старажытнаафінскі паліт. і ваен. дзеяч. Сваяк і выхаванец Перыкла, вучань Сакрата. Вызначаўся частай зменай паліт. арыентацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 неаднаразова выбіраўся стратэгам. У 415 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў ваен. экспедыцыі супраць Сіракузаў. Абвінавачаны ў разбурэнні гермаў (статуй Гермеса), уцёк у Спарту (садзейнічаў ёй у барацьбе з Афінамі), адтуль у Персію. У 411 падтрымаў алігархічны, пазней дэмакр. ўрады ў Афінах. На чале афінскага флоту перамог спартанцаў каля Абідаса (411) і Кізіка (410). З трыумфам вярнуўся ў Афіны і абраны гегемонам. Пасля паражэння афінскага флоту ў баях са спартанцамі (408—407) уцёк у Фракію, потым ў Персію, дзе быў забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬША́НІЦКАЯ БІ́ТВА 1527.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў каля р. Альшаніца (прыток Дняпра), за 30 км на ПдУ ад Кіева 27 студз.Саснеж. 1526 татары шматлікімі набегамі на польскія, паўд.-бел. і літ. землі прычынялі вял. страты. 7 тыс. коннікаў ВКЛ на чале з вял. Гетманам К.Астрожскім і палявым гетманам Я.Радзівілам, а таксама войскі князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і інш. дагналі татараў (24 тыс.чал. на чале з царэвічам Малаем) на р. Альшаніца, разбілі іх і вызвалілі 80 тыс. палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць, Малай узяты ў палон, а потым забіты. Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР НЕ́ЎСКІ (каля 1200 — 14.11.1263),
князь наўгародскі [1236—51], вял. князь уладзімірскі (з 1252). Праводзіў палітыку абароны паўн.-зах. зямель Русі ад шведаў, якіх разбіў у Неўскай бітве 1240, пасля чаго стаў звацца Неўскім. Выйграў бітву супраць крыжаносцаў у Лядовым пабоішчы 1242. Імкнуўся ўстанавіць мірныя адносіны з Залатой Ардой. Маючы на мэце аб’яднанне сіл у барацьбе са шведска-ням. экспансіяй, падтрымліваў цесныя сувязі з Полацкам. У 1239 ажаніўся з Аляксандрай, дачкой полацкага князя Брачыслава Васількавіча. На адной з пячатак князя была выява конніка, якая нагадвала герб «Пагоня». Пасля смерці кананізаваны правасл. царквой. У Расіі з 1725 і ў СССР з 1942 быў уведзены ваенны ордэн Аляксандра Неўскага.
Аляксандр Неўскі. Цэнтральная частка трыпціха П.Дз.Корына. 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Ляліва», прадстаўнікі якога ў 15—16 ст. займалі дзярж.-адм. пасады ў ВКЛ. У 16 ст. ад іх адгалінаваліся роды Іржыкавічаў, Кухмістравічаў, Дарагастайскіх. Найб. вядомыя Аляхновічы:
Алехна, сын Рымавіда, заснавальнік роду Аляхновічаў. Намеснік гарадзенскі (1456), маршалак надворны ВКЛ пры Казіміру IV. Яго брат Юрый — заснавальнік роду Забярэзінскіх. Пётр (? — 1516), сын Алехны, кухмістр ВКЛ (1492), пасол на соймы, намеснік уцянскі (1514—16). Андрэй, сын Алехны, пасол ВКЛ у Маскву (1493). Намеснік ожскі і пшэломскі (1494). Мікалай (? — каля 1548), сын Пятра, мечнік ВКЛ (1547).
Магчыма, да гэтага роду належаў Міхал (1746—82), родам са Жмудзі, педагог-піяр, праф. права ў Гал. школе ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЛЬГАМА́ЦЫЯў металургіі,
спосаб атрымання металаў з рудаў з дапамогай ртуці. Пры змочванні ртуццю металы ўтвараюць амальгамы і ў такім выглядзе аддзяляюцца ад пустой пароды і пяску. Амальгамацыю выкарыстоўваюць для выдзялення высакародных металаў (пераважна золата) са здробненых рудаў ці канцэнтратаў (у спалучэнні з тэхнічна больш дасканалымі працэсамі, напр.цыянаваннем), перапрацоўкі адходаў лёгкіх металаў (у другаснай металургіі), электралітычнага атрымання рэдкіх металаў (індыю, галію і інш.).
Амальгамы пасля насычэння металам адмываюць, фільтруюць, адціскаюць і награваюць да 800—850 °C, выдаляюць ртуць. Атрыманы «чарнавы» метал ідзе на афінаж, ртуць вяртаюць на амальгамацыю. Пры неабходнасці амальгамацыю актывуюць растворамі сернай к-ты ці вапны, выкарыстоўваюць таксама ртуць з дамешкамі натрыю ці цынку. Спосабам амальгамацыі выдзяляюць з руды 50—70% золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕЛАТЭРАПІ́Я (ад грэч. ampelos вінаград + тэрапія),
вінаградалячэнне, выкарыстанне пладоў і соку вінаграду ў лек. мэтах. Вядома са старажытнасці, у Расіі з канца 19 ст. Практыкуецца ў зонах вінаградарства, звычайна ў спалучэнні з клімататэрапіяй. Лепшыя лек. сарты — Шасла, Рыслінг, Семільён, Гауш, Акішміш, Тагузюм чэлекі. Асн. станоўчы ўплыў ампелатэрапіі звязаны з багаццем і разнастайнасцю ў спелых пладах і соку вінаграду вугляводаў, пекцінавых і мінер. рэчываў, вітамінаў; выяўляецца праз нармалізацыю і актывацыю абменных працэсаў (асабліва водна-салявога абмену), апетыту, сакрэцыі страўніка, маторыкі кішэчніка, функцый мочавыдзялення і інш. Проціпаказана пры цукр. дыябеце, вострых захворваннях, язве страўніка, гіпертаніі, хранічных паносах і абвастрэннях туберкулёзу. Дозы спажывання пладоў вінаграду пры ампелатэрапіі могуць дасягнуць 2 кг, соку — 1,2 л за суткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ ПЛАТО́НАЎСКАЯ,
старажытнагрэчаская філас. школа. Засн. Платонам каля 387 да н.э. каля Афін. Існавала да 529 н.э. Сцвярджала традыцыю аб’ектыўнага ідэалізму. У гісторыі акадэміі платонаўскай вылучаюць: Стараж. Акадэмію (Платон, Спеўсіп, Ксенакрат), якая падтрымлівала піфагарэізм і распрацоўвала праблемы матэматыкі, натурфіласофіі, дыялектыкі; Сярэднюю (Аркесілай, Лакід) і Новую (Карнеад) акадэміі, якія з пазіцый скептыцызму выступалі супраць вучэння стоікаў; т.зв. 4-ю і 5-ю акадэміі, якія эклектычна злучалі платонаўскі ідэалізм састаіцызмам, піфагарэізмам, арыстацелізмам. З 4 ст. акадэмія платонаўская развівала вучэнне неаплатанізму. У эпоху Адраджэння акадэмія платонаўская адноўлена ў Фларэнцыі (1459—1521; М.Фічына, Піка дэла Мірандала). Ідэі акадэміі платонаўскай на Беларусі знайшлі адлюстраванне ў поглядах Ф.Скарыны, С.Буднага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ РУ́СКАГА БАЛЕ́ТА імя А.Я.Ваганавай, адна са старэйшых рус. балетных школ. Засн. ў 1738 у Санкт-Пецярбургу як Танц. школа, з 1779 у складзе тэатр. вучылішча, у 1924—92 Ленінградскае харэагр. вучылішча; з 1957 імя Ваганавай, з 1961 акадэмічнае. Рыхтуе артыстаў класічнага балета, танц. ансамбляў. Тэрмін навучання 8 гадоў (прымаюцца дзеці з 10 гадоў). Разам з вышэйшай прафес. падрыхтоўкай дае агульнаадукацыйную ў аб’ёме сярэдняй школы. Сярод выкладчыкаў вучылішча І.Вальберх, М.Петыпа, М.Фокін, А.Ваганава. Сярод выпускнікоў Т.Карсавіна, В.Ніжынскі, В.Спясіўцава, М.Сямёнава, Г.Уланава, Н.Дудзінская, Ф.Лапухоў, В.Вайнонен, Л.Лаўроўскі, Р.Захараў, Л.Якабсон, Ю.Грыгаровіч, І.Калпакова, М.Барышнікаў, Р.Нурыеў, М.Далгушын і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАЛІ́ЧНАСЦЬ,
даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.