э́кспарт

(англ. export, ад лац. exportare = вывозіць)

1) вываз тавараў за мяжу для рэалізацыі іх на знешнім рынку (проціл. імпарт 1);

2) агульная колькасць або агульны кошт тавараў, вывезеных якой-н. краінай, а таксама сам вывезены тавар.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЛЮ́ТА (італьян. voluta завіток, спіраль) у архітэктуры, матыў у форме спіралепадобнага завітка з кружком («вочкам») у цэнтры; ч. іанічнай капітэлі. Уваходзіць і ў кампазіцыю карынфскай і кампазітнай капітэляў. У асобных выпадках форму валюты маюць арх. дэталі для сувязі ч. будынка, а таксама кансолі карнізаў, упрыгожанні парталаў, дзвярэй, вокнаў і інш. Выкарыстоўвалася з часоў позняга Адраджэння і ў барока.

Валюты іанічнай капітэлі ў Гомельскім палацы. 19 ст.
Валюты франтона калегіума езуітаў у Пінску.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАКРУ́С (Veracruz),

горад на У Мексікі, на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва, у штаце Веракрус. Засн. ў 1519 Э.Картэсам. 327,5 тыс. ж. (1990). Гал. марскі (пераважна імпарт) порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр гал. нафтаздабыўнога раёна. Нафтаперапр. і нафтахім. прам-сць, каляровая (выплаўка алюмінію) і чорная металургія, металаапрацоўка, зборка аўтамабіляў. Развіты таксама суднабудаванне, трубапракатная, харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), баваўняная, джутавая прам-сць. Рыбалоўства. Курорт і цэнтр замежнага турызму. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКІ РУ́ДНЫ РАЁН,

свінцова-цынкавыя радовішчы ў Польшчы (Катавіцкае і Кракаўскае ваяводствы). Пл. каля 2 тыс. км². Радовішчы прымеркаваны да даламітаў сярэдняга трыясу. Жыла-, лінза-, пластападобныя рудныя целы залягаюць у 3 гарызонтах магутнасцю 1—3 м, ёсць таксама штока- і трубападобныя паклады магутнасцю да 40 м. Глыб. залягання 20—250 м. Запасы цынку і свінцу некалькі млн. т. Сярэдняя колькасць Pb 1,2—1,5%, Zn 5—6%; ёсць каштоўныя прымесі серабра, талію, медзі, мыш’яку, малібдэну, кадмію.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Галандская

(галанд. West Indische Compagnie),

гандлёвая кампанія ў 1621—1791. Мела манапольнае права на гандаль і каланізацыю ў Амерыцы і Зах. Афрыцы (атрымала ад Генеральных штатаў). Служыла прыкрыццём для вядзення ваен.-пірацкіх і кантрабандных аперацый на акіянскіх камунікацыях, а таксама гандлю рабамі. Захапіла значную ч. Бразіліі, усх. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, дзе быў заснаваны Новы Амстэрдам (пазней Нью-Йорк), шэраг астравоў Вест-Індыі. Пазней яе выцеснілі з Бразіліі партугальцы, з Паўн, Амерыкі — англічане.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНАБЛО́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

зборныя канструкцыі з буйнапамерных штучных або прыродных камянёў (блокаў). Выкарыстоўваюцца для ўзвядзення жылых дамоў, прамысл. будынкаў і збудаванняў.

Блокі вырабляюць на з-дах з лёгкіх, цяжкіх, ячэістых (керамзітабетон, шлакабетон і інш.), сілікатных бетонаў, цэглы, а таксама выпілоўваюць у кар’ерах з туфу, ракушачніку і інш. З суцэльных і пустацелых блокаў манціруюць фундаменты, вонкавыя і ўнутр. сцены, перагародкі і інш. Найб. пашыраны буйнаблочныя канструкцыі вонкавых сцен з блокаў, зробленых з лёгкіх і ячэістых бетонаў.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАФО́РЫЯ (італьян. buttafouri літар. выкідваць вон),

1) падробленыя прадметы (скульптура, мэбля, дэталі касцюма, аздабленні і інш.), якімі карыстаюцца ў спектаклях замест сапраўдных. Найчасцей не з’яўляюцца дакладнай копіяй арыгіналаў, адрозніваюцца ад іх матэрыяламі (вырабляюць з кардону, пап’е-машэ, дрэва, бляхі, палатна, пенапласту), формай, памерамі і афарбоўкай, што абумоўлена характарам спектакля і спецыфічнымі патрабаваннямі сцэны. Бутафорыя выкарыстоўваецца таксама ў кіно, экспазіцыях выставак, вітрынах, для рэкламы.

2) У пераносным сэнсе — падман, бачнасць, фальш, разлічаныя на знешні эфект.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЯ ЛЮДВІСА́РНЯ,

гарматная ліцейная майстэрня ў Быхаве ў 2-й пал. 16—18 ст. Узнікла, калі горадам валодалі магнаты Хадкевічы. Тут вырабляліся звычайныя і дробавыя гарматы — «шротаўніцы», марціры, шматствольныя ўстаноўкі — «арганы» і «шмыгаўніцы», а таксама ядры, карцечныя зарады, артыл. і ручныя гранаты. Адным з першых людвісараў быў, верагодна, ням. майстар Кашпір Ганусаў. У 1697 быхаўскія людвісары майстар Пятрок і яго памочнік Юрка былі запрошаны ў Магілёў, дзе адлілі для магістрата вял. бронзавую гармату.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАРО́ДНЫ ПАКА́ЗЧЫК (pH),

велічыня, якая характарызуе канцэнтрацыю (актыўнасць) іонаў вадароду ў растворах. Лікава роўны адмоўнаму дзесятковаму лагарыфму канцэнтрацыі [H​+] (актыўнасці) вадародных іонаў H​+, якая выражана ў молях на літр (моль/л): pH=-lg[H​+]. Водныя растворы маюць pH ад 1 да 14: у нейтральных pH=7, у кіслых pH < 7, у шчолачных pH > 7. Пастаянства вадароднага паказчыку падтрымліваецца буфернымі растворамі. Вызначаюць pH з дапамогай кіслотна-асноўных індыкатараў, больш дакладна — патэнцыяметрычна (гл. Патэнцыяметрыя). Гл. таксама Кіслотна-шчолачная раўнавага.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БКА, бабка-павітуха,

у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)