замахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што або чым.
1. Рэзкім узмахам падняць, занесці для ўдару; замахнуцца (у 1 знач.). Замахнуць сякеру над галавой. □ Заўважыўшы Міколку, [машыніст] сярдзіта замахнуў на яго рукой. Лынькоў.
2. Разм. Падмесці на скорую руку; змахнуць. Замахнуць смецце ў вугал.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запо́ўніцца, ‑ніцца; зак.
Стаць поўнасцю занятым, напоўненым чым‑н. У адно імгненне запоўнілася ўся вуліца старымі і малымі. Пестрак. На адзін момант Саўка дужа здзівіўся, што ён ляжыць у сене, але гэты часовы прарыў і пустата ў яго памяці борзда і востра запоўніліся ўспамінамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зда́ча, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. здаваць — здаць (у 1–6 знач.). Здача збожжа дзяржаве. Здача экзаменаў.
2. Лішак грошай, які вяртаецца пры разліку. Даць здачу. // перан. Адказ на ўдар або знявагу. [Добка], калі яго нават аблаюць і пакрыўдзяць, не мог даць здачы. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здзеравяне́лы і здзервяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Цвёрды, як дрэва. Здзеравянелы атожылак. // Здранцвелы, анямелы (пра часткі цела). [Васіль] зусім выбіўся з сіл, залез у снег па пояс і не можа ўжо мясіць яго здзеравянелымі нагамі. Колас. Яўхім стомлена павёў плячамі, перагнуўся трохі назад — хацеў разварушыць здзервянелую спіну. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зе́лена,
1. Прысл. да зялёны (у 1, 2 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць зялёнай расліннасці. Было лета, самая зялёная пара яго. Зелена было на гародах, у полі, на балотах. Мележ.
•••
У вачах зелена — тое, што і у вачах зелянее (гл. зелянець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зе́ўраць, ‑ае; незак.
Разм. Быць бачным, адкрытым (пра адтуліну, яму і пад.). Побач, між нізкага, густога галля, зеўрала ў цяністым поцемку свежая яма з асыпанымі берагамі. Мележ. Там, далёка ўнізе, куды кожную хвіліну вецер мог сарваць і яго, зеўрала бяздонне, зацягнутае радкаватым туманам. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зубі́ла, ‑а, ж.
Ручны інструмент, род долата для апрацоўкі металу і каменю. Адзін рабочы прыстаўляў да прэнта зубіла, другі біў зверху молатам. Чорны. Часта люлькаю пыхкаў, злаваўся і грукаў Малатком па зубілу — разносіўся звон. Высякалі яго працавітыя рукі На каменні слупкі невядомых імён. Ляпёшкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бушла́т, ‑а, М ‑лаце, м.
Суконная матроская куртка. Думамі кожны сваімі заняты Пра даўняе гора, пра блізкае свята, Толькі мужчыну, што ў флоцкім бушлаце, Не пазнае пасівелая маці. Грахоўскі. // Салдацкая куртка на ваце. Паношаны салдацкі бушлат ледзь не трашчаў на яго крутых плячах. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязві́нны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае віны; нявінны. [Лазарэўская:] — Самае важнае, што ў нас Савецкая ўлада, а яна не дазволіць нікому крыўдзіць бязвіннага чалавека. Паслядовіч. [Вера] песціцца ў яго [Карызны] абнімках, забаўляецца, як чыстае, бязвіннае дзіця. Зарэцкі. Жудасна было глядзець, як гінулі гэтыя бязвінныя, бездапаможныя стварэнні [пінгвіны]. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лексіко́н, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Уст. Слоўнік.
2. ‑у. Запас слоў і выразаў. [Білі Койфер] ніколі не дапускаў думкі, што ў жыцці можа не пашанцаваць, нават слова гэтага не было ў яго лексіконе. Шамякін. [Буцкевіч:] Малавата слоў у тваім лексіконе, хоць ты і паэт. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)