ВАЛАТО́ЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч, бел. краязнавец і этнограф 2-й пал. 19 ст. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1857), працаваў у ёй настаўнікам. Доўгі час жыў на Палессі, вывучаў яго гісторыю, заняткі, побыт і культуру насельніцтва. У 17 нарысах, апублікаваных у пецярбургскай газ. «Русский мир» (1875), выклаў уражанні і назіранні, акрэсліваў межы бел.-ўкр. Палесся, адзначаў захаванне перажыткаў язычніцтва. 6 нарысаў прысвяціў пашырэнню каталіцызму на Бел. Палессі, апісаў антыезуіцкія паўстанні ў Мазыры (1581), Янаве (1657). Перадрукі асобных нарысаў зроблены ў пецярб. час. «Нива».

Тв.:

Полесские свята: Из очерков Полесья // Нива. 1880. № 29, 30;

Полесские будан І І Там жа. 1881. № 2;

Полесская поганьщина // Там жа. № 27.

В.К.Бандарчык.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА ЎРАЎНЕ́ННЕ , адно з першых ураўненняў стану рэальнага газу. Прапанаваў Я.Д. ван дэр Ваальс (1873). Улічвае канечнасць аб’ёму малекул і сілы ўзаемадзеяння паміж імі.

Для моля газу аб’ёмам V пры т-ры T і ціску p мае выгляд (p + a / V​2) (V-b) = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — эксперыментальныя канстанты для кожнага асобнага газу, абумоўленыя адхіленнем уласцівасцей рэальнага газу ад ідэальнага (a улічвае прыцяжэнне малекул у выніку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, b — адштурхоўванне малекул на блізкіх адлегласцях). Пры вял. V (моцна разрэджаны газ) Ван-дэр-Ваальса ўраўненне пераходзіць ва ўраўненне стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне).

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЕРТ

(Weerth) Георг (17.2.1822, г. Дэтмальд, Германія — 30.7.1856),

нямецкі паэт, празаік, публіцыст. У 1843—46 жыў у Англіі. Удзельнічаў у чартысцкім руху, у 1848—49 у газ. «New Rheinische Zeitung» («Новая Рэйнская газета»). Паплечнік Ф.Энгельса і К.Маркса. Свае вершы пісаў простай і сухой мовай, прызначаючы іх пралетарыяту. Вядомыя яго празаічныя сатыр. творы — аповесць «Гумарыстычныя нататкі з нямецкага гандлёвага жыцця» (1847—48) і раман «Жыццё і подзвігі славутага рыцара Шнапганскага» (1849). На бел. мову шэраг вершаў Веерта пераклаў У.Папковіч.

Тв.:

Werke Bd. 1—2. 3 Aufl. Berlin;

Weimar, 1974;

Бел. пер. — [Вершы] // Далягляды. Мн., 1983;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1957.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай вабл. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 19,7 тыс. км², нас. 654,9 тыс. чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл. газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н

(Грузенберг) Міхаіл Маркавіч (9.7.1884, г.п. Янавічы Віцебскага р-на — 29.5.1951),

рэвалюцыянер, сав. дзярж. і паліт. дзеяч. У рэв. руху з 1900, чл. Бунда. У 1907—18 у ЗША: стварыў у Чыкага спец. школу для эмігрантаў, удзельнічаў у рабоце сацыяліст. партыі Амерыкі, быў казначэем Т-ва дапамогі рус. палітвязням. З 1919 ген. консул РСФСР у Мексіцы, адначасова працаваў у Камінтэрне. У 1923—27 у Кітаі — паліт. саветнік ЦВК, нац. рэв. партыі Гаміньдана, потым у СССР нам. наркома працы, нам. дырэктара ТАСС, з 1932 гал. рэдактар газ. «Moscow News» («Маскоўскія навіны»), у Вял. Айч. вайну ў рэдакцыі Саўінфармбюро. У 1951 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ХТА Рыгор, бел. пісьменнік і перакладчык 1-й пал. 20 ст. У канцы 1920-х г. настаўнічаў у мяст. Любонічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці. З 1930 на Бабруйскім дрэваапр. камбінаце. З 1932 стыль-рэдактар Дзярж. выд-ва Беларусі. У літ. дадатку «Вясна» да газ. «Камуніст» і ў альманаху «Уздым» (Бабруйск, 1928—29) друкаваў апавяданні пра вясковае жыццё, 1-ю сусв. вайну («Падарунак на пазіцыі», «Дзед Пакута і бабка Вулюта», «Пракараў»). Пераклаў на бел. мову раманы Г.Караваевай «Двор» (1931), А.Вясёлага «Краіна родная» (1932), аповесці М.Ціханава «Ад мора да мора» (1931), І.Лэ «Міжгор’е» (1932), К.Паўстоўскага «Кара-Бугаз» (1933), А.Дончанкі «Зорная крэпасць» (1933) і інш.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛАВУ́Х

(Wysłouch) Ігнацій Баляслаў Людвігавіч (22.11.1855, маёнтак Сохі, цяпер у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. — 13.9.1937),

польскі грамадскі дзеяч, публіцыст. У 1874—79 вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це. У 1879 арыштаваны за рэв. прапаганду сярод бел. і польскага студэнцтва. У 1880 адзін з кіраўнікоў Варшаўскай сацыял рэв. арг-цыі. Распрацаваў яе тэарэт. аснову, склаў новую праграму, у т. л. па нац. пытанні. У лют. 1880 арыштаваны, на 3 гады зняволены ў турму. У 1884 выехаў у Галіцыю. У 1886—87 рэдактар львоўскага час. «Przegląd Społeczny» («Грамадскі агляд»), у 1889 заснаваў газ. «Przyjaciel Ludu» («Сябар народа»). У 1922—28 чл. польскага сената.

В.М.Чарапіца.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПА СУ́ВЯЗЯХ З СУАЙЧЫ́ННІКАМІ ЗА РУБЯЖО́М,

Беларускае таварыства «Радзіма», добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1964 (у 1960—64 дзейнічала Бел. секцыя к-та «За вяртанне на Радзіму і развіццё культ. сувязяў з суайчыннікамі»). У 1976 пераўтворана ў Бел. т-ва «Радзіма». Сярод заснавальнікаў Р.Шырма і М.Танк. Асн. кірункі дзейнасці: культ. і эканам. кантакты з аб’яднаннямі землякоў за мяжой і асобнымі суайчыннікамі, перасылка за мяжу л-ры, падручнікаў, кінафільмаў, фотавыставак і інш., арганізацыя курсаў па вывучэнні бел. гісторыі, культуры і мовы, гуманіт. дапамогі ад замежных суайчыннікаў жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 і інш. Т-ва заснавальнік газ. «Голас Радзімы».

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску, клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел. тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел. дзярж. т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.Галубок, М.Багдановіч, З.Верас, У.Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.

Літ.:

Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУС Франц Феліксавіч

(Ілья Піліпавіч; ?—?),

аўтар бел. вершаваных твораў. Паходзіў з сялян Даўгамошскай вол. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. Служыў чыноўнікам. Выступіў у газ. «Могилевские губернские ведомости» (1862, № 51, 60—61) з гутаркамі «Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе (для народнага чытання)» і «Прамова Старавойта (для чытання маім землякам)», у якіх услаўляў цара і сял. рэформу 1861, даводзіў справядлівасць сац. няроўнасці, заклікаў сялян да пакоры і цярпення. У гутарках адлюстраваны і рэаліі тагачаснага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства. Пасля паўстання 1863—64 служыў на чыгунцы ў Бузулуку, жыў у Самары. У 1881 напісаў вершы на рус. мове ў гонар Аляксандра II.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)