галіна прыродазнаўства, якая вывучае паходжанне, эвалюцыю і заканамернасці біял. асаблівасцяў чалавека і яго рас. Цесна звязана з прыродазнаўча-гіст. навукамі. Мае 3 асн. раздзелы: расазнаўства (вывучае ўмовы і прычыны ўтварэння, заканамернасці фарміравання і ўзаемадзеяння рас; часткай раздзела з’яўляецца і этнічная антрапалогія, якая даследуе праблемы этнагенезу), антрапагенез і марфалогія (вывучае заканамернасці зменлівасці будовы цела і органаў чалавека ў залежнасці ад спадчыннасці, умоў жыцця і працы). Апошні раздзел уключае таксама саматалогію (узроставыя варыяцыі будовы цела сучаснага чалавека), мералогію (варыяцыі яго асобных органаў), дэрматагліфіку, аданталогію, палеаантрапалогію. З 1960-х г. вылучаюць раздзелы: фізіялагічная антрапалогія (вывучае варыяцыі функцыянальных асаблівасцяў арганізма чалавека і працэсы яго адаптацыі), антрапагенетыка, генагеаграфія.
Першыя звесткі пра антрапалогію ёсць у працах Герадота (5 ст. да н.э.), Арыстоцеля (4 ст. да н.э., увёў тэрмін «антрапалогія» як вучэнне пра духоўную прыроду чалавека) і інш.Вял.геагр. адкрыцці 15—16 ст. далі магчымасць пазнаёміцца з народамі Амерыкі, Афрыкі, Акіяніі, Усх. Азіі і распачаць сістэматызацыю рас чалавека. Як навука антрапалогія сфарміравалася ў 19 ст., калі пачалі збірацца і сістэматызавацца звесткі пра розныя тыпы стараж. і сучаснага насельніцтва, распрацоўвацца методыкі даследаванняў. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж метраполіямі і калоніямі ў канцы 19 ст. спрыяла ўзнікненню антынавук. расісцкіх «тэорый» (гл.Расізм). Ідэі біял. роўнасці ўсіх рас закладзены ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў працах рус. вучоных К.М.Бэра, А.П.Багданава, Дз.М.Анучына, М.М.Міклухі-Маклая і развіты В.В.Бунаком, Ф.Боасам, Г.Ф.Дэбецам, Ф.Лушанам, Л.Нідэрле, Я.Я.Рагінскім, Г.А.Бонч-Асмалоўскім, М.Р.Левіным, М.М.Чабаксаравым, В.П.Аляксеевым, А.А.Зубавым і інш.
Даследаванні антрапал. складу беларусаў пачаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Анучын, М.А.Янчук, К.М.Ікаў, А.Н.Раждзественскі, А.Л.Здраеўскі, А.А.Піянткоўскі, Я.Мыдлярскі, Ю.Д.Талька-Грынцэвіч). Вынікі іх даследаванняў абагульнялі А.А.Іваноўскі (1905), Я.М.Чапуркоўскі (1918). У 1920—30-я г. Бунак вывучаў фізічны тып і размеркаванне груп крыві ў беларусаў, даследаваў краніялагічныя калекцыі сярэдневяковага насельніцтва Беларусі. Па ініцыятыве А.К.Ленца ў 1926 пры Інбелкульце створана антрапал. камісія, пазней рэарганізаваная ў кафедру антрапалогіі БелАН. Ю.М.Верамецкая, А.Я.Вішнеўская, А.А.Смірноў, Д.Н.Эйнгорн пачалі планамерныя даследаванні насельніцтва Слуцкага, Мазырскага, Магілёўскага, Аршанскага р-наў. Рэарганізацыя кафедры антрапалогіі ў НДІ псіханеўралогіі перапыніла антрапал. даследаванні на Беларусі. У 1930—40-я г.антрапал. склад насельніцтва пач. 2-га тыс.н.э. вывучалі супрацоўнікі Ін-та этнаграфіі АНСССР Дэбец, Т.А.Трафімава, потым В.В.Сядоў, Т.І.Аляксеева, М.С.Веліканава. Антрапалагічныя асаблівасці сучасных жыхароў Беларусі ў 1950-я г. вывучалі В.У.Вітоў, Р.Я.Дзянісава, Бунак, У.Дз.Дзячэнка. У 1965 пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР створана група антрапалогіі (у 1990 пераўтворана ў аддзел антрапалогіі і экалогіі). Пачаліся планамерныя комплексныя антрапал. даследаванні фізічнага тыпу старажытнага (І.І.Салівон, А.І.Кушнір) і сучаснага (Салівон) насельніцтва Беларусі, заканамернасцяў росту і развіцця вучняў у розных экалагічных рэгіёнах рэспублікі (Салівон, Н.І.Поліна), дэрматагліфічных і аданталагічных асаблівасцяў (Л.І.Цягака), размеркавання груп крыві і інш. фенатыпаў, генетычна абумоўленых прыкмет у сельскага насельніцтва (А.І.Мікуліч), генадэмаграфічных — у гарадах рэспублікі (В.У.Марфіна). Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 даследаванні накіраваны на вывучэнне заканамернасцяў адаптыўных працэсаў у экстрэмальных умовах.
Літ.:
Тегако Л.И. Антропологические исследования в Белоруссии. Мн., 1979;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДАРАСЦІ (Algae),
зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.
Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.
Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд.т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш.Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.
Літ.:
Водоросли: Справ. Киев, 1989;
Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;
Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКІ,
нябесныя целы, якія самі свецяцца; складаюцца з распаленых газаў (плазмы). Найб. распаўсюджаныя аб’екты ў Сусвеце — змяшчаюць больш за 98% масы ўсяго касм. рэчыва. Знаходзяцца ў стане цеплавой і гідрастатычнай раўнавагі, што забяспечваецца балансам паміж сілай гравітацыі і ціскам гарачага рэчыва і выпрамянення. Усе З., акрамя Сонца, відаць з Зямлі як святлівыя пункты. Яркасць З. характарызуюць зорнай велічынёй. Бачнае становішча на небасхіле вызначаюць дзвюма вуглавымі пераменнымі — схіленнем і прамым узыходжаннем (гл.Нябесныя каардынаты).
З. існуюць дзесяткі мільярдаў гадоў. У іх ядрах увесь час адбываюцца тэрмаядзерныя рэакцыі — асн. крыніца энергіі і выпрамянення. Фіз. характарыстыкі і працягласць існавання З. вызначаюцца масай і хім. складам, якія З. мела ў момант утварэння. Адрозніваюць З.: гіганты, звышгіганты, карлікі, новыя зоркі, звышновыя зоркі, пераменныя зоркі, падвойныя зоркі. Хім. склад большасці З.: 75% вадароду, 23% гелію, 2% інш. элементаў. Дыяпазон магчымых мас — 10−2—102 масы Сонца. Радыусы самых вял. З. — чырвоных звышгігантаў — у 102—103 разоў большыя, а самых малых — белых карлікаў і нейтронных З. — у 102—104 разоў меншыя за радыус Сонца. Сярэдняя шчыльнасць чырвоных звышгігантаў 10‘3кг/м³, нейтронных З. больш за 1017кг/мЗ. Свяцільнасць блакітных гігантаў і чырвоных звышгігантаў складае 8∙105, а чырвоных карлікаў 10−4 свяцільнасці Сонца. З. ўтвараюць у прасторы вял. зорныя сістэмы — галактыкі. Вывучэнне будовы нашай Галактыкі паказвае, што многія З. групуюцца ў зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі і інш. З. вывучаюцца зорнай астраноміяй і астрафізікай.
Літ.:
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Звезды и звездные системы. М., 1981;
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Спіс сузор’яў
Беларуская назва
Лацінская назва
Становішча на зорным небе
1
2
3
Авен
Aries
Пн
Аднарог
Monoceros
Э
Актант
Ostans
Пд
Андрамеда
Andromeda
Пн
Арол
Aquila
Э
Арыён
Orion
Э
Ахвярнік
Ara
Пд
Блізняты
Gemini
Пн
Вадаліў
Aquarius
Пд
Валапас
Bootes
Пн
Валасы Веранікі
Coma Berenices
Пн
Ветразі
Vela
Пд
Вознік
Auriga
Пн
Воран
Corvus
Пд
Воўк
Lupus
Пд
Вялікая Мядзведзіца (нар. назва Вялікі Воз)
Ursa Major
Пн
Вялікі Пёс
Canis Major
Пд
Гадзіннік
Horologium
Пд
Геркулес
Hercules
Пн
Гідра
Hydra
Э
Голуб
Columba
Пд
Гончыя Псы
Canes Venatici
Пн
Дзева
Virgo
Э
Дракон
Draco
Пн
Дэльфін
Delphinus
Пн
Журавель
Crus
Пд
Жывапісец
Pictor
Пд
Жырафа
Camelopardalis
Пн
Залатая Рыба
Dorado
Пд
Заяц
Lepus
Пд
Змеяносец
Ophiuchus
Э
Змяя
Serpens
Э
Індзеец
Indus
Пд
Казярог
Capricornus
Пд
Карма
Puppis
Пд
Касіяпея (нар. назва Касцы)
Cassiopeia
Пн
Кіль
Carina
Пд
Кіт
Cetus
Э
Компас
Pyxis
Пд
Крыж
Crux
Пд
Лебедзь
Cygnus
Пн
Леў
Leo
Пн
Ліра
Lyra
Пн
Лісічка
Vulpecula
Пн
Лятучая Рыба
Volans
Пд
Малая Мядзведзіца (нар. назва Малы Воз)
Ursa Minor
Пн
Малы Конь
Equuleus
Пн
Малы Леў
Leo Minor
Пн
Малы Пёс
Canis Minor
Пн
Мікраскоп
Microscopium
Пд
Муха
Musca
Пд
Навугольнік
Norma
Пд
Насос
Antlia
Пд
Паўднёвая Гідра
Hydrus
Пд
Паўднёвая Карона
Corona Austrina
Пд
Паўднёвая Рыба
Piscis Austrinus
Пд
Паўднёвы Трыкутнік
Triangulum Australe
Пд
Паўлін
Pavo
Пд
Паўночная Карона
Corona Borealis
Пн
Пегас
Pegasus
Пн
Персей
Perseus
Пн
Печ
Fornax
Пд
Разец
Caelum
Пд
Райскі Птах
Apus
Пд
Рак
Cancer
Пн
Рыбы
Pisces
Э
Рысь
Lynx
Пн
Секстант
Sextans
Э
Сетка
Reticulum
Пд
Скарпіён
Scorpius
Пд
Скульптар
Sculptor
Пд
Сталовая Гара
Mensa
Пд
Страла
Sagitta
Пн
Стралец
Sagittarius
Пд
Трыкутнік
Triangulum
Пн
Тукан
Tucana
Пд
Тэлескоп
Telescopium
Пд
Фенікс
Phoenix
Пд
Хамелеон
Chamaeleon
Пд
Цыркуль
Circinus
Пд
Цэнтаўр
Centaurus
Пд
Цэфей
Cepheus
Пн
Цялец
Taurus
Пн
Чаша
Crater
Пд
Шалі
Libra
Пд
Шчыт
Scutum
Э
Эрыдан
Eridanus
Пд
Яшчарка
Lacerta
Пн
Абазначэнні: Пн — Паўн. паўшар’е неба, Пд — Паўд. паўшар’е неба, Э — экватарыяльны пояс
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСІ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА, інсіта,
наіўнае мастацтва, галіна выяўл. мастацтва; творчасць мастакоў, што не маюць прафес.маст. падрыхтоўкі. Тэрмін «І.м.» ўведзены ў 1966 славацкім мастацтвазнаўцам Ш.Ткачом. Творчасць мастакоў-інсітнікаў (інш. назвы — «сучасныя прымітывы», «мастакі нядзелі», «мастакі святога сэрца») мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна самабытна, чым адрозніваецца ад самадзейнага мастацтва мастакоў-аматараў, арыентаваных на спасціжэнне прафес. мовы выяўл. мастацтва. Стылістыка І.м. зыходзіць з імкнення да адлюстравання рэчаіснасці паводле свайго суб’ектыўнага ўяўлення пра яе, з міфалагізму светапогляду, імкнення да апавядальнасці і архітыповасці маст. вобразаў, вылучаецца метафарычнасцю маст. мовы, дэталізацыяй, імкненнем да абагульненасці тыпажу, пейзажных і побытавых элементаў, ненаўмысным парушэннем прапорцый у выявах у адпаведнасці з іх значнасцю, статычнасцю, парадкавай пабудовай кампазіцыі, умоўнасцю перспектывы, наяўнасцю некалькіх пунктаў агляду, лакальным колерам, перавагай размалёўкі над жывапіснасцю.
Асэнсаванне І.м. пачалося ў 1880-я г. У еўрап. культуру ўвайшло творамі франц. мастака-самавука А.Русо, якія ўпершыню экспанаваліся ў парыжскім Салоне незалежных (1885). Сярод франц. інсітнікаў Л.Віўен, К.Бамбуа, Д.П.Пейранэ, С.Луі (Серафін э Сансаліса). У краінах Усх. Еўропы разглядаецца як эвалюцыйны этап традыц.нар. мастацтва, якое трансфармуецца ў індывід. творчасць асобных мастакоў-самавукаў: Нікіфар, Т.Ачэпка, Ю.Собат (Польшча), О.Біхалі-Мерын (Венгрыя), З.Губачак, І.Прохаска (Чэхія), І.Рабузін, І.Генераліч, С.Вечэнай і мастакоў Глебенскай школы (б. Югаславія). У розны час вывучэннем і папулярызацыяй І.м. займаліся Г.Апалінэр, А.Валар, П.Гіём, Р.Дэланэ, П.Пікасо, В.Удэ (Францыя), К.Півоцкі, А.Яцкоўскі (Польшча), Ш.Ткач (Славакія), Біхалі-Мерын (Венгрыя, аўтар «Энцыклапедыі наіўнага мастацтва», 1986), В.Кандзінскі, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, Д.Бурлюк (Расія). Цікавасць да І.м. ў краінах б.СССР узнікла ў пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых мастакоў Н.Пірасманашвілі (Н.Пірасмані, (Грузія), К.Білакур, М.Прымачэнка (Украіна), М.Бічэнене (Літва), Г.Дзікарская, Т.Елянок, І.Селіванаў, Я.Часнякоў (Расія). У 1970—90-я г. склалася рас. мастацтвазнаўчая школа па вывучэнні І.м. (Г.Астроўскі, К.Багемская, В.Балдзіна, Г.Паспелаў, Л.Тананаева і інш.), дзе яно разглядаецца як тыпалагічная разнавіднасць прымітыўнага мастацтва. Праводзяцца міжнар. трыенале І.м. ў Славацкай нац. галерэі ў Браціславе (1966, 1969, 1972, 1994, 1997), навук. сімпозіумы Міжнар. кабінета І.м., выстаўкі [Парыж (1-я 1937), Бадэн-Бадэн, Цюрых, Ротэрдам], дзе на некаторых з іх побач з інсітнымі творамі экспанавалася выяўл. мастацтва абарыгенаў Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, дзяцей і псіхічна хворых, якое мае стылістычнае падабенства з І.м.
На Беларусі вывучэнне І.м. пачалося ў 1990-я г. Пэўнымі рысамі І.м. вылучаюцца творы Я.Драздовіча, М.Засінца, І.Супрунчыка, Л.Трахалёвай і інш. Сярод мастакоў-інсітнікаў В.Альшэўскі, П.Баранаў, А.Быстрыцкі, М.Валуевіч, В.Жарнасек, П.Зяляўскі, В.Кавалеўскі, А.Кіш, Б.Лабкоўскі, В.Пляшкоў, Г.Рабіза, М.Рышкевіч, М.Сайфугаліева, М.Тарасюк, В.Цяцёркін, М.Юхно. Створаны музеі твораў Засінца (в.Мядзведнае, Ельскі р-н Гомельскай вобл.) і Тарасюка (в.Стойлы, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1994 у Нац.маст. музеі адбылася першая нац. выстаўка І.м.
Літ.:
Примитив и его место в художественной культуре нового и новейшего времени. М., 1983;
Примитив в искусстве: Грани проблемы. М., 1992;
Примитив в изобразительном искусстве: Материалы Всерос. науч.практ. конф. М., 1994;
Мастацтва — Insitus: Першая нац. выстаўка інсітнага мастацтва ў Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Мн., 1994;
Язэп Драздовіч — асоба, творчасць. Мастацтва-інсітус: Матэрыялы навук.-практ. канф.Мн., 1997;
Jackowski A. Sztuka zwana naiwna: Zarys encyklopedyczny twórczości w Polsce. Warszawa, 1995.
В.А.Лабачэўская.
Да арт.Інсітнае мастацтва. М.Засінец. Унук. 1971.Да арт.Інсітнае мастацтва. С.Вечэнай. Адам і Ева. 1967.Да арт.Інсітнае мастацтва. Н.Пірасманашвілі. Кампанія Бего. 1907.Да арт.Інсітнае мастацтва. І.Генераліч. Алень у пушчы. 1956.Да арт.Інсітнае мастацтва. А.Русо. Нападзенне ягуара на каня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫШЫ́ (саманазва латвіешы),
нацыя, асноўнае насельніцтва Латвіі (1390 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 2658 чал. (перапіс 1989), Зах. Еўропы, у ЗША, Канадзе, Аўстраліі. Агульная колькасць 1,54 млн.чал. (1992). Гавораць на латышскай мове. Вернікі пераважна пратэстанты, часткова — католікі, праваслаўныя.
У этнагенезе Л. удзельнічалі балцкія, фіна-угорскія і часткова слав. плямёны. Кансалідаваліся ў народнасць да пач. 17 ст. У 19 ст. фарміруецца лат. нацыя. Традыц. паселішчы Л. — невял. вёскі і хутары. Асн. заняткі — земляробства і жывёлагадоўля, на ўзбярэжжы — рыбалоўства. Найб. развітыя рамёствы — ткацтва, кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, піва- і сыраварэнне. Нац. адзенне: у жанчын тунікападобная вышытая кашуля, паласатая або ў клетку спадніца з ліфам, узорысты пояс і інш.; характэрная частка лат. гарнітура — пакрывала-плед, прышпіленае на плячы або на грудзях вял. круглай спражкай-брошкай (сактас); у мужчын — кароткая вышытая кашуля, белыя паласатыя або ў клетку штаны, кафтан, капялюш і інш.
Этнакулы. сувязі бел. і лат. народаў маюць даўнія традыцыі. Яшчэ ў 13 ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. балцкімі плямёнамі змагаліся супраць ням. рыцараў. У 16—18 ст. у склад ВКЛ, а пасля Рэчы Паспалітай уваходзілі т.зв. Польскія Інфлянты, частка Ліфляндыі, населеная пераважна каталіцкім насельніцтвам. Балцкая яго частка сфарміравала народнасць латгальцаў, якія разглядаюцца як частка лат. народа. Перасяленне Л. на У і ПнУбел. зямель найб. інтэнсіўна ішло ў 1860—80-я г. У 1897 значныя групы Л. жылі ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.), Полацкім (каля 1,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах. У 1-ю сусв. вайну колькасць Л. на Беларусі павялічылася (больш за 20 тыс.чал.), у 1920—30-я г. зменшылася (14 тыс.чал.; перапіс 1926). У 1910-я г. ў Віцебску існавала Лат. дабрачыннае т-ва, у наваколлі Лёзна — правасл. брацтва. У 1910—20-я г. ў Віцебску дзейнічала культ.-асв.т-ва «Прометэйс». У 1920-я г. было Лат. бюро пры ЦККП(б)Б і ЛКСМБ, консульства Латв. Рэспублікі ў Віцебску. У 1910—30-я г. сярод вернікаў-латышоў Магілёўшчыны існавала група евангельскіх хрысціян, т.зв. апусталі. Працавала 5 нац.лат. сельсаветаў, калгасы (23 у 1935), у месцах кампактнага пражывання Л. — лат. школы (24 у 1930/31 навуч.г., 12 лат., 2 бел.-лат., 1 лат.-літ. ў 1935/36 навуч.г.). Гісторыю лат. перасяленчага руху, матэрыяльную і духоўную культуру Л. на Беларусі вывучала Лат. камісія Інбелкульта (засн. ў 1927), з 1929 — лат. сектар Бел.АН, з 1933 — лат. секцыя Ін-та нацменшасцей АН Беларусі. У 1929 апублікавана «Праграма даследавання латышскіх калоній», якая прадугледжвала збіранне і вывучэннеэтнагр. і фалькл. матэрыялаў. У 1929—30 праведзены экспедыцыі ў раёны кампактнага пражывання Л. на Віцебшчыне і Полаччыне. Былі выдадзены некалькі навук. прац на лат. мове па гісторыі лат. насельніцтва Беларусі. У 1930—40-я г. колькасць Л. на Беларусі значна зменшылася. Пасля Вял.Айч. вайны адбывалася міграцыя часткі Л. Беларусі ў Латвію, на тэр. Беларусі ішло перасяленне пэўнай колькасці Л. з Латвіі. У 1959 на Беларусі было 2631 Л., у 1970—2660, у 1979—2617. Мігранты з Латвіі (пасляваен.) і нашчадкі колішніх перасяленцаў на Беларусі, знаходзячыся ў пастаянных этнакульт. кантактах з мясц. насельніцтвам, захоўваюць некаторыя этнічныя асаблівасці (мову, абрады, рэлігію і інш.). З 1995 дзейнічае Саюз латышоў Віцебскай вобл. «Даўгава».
Літ.:
Шкільтэр К. Латышскія калоніі на Беларусі: Гіст. развіццё латыш. сялянскіх гаспадарак. Мн., 1931.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ НАВУ́КА,
комплекс навуковых ведаў пра метады, спосабы, мерапрыемствы, канструкцыі і прыстасаванні, што забяспечваюць паляпшэнне кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія фарміруюць умовы жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння чалавека. У залежнасці ад аб’екта вывучэння М.н. мае кірункі, звязаныя: са зменай клімату праз уздзеянне на яго састаўныя элементы (метэаралагічныя, водныя, раслінныя і інш.; гл.Меліярацыя клімату); з паляпшэннем умоў жыцця чалавека шляхам уздзеяння на навакольнае асяроддзе (акультурванне ландшафтаў, рэкрэацыя, барацьба з затапленнямі, эрозіяй глебы і інш.; гл.Ландшафтная архітэктура, Агралесамеліярацыя); з павышэннем урадлівасці глебы для павелічэння вытв-сці харч. прадуктаў і с.-г. сыравіны. Найб. значэнне мае навука пра с.-г.меліярацыю, якая займаецца распрацоўкай і абгрунтаваннем прыёмаў паляпшэння фіз. уласцівасцей, воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы з мэтай фарміравання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур.
С.-г. М.н. мае аб’ектам вывучэння: гідратэхн. (водныя) меліярацыі, звязаныя з паляпшэннем умоў водазабеспячэння с.-г. культур; фіз. (структурныя) меліярацыі, якія паляпшаюць водна-фіз. ўласцівасці глеб, цеплаправоднасць, пажарную і эразійную бяспеку, альбеда і інш.; агратэхн. прыёмы, якія забяспечваюць паляпшэнне воднага рэжыму глеб; культуртэхн. мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне найб. прыдатных палёў для выкарыстання с.-г. тэхнікі (гл.Культуртэхнічныя работы); аграхім. метады, што забяспечваюць павышэнне глебавай урадлівасці і ахову раслін (гл.Аграхімія). М.н. выкарыстоўвае вынікі аграметэаралогіі, агратэхнікі, аграфізікі, аграэкалогіі, балотазнаўства, гідралогіі, гідратэхнікі, глебазнаўства, грунтазнаўства, кліматалогіі, ландшафтазнаўства і інш.
Вывучэнне ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе пры яго гасп. дзейнасці пачалося з развіццём цывілізацыі, з пачаткам культ. земляробства. Першыя тэхналогіі ірыгацыі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі. Развіццё М.н. стымулявалася неабходнасцю абагульнення набытых ведаў і атрымання рэкамендацый для эфектыўнага ўтаймавання прыроднай стыхіі вады, паляпшэння воднага рэжыму глеб, павелічэння плошчы апрацоўваемых зямель. Найб. дасягненні М.н. набыла ў эканамічна моцных дзяржавах, дзе на яе вылучаліся значныя сродкі (Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Нідэрланды, ЗША і інш.). Высокапрадукцыйная сельская гаспадарка ў рэгіёнах з залішнім увільгатненнем створана дзякуючы даследаванням і мерапрыемствам па асушэнні, а ў засушлівых рэгіёнах — па арашэнні зямель. Напр., у Нідэрландах з іх пераважна нізіннымі тэрыторыямі прыярытэтным кірункам М.н. з’яўляецца развіццё польдэрных асушальных сістэм, у Ізраілі з яго дэфіцытам водных рэсурсаў — удасканаленне кропельнага арашэння. У Расіі аснову М.н. заклалі працы В.В.Дакучаева і А.М.Касцякова.
На Беларусі пачатак развіцця М.н. звязаны з працамі праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та А.М.Казлоўскага (1832—90?), які для асушэння глебы заклаў адзін з першых ва Усх. Еўропе дрэнаж (1856—62). Вял. значэнне мела Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Развіццю М.н. паспрыяла стварэнне ў 1911 Мінскай балотнай станцыі, на базе якой у 1930 арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі (з 1956 Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1992 меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ). У апошнім канцэнтраваліся даследаванні па інж. (гідрамеліярацыйным) і агранамічным (аграмеліярацыйным) кірунках М.н. Н.-д. работы па воднай, агратэхн., хім. меліярацыях вядуцца таксама ў БСГА, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Брэсцкім політэхн. ін-це, БПА, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш.Бел. М.н. мае прыярытэт у даследаваннях генезісу балот, вывучэнні водна-фіз. і хім. уласцівасцей тарфяна-балотных глеб, метадаў павышэння іх урадлівасці, засваення і эфектыўнага с.-г. выкарыстання, у распрацоўцы і абгрунтаванні метадаў і спосабаў паляпшэння воднага рэжыму глеб ва ўмовах няўстойлівага ўвільгатнення, у стварэнні перспектыўных канструкцый гідрамеліярацыйных сістэм.
Літ.:
Костяков А.Н. Основы мелиорации. 6 изд. М., 1960;
Орошение и осушение в странах мира. М., 1974;
Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981;
Использование мелиорированных земель: Справ. пособие. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ (франц. nu аголены), акт,
жанр выяўл. мастацтва і фатаграфіі, прысвечаны адлюстраванню аголенага цела (пераважна жаночага); частка эратычнага мастацтва. На яго развіццё, змест і форму значна ўплывае рэліг., філас. і маст. культура грамадства на пэўных гіст. этапах.
Вытокі Н. ў наскальных малюнках, культавых сімвалах, рэльефах і пластыцы першабытнага мастацтва, у мастацтве Стараж. Егіпта, Крыта, Вавілона, Фінікіі, Індыі і інш. Увасабленнем эстэт. нормы, жыццёвага і маст. ідэалу стаў у ант. скульптуры, жывапісе і вазапісе. У эпоху сярэднявечча адлюстраванне аголенага цела пашырылася ў міфалагічных сцэнах у мастацтве Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі; у Еўропе было абмежавана нешматлікімі сюжэтамі хрысціянскай іканаграфіі («Адам і Ева», «Страшны суд», выявы параненага цела Хрыста). У эпоху Адраджэння ў межах міфалагічнага і алегарычнага жанраў праз аголенасць увасабляліся ідэальныя, паэтызаваныя, філас. ўяўленні аб прыгажосці і гарманічнасці чалавека (С.Батычэлі, Джарджоне, А.Карачы, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, Я. ван Эйк у Галандыі, А.Дзюрэр у Германіі і інш.). Як жанр Н. сфарміраваўся ў 17—18 ст. у творах мастакоў барока (Д.Веласкес у Іспаніі, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі і інш.) і ракако (Ф.Бушэ, Ш.Даменік, Ж.М.Маро Малодшы, Ж.Эйзен у Францыі і інш.). Адлюстраванне аголенага цела набыло характар самаст. задачы, зацвердзілася як вывучэнне натуры і адна з асноўных форм маст. педагогікі. У акад. мастацтве 19 ст. зацвердзіліся нормы ідэалізацыі, заснаванай на ўспрыняцці рэальнай натуры праз прызму класічнага мастацтва. Паралельна развіваліся тып Н. салоннага мастацтва (увасабляў пачуццёвасць, але недаступнасць і нерэальнасць прыгажосці жаночага цела) і яго рэаліст. варыянт (аблічча рэальнай, свабоднай жанчыны). У 19 — пач. 20 ст. рысы Н. найб. яскрава выявіліся ў творах А.Бугро, П.Гагена, Э.Далакруа, А.Кабанеля, Э.Кар’ера, Г.Курбэ, А.Маёля, Э.Манэ, А.Рэнуара, Ж.А.Энгра ў Франпыі, Б.Генелі, Ю.Шнора фон Каральсфельда, Ф. фон Штука ў Германіі, Ф.Гоі ў Іспаніі, К.Брулова, Б.Кустодзіева, У.Лебедзева, З.Серабраковай, К.Сомава, В.Сярова ў Расіі і інш. У 20 ст. жанр пашырыўся ва ўсіх кірунках фігуратыўнага мастацтва і атрымаў вял. свабоду эмац. выражэння — ад яго класічнага гарманічнага тыпу да выяўлення трагізму светаўспрымання. У Н. працавалі М.Брыяшон, А.Мадыльяні, А.Масон, А.Матыс, П.Пікасо, А.Радэн у Францыі, Г.Клімт у Аўстрыі, Г.Альтэнбург, Э.Л.Кірхнер, О.Мюлер, Л. фон Гофман, Г.Цыле ў Германіі, П.Дэльво, Р.Магрыг у Бельгіі, Л.Фрэйд у Вялікабрытаніі, У.Башлыкоў, Г.Глахцееў, І.Лубенікаў, Дз.Мітрохін, А.Слепышаў, І.Яфімаў у Расіі і інш. У 20 ст. пашырыўся таксама ў фотамастацтве, часта пад назвай «акт» (Р.Мэплтарп, Х.Рытц, Л.Фрыдляндэр у ЗША, Вольс у Германіі, Э.М’юбрыдж у Вялікабрытаніі, У.Рывас у Іспаніі, А.Р.Мінкінен у Фінляндыі, Ю.Аракчэеў у Расіі і інш.).
На Беларусі скульпт. выявы аголеных жанчын вядомы з эпохі палеаліту. Да 20 ст. як жанр практычна не развіваўся, пачаў складвацца ў 2-й пал. 20 ст.Найб. выразна Н. прадстаўлена ў творах В.Альшэўскага, Ю.Анушкі, В.Борздага, Р.Вашкевіча, В.Герасімава, М.Дундзіна, П.Жураўлёва, Р.Заслонава, В.Захарынскага, А.Ксяндзова, С.Малішэўскага, Ю.Падоліна, С.Рымашэўскага, А.Сушкова, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, Л.Шчамялёва, А.Эротыча (Тарановіча) і інш., у фотамастацтве — А.Адамчык, В.Ганчарэнкі, Ц.Грыба, А.Дудкіна, А.Ільіна, Р.Ліўшыца, З.Мігуновай, У.Парфянка, А.Шчукіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІЯ ГЛЕБ
Першыя абагульненыя звесткі пра геаграфію глеб Беларусі вядомы з пач. 19 ст. (працы М.М.Ачапоўскага). Геаграфія глеб у асноўным вызначаецца характарам рэльефу і клімату. Яе пытанні з 1840 вывучалі супрацоўнікі (А.В.Саветаў, І.А.Сцебут і інш.) Горы-Горацкай земляробчай школы (у 1848 пераўтворана ў земляробчы ін-т). Вывучэнне геаграфіі глеб Бел. Палесся актывізавалася ў час работы Зах. экспедыцыі І.І.Жылінскага (1873—98).
У пач. 20 ст. цэнтрам вывучэння геаграфіі глеб Беларусі стаў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у якім у 1921 адкрыта кафедра глебазнаўства. У 1922—23 супрацоўнікі гэтай кафедры Я.М.Афанасьеў, П.А.Кучынскі, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, Г.У.Пратасеня вывучалі глебы асобных раёнаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. У 1923—24 даследаванні глеб Беларусі праводзілі супрацоўнікі Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі (Мінск): Г.М.Высоцкі, В.Г.Касаткін, П.П.Рагавой, С.І.Сакалоў і студэнты І.С.Лупіновіч, У.М.Пілько, І.К.Ярашэвіч. Па выніках іх працы В.Г.Касаткін склаў першую глебавую карту Мінскай губ. (6 паветаў) і напісаў нарыс «Пра глебы Беларусі». У 1927—28 вывучаліся глебы Віцебскай і Бабруйскай акруг (М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў), Магілёўскай (П.А.Кучынскі), Мазырскай і Слуцкай (П.П.Рагавой) і інш.
У 1930-я г. геаграфію глеб Беларусі даследавалі М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, В.Н.Чацверыкоў і інш. Абагульняльнай з’явілася навук. праца А.Р.Мядзведзева «Характарыстыка прыродна-гістарычных умоў Палескай глебавай правінцыі і Віцебска-Пскоўскай акругі Заходняй глебавай правінцыі» (1940). Цэнтрамі геагр. глебавых даследаванняў былі Ін-т аграглебазнаўства АН Беларусі (адкрыты ў 1931) і кафедра глебазнаўства БДУ (заснавана ў 1933). Вынікам глебава-геагр. даследаванняў 1930—40-х г. стала глебавая карта маштабу 1:1 200 000 (1949, пад рэд. І.С.Лупіновіча) і манаграфія «Глебы БССР» (1952, пад рэд. І.С.Лупіновіча і П.П.Рагавога).
У 1957 пачаліся буйнамаштабныя глебавыя даследаванні тэр. Беларусі. Кіравалі гэтымі работамі: М.П.Булгакаў, С.К.Вайцяховіч, В.Ф.Клебановіч, Г.Ф.Кулеш, Т.А.Раманава, І.М.Салавей, М.І.Смяян. Да 1964 завершаны першы тур буйнамаштабнага картаграфавання глеб, усе калгасы і саўгасы атрымалі глебавыя карты (1:10 000), пачалі складаць глебавыя карты раёнаў (1:50 000) і абласцей (1:200 000). Акрамя супрацоўнікаў Ін-та глебазнаўства і аграхіміі вывучэннем геаграфіі глеб Беларусі займаліся работнікі «Белдзіпралеса» (В.І.Блінцова, В.І.Герлах, А.С.Пухоўскі, Ф.В.Тарасевіч, А.Р.Штэйнбок і інш.).
Вынікам шматгадовых даследаванняў геаграфіі глеб сталі буйнамаштабныя глебавыя карты ўсіх гаспадарак і абагульняльная глебавая карта тэр. Беларусі (1:600 000, пад рэд. Т.Н.Кулакоўскай і П.П.Рагавога, 1974). Праведзена глебава-геагр. раянаванне тэр. Беларусі (Н.І.Салавей, М.І.Смяян), напісаны манаграфіі і падручнікі. У цяперашні час Беларусь мае найбольш поўную сярод краін СНД вывучанасць геаграфіі глеб як с.-г., так і лясных тэрыторый.
Каардынатарам работ па вывучэнні геаграфіі глеб Беларусі з’яўляецца НДІ глебазнаўства і аграхіміі АН Беларусі (Т.А.Раманава, М.І.Смяян і інш.). Вывучэннем глебавага покрыва займаюцца «Белдзіпразем» і яго абласныя філіялы, БСГА, кафедра глебазнаўства і н.-д. лабараторыя экалогіі ландшафтаў БДУ, «Белдзіпралес», «Белдзіправадгас».
Літ.:
Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;
Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;
Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ
Першыя звесткі па эканам. геаграфіі асобных гарадоў Беларусі (Віцебск, Полацк) паявіліся ў летапісах 11 ст. і ў пісцовых кнігах Пінскага і Клецкага княстваў, Гродзенскай эканоміі (16 ст.), у польскай літаратуры 17—18 ст., у працах К.І.Арсеньева па эканам. раянаванні Характарыстыка бел. губерняў маецца ў ваенна-статыстычным аглядзе Рас. імперыі за 1848—52. У 1861—64 і 1883—86 выдадзены працы па асобных губернях і гарадах (П.В.Баброўскі, А.С.Дэмбавецкі, І.Зяленскі, М.В.Каяловіч, А.Г.Кіркор, А.П.Сапуноў, А.М.Семянтоўскі). Эканоміка-геагр. звесткі збіраў Паўн.-Зах. аддзел рускага геагр. таварыства. Грунтоўныя звесткі па эканам. геаграфіі і статыстыцы пазямельнай маёмасці асобных частак Беларусі даў у сваіх працах П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі.
Развіццё эканам. геаграфіі як навукі пачалося ў 20 ст. Першыя эканоміка-геагр. даследаванні тэр. Беларусі праводзіліся ў сувязі з планам ГОЭЛРО, работамі Дзяржплана і Камісіі ВЦВК (1921—22) па раянаванні краіны, з будаўніцтвам Бел.ДРЭС, развіццём і размеркаваннем асобных галін прамысловасці. У 1920-я г. выкананы работы з аналізам нац. даходу, складу насельніцтва (Г.І.Гарэцкі), класіфікацыяй гар. паселішчаў (М.В.Азбукін). У 1919 выдадзена праца А.А.Смоліча «Геаграфія Беларусі» (перавыдавалася ў 1922, 1923, 1993). Уклад у эканоміка-геагр. навуку зрабілі вучоныя АН Беларусі і ВНУ пры складанні планаў развіцця нар. гаспадаркі ў даваенныя часы. У 1930-я г. пачалося комплекснае вывучэнне Палесся. Уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР патрабавала комплекснага геагр. вывучэння зах. раёнаў. У 1934 пры БДУ створана кафедра эканам. геаграфіі. У 1940 выдадзена кніга Я.Г.Ракава і В.А.Дзяменцьева «Эканамічная геаграфія БССР», дзе ўпершыню комплексна апісаны прырода, насельніцтва і гаспадарка рэспублікі. Даследаваліся асобныя галіны прамысловасці: тарфяная (М.Т.Раманоўскі), ільняная (І.І.Трухан), піўная (С.П.Маргелаў).
У пасляваенныя гады праблемы эканам. геаграфіі вывучаліся і распрацоўваліся ў НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання, у Ін-це эканомікі АН Беларусі, на кафедрах эканам. геаграфіі БДУ, Ін-та нар. гаспадаркі, Брэсцкага, Магілёўскага і Мінскага пед. ін-таў. У 1958—73 надрукаваны гісторыка-эканам. нарыс пра гарады Беларусі (Слуцк, Асіповічы, Магілёў, Гомель, Віцебск, Брэст, Гродна, Бабруйск, Орша, Маладзечна, Рэчыца, Пінск, Мазыр і інш.). У 1962 вучоныя БДУ апублікавалі эканоміка-геагр. даследаванні пра вобласці Беларусі (А.С.Акінчыц, В.П.Барадзіна, С.М.Мельнічук). У 1969 выходзіць манаграфія М.Т.Раманоўскага «Развіццё мануфактурнай прамысловасці Беларусі (другая палавіна 18 — першая палавіна 19 ст.)». У 1970—90-я г. даследуюцца народная гаспадарка (Я.М.Александровіч, Г.П.Астапенка, Я.Г.Гуцаў, П.І.Рогач, У.С.Шаплыка), прамысл. вузлы і вялікія прадпрыемствы (А.Я.Малышаў, Л.А.Паўловіч), харч. прамысловасць (У.І.Гладкі, Ф.С.Фешчанка), фарміраванне і тэр. арганізацыя абл.АПК (У.У.Некрыш), сельская гаспадарка (Р.А.Жмойдзяк, Н.І.Жураўская, Ф.С.Марцінкевіч, У.Я.Навуменка, Г.С.Смалякоў), размяшчэнне насельніцтва і населеных пунктаў (А.У.Багдановіч, С.А.Польскі, Л.І.Спіжанкоў), выдаюцца падручнікі для ВНУ і сярэдняй школы (К.Р.Кірыенка, С.І.Сідор, І.І.Трухан).
У наш час вядуцца работы па праблемах сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі (Л.В.Казлоўская), па вывучэнні сусв. эканомікі, геапалітыкі (І.І.Пірожнік), эканомікі выкарыстання прыродных рэсурсаў (А.У.Тамашэвіч), рэкрэацыйнай геаграфіі (У.М.Зайцаў, Г.Р. Патаева, І.І.Пірожнік, Т.А.Федарцова), дэмаграфіі і геаграфіі насельніцтва (К.А.Анціпава, Б.А.Манак).
Літ.:
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992;
Пирожник И.И. Международный туризм в мировом хозяйстве. Мн., 1996;
Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТОНІКА
Асобныя разрозненыя звесткі пра тэктоніку Беларусі з’явіліся ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў працах Я.У.Апокава, А.Дз.Архангельскага, А.М.Жырмунскага, А.П.Карпінскага, Дз.М.Собалева, М.С.Шацкага і інш.Гал. структурамі на тэр. Беларусі лічылі Палескі і Арлоўска-Аршанска-Віцебскі дэвонскія валы. Меркавалі, што субмерыдыянальны Палескі вал (Палескі мост, Скіфскі краж) падзяляў 2 мульды — Украінскую (Сярэднедняпроўскую) і Польскую (Беларуска-Польскую). Геафіз. даследаванні даваенных гадоў (І.А.Балабушэвіч, В.С.Завістоўскі, М.С.Закашанскі, А.А.Строна і інш.) выявілі на Пд Беларусі глыбокі прагін тыпу грабена, які пазней названы Прыпяцкім (М.С.Шацкі).
З развіццём буравых і геафіз. работ у пасляваенныя гады паявіліся першыя абагульненні — тэктанічныя схемы Беларусі Г.В.Багамолава, Б.В.Бандарэнкі, З.А.Гарэліка, А.С.Махнача, С.І.Рынга, А.Я.Сцефаненкі, Ж.П.Хацько і інш.; схемы тэктонікі Прыпяцкага прагіну І.А.Балабушэвіча, Л.П.Брунс, Я.Н.Гімельштэйна, Р.Х.Дзікенштэйна, М.С.Закашанскага, Я.М.Люткевіча, С.І.Рынга і інш. У 1967 у Ін-це геал. навук (з 1970 Бел.н.-д. геолагаразведачны ін-т Упраўлення геалогіі СМБССР) арганізаваны сектар тэктонікі, у 1971 у Ін-це геахіміі і геафіз.АН Беларусі (з 1993 Ін-тгеал. навук АН Беларусі) — аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі (з 1978 лабараторыя агульнай і рэгіянальнай тэктонікі). Тэктанічныя даследаванні праводзяць таксама лабараторыя фізікі Зямлі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі, аддзелы геафізікі і нафты Бел.н.-д. геолагаразведачнага ін-та і інш. арганізацыі Рэсп. унітарнага прадпрыемства (РУП) «Белгеалогія», РУП «Белнафта». Гэтыя даследаванні каардынавала да 1992 Камісія па тэктоніцы Беларусі і Прыбалтыкі Міжведамаснага тэктанічнага камітэта, пазней — Навуковы савет па праблеме «Комплекснае вывучэнне зямной кары і верхняй мантыі тэрыторыі Беларусі і сумежных абласцей». Вучоныя Беларусі правялі тэктанічнае раянаванне тэр. краіны, даследавалі будову фундаменту і чахла, падзялілі платформавы чахол на структурныя комплексы і паверхні, вылучылі гал. тыпы структур і фармацыі, далі класіфікацыю саляных структур Прыпяцкага прагіну і іх суадносіны з падсалявымі структурамі, класіфікавалі разломы і намецілі іх ролю ў будове зямной кары, вызначылі асн. рысы тэктанічнага развіцця тэрыторыі, глыбіннай будовы літасферы і навейшых тэктанічных рухаў, геадынамікі, вывучылі гляцыятэктанічныя з’явы, распрацавалі тэктанічную аснову пошукаў карысных выкапняў (Н.В.Аксаментава, В.Б.Акушка, А.М.Бабарыкін, У.А.Багіна, Б.В.Бандарэнка, З.А.Гарэлік, Р.Г.Гарэцкі, Г.Г.Дамінікоўскі, У.І.Данкевіч, Г.У.Зінавенка, У.Я.Кажэнаў, В.С.Канішчаў, А.К.Карабанаў, Г.І.Каратаеў, С.В.Клушын, І.Дз.Кудравец, Э.А.Ляўкоў, У.М.Макарэвіч, К.М.Манкевіч, Г.І.Марозаў, А.С.Махнач, А.В.Мацвееў, М.А.Нагорны, А.М.Сінічка, Ю.М.Стаднік, Ж.П Хацько і інш. За распрацоўкі тэктанічнай карты Беларусі маштабу 1:500 000 і манаграфію «Тэктоніка Беларусі» Р.Я.Айзберг, У.А.Багіна, Б.В.Бандарэнка, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, У.М.Макарэвіч, В.І.Пасюкевіч адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1978. Бел. тэктаністы ўдзельнічаюць у складанні вял. абагульняльных работ (міжнар. тэктанічных карт Еўропы і свету, карты разломнай тэктонікі СССР), у міжнар. праграме геал. карэляцыі і інш.
Літ.:
Разломы Белоруссии и Прибалтики. Мн., 1974;
Тектоника Белоруссии. Мн., 1976;
История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;
Тектоника Припятского прогиба. Мн., 1979;
Левков Э.А. Гляциотектоника. Мн., 1980;
Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990;