. Найб. дасканалыя геафоны (разведачныя сейсмографы) маюць эл.-мех. пераўтваральнікі, з дапамогай якіх ваганні глебы пераўтвараюцца ў ваганні эл. току, узмацняльнікі сігналаў і рэгістравальныя шлейфавыя асцылографы. Геафон з адчувальным элементам з п’езакварцу наз. п’езагеафонам. Выкарыстоўваюцца пры акустычнай разведцы горных парод, у вайсковай справе (выяўленне сапёрных работ праціўніка), у горнавыратавальнай службе (адчувальныя элементы геамагнітафонаў) і інш.

Электрамагнітны геафон: 1 — корпус; 2 — магніт (інертная маса); 3 — наканечнік магніта; 4 — зменны зазор паміж наканечнікам магніта; 5 — электрамагніт; 6 — спружынная падвеска.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАФІ́ТЫ [ад гідра... + ...фіт(ы)],

водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв. гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ВЫМЯРА́ЛЬНЫХ ПРЫЛА́Д.

Створаны ў 1923 на базе саматужнай арцелі металістаў. З 1928 ліцейна-мех. з-д «Металіст». У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1944 адноўлены. У 1958 перапрафіляваны на выпуск вымяральных прылад, у 1985 — 95 наз. «Вымяральнік». З 1995 зноў з-д вымяральных прылад. Асн. прадукцыя (1997): вымяральныя прылады для фіз.-хім. і эл.-хім. аналізаў вадкасных асяроддзяў, кантролю і рэгулявання тэхнал. працэсаў, кантролю навакольнага асяроддзя, для горназдабыўной прам-сці, чорнай і каляровай металургіі, біял. і мед. прадпрыемстваў. Прадукцыя пастаўляецца ў 50 краін свету.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

меліярацыйная сістэма для асушэння балот і пераўвільготненых тэрыторый. У склад асушальнай сістэмы ўваходзяць асушаныя землі, водапрыёмнікі, асушальная сетка (праводная, агараджальная, рэгулявальная), гідратэхнічныя збудаванні, эксплуатацыйныя і прыродаахоўныя збудаванні і інш.

Паводле спосабу адвядзення вады асушальныя сістэмы падзяляюць на самацёчныя (вада з асушальнай сеткі паступае ў водапрыёмнік самацёкам, найб. пашыраны на Беларусі), з мех. водапад’ёмам (ваду адводзяць з дапамогай помпавых станцый) і змешаныя. Паводле віду рэгулявальнай сеткі асушальныя сістэмы падзяляюцца на адкрытыя (каналы) і закрытыя (дрэны). Каб забяспечыць асушэнне ці ўвільгатненне зямель, будуюць асушальна-ўвільгатняльныя сістэмы.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЕЛЕРО́МЕТР (ад лац. accelerare паскараць + ...метр),

прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрамі ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў з аўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш. Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЯ́РЫ,

найбольш простае аптычнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для карэкцыі недахопаў аптычнай сістэмы вока або засцерагае яго ад мех. пашкоджанняў, уздзеяння агрэсіўных вадкіх і газападобных асяроддзяў, прамянёў святла. Складаюцца з дзвюх акулярных лінзаў (карэгавальныя акуляры) або спец. шкла (засцерагальныя акуляры) і аправы, якая забяспечвае неабходнае становішча лінзаў або шкла адносна вачэй. Разнавіднасцю акуляраў можна лічыць кантактныя лінзы. Робяць іх з гнуткага празрыстага шкла і прыкладаюць непасрэдна да рагавіцы або склеры вока. Найб. пашырэнне маюць акуляры, прызначаныя для паляпшэння зроку пры блізарукасці (міяпіі) і дальназоркасці (гіперметрапіі).

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)