віды раслін і жывёл з шырокай экалагічнай валентнасцю, здольных нармальна развівацца ў розных умовах навакольнага асяроддзя. Напр., трыснёг звычайны (расце ў вадзе і на сушы, на гліністым і пясчаным грунце), папараць арляк (звычайная расліна ўмераных шырот Паўн. паўшар’я, тропікаў і субтропікаў Паўд. паўшар’я), воўк (сустракаецца ў тундры, хвойных і лісцевых лясах, стэпах, гарах і інш.). Асабліва шматлікія і добра выражаныя У. ў водным асяроддзі. Гл. таксама Касмапаліты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРО́ЧНІК (Carlina),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 20 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе. На Беларусі 4 віды У.: бессцябловы (C. acaulis), Біберштэйна (C. biebersteinii), звычайны (C. vulgaris, нар. назва дзядоўнік) і сярэдні (C. intermedia). Трапляюцца на ўзлесках, сухадольных лугах, схілах.
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і кусты. Лісце чаргаванае, калючазубчастае, знізу апушанае. Кветкавыя кошыкі буйныя, паўшарападобныя, адзіночныя або ў шчыткападобным суквецці. Плод — сямянка. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТЫНА́ЛІС (Fontinalis),
род брыевых імхоў сям. фантыналіевых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды Ф.: гіпнападобны (F. hypnoides) і проціпажарны (F. antipyretica). Растуць на камянях, каранях і ствалах дрэў у праточнай і стаячай вадзе.
Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць цёмна-зялёныя або бураватыя дзярнінкі. Сцёблы галінастыя, акруглыя або тупавата-рабрыстыя, даўж. да 50 см. Лісце суцэльнакрайняе, шырокаяйцападобнае або вузкаланцэтнае. Каробачка авальная, па ўкарочанай ножцы, каўпачок маленькі, канічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМО́ЎКАў скульптуры,
працэс вырабу форм для адліўкі копій са скульпт. арыгінала ці гіпсавай мадэлі. Асн.віды — чарнавая і кавалкавая Ф. Чарнавая (Ф. «ў раскалотку») выкарыстоўваецца пераважна пры рабоце з мяккім скульпт. матэрыялам — глінай, воскам, пластылінам і інш. Кавалкавая Ф. — для зняцця форм з гіпсавай мадэлі або скульптуры, выкананай з цвёрдых матэрыялаў (напр., гіпсавых злепкаў з ант. мармуровых скульптур), а таксама пры адліўцы скульптуры з металу, керамічных матэрыялаў (фарфор, фаянс і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВО́СНІК.
баляскі (Hippuris), род кветкавых раслін сям. хвоснікавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі. Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 1 від — Х. звычайны, або вадзяная сасонка (H. vulgaris). Трапляецца на багністых берагах рэк і азёр, вільготных лугах, нізінных балотах.
Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамастойныя. членістыя, пустыя. Лісце суцэльнае, лінейнае, без прылісткаў, у кальчаках. Кветкі адзінкавыя. у пазухах лісця, дробныя, беспялёсткавыя, зеленаватыя. Плод — касцянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭСТАДО́ЗЫ,
глісныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца стужачнымі чарвямі (цэстодамі). Віды Ц. на Беларусі: дыфілабатрыёзы, тэніідозы, цэнурозы, цыстыцэркозы, эхінакакоз і інш. У палаваспелай стадыі ўзбуджальнікі паразітуюць у кішэчніку сабачых, кашэчых, купіцавых (канчатковыя гаспадары), у лічынкавай — у розных органах і тканках авечак, буйн. раг. жывёлы, свіней, ласёў і чалавека (прамежкавыя гаспадары). Пры Ц. пашкоджваюцца кішэчнік, печань, лёгкія, галаўны і спінны мозг, інш. органы. Прафілактыка: дэгелімінтызацыя, ветэрынарна-сан. кантроль мясных прадуктаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮ́ЛЬКІ (Clupeonella),
род рыб сям.селядцовых. 4 віды. Пашыраны ў Азоўскім, Каспійскім, Чорным морах і іх басейнах. Найб. вядомая Ц. чарнаморска-азоўская, або каспійская кілька (C.cultriventris).
Даўж. да 15 см, маса да 9 г. Спіна і верхняя ч. галавы шэра- або сіне-зялёныя, бруха белае ці залаціста-жоўтае. Ад горла да анальнай адтуліны цягнецца «кіль» з шыпаватых лускавінак. Характэрны 2 падоўжныя прамяні на канцы анальнага плаўніка. Чародныя. Кормяцца пераважна зоапланктонам. Аб’екты промыслу. Гл. таксама Кількі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАЦІНКАСКІ́ВІЧНЫЯ (Chaetognatha),
тып беспазваночных жывёл. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Пераважна планктонныя, ёсць донныя віды. Найб. вядомая марская стрэлка (Sagitta).
Даўж. ад 5 мм да 10 см. Цела стрэлкападобнае, шклопадобна-празрыстае. Падзелена на галаўны, тулаўны і хваставы аддзелы; аблямаванае бакавымі (парнымі) і хваставымі плаўнікамі. На галаве — рот, органы пачуццяў і 2 бакавыя групы серпападобных хапальных шчацінак (адсюль назва). Крывяноснай, дыхальнай і выдзяляльнай сістэм няма. Гермафрадыты. Развіццё прамое. Кормяцца планктоннымі беспазваночнымі, зрэдку маляўкамі рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗО́ТЫ (ад грэч. exōtikos чужы, іншаземны),
віды раслін і жывёл, нязвычныя для мясц. флоры і фауны. Трапляюць у геаграфічна аддаленыя экасістэмы выпадкова ці ў выніку інтрадукцыі. Звычайна сустракаюцца ў бат. садах, аранжарэях, заапарках, экзатарыумах і інш. (напр., лімоны, ананасы, кактусы; малпы, страусы, папугаі і інш.), дзе ім ствараюцца штучныя экалагічныя ўмовы. Некат. Э. вельмі пашырыліся ў культуры і дзікай прыродзе, сталі звычайнымі відамі (напр., бульба, памідоры, лістоўніца сібірская; каларадскі жук і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНГЕРМА́НІЯ (Jungermannia),
род пячоначных імхоў сям. юнгерманіевых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — Ю. ланцэталістая (J. lanceolata). Трапляецца ў вільготных і забалочаных лясах на гнілой драўніне, аголенай глебе. па берагах вадаёмаў.
Ю. ланцэталістая — аднадомная лістасцябловая расліна даўж. 1—4 см. Утварае буйныя дзярнінкі бледна-жаўтаватага або цёмна-зялёнага, зрэдку чырванаватага колеру. Сцёблы сцелістыя, разгалінаваныя, з рызоідамі. Лісце двухраднае, языкападобнае. Каробачка прадаўгавата-эліпсоідная. цёмна-бурая.