КАМБІ́С, Камбіз,

Камбуджыя (?—522 да н.э.),

старажытнаперсідскі цар [530—522 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Кіра II, у 537 быў яго намеснікам у Вавілоніі. У 525 заваяваў Егіпет, захапіў у палон фараона Псаметыха III і заснаваў новую (XXVII) дынастыю фараонаў. У 524 уварваўся ў краіну Куш, але пацярпеў паражэнне. У канцы 524 ці пач. 523 вярнуўся ў Егіпет. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне Гаўматы (сак. 522 да н.э.), адправіўся ў Персію, па дарозе памёр.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТЫЧАЎ Сяргей Паўлавіч (8.5.1877, С.-Пецярбург — 21.8.1931),

расійскі біяхімік, фізіёлаг раслін, мікрабіёлаг. Акад. АН СССР (1923). Сын П.А.Костычава. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900), працаваў у ім (з 1916 заг. кафедры). З 1923 дырэктар Ін-та с.-г. мікрабіялогіі УАСГНІЛ (Ленінград). Навук працы па хімізме дыхання раслін, фізіялогіі і біяхіміі мікраарганізмаў.

Тв.:

Физиология растений. Т. 1. 3 изд М.; Л., 1937;

Избр. труды по физиологии и био химии микроорганизмов. Т. 1—2. М., 1956.

С.П.Костычаў.

т. 8, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЧАНКА Барыс Міхайлавіч (18.4. 1941, Мінск — 17.12.1994),

бел. архітэктар. Сын М.Ларчанкі. Засл. архітэктар Беларусі (1984). Скончыў БПІ (1964). З 1965 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1989 гал. архітэктар). Найб. значныя работы ў Мінску: комплекс будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні («Белдзіправадгас», «Сельгастэхпраект», 1970—84), станцыя метро «Плошча Перамогі» і рэканструкцыя пл. Перамогі (1984), кінатэатр «Аўрора» (1987) у комплексе з гасцініцай, аэравакзальны комплекс аэрапорта «Мінск-2» (гл. Мінскія аэрапорты; усе ў сааўт.) і інш.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РДУК,

у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г. Вавілон, пасля 18 ст. да н.э. — вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎСІКА́Я, Наўзікая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара феакаў (жыхароў казачнага в-ва Схерыя) Алкіноя. Паводле «Адысеі», Н., дзеянні якой накіроўвала багіня Афіна, сустрэла на беразе мора Адысея, якога напярэдадні бура выкінула на востраў феакаў. Н. накарміла і апранула Адысея, падказала яму, як прайсці да палаца Алкіноя і дамагчыся ад феакаў дапамогі ў вяртанні дадому. Паводле аднаго з міфаў, сын Адысея Тэлемах пасля смерці бацькі ажаніўся з Н. і меў ад яе сына Персептоліса.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЕЙДО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з гал. багоў-алімпійцаў, бог мораў, крыніц і землетрасенняў, якімі ён кіруе з дапамогай трызубца. Сын Кронаса і Рэі, брат Зеўса і Аіда, з якімі падзяляе панаванне над светам, бацька Тэсея, Мінатаўра і інш. міфалагічных персанажаў. Лічылася, што ён жыве ў раскошным палацы на дне мора. У стараж. Афінах П. шанавалі як апекуна марской магутнасці горада, у яго гонар наладжваліся Істмійскія гульні. У рым. міфалогіі П. адпавядаў Нептун.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАСЦЬ у праве,

кроўная сувязь паміж людзьмі, з наяўнасцю якой закон звязвае пэўныя правы і абавязкі. Родныя, або сваякі, гэта асобы, якія звязаны Р. і паходзяць адзін ад аднаго або ад агульнага продка. Р. — асн. элемент большасці сямейных праваадносін. Роднымі з’яўляюцца прадзед (прабабка), дзед (бабка), бацька (маці), сын (дачка), унук (унучка), праўнук (праўнучка), браты і сёстры, дзядзькі (цёткі), пляменнікі (пляменніцы) і г.д. Класіфікацыя роднасных адносін мае важнае юрыд. значэнне, асабліва ў сямейным і спадчынным праве.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЛАФ V (Olaf V, Olav; 2.7.1903, каля Сандрынгхема, Вялікабрытанія — 17.1.1991),

кароль Нарвегіі ў 1957—91. Генерал і адмірал (1939). З дынастыі Глюксбургаў. Сын нарв. караля Хокана VII. Скончыў Нарв. ваен. акадэмію і Бейліёл-каледж Оксфардскага ун-та (Вялікабрытанія). У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі (Лондан, 1940—45); у ліп. 1944 — ліп. 1945 вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі Нарвегіі. У 1955—57 рэгент пры хворым бацьку, пасля яго смерці кароль Нарвегіі (з 21.9.1957).

т. 16, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІЯ́ЦЫЯ (франц. filiation ад лац. filius сын),

у канстытуцыйным праве набыццё грамадзянства па нараджэнні. У парадку Ф. грамадзянства набываецца на аснове прынцыпаў «права крыві» або «права глебы». У першым выпадку дзіця набывае грамадзянства бацькоў незалежна ад месца нараджэння, у другім — дзіця становіцца грамадзянінам той дзяржавы, на тэрыторыі якой яно нарадзілася, незалежна ад грамадзянства бацькоў. Прынцып «права глебы» прымяняецца пераважна ў краінах Лац. Амерыкі. Найчасцей абодва прынцыпы ў пэўнай ступені спалучаюцца (напр., у Рэспубліцы Беларусь).

т. 16, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РАЛЬД I Хорфагер

(Harald Haatfager, літар. — Харальд Прыгожавалосы; каля 850 — каля 933 ці пазней),

першы конунг (кароль) Нарвегіі [2-я пал. 9—1-я пал. 10 ст.], заснавальнік дынастыі Хорфагераў. Сын дробнага правіцеля з Паўд.-Усх. Нарвегіі. Каля 872 знішчыў або падпарадкаваў сабе правіцеляў асобных абласцей і аб’яднаў нарв. землі. Упершыню ўвёў у Нарвегіі пагалоўны падатак, рабіў паходы на Аркнейскія а-вы і ў Шатландыю. Дасягнутае пры ім аб’яднанне краіны было нетрывалым.

т. 16, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)