ГА́МА-СПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел ядзернай спектраскапіі, які вывучае энергет. спектры гама-выпрамянення з дапамогай гама-спектрометраў. Метадамі гама-спектраскапіі даследуюць уласцівасці ўзбуджаных станаў атамных ядраў, пераходы паміж ядз. ўзроўнямі энергіі, а таксама гама-выпрамяненне ў выніку радыеактыўнага распаду і ядз. рэакцый. Гл. таксама Спектраскапія.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМАЦАВА́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ, фіксаванне фатаграфічнае,

выдаленне са святлоадчувальнага слоя фатаграфічных матэрыялаў рэшткаў галоіднага серабра, не ўзноўленага ў час праяўлення фатаграфічнага. Садзейнічае працяглай захаванасці фатагр. відарысаў. Ажыццяўляецца з дапамогай раствораў (або пасты) рэчываў (найб. пашыраны тыясульфат натрыю), здольных пераўтвараць галоіднае серабро ў водна-растваральныя злучэнні.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ХТЭР (галанд. lichter літар. аблягчальнік),

грузавое несамаходнае судна тыпу баржы. Выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў з дапамогай буксірных суднаў, а таксама для беспрычальнай (на рэйдзе) пагрузкі-разгрузкі глыбокасядзячых суднаў, якія не могуць увайсці ў порт або стаць да прычала. Самі Л. перавозяцца ліхтэравозамі.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́КЕЛЬСА З’Я́ВА,

змена паказчыка пераламлення святла ў крышталях, змешчаных у эл. поле, прапарцыянальная напружанасці прыкладзенага поля. Вядзе да ўзнікнення падвойнага праменепераламлення і яго змены. Выкарыстоўваецца ў сістэмах кіравання светлавымі патокамі з дапамогай эл. палёў (напр., мадуляцыя святла). Выяўлена ням. фізікам Ф.​Покельсам (1894).

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАКО́Л,

судна, якое пракладвае шлях іншым суднам у льдах замярзаючых басейнаў і служыць для падтрымання навігацыі. Ламае лёд масай свайго корпуса пры напаўзанні нахіленай насавой ч. на край ільдзіны. Ахова корпуса ад бакавога сціскання забяспечваецца яго спец. формай і павышанай трываласцю, засцярога вінтоў і рулёў — вял. асадкай.

Л. бываюць марскія, у т. л. лінейныя (для далёкіх пераходаў у арктычных морах, даўж. да 150 м, водазмяшчэнне да 23,5 тыс. т), азёрныя і рачныя. Першы ў свеце арктычны Л. «Ермак» пабудаваны ў 1899 пад кіраўніцтвам С.В.Макарава. Найб. магутныя сучасныя Л. — атамныя ледаколы. Ледакольныя флаты маюць Расія, ЗША, Канада, Швецыя, Фінляндыя.

Літ.:

Белкин С.И. Сокрушающие лед. М., 1983;

Безопасность плавания во льдах. М., 1993.

Спосабы разбурэння ледзянога покрыва ледаколам: 1, 2 — з дапамогай крэну корпуса; 3, 4 — з дапамогай насавой баластнай цыстэрны (у яе перапампоўваецца паліва з кармавой цыстэрны пасля насоўвання носа карабля на лёд).

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТРЫКА ў матэматыцы, правіла вылічэння адлегласці паміж любымі пунктамі (элементамі) зададзенага мноства. Мноства з зададзенай на ім М. наз. метрычнай прасторай. М. з’яўляецца сапраўднай лікавай функцыяй p(a,b) якая задавальняе ўмовы: p(a,b) ≥ 0, пры гэтым p(a,b) = 0 толькі, калі a = b, p(a,b) = p(b,a); p(a,b) + p(b,c) ≥ p(a,c). На адным і тым жа мностве М. можна задаць рознымі спосабамі. Напр., на плоскасці за адлегласць паміж пунктамі a(x1, y1) і b(x2, y2) можна прыняць звычайную эўклідаву адлегласць p1 ( a,b ) = ( x1 − x2 ) 2 + ( y1 − y2 ) 2 , p2 ( a,b ) = | x1 − x2 | + | y1 − y2 | ці інш. У вектарных прасторах (функцыянальных і каардынатных) М. задаецца нормай, а таксама з дапамогай скалярнага здабытку вектараў; у дыферэнцыяльнай геаметрыі — заданнем элемента даўжыні дугі з дапамогай дыферэнцыяльнай квадратычнай формы.

т. 10, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гастратры́хі

(н.-лац. gastrotricha, да гр. gaster, -tros = страўнік + trichion = валасок)

клас нематгельмінтаў, чэрві з бутэлькападобным целам даўжынёй 0,05—1,5 мм, якія плаваюць у вадзе з дапамогай дзвюх падоўжаных палос раснічак на бруху; жывуць у морах і прэсных вадаёмах; брухараснічныя чэрві.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),

1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.

2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНІРО́ЎКА,

дэкаратыўная апрацоўка скульптуры (гал. чынам з танных матэрыялаў — металу, гіпсу і інш.) з дапамогай розных хімічных рэчываў з мэтай імітацыі інш. матэрыялу (бронзы, мармуру, медзі, дрэва і інш.). Садзейнічае больш выразнаму выяўленню пластычных форм. Т. наз. таксама прыглушэнне фарбамі белых і інш. плям пры рэстаўрацыі твораў жывапісу і графікі.

т. 15, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + сенсібілізацыя),

пазбаўленне ад празмернай адчувальнасці (гіперадчувальнасці), змененай рэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне «чужога» антыгену (алергена). Дазваляе адысці ад сенсібілізацыі — імуннай рэакцыі, якая пры паўторных сустрэчах з алергенам суправаджаецца пашкоджаннем або праяўленнем хваробы. Павышаная адчувальнасць да антыгену можа быць неадкладнай, ажыццяўляцца праз 1—30 мін з дапамогай спецыфічных антыцел або запаволенай (праз 24—48 і больш гадз) з дапамогай вызначаных клетак імунітэту. Д. значна зніжае рэагаванне ў адказ на ўздзеянне антыгену. Стан Д. набываецца праз мэтанакіраваныя ўздзеянні алергенам на арганізм з павышанай адчувальнасцю. Гіпасенсібілізуючая тэрапія ажыццяўляецца ўрачом алерголагам пры ўвядзенні ў арганізм пацярпелага малых доз алергена, канцэнтрацыю якога з кожным днём павялічваюць, што садзейнічае выпрацоўцы інш. імуннага адказу, з’яўленню «блакіруючых антыцел», якія блакіруюць антыген і не дазваляюць яму выклікаць алергічную рэакцыю. Д. пры алергічных рэакцыях запаволенага (клетачнага) тыпу дасягаецца зняццем прычыны, якая іх правакуе. Дасягнуць Д. ўдаецца рознымі спосабамі, якія забяспечваюць зніжэнне гіперрэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне антыгену (алергена).

М.​А.​Скеп’ян.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)