в-аў на З Ціхага ак. (2-і па велічыні на Зямлі пасля Грэнландыі). Пл. 829 тыс.км² (паводле інш. даных — 771,9 тыс.км²). Нас. больш за 5 млн.ж. За 150 км на Пн ад Аўстраліі, аддзелены ад яе пралівам Торэса. Абмываецца на Пд Арафурскім і Каралавым морамі. Зах.ч. — тэр. Інданезіі (Ірыян-Джая), усх. — тэр.дзярж. Папуа—Новая Гвінея. Праз увесь востраў (2400 км) цягнуцца Цэнтральныя горы сярэдняй выш. 3500 м. Найвышэйшы пункт — г. Джая (5029 м). Горы складзены з крышт. і метамарфічных парод, на З пераважаюць пясчанікі. Уздоўжпаўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнуцца Берагавыя горы, аддзеленыя ад Цэнтральных гор падоўжнымі алювіяльнымі раўнінамі. На Пд вялізная нізінная раўніна, якая перасякаецца шматлікімі рэкамі. Клімат паўн.ч. Н.Г. экватарыяльны, паўд.ч. — субэкватарыяльны з сухім зімовым перыядам. На нізінах сярэдняя т-ра 25—28 °C. У гарах з вышынёй клімат зменьваецца ад горнага трапічнага да нівальнага. На схілах гор выпадае больш за 4000 мм ападкаў, якія прыносяць зімой паўд.-ўсх. пасат, а летам паўн.-зах. мусон. На ПдЗ, дзе адчуваецца ўплыў зімовага аўстрал. мусону, гадавая колькасць ападкаў 1100 мм. Рэкі (Флай, Мамберама, Дыгул, Сепік, Раму) мнагаводныя, у перыяд дажджоў бурныя паводкі. На нізінах і схілах. гор развіты латэрытныя глебы, на ПнУ чырвоныя, на ўзбярэжжы балотныя. У раслінным покрыве пераважаюць вільготна-экватарыяльныя лясы (гілеі). На выш. 1500—3000 м пояс горных гілей з дрэвападобнымі папарацямі, вечназялёнымі лаўровымі дрэвамі, міртамі, хвойнымі з роду падакарпус, вышэй за 3800 м — высакатраўныя лугі з хмызнякамі рададэндранаў. На высокіх вяршынях гор — снежнікі і невял. ледавікі. У больш сухой паўд.ч. вострава развіты саванны з купінамі цвёрдых злакаў аланг-алангу, барадачу і аўстрал. відамі дрэў — банксіямі, эўкаліптамі і акацыямі. У вусцях рэк і ўздоўж нізінных берагоў мангравыя лясы. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя млекакормячыя: газель, кенгуру, сумчаты барсук, дрэвавы кускус, апосум. Шматлікія птушкі (500 відаў), паўзуны, насякомыя. Вырошчваюць ямс, кукурузу, батат, плантацыі какосавых пальм, кавы, какавы, каўчуканосаў. Здабыча нафты. Рыбалоўства. Асн. гарады: Порт-Морсбі, Маданг (Папуа—Новая Гвінея), Саронг, Джаяпура (Інданезія).
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт.Новая Гвінея. Вёска Бонгу, у якой больш як сто гадоў назад жыў М.М.Міклуха-Маклай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧАў Мінску
(да 1954 Круглая плошча). Знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Ф.Скарыны з вул. Захарава і Кісялёва. Займае важнае месца ў арх.-кампазіцыйным абліччы горада. Як арх. ансамбль пачала фарміравацца ў 1939, калі ў адпаведнасці з генпланам Мінска 1932—36 (арх. Ю.Кілаватаў, кансультант В.Вітман) тут пабудаваны 2 дугападобныя ў плане жылыя дамы (завершаны ў 1947, арх. Р.Столер),
павернутыя да цэнтра горада. Далей забудова вялася паводле генплана 1946 (арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг і інш.) і праекта плошчы 1950 (арх. М.Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г.Заборскага і Л.Мацкевіча, 1954). Плошча ў плане — прамавугольнік (225 × 175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на 2 часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — манумент Перамогі, размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы і замыкае перспектыву праспекта Ф.Скарыны і вул. Захарава і Кісялёва. Абапал праспекта, ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Кісялёва, Камуністычнай і Фрунзе, разбіты скверы партэрнага тыпу, уздоўж якіх па 3 жылыя дамы (арх. Баршч, Аранаўскасы, 1950—56), увянчаныя 4-граннымі вежачкамі, з паўд. боку злучаныя паміж сабой ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езда РСДРП, мост цераз р. Свіслач (арх. М.Паруснікаў, Г.Баданаў, 1951—53), а з боку вул. Фрунзе — манум. вароты — уваход у Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (арх. Заборскі, 1953). У 1984 у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й лініі Мінскага метрапалітэна плошча перад манументам перапланавана (арх. Б.Ларчанка, Б.Школьнікаў, К.Вязгін) і стала 2-узроўневай. Пад зямлёй аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з маст. шкла з падсветкай знутры (маст. В.Позняк) — сімвал Вечнага агню. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Сав. Саюза і пласціны з імёнамі 566 вызваліцеляў Беларусі, удастоеных звання Героя Сав. Саюза. Да манумента вядуць ланцужкі невял. гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям і выявамі ўзнагарод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).
Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́Т,
горад, сталіца Марока. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Бу-Рэгрэг. 519 тыс.ж. (1998). Разам з суседнім г. Сале ўтварае прэфектуру Рабат-Сале; у межах прэфектуры 1220 тыс.ж. (1993). Вузел магістральных аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Адм.-паліт., культурны і эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая, швейная, паліграф., хімічная. Саматужная вытв-сць дываноў, керамічных і скураных вырабаў, чаканка па метале. Ун-т.
У 1150 паблізу ант. паселішча Сале (араб. Рыбат-аль-Фатх — лагер перамогі) Альмахады пабудавалі крэпасць, якая стала ядром умацаванага паселішча і базай для ваен. экспедыцый арабаў у Андалусію. З 17 ст. пачалося хуткае развіццё горада ў выніку масавага перасялення сюды з Іспаніі андалузскіх мусульман (маўраў) — умелых рамеснікаў, гандляроў і мараплаўцаў. З 1666 Р. у складзе шэрыфскай дзяржавы Алаўітаў. У 19 ст. важны паліт. і эканам. цэнтр Марока. У 1912—56 Р. — адм. цэнтр франц. зоны пратэктарату. У 1930—50-я г. цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнага Марока.
Гіст. ядро Р. — цытадэль Удая (12—17 ст.) на скале ў вусці р. Бу-Рэгрэг, абнесеная зубчастай сцяной з прамавугольнымі вежамі і варотамі з чырв. часанага каменю. У 1185—89 горад меў абрыс няправільнага чатырохвугольніка і быў абнесены з Пд і Пн сцяной з пяццю варотамі. У 17 ст. падзелены сцяной на 2 ч. — паўд. (медына) і паўночную. У медыне знаходзяцца: мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана (абое канец 12 ст., не завершаны), мячэці Вялікая (14 ст. з пазнейшымі перабудовамі), эс-Суна (1785, перабудавана ў 2-й пал. 19 ст., адна з самых вялікіх у краіне), палац караля (1775, з перабудовамі), мячэць і маўзалей Мухамеда V (1966). Сучасны Р. забудоўваўся з 1912 паводле праекта франц.арх. А.Проста. У яго паўн.-ўсх.ч. — адм. і дзелавы цэнтр, уздоўж узбярэжжа — жылыя кварталы, на Пд — сады і вілы. На паўд.-ўсх. ускраіне горада знаходзяцца: Шэла (цяпер археал. музей) — у старажытнасці фінікійская калонія, пазней рым. калонія Сала (захаваліся руіны форума, капітолія, грабніц), у сярэднія вякі — некропаль Марынідаў (рэшткі сцяны і вароты, 1339); руіны маўзалеяў, памінальнага комплексу з мячэццю, мінарэтам, лазнямі (13—14 ст.). Музеі: мараканскага мастацтва, мясц.нар. рамёстваў, старажытнасцей.
Рабат. Мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана. 12 ст.Рабат. Вароты цытадэлі Удая. 12—17 ст.Рабат. Агульны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІ АКІЯ́Н,
трэці па велічыні акіян на Зямлі (пасля Ціхага і Атлантычнага). Размешчаны пераважна ў Паўд. паўшар’і, паміж Афрыкай, Азіяй, Аўстраліяй і Антарктыдай. Пл. з морамі 76,17 млн.км², аб’ём вады 282,6 млн.км³. Сярэдняя глыб. 3711 м, найб. — 7729 м (Зондскі жолаб). Умоўную мяжу з Атлантычным ак. праводзяць па мерыдыяне мыса Ігольнага, з Ціхім ак. — па мерыдыяне м. Паўднёвага.
Берагі. Берагавая лінія слаба расчлянёная, за выключэннем паўн. часткі, дзе размяшчаецца большасць ускраінных мораў і буйнейшых заліваў. Да бас. І.а. належаць моры: Чырвонае (унутр.), Аравійскае, Андаманскае, Тыморскае, Арафурскае і антарктычныя — Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля; буйныя залівы: Адэнскі, Персідскі, Аманскі, Бенгальскі, Карпентарыя, Вялікі Аўстралійскі (гл. адпаведныя арт.). На ПнЗ і У берагі карэнныя, на ПнУ і З пераважаюць наносныя.
Астравы. Астравоў параўнальна мала. Найбольшыя з іх мацерыковага паходжання: Мадагаскар, Сакотра, Шры-Ланка. У адкрытай ч. акіяна трапляюцца вулканічныя астравы: Кразе, Каморскія, Маскарэнскія, Андаманскія і інш.; каралавыя астравы: Лакадыўскія, Мальдыўскія, Чагас, Какосавыя, Аміранцкія (гл. адпаведныя арт.).
Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца: падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф) — 29%, мацерыковы схіл — 2%, ложа акіяна — 52%, сярэдзінна-акіянічныя хрыбты — 17% ад пл. акіяна. У межах шэльфа змяншаецца магутнасць зямной кары мацерыковых ускраін і яна пераходзіць у акіянічную. На ПнУ акіян абмежаваны складанай пераходнай зонай (актыўнай ускраінай — зонай паглынання літасферных пліт), якая ўключае Зондскую астраўную дугу і Зондскі жолаб. Шыр. шэльфаў не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, у раёне м. Ігольнага на Пд Афрыкі, каля зах. ўзбярэжжа п-ва Індастан і паўн.-зах. ўзбярэжжа Аўстраліі яна пашыраецца да 300—350 км. Край шэльфа знаходзіцца на глыб. 100—200 м (каля Антарктыды да 400—500 м). Мацерыковы схіл уяўляе сабой круты (да 10—30°) уступ, месцамі расчлянёны падводнымі далінамі рэк Інд, Ганг і інш. У межах ложа акіяна вылучаецца Сярэдзінна-Індыйскі хр., утвораны сістэмай сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў (Аўстрала-Антарктычнае падняцце, Заходне-Індыйскі хрыбет, Аравійска-Індыйскі, Афрыканска-Антарктычны, Цэнтральнаіндыйскі), якая ў раёне Адэнскага зал. і Чырвонага м. спалучаецца з унутрымацерыковымі сістэмамі рыфтаў. Агульная даўж. сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў І.а. каля 20 тыс.км, шыр. 400—1000 км і больш, выш. 2,5—4 км. Сярэдзінна-Індыйскі хр. падзяляе ложа акіяна на 3 сегменты, у якіх размяшчаюцца глыбакаводныя катлавіны: у паўн.-ўсх. секары — Аманская, Аравійская, Цэнтральная, Какосавая, Зах.-Аўстралійская, Натураліста, Паўд.-Аўстралійская; у зах. — Самалійская, Аміранцкая, Маскарэнская, Мадагаскарская, Каморская, Мазамбікская і Агульяс; у прыантарктычным — Кразе, Афрыканска-Антарктычная, Аўстрала-Антарктычная (гл. адпаведныя арт.). Сярэдзінныя хрыбты маюць максімальна расчлянёны рэльеф. Яны рассечаны шматлікімі трансформнымі разломамі, якія ў агаленнях даюць поўны разрэз акіянічнай кары (знізу ўверх) — ультраасн. пароды, габра, габра-дыябазы, базальтавыя лавы і асадачны слой. Сярэдняя магутнасць акіянічнай кары ў катлавінах 6 км. Рэльеф ложа ўскладняецца буйнымі хрыбтамі і масівамі, частка якіх (Мадагаскарскі, ч. Маскарэнскага з банкай Сейшэльскіх а-воў і банкай Сая-дэ-Мелья, узв. Агульяс) маюць мацерыковую кару. Паміж хрыбтамі размешчаны жалабы (Зондскі, Тыморскі, Кай). Фарміраванне І.а. пачалося 130—150 млн. гадоў назад пасля расколу Гандваны ў выніку рухаў Афр., Антарктычнай і Інда-Аўстрал. літасферных пліт. Напрамак і скорасць руху пліт мяняліся на працягу геал. гісторыі І.а. Найб.стараж. частка І.а. — вялізнае меза-палеазойскае базальтавае ложа на У і Пд. Зондскі жолаб утварыўся ў кайназойскі перыяд.
Донныя адклады. У размеркаванні асадкаў І.а. праяўляецца залежнасць ад шыротна-кліматычнай, цыркуммацерыковай і вертыкальнай занальнасці. Уздоўж мацерыкоў па перыферыі акіяна пашыраны тэрыгенныя адклады. У пелагіялі акіяна на глыб. менш за 4000 м намнажаюцца фарамініферавыя і какалітавыя ілы. На больш значных глыбінях у гуміднай экватарыяльнай і антарктычнай зонах яны замяшчаюцца крамяністымі (дыятомавымі і радыялярыевымі) іламі, у арыднай — чырвонымі глыбакаводнымі глінамі. Карысныя выкапні: нафта і газ (Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, шэльфы Паўд.-Усх. Азіі, Аўстраліі; узбярэжжа Бангладэш, у Андаманскім і Чырвоным м., Адэнскім зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі); россыпныя радовішчы касітэрыту, рутылу, цырконію, манацыту (на ўзбярэжжы Паўд.-Усх. Азіі і Аўстраліі); буйныя палі жалеза-марганцавых канкрэцый на дне катлавін (Зах.-Аўстралійская, Цэнтральная, Паўд.-Аравійская, Кразе і інш.); вял. паклады солі ў Чырвоным м.
Клімат. І.а. размешчаны з Пн на Пд ва ўсіх кліматычных паясах Паўд. паўшар’я. Паўн.ч. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльны паясах і толькі часткова (Чырвонае м., Персідскі зал. і ч. акіяна каля паўд. берагоў Аравійскага п-ва) у трапічным поясе Паўн. паўшар’я. Для паўн. часткі І.а. характэрна мусонная цыркуляцыя, якая фарміруецца пад уплывам сезоннага чаргавання высокага і нізкага атм. ціску над Азіяй. На трапічных і субтрапічных шыротах паўд. часткі І.а. пераважаюць паўд.-ўсх. пасатныя вятры, на ўмераных шыротах — зах. вятры з цыклонамі. У трапічных шыротах летам і ўвосень частыя ўраганы (тайфуны).
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні абумоўлены атм. цыркуляцыяй. На Пн пераважаюць мусонныя цячэнні, летам накіраваныя на У, зімою — на З. Каля афр. берагоў пераменнае Самалійскае цячэнне цёплае зімою і халоднае летам. Міжпасатнае супрацьцячэнне выразнае паміж 3° і 80 паўд. ш зімою. Пастаяннае Паўднёвае Пасатнае цячэнне з адгалінаваннямі цёплых Мадагаскарскага цячэння, Мазамбікскага цячэння і Ігольнага мыса цячэння. Кругаварот у Паўд. паўшар’і заканчваюць халодныя Заходніх Вятроў цячэнне і Заходне-Аўстралійскае цячэнне. Глыбінныя цячэнні ад Антарктыды і субтрапічных шырот пранікаюць на Пн да п-ва Самалі. У падпаверхневых слаях экватарыяльных шырот з З на У супрацьцячэнне Тарэева, звязанае з буйнамаштабнай сістэмай глыбіннага ўсх. пераносу. Пераважныя т-ры вады на паверхні вышэй за 20 °C, на крайнім Пд — ніжэй за 0 °C. Салёнасць ад 32 да 36,5‰, найб. — у Чырвоным м. (41‰) і Персідскім зал. (37—39‰). Шчыльнасць вады найб. (1027 кг/м³) у антарктычных шыротах, найменшая (1018 кг/м³) у паўн.-ўсх.ч. акіяна і ў Бенгальскім зал. прылівы паўсутачныя і няправільныя паўсутачныя (5—11,9 м у Камбейскім зал., 0,5—1,6 м у адкрытым акіяне). Ільды ўтвараюцца ў антарктычных шыротах і выносяцца ветрам і цячэннямі да 55°паўд. ш. ў жн. і да 65—68°паўд. ш. ў лютым. Айсбергі асабліва шматлікія паміж 40 і 80°усх. д.
Флора і фауна. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў. Б.ч. ўзбярэжжа занята мангравымі зараснікамі са спецыфічнай фаунай. Ва ўмеранай зоне на мацерыковай водмелі чырвоныя і бурыя водарасці (ламінарыі фукусы, макрацысціс), розныя беспазваночныя. У слоі вады глыб. да 100 м у адкрытым акіяне перадзініевыя і дыятомавыя, а ў Аравійскім м. сіне-зялёныя водарасці. Асн. масу жывёл складаюць рачкі капеподы (больш за 100 відаў), малюскі, медузы, сіфанафоры і інш. З аднаклетачных характэрны радыялярыі, з рыб — лятучыя рыбы, буйныя і дробныя тунцы, рыбы паруснікі, акулы і інш. Толькі ў І.а. знойдзена найстаражытнейшая рыба латымерыя. Шмат кальмараў. Буйныя марскія млекакормячыя — дзюгонь, зубаты і бяззубы кіты, ластаногія. Сярод птушак найб. альбатросаў, фрэгатаў, пінгвінаў.
Гаспадарчае выкарыстанне. На І.а. прыпадае 5—6% сусв. ўлову рыбы і морапрадуктаў (сардзінела, тунцы, пеламіды, акуні, селядзец, анчоўсы, крэветкі і інш). Гал. раён промыслу — зах.ч. акіяна. Найбагацейшыя запасы нафты і газу на шэльфе Б. і Сярэдняга Усходу (Персідскі зал.); перспектыўныя шэльфавыя зоны Індастана, Усх. Афрыкі, Зах. Аўстраліі. Прыбярэжна-марскія россыпы Індастана, Шры-Ланкі, Зах. Аўстраліі багатыя ільменітам, цырконам, рутылам і манацытам. Каля берагоў М’янмы і Тайланда пашырана волаваносная руда (касітэрыт). Прыбярэжна-марскія радовішчы інтэнсіўна распрацоўваюцца. Глыбакаводная цэнтральная ч. акіяна перспектыўная для здабычы жалеза — марганцавых канкрэцый. Большая ч. марскіх маршрутаў транзітная (заканчваюцца ў партах Атлантычнага і Ціхага ак.). Гал. марскія шляхі пралягаюць у паўн.ч. акіяна (у шыротным напрамку) і з Персідскага зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі, у Атлантычны ак. Вялікае значэнне маюць перавозкі цераз Суэцкі канал. Пераважаюць экспартныя сыравінныя грузы (нафта і нафтапрадукты, жалезная руда, збожжа), павялічваюцца перавозкі імпартных прамысл. тавараў. Асн. маршруты авіяліній перасякаюць І.а. у раёнах і Персідскага зал., Аравійскага м. і Бенгальскага зал. Адкрытыя раёны І.а. перасякае адна авіялінія ад Найробі праз а-вы Мадагаскар, Маўрыкій, Какосавыя да Паўд. Аўстраліі (Перт). На дне пракладзены тэлегр. кабелі. На берагах І.а. размешчаны спецыялізаваныя парты: Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Харк (Іран), Міна-эль-Ахмады (Кувейт) і інш. і універсальныя — Адэн (Йемен), Бамбей, Калькута (Індыя), Карачы (Пакістан), Янгон (М’янма), Фрымантл (Аўстралія), Дурбан (ПАР), Мапуту (Мазамбік), Мамбаса (Кенія), Дарх-Салам (Танзанія), Магадыша (Самалі) і інш.
Літ.:
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял.Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 муздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
В.Ф.Марозаў, В.Р.Анціпаў.
Галоўны корпус Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.Да арт.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Інтэр’ер палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ РАЎНІ́НА (нізіна),
у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн.км².
З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл.Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўжзах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс.км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т. л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн.ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРКУ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУсх. Сібіры, у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 767,9 тыс.км². Нас. 2795 тыс.чал., гарадскога 79% (1996). У складзе І.в. Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга. Цэнтр — г.Іркуцк. Найб. гарады: Ангарск, Брацк, Усолле-Сібірскае, Усць-Ілімск, Усць-Кут, Чарамхова, Тулун.
Прырода. І.в. размешчана на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я (выш. 500—700 м). У яе межах на ПнУ Паўночна-Байкальскае і Патамскае нагор’і (выш. да 1720 м), на Пд хрыбты Усх. Саяна (выш. да 2875 м) і Прыбайкалля (Прыморскі, выш. 1728 м, і Байкальскі, выш. 2572 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. руда, золата, слюда, магнезіт, графіт, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -15 °C (на Пд) да -33 °C (на Пн), ліп. 17—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў на пласкагор’і 400 мм, на паўн.-зах. і зах. схілах гор да 800 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Енісея і Лены; найб. Ангара (з прытокамі Іркут, Кітой, Белая, Ака, Ія, Уда, Біруса, Ілім); Ніжняя Тунгуска, Лена (з прытокамі Віцім і Кірэнга). Уздоўжпаўд.-ўсх. мяжы вобласці воз. Байкал з в-вам Альхон. Глебы пераважна падзолістыя, на Пд у лесастэпавых раёнах шэрыя лясныя і чарназёмы, у гарах горныя лясныя і горныя тундравыя. Пад лесам каля 80% тэр. вобласці (хвоя, лістоўніца). Прыбайкальскі нац. прыродны парк.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці: паліўная (Іркуцкі і Чарамхоўскі вугальныя басейны), энергетыка (Брацкая, Іркуцкая, Мамаканская, Усць-Ілімская ГЭС, вытв-сць электраэнергіі 55,2 млрд.кВт-гадз, 1996), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, лесахім., чорная і каляровая металургія (сталь, алюміній); горназдаб. (жал. руда, каменны вугаль, золата, слюда, тальк, соль), маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне для горназдаб. прам-сці і каляровай металургіі, станкі), хім. і нафтахім., буд. матэрыялаў, харчовая, мукамольна-крупяная і камбікормавая, лёгкая, шкляная і фарфора-фаянсавая. С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн.га, у т. л. пад ворывам 1,8 млн.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс) і кармавых культур; вырошчваюць бульбу, гародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля, авечка- і свінагадоўля, на Пн пушны промысел, алене- і зверагадоўля. На воз. Байкал, рэках Ангара і Лена — рыбалоўства. Тэр. І.в. перасякае Транссібірская чыг. магістраль, зах. ўчастак Байкала-Амурскай магістралі. Гал. аўтадарогі: Маскоўскі тракт, Култук — мяжа Манголіі, Тулун—Брацк—Усць-Ілімск, Іркуцк—Качуг. Трубаправод Туймазы—Ангарск. Суднаходства па рэках Лена, Віцім, Ангара, воз. Байкал. Курорты: Ангара, Усолле, Усць-Кут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,6 тыс км². Нас. 12,5 тыс.чал. (2000), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Нароўля. Уключае 25 сельскіх населеных пунктаў, 5 сельсаветаў: Вербавіцкі, Галоўчыцкі, Завайцянскі, Кіраўскі, Красноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уся яго тэрыторыя забруджана радыенуклідамі: 4,2 тыс.гас.-г. угоддзяў маюць. забруджанасць 5—15; 17,3 тыс.га — 15—40; 4,7 тыс.га — 40—100 Ku/км². Скасаваны 3 сельсаветы (Вуглоўскі, Даўлядоўскі і Дзёрнавіцкі), адселены 35 населеных пунктаў; адсяленне працягваецца. За перыяд 1986—95 колькасць насельніцтва скарацілася на 17,3 тыс. чал.
Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня нізінная, месцамі забалочаная, 85% яе на вышыні 120—140 м, уздоўжр. Прыпяць — 110 м і ніжэй. Найвыш. пункт 162 м (за 5 км на Пд ад в. Красноўка). Карысныя выкапні: соль, нафта, газ, каменныя і бурыя вуглі, мінер. фарбы, гліна, пясок, торф, мінер. воды (тэрмальныя расолы). Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў каля 582 мм за год. Вегетац. перыяд 196 сут. Найб.р. Прыпяць з прытокамі Мытва, Славечна, Жалонь, Нараўлянка. Азёры ў поймах рэк, найб. з іх Семержаў і Старуха. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (41,9%), дзярнова-падзолістыя (26,4%), поймавыя (алювіяльныя 20,4%). Пад лесам 53% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя і інш.Найб. масівы на 3. Пад балотамі 0,9% тэр., асушана 6,3 тыс.га. Найб. балотныя масівы Канаўскае балота, Мухаеды. У раёне ч.Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Нароўля, хвоя звычайная (участак росту) і дуброва ў Кіраўскім лясніцтве. Зоны адпачынку Белабярэжская, Галоўчыцкі парк.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 29,9 тыс.га (18,7%), з іх асушаных 14,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 5 калгасаў, 2 саўгасы, 1 дапаможная і 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бабовых і кармавых культур, кукурузы, бульбы. Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», малочныя прадукты і інш.) і дрэваапр. (мэбля, сталярныя вырабы, піламатэрыялы) прам-сці; з-д гідраапаратуры. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі з Нароўлі ў Чарнобыль (Украіна), Мазыр, Ельск. У раёне 6 сярэдніх, 5 базавых школ, школа мастацтваў, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 16 б-к, 3 бальніцы, паліклініка, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый-прафілакторый «Палессе». Музей этнаграфіі і нар. рамёстваў. Помнік архітэктуры — царква Параскевы (18 ст.) у в. Вербавічы. Выдаецца газ. «Прыпяцкая праўда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ГЛЮБСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. на У Веткаўскага, Пд Краснагорскага і ПнЗ Навазыбкаўскага (Расія) р-наў. У параўнанні з інш.нар. строямі больш прыземісты, цяжкаваты; падобны да рус. і ўкр. касцюмаў; яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, якія ўзніклі ў розныя гіст. перыяды.
У жаночым гарнітуры вызначаліся 3 комплексы: кашуля, 2-полкавая панёва (плахта), фартух (запаска), гарсэт, павойнік з саматканай хусткай; кашуля, спадніца-саян (зрэдку андарак), фартух, запінка (часам гарсэт), крамная хустка, завязаная на валасы і выкладзеная спераду на «рог» (выступ-каркас); кашуля, калышка, фартух, кубак (насілі дзяўчаты). Кашулю шылі з 3 (суцэльная) ці з 5 (з падточкай) полак ільняной ці баваўнянай тканіны. Кроілі з плечавымі ўстаўкамі, суцэльнымі з узорыстай полкай рукава або сшытымі з ёй, разрэзам пазухі па цэнтры грудзей, каўняром-стойкай (каля 1,5 см вышынёй) і вузкім рукавом з каўнерцам ці кароткай фальбонай. Арнамент натыкання часцей геам. (зубчыкавыя, пункцірныя ці гладкія, палосы, ромбы, крыжыкі, прамавугольнікі, квадраты, скампанаваныя ў розных камбінацыях); вышыўкі — геам. і расл. (падліковая гладзь, крыжык). Узоры, выкананыя баваўнянымі ніткамі чырвонага, чырвона-чорнага, радзей чыста белага колераў, кампанаваліся ў палосы (уздоўж ці ўпоперак рукава) або ў ячэйкі, утвораныя дыяганальнымі палосамі. Аздабленне шчыльна, як у дыванах, засцілала бачную паверхню рукавоў, плечавыя ўстаўкі, шлякам праходзіла па падоле, ланцужком па каўняры, каўнерцах, швах злучэння рукава са станам. Панёва ўяўляла сабой 2 сшытыя прыкладна 2/3 даўжыні падоўжныя полкі тоўстай баваўнянай тканіны ў маляўнічыя клеткі пераважна цёмна-вохрыстага, чырвона-карычневага колераў. Фартух — прамавугольная полка чорнага валенага сукна (у комплексе з панёвай) або полка ўзорыстай крамнай тканіны. Гарсэт шылі з чорнага саціну з дэкар. хлясцікам і складкамі на басцы спінкі. Пояс (каля 25 смшыр.) выплецены з цёмна-вішнёвых суканых нітак з воўны, меў мноства кутасікаў. Запінку — летнюю адзежыну замужніх жанчын з белага палатна (падобную на фартух або туніку) — апраналі паверх кашулі замест гарсэта, аздаблялі ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, карункамі. Надзвычай багатыя шыйныя, нагрудныя і наспінныя ўпрыгожанні — пацеркі, шыйныя паяскі са штучнага бісеру. стужкі рознай шырыні, даўжыні і колеру; былі пашыраны самаробныя завушніцы. Мужчынскае адзенне мала адрознівалася ад адзення інш.бел. рэгіёнаў. Вопраткай былі армяк, бурнос, кажух і інш.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Лявонцева С. Неглюбскія кашулі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. №4.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Неглюбскі строй. Жаночы касцюм. Вёска Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.Пач. 20 ст.