ЗАДЗЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, на зах. ускраіне г. Паставы. Пл. 0,92 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 640 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 68,8 км². Схілы катлавіны выш. 5—12 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі пад хмызняком, на Пд сплавінныя. Дно складанай будовы, каля берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. Востраў пл. 0,9 га. Зарастае. Праз возера цячэ р. Спорыца, злучана ручаём з воз. Загацце.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІЛІ́ЙСКІ АЛАТА́У,

горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Казахстане, на мяжы з Кіргізіяй. Даўж. каля 350 км. Выш. да 4973 м (пік Талгар). Складзены пераважна з гранітаў, кангламератаў, вапнякоў і сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Агульная пл. зледзянення 484 км². З паўн. схілаў сцякаюць прытокі р. Ілі. Сухія стэпы змяняюцца з вышынёй хмызнякова-стэпавай расліннасцю, лугамі і лясамі. У паўн. перадгор’ях г. Алматы, а таксама зімовы спарт. комплекс Медэо. На зах. схіле З.А. Алма-ацінскі запаведнік.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМАРО́ЖВАННЕ ХАРЧО́ВЫХ ПРАДУ́КТАЎ,

спосаб кансервавання, які заключаецца ў хуткім ахаладжэнні прадукту да т-ры значна ніжэйшай за т-ру замярзання яго сокаў. Робяць пры т-ры каля -20 °C у маразільных камерах халадзільнікаў ці ў спец. хуткамаразільных апаратах.

Пры замарожванні вада ўтварае шмат дробных крышталікаў лёду, якія мала мяняюць структуру тканак прадуктаў, практычна поўнасцю спыняецца жыццядзейнасць мікрафлоры і актыўнасць ферментаў, таму прадукты доўгі час (пры ўмове, што т-ра ўвесь час застаецца аднолькава нізкай) захоўваюць свае харч. якасці.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-МАЛАДУ́ШЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 25 км на ПдЗ ад г. Рэчыца. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1989, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. каля 1,9 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Маладушынскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 2313—3690 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя даламіты і вапнякі. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ВІН (Якаў Давыдавіч) (1884, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 20.9.1918),

удзельнік рэв. руху. З 1904 чл. РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Вёў рэв. работу ў Баку, Бахмуце, Крывым Рогу, Горлаўцы. З 1911 вучыўся ў школе РСДРП у Ланжумо (каля Парыжа). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскоўскім Савеце. Са жн. 1917 у Баку. 3 крас. 1918 чл. Бакінскага ВРК, нарком працы Бакінскага СНК. Пасля часовага падзення сав. улады ў Баку (31.7.1918) арыштаваны і расстраляны ў ліку 26 бакінскіх камісараў.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНЬКО́-ПАЧЫКО́ЎСКАЯ (Софія Сымонаўна) (сак. 1892, в. Ласокіна Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 7.7.1977),

бел. нар. спявачка і казачніца. Песні, прыпеўкі, казкі, пацешкі, якія яна выконвала, вылучаліся нар. фантазіяй, адухоўленасцю, трапнасцю і дасціпнасцю нар. слова. У аснове яе рэпертуару — каляндарна- і сямейна-абрадавыя песні. Ад яе запісана каля 400 твораў бел. фальклору (запісаў сын Уладзімір). Некаторыя песні. З.-П. увайшлі ў рэпертуар Маладзечанскага нар. ансамбля «Спадчына».

Літ.:

Зянько У.Б. Спадчына маёй маці. Мн., 1993.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 7, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НАВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 1,27 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Схілы катлавіны выш. 3—5 м, разараныя, на Пн да 30 м, пад хмызняком. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, на З нізкія, забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводная зона глеістая. На У выцякае ручай у воз. Укля.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РБІС,

снежны барс (Uncia uncia), драпежнае млекакормячае сям. каціных. Пашыраны ў высакагор’ях Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Летам жыве каля лініі снягоў на выш. да 5500 м, зімой у поясе хвойных лясоў, ніжэй за 1800 м.

Даўж. цела да 130 см, хваста да 105 см, Maca да 40 кг. Колер дымчата-шэры, амаль белы, з кольцападобнымі цёмнымі плямамі. У вывадку да 5, звычайна 2—3 кацяняці. Асн. корм — капытныя жывёлы. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

Ірбіс.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАТЫА́Я (Itatiaia),

нацыянальны парк на ПдУ Бразіліі. Засн. ў 1937 для аховы прыродных ландшафтаў найвышэйшых вулканічных масіваў у раёне хр. Серада-Мантыкейра (г. Агульяс-Неграс выш. 2787 м). Пл. каля 12 тыс. га. Разнастайныя формы выветрывання, каньёнападобныя рачныя даліны з азёрамі. Саванна кампос, горны хваёвы і дажджавы трапічны лес з ліянамі, архідэямі, імхамі і папарацямі. У фауне касматая павукападобная малпа, грывасты воўк, даўгахвостая выдра, трохпальцы мураўед, гарпія, чорнагаловы папугай і інш. Біястанцыя бат. саду Рыо-дэ-Жанейра.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Мікалай Кузьміч) (жн. 1917, в. Селівонаўка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 17.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен.-паліт. вучылішча (1941), курсы «Выстрал» (1943). З 1938 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1941. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік К. вызначыўся ў баях ва Усх. Прусіі: 17.3.1945 полк пад яго камандаваннем на подступах да в. Ленхефен захапіў 6 гармат, 14 кулямётаў, каля 200 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

М.К.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)