суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядо́к, седака, м.

1. Коннік, верхавы. Грымнуў стрэл, і было ясна відаць, як сядок .. паляцеў потырч. Навуменка. Конік ішоў лёгка і жвава, хоць сядок быў яўна не па ім. Кулакоўскі. Конь асеў разам з седаком. Грахоўскі. // Пра матацыкліста, веласіпедыста. Некалькі матацыклістаў спрабавала раптоўна збочыць. Каляскі апісвалі ў паветры круты віраж і куляліся на брук разам з седакамі. Беразняк.

2. Той, хто едзе ў якой‑н. павозцы, санях, карэце (часам наймаючы вазака). Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі .. і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца. Караткевіч. Па дарозе ў Мінск і з Мінска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тытунёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тытуню. Тытунёвы ліст. □ Кудзін адчыніў кабіну, з якой патыхнула сухім цяплом, пахам саляркі і тытунёвага дыму. Радкевіч. Сухі і казытлівы тытунёвы пыл лезе ў рот. Паўлаў. // Атрыманы з тытуню. Тытунёвае масла. // Звязаны з вырошчваннем, апрацоўкай і продажам тытуню. Тытунёвая фабрыка. Тытунёвы ларок. □ Палікарпаўна ўжо даўно тытунёвую расаду павеяла. Кулакоўскі. Арцём пайшоў шукаць шчасця на новых землях, тытунёвых плантацыях. Самуйлёнак.

2. Зеленавата-карычневы; колеру тытуню. [Лізагуб] гаварыў і ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уваскрэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уваскрэс, ‑ла; зак.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуцца да жыцця пасля смерці; ажыць. Тут музыка як урэзаў — Нежывы і то ўваскрэс! Гілевіч. // Пра таго, хто лічыўся прапаўшым без вестак і пад. // Стаць здаровым, бадзёрым, жыццядзейным. Уваскрэснуць духам.

2. Узнікнуць зноў, ажыць; праявіцца з ранейшай сілай. За хвіліну прабяжыць .. [жыццё] ва ўспамінах усё — далёкае, забытае ўваскрэсне, як самая ясная ява, што толькі кранула цябе сваім цёплым дыханнем. Скрыган. // Адрадзіцца, аднавіцца. Лявей .. ўзвышаліся валы з нейкай руінай — і гэта былі валы старой Разані, якая так і не ўваскрэсла пасля нападу татар. Караткевіч. І адродзіцца, уваскрэсне Ціхая слава твая, Хірасіма. Дзяргай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушпілі́ць, ушпілю, ушпіліш, ушпіліць; зак., што.

1. Уваткнуўшы ў што‑н. (шпільку, прыколку і пад.), зашпіліць.

2. Разм. Сцебануць каго‑н. Ушпіліць разок пугай.

3. перан. Разм. Прабраць, пакрытыкаваць. І тут Антона не паслухалі. А каб ушпілілі як след, дык цяпер не лайдачыў бы той Галасок. Савіцкі. [Алесь] зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярх[ом] у блізкі свет. Караткевіч. // Даць спагнанне, пакараць. Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго [Марціна]; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фрыз 1, ‑а, м.

1. У архітэктуры — верхняя частка збудавання ў выглядзе паласы паміж галоўнай бэлькай і карнізам, звычайна ўпрыгожаная малюнкам. Дарычны фрыз. Арнаментальны фрыз.

2. У дэкаратыўнай скульптуры і жывапісе — выяўленчая ці дэкаратыўная кампазіцыя ў выглядзе гарызантальнай паласы, размешчанай на верхняй частцы сцяны ўсярэдзіне ці звонку будынка. А на сценах доўгі, .. і шырокі фрыз, на якім намаляваны высокія, у рост дзіцяці, казачна-бардовыя мухаморы. Караткевіч.

3. Аблямовачная арнаментальная паласа дывана, падлогі ці прадмета прыкладнога мастацтва.

[Фр. frise.]

фрыз 2, ‑у, м.

Уст. Грубая варсістая шарсцяная тканіна, падобная да байкі ​2. Пакрывала з тоўстага зялёнага фрызу.

[Фр. frise.]

фрыз 3,

гл. фрызы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чало́, ‑а; мн. чолы, ‑аў; н.

1. Уст. і паэт. Лоб. Потым.. [Майка] ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак. Караткевіч. Ім [рыбакам] навальніца, што ў моры спаткала, хваль ручнікамі чало ўцірала. Вялюгін. // Пра твар. І раптам — што за штука? — У дзеда спахмурнела ўраз чало. Корбан. Абвёў рукой наўкола луг шырозны. І мне чало касца, дзе лёг загар, Здавалася як вылітае з бронзы. Ляпёшкін.

•••

Біць чалом гл. біць.

На чале з кім-чым, каго-чаго — пад кіраўніцтвам каго‑, чаго‑н.

Стаць на чале ўлады гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Разм.

1. Рваць на шматы, кавалкі; шкуматаць. Вецер хапаў за полы, засыпаў сухім калючым снегам вочы, кідаўся ўбок і шматаваў палотнішчы афіш. Васілевіч. Гэтак было і са мною: колькі разоў я пачынаў пісаць, і кожны раз напісанае шматаваў на кавалачкі і кідаў у кошык. Сабаленка. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомб, якія шматавалі паркую веснавую зямлю. Мележ.

2. перан. Бязлітасна прыгнятаць каго‑н., здзекавацца над кім‑н. [Война:] — Гарнастай — подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аса́дак, ‑дку, м.

1. Драбнюткія частачкі якога‑н. рэчыва, якія выдзеліліся з раствору, вадкасці і аселі на дно. І вось чалавек ля горна зняў з сагана зусім круглую бутэльку з вузкім рыльцам, ускалаціў нейкі асадак і паказаў чалавеку з паласой. Караткевіч.

2. перан. Цяжкае, непрыемнае пачуццё, якое застаецца пасля якой‑н. непрыемнай размовы, падзеі і пад. Словы маці неяк ураз змылі ўвесь той непрыемны асадак на душы. Шамякін. На сэрцы.. [Віталя] застаўся нейкі, трывожны асадак. Васілёнак. [Сцепуржынскі].. пасмялеў. Аднак жа брыдкі асадак страху і прыкрасці ў яго астаўся. Чорны.

3. звычайна мн. (аса́дкі, ‑аў). Спец. Горныя пароды, якія ўтварыліся некалі на дне былых вадаёмаў шляхам асядання мінеральных і арганічных рэчываў; асадкавыя горныя пароды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’езд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. з’язджацца — з’ехацца (у 2 знач.). Пачаўся з’езд гасцей.

2. ‑а. Сход прадстаўнікоў якіх‑н. вялікіх арганізацый, катэгорый насельніцтва і пад., які мае грамадска-палітычны або навуковы характар. З’езд КПСС. З’езд настаўнікаў. З’езд калгаснікаў. З’езд славістаў.

3. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. з’язджаць — з’ехаць (у 1, 2 знач.). З’езд з гары на санках. Пры з’ездзе з дарогі воз абярнуўся.

4. ‑а. Месца, па якім спускаюцца, з’язджаюць уніз: спуск. Відаць было, як яны [немцы] спускаліся па дарожным з’ездзе ўніз, хаваючыся за гліністымі буграмі. Лынькоў. Перш чым трапіць.. да мосціка, трэба з’ехаць пракапаным з’ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)