асецінскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Тбіліскі ун-т (1953). Друкуецца з 1946. Першая кніга вершаў «Сябры свету» (1956). Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Лірыка» (1958), «Вершы» (1961), «Месяцавыя ночы» (1965), «Усмешка гор» (1968), «Дарога і песня» (1972), «Летнія дажджы» (1974), «Дабрыня» (1978), «Памяць» (1981), «Жаданні» (1984) і інш. Паэзія П. прасякнута тонкім лірызмам, любоўю да Радзімы, свайго народа, яго мовы і гісторыі. Шмат вершаў і паэму «Песня пра Брэсцкую крэпасць» прысвяціў Беларусі. Складальнік і адзін з перакладчыкаў на асецінскую мову бел. твораў («Маленькая анталогія беларускай паэзіі», 1976; «Анталогія беларускага нарыса», 1990). Пераклаў на асецінскую мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Асіпенкі, Р.Барадуліна, М.Калачынскага, К.Кірэенкі, Г.Кляўко, К.Крапівы, П.Панчанкі, Ю.Свіркі, В.Тараса; перакладчык кнігі выбранай лірыкі Я.Купалы «Летняя раса» (1982) і інш. На бел. мову творы П. пераклалі Калачынскі, Кляўко, А.Салтук, Свірка, У.Папковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНЧУ́К (Барыс Міхайлавіч) (н. 15.5.1918, г. Анапа Краснадарскага краю, Расія),
бел. дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1942). З 1944 дырыжор аркестраў вайск. часцей, штаба Ленінградскай ваен. акругі, нач. ваенна-арк. службы Паўд. групы войск. Адзін з дырыжораў зводнага аркестра ў час Парада Перамогі 1945 на Краснай плошчы. У 1962—79 нач. ваенна-арк. службы і гал. дырыжор аркестраў БВА, з 1965 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1986 праф.). Выканальніцкі почырк П. вылучаецца глыбокім разуменнем стылю муз. твора і маст. ініцыятыўнасцю. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша» на тэмы песень У.Алоўнікава, «Беларускага камсамольскага марша» на тэмы песень І.Лучанка, «Страявога марша» на тэмы песень Ю.Семянякі, інструментоўкі Дзярж. гімна Беларусі, шматлікіх апрацовак, інструментовак і пералажэнняў твораў бел. кампазітараў Р.Пукста, А.Багатырова, Я.Глебава, Л.Захлеўнага, Н.Сакалоўскага і інш. Выдаў дапаможнік «Дырыжору духавога аркестра» (1975). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Іван Яфімавіч) (30.9.1896, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 7.4.1958),
савецкі военачальнік. Ген. арміі (1944), Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў ваен. вучылішча (1917), курсы ўдасканалення камсаставу (1926, 1931). Удзельнік грамадз. вайны. У вял.Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі на Паўд. фронце (ліп.—кастр. 1941), каманд. войскамі Прыморскай арміі (кастр. 1941 — ліп. 1942 і ліст. 1943 — лют. 1944), 44-й арміі (жн.—кастр. 1942), Чарнаморскай групы войск Закаўк. фронту (кастр. 1942 — сак. 1943), Паўн.-Каўк. фронту (май—ліст. 1943), 33-й арміі Зах. фронту (сак.—крас. 1944), Беларускага фронту другога (крас.—чэрв. 1944), 4-га Укр. фронту (жн. 1944 — сак. 1945) і нач. штаба 1-га Укр. фронту (крас.—чэрв. 1945). Адзін з кіраўнікоў абароны Адэсы (1941) і Севастопаля (1941—42). Пасля вайны на камандных і штабных пасадах у Сав. Арміі, у т. л.каманд. войскамі Туркестанскай ваен. акругі (1945—52) і 1-ы нам. галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі (1955—56).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДВА́Н (Ян) (?, Вільня — пасля 1591),
паэт-латыніст, адзін з заснавальнікаў жанру эпічна-гераічнай паэзіі ў ВКЛ. Паслядоўнік Вергілія сярод паэтаў Беларусі і Літвы ў 16 ст.Пач. адукацыю атрымаў у Вільні, вучыўся ў зах.-еўрап. ун-тах, дыплом атрымаў у Падуі. Падарожнічаў па Еўропе ў свіце Хадкевічаў, пазней служыў у ваяводы смаленскага Я.Абрамовіча. Найб. значны твор — лацінамоўная паэма «Radivilas, sive de vita...», больш вядомая як «Радзівіліяда» (выд. ў 1588 разам з панегірычнымі творамі Абрамовіча, А.Волана, Я.Руцкага і інш. і вершамі самога Р.). Найлепшы ўзор польска-лац. спроб адаптацыі ант. паэзіі да мясц. умоў, прасякнута патрыятызмам, праслаўляе Радзіму і яе абаронцаў. У ёй і ў «Эпіталаме на вяселле Кр. Манівіда Дарагастайскага» (1590) пры апісанні прыроды і жывёльнага свету ВКЛ прасочваецца стылявое падабенства да паэзіі Міколы Гусоўскага. Шэраг панегірычных вершаў Р. надрукаваны разам з творам Гжэгаша з Жарнаўца «Абарона пасцілы евангельскай» (1591).
Літ.:
Кавалёў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Удальрык Крыштоф) (28.1.1712, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 21.7.1770),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, польскі і бел. паэт, гісторык. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. У 1734—62 канюшы ВКЛ, у 1762 вял. пісар ВКЛ, у 1739—46 староста мінскі; пасол на сеймы 1730, 1733, 1736, 1746, 1764, 1767. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1743), ген.-лейтэнант (1748). У 1749 узначальваў паход супраць укр. гайдамакаў, які апісаў у надрукаваным «Дыярыушы». Аўтар твораў «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Універсальная гісторыя» (у 1758 надрук. першыя 14 арк.), «Крытыкі свету, або Сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе», гісторыі роду Радзівілаў, панегірыкаў, элегій, од. Выдаў кн. «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» (1741), тэхн. трактаты, некат. вершаваныя творы. Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П.Карнеля, Ж.Расіна. Спрабаваў увесці ў спектаклі прыдворных т-раў бел. мову. Па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі Р. твора Э.Бурселя «Камедыя Эзопа» (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналога).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ (Георгі Стойкаў) (крас. 1821, г. Коцел, Балгарыя — 9.10.1867),
балгарскі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст; адзін з арганізатараў нац.-вызв. руху балг. народа супраць тур. няволі. Вучыўся ў грэч. вучылішчы ў Стамбуле. У 1841 засн. тайнае т-ва па арганізацыі вызв. антытур. паўстання ў Балгарыі і Грэцыі, у тым жа годзе ўзначаліў антытур. выступленне ў рум.г. Брэіла. У 1853 спрабаваў арганізаваць антытур. паўстанне ў Балгарыі; у 1854 кіраваў там партыз. атрадам у гарах Стара-Планіна. З 1855 у эміграцыі ў Румыніі, Сербіі, Расіі. У 1861—62 засн. у Бялградзе 1-ю Балг. легію (легіён) для барацьбы з туркамі, у канцы 1866 у Бухарэсце аб’яднаў ваявод партыз. чэт (атрадаў) для планамерных дзеянняў у мэтах вызвалення Балгарыі. У 1867 склаў «Часовы закон народных атрадаў». Выдаваў газ. «Българска дневница» («Балгарскі дзённік»), «Дунавски лебед» («Дунайскі лебедзь»), час. «Бъдушност» («Будучыня»), у якіх прапагандаваў ідэю братэрства балканскіх народаў у барацьбе за вызваленне. У паэме «Лясны падарожны» (1857) апяваў барацьбу балг.гайдукоў супраць тур. прыгнёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКІ МУЗЕ́Йу Санкт-Пецярбургу,
адзін з найбуйнейшых музеяў рускага мастацтва. Засн. ў 1895 як Р.м. імператара Аляксандра III (назва да 1917), адкрыты ў 1898. Размешчаны ў б. Міхайлаўскім палацы (1819—25, арх. К.Росі) і зах. корпусе, дабудаваным у 1914—16 (арх. Л.Бенуа). Засн. як маст. і культ.-гіст. музей. Акрамя маст. аддзела меў (да 1934) этнагр. (з 1902) і гісторыка-быт. (з 1913) аддзелы. Аснову калекцыі склалі творы жывапісу і скульптуры, перададзеныя з Пецярбургскай АМ, Эрмітажа, Зімняга, Гатчынскага і Аляксандраўскага палацаў. Пасля 1917 зборы значна папоўніліся, у 1934 створаны аддзел сав. мастацтва. Мае выдатныя калекцыі стараж.-рус. жывапісу, жывапісу і скульптуры (самая вял. ў Расіі), графікі і дэкар.-прыкладнога мастацтва 18—20 ст. Музей — адна з вядучых навук.-маст. устаноў. У 1906—30 у этнагр. аддзеле Р.м. працаваў А.К.Сержпутоўскі.
Літ.:
Государственный Русский музей: Живопись XVIII—нач. XX в.: Кат.Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫДЛЕ́ЎСКІ (Лявон) (14.10.1903, в. Ульянавічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1953),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Вышэйшы політэхн.ін-т у Подзебрадзі (1929, Чэхаславакія). У 1917—20 навучэнец Слуцкай бел. гімназіі, сябра культ.-асв.т-ва«Папараць-кветка». Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 і антысав. партыз. руху на Палессі да 1921. У час навучання ў Чэхаславакіі ўваходзіў у Аб’яднанне бел. студэнцкіх арг-цый (АБСА) замежжа і Зах. Беларусі. З 1929 у Францыі; ініцыятар стварэння і адзін з кіраўнікоў «Хаўрусу беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі» ў Парыжы (1930—31). У 1939 уступіў у франц. замежны легіён; удзельнік франц. Супраціўлення ў гады 2-й сусв. вайны. У 1947 абраны сакратаром прэзідыума, пазней — віцэ-прэзідэнтам Рады БНР. У ліст. 1948 на 1-м сусв. з’ездзе бел. эміграцыі абраны старшынёй «Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі». Падтрымліваў цесныя сувязі з Бел. домам ордэна марыянаў і інш.рэліг. арг-цыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСА́ЦЫЯ АКУСТЫ́ЧНАЯ,
працэс узнаўлення ў асяроддзі раўнавагі тэрмадынамічнай, якая парушана з-за змены ціску і т-ры пры праходжанні гукавой хвалі; неабарачальны працэс. Пры Р.а. энергія гукавой хвалі памяншаецца (адбываецца паглынанне гуку); рэлаксацыя суправаджаецца дысперсіяй (гл.Дысперсія хваль).
Найпрасцейшы від Р.а. — рэлаксацыя ўнутрымалекулярнага ўзбуджэння (адбываецца, напр., у двухатамных ці шмататамных газах, у якіх энергія паступальнага руху малекул у гукавой хвалі пераходзіць у энергію, што звязана з вагальнымі і вярчальнымі ступенямі свабоды малекул). Інш віды рэлаксацыі: структурная ў вадкасцях (акустычная хваля ініцыіруе змену блізкага парадку ў размяшчэнні малекул вадкасці); хім. (пад уздзеяннем гуку зрушваецца раўнавага ў хім. рэакцыі). Адзін з відаў Р.а. у цвёрдым целе — рэлаксацыя розных дэфектаў крышталічнай рашоткі (звязана з рухам дэфектаў пад уздзеяннем мех. напружанняў у пругкай хвалі). Пры распаўсюджванні гуку ў паўправадніках і металах парушаецца раўнаважнае размеркаванне электронаў праводнасці, што таксама прыводзіць да рэлаксацыі. У палімерах, гумах і розных вязкапругкіх асяроддзях назіраецца значная дысперсія скорасці гуку, што звязана з рэлаксацыяй механізма высокай эластычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЫДЫ́Ў ЗЛАЧЫ́НСТВАЎ,
учыненне наўмыснага злачынства асобай, якая мае судзімасць за наўмыснае злачынства (шматразовасць злачынстваў). У адпаведнасці з бел. крымінальным заканадаўствам Р.з. прызнаецца небяспечным пры ўчыненні асобай наўмыснага злачынства, за якое яна асуджаецца да пазбаўлення волі, калі раней гэта асоба двойчы была асуджана да пазбаўлення волі за наўмысныя злачынствы; пры ўчыненні цяжкага злачынства, калі раней гэта асоба асуджалася таксама за цяжкае злачынства. Р.з. прызнаецца асабліва небяспечным пры ўчыненні асобай наўмыснага злачынства, за якое яна асуджаецца да пазбаўлення волі, калі раней гэта асоба болей як адзін раз асуджалася да пазбаўлення волі за цяжкае злачынства; пры ўчыненні цяжкага злачынства, калі гэта асоба двойчы асуджалася да пазбаўлення волі за цяжкае злачынства або за асабліва цяжкае злачынства; пры учыненні асабліва цяжкага злачынства, калі гэта асоба раней была асуджана да пазбаўлення волі за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства. Р.з. цягне больш суровае пакаранне на падставе і ў межах, устаноўленых крымін. кодэксам.