шкадава́нне, ‑я, н.

1. Пачуццё смутку аб чым‑н. (страчаным, непапраўным і пад.), засмучэнне з прычыны чаго‑н. непажаданага. На .. твары.. [Аксінні] ціхі шчаслівы спакой, а ў светлых, даўно палінялых вачах — туга і шкадаванне. Ракітны.

2. Спагада, спачуванне да каго‑н. Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Мележ. Раптам каментатар з нейкім жалем, з нейкім унутраным шкадаваннем паведаміў, што над стадыёнам пайшоў заліўны дождж. Сабаленка. [Марыя Хведараўна] пранікаецца да .. [хлопчыка] нейкай незвычайнай любасцю і шкадаваннем. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шнурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што. Сцягваць, злучаючы, змацоўваючы што‑н. шнурам, шнурком. У мяне быў спецыяльны бандаж, які цяпер, ідучы на работу, я шнуравала моцна, да змогі. Савіцкі.

2. што. Працягваючы шнур, счэпліваць, злучаць што‑н.; нанізваць на шнур. Шнураваць кнігу.

3. Разм. Часта хадзіць, ездзіць і пад. узад і ўперад. Зранку да самага вечара шнураваў Ёсель па мястэчку, непрыкметна заходзіў то да аднаго, то да другога, так што і заўважыць яго было трудна. Колас. Кандрат Сенька, які ў час гутаркі паволі шнураваў ад парога да шафы, раптам крута спыніўся каля стала. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́рхнуць, ‑не; незак.

1. Станавіцца цвёрдым, падсыхаць (пра глебу і пад.). Коса, з-пад ветру, пасыпаліся снежныя крупы, і зямля пад нагамі стала .. шэрхнуць. Ракітны. Над Лужаснам успыхвалі ракеты. Іх дрыготкае святло клалася на дарогу. На ёй шэрхлі лужыны. Новікаў.

2. Нямець, дзеравянець (пра цела і яго часткі). Фінця Паўлаўна раптам адчула, як усё яе цела шэрхне. Няўжо надышоў канец? Грамовіч. Не трэба, Ніна — у .. [Барыса] пачаў шэрхнуць язык. — Дзякую за падтрымку. Шлег. Пасля званка [вучні] чакалі Чаславу Карлаўну.., прыслухоўваючыся, як у вадасцёкавай трубе холадна, аж шэрхне скура, шуміць дажджавая вада. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Піха́ць, піхану́ць, піха́цца ’пхаць, штурхаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Мік., Шат., Касп.; докш., баран., беласт., Сл. ПЗБ; аг.-бел., ЛА, 2), ’запіхваць’, ’малаціць пшаніцу’ (Нас.), пі́хаць ’даваць’ (Юрч. Вытв.), піхену́ць ’піхнуць’ (ТС), піха́ць ’есці прагна, груба і многа’ (Нар. лекс.), піхані́на ’штурханіна’ (міёр., Нар. словатв.), піхну́цьраптам папхнуць’. Укр. пиха́ти, пхати, рус. пиха́ть, пхать, ст.-рус. пихати, пьхати, польск. pichać, pchąć, чэш. pcháti, pchnouti, славац. pchať, pichať ’тс’, славен. peháti ’тс’, pháti ’таўчы, абдзіраць зерне’, харв. чак. ophati ’таўчы ячмень’, балг. пъ́хам ’соваю, тыцкаю’, ст.-слав. пьхати ’таўчы’. Праз чаргаванне ў аснове звязана з чэш. pěchovati ’трамбаваць’, а таксама з пест, пшано, пшаніца. Прасл. *pixati, *pьxati. Да і.-е. *pis‑, *pei̯s‑ ’таўчы, таптаць’: літ. pìsitі ’fuluere’, paisýti ’абдзіраць ячмень, малоцячы яго цапамі’, piestà ’таўкач’, лат. pàisît ’церці лён’, ст.-грэч. πτίσσω ’б’ючы, таўкучы, мелючы, ачышчаць, абдзіраць зерне ад абалонкі, шалупіння’, πτίσισ ’шалупінне’, πτισάνη ’ячныя крупы’, πτίσμα ’шатраванае зерне’, ст.-інд. pináṣṭi ’таўчы, драбіць’, piṣṭa ’змолаты’, ’мука’, перс. pist ’тс’, лац. pīnsō, ‑ere ’стаптаць, стаўчы’, с.-н.-ням. fesa ’вотруб’е’, vîsel ’ступа’ (Міклашыч, 270; Праабражэнскі, 2, 50; Траўтман, 220; Фасмер, 3, 269–270; Мюленбах-Эндзелін, 3, 34; Вальдэ-Гофман, 2, 307; Аткупшчыкоў, Из истории, 230; Бязлай, 3, 33; Борысь, Czak. stud., 100–102). Гл. таксама пхаць. Сюды ж піхма піхаць ’узмоцнена піхаць’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

святле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца светлым або больш светлым. На шэрым небе цьмяна святлелі затуманеныя, буйныя зоры. Самуйлёнак. Ледзяныя ўзоры, здавалася, былі наліты крывёю — яны то святлелі, пераліваючыся расплаўленым золатам, то наліваліся густым барв[я]нцам. Лынькоў. // перан. Станавіцца радасным, прыветлівым. Але вось я заўважаю — [Вароніч] пачынае святлець, напружанасць яго спала, нарэшце з’явілася здагадлівая ўсмешка, і ён ужо, відаць разабраўшыся ў сім-тым, дачытваў апошнія радкі з выразам агіды і абурэння. Ракітны.

2. безас. Пра надыход раніцы, дня. Навокал святлела, адплывалі кудысьці ўверх апошнія прыцемкі ночы, па зямлі крочыла зімняе світанне. Бураўкін. Добрыя вярсты тры прайшоў Пракоп, калі ў полі пачало святлець, займацца на дзень. Колас. Бярэцца пад дзень. Святлее. Бядуля. // перан. Пра ўзнікненне радаснага, добрага, вясёлага настрою. Прыемна і цікава было бачыць, як за адну ноч усё раптам робіцца не такім, як учора, набывае новы выгляд, нібы аднаўляецца. Не дзіўна, што ад гэтага і ў душы святлее. Шамякін.

3. перан. Станавіцца больш ясным, ураўнаважаным (пра свядомасць, думкі і пад.). Але паступова думкі.. [Максіма] святлелі. Шамякін. / у безас. ужыв. І тут, мусіць ад напружання, у галаве раптам святлее. Карпюк.

4. Выдзяляцца сваім светлым колерам; віднецца. Недзе ўгары слаба святлела невялічкая адтуліна. Лынькоў. Адзенне пакамечанае, забруджанае, толькі дзе-нідзе святлелі жоўтыя кружочкі латаў. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Перамясціцца, перасунуцца крыху. Сотнікаў пасунуўся на вышэйшае [месца] і зноў узяў пад абстрэл немцаў, пакуль Рыбак двойчы не адолеў якіх сто метраў, што аддзялілі іх ад Гасціновіча. Быкаў. // Пацясніцца, адсунуцца, вызваляючы каля сябе свабоднае месца. Дзядзька, які пасунуўся і даў мне месца, быў старэйшым у гэтай сям’і. Кавалёў.

2. Пачаць сунуцца. Раптам маё вудзільна неяк рэзка здрыганулася і шпарка пасунулася ў рэчку. Ляўданскі. Раптам адна купіна заварушылася і шпарка пасунулася да нас. Паслядовіч.

3. перан. Прасунуцца наперад у якой‑н. справе, наблізіцца да пастаўленай мэты, да завяршэння. За які год доктарская дысертацыя Карнея Мінавіча гэтак пасунулася, што легла на стол машыністак для перадруку. Сабаленка.

4. Падацца наперад, сунуцца на каго‑, што‑н. з варожым намерам. Няхай цяпер толькі пасунуцца фашысты ноччу ў вёску, як адразу тут жа будуць і .. [партызаны]. Шамякін. [Кашын] адштурхнуў нагою скрынку, усхапіўся і, чырвоны як рак, пасунуўся на сына. Карпаў.

5. Памкнуцца. Лявон было пасунуўся да Міколавага пакоя, але.. спыніўся, не дайшоўшы. Корбан. [Гэля] падрыхтавалася, паспакайнела, пасунулася да шклянкі з бэзам, што стаяла на чырвонай сурвэце. Лось.

6. Павольна пайсці, паплесціся. Разышоўшыся з Панасам, дзед Талаш павольна пасунуўся балотамі, прыслухоўваючыся да шолахаў і галасоў палескай ночы. Колас. — Пірат, на месца! — Сабака ўтуліўся і нехаця пасунуўся ў будку. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Рэзка ўзняць, падняць што‑н. уверх. Ускінуць сцяг над калонай дэманстрантаў. □ Сяржант ускінуў угару карабін, у момант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Музыкі раптам ускінулі ўгару трубы і.. грымнулі вальс. Дайліда. // і чым. Зрабіць рэзкі рух уверх якой‑н. часткай цела. Ускінуць галаву. □ — Вон! — пачуўся раптам стогн. Зубр сярдзіта ўскінуў рогі. Вітка. — Што ж я буду гаварыць? — ускінула тонкія бровы дзяўчына і зачырванелася. — Бачыце, я ж занятая... Кухараў. У адзін момант ускінуў.. [Сяргей Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас.

2. каго-што. Кідаючы, ускласці, навесіць, начапіць на што‑н. Ускінуць граблі на воз. Ускінуць рукзак на плячо. Ускінуць плашч на руку. □ Цяля хуценька ўскінулі на воз, прыкрылі саломай — і на ферму. Дуброўскі.

3. што. Накінуць паверх чаго‑н., укрываючы, закрываючы каго‑, што‑н. [Ратушняк] ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзець, накінуць на сябе што‑н. (звычайна на скорую руку). Стары Ермаліцкі насунуў шапку задам наперад, ускінуў на плечы кажушок і пабег у стайню. Грахоўскі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку, завязаўшы ражкі каля шыі. Ваданосаў.

•••

Ускінуць вочы (позірк) — хутка глянуць уверх або на каго‑н. Уолтэр здзіўлена ўскінуў вочы на генерала. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.

1. Пазнаць органамі пачуццяў; пачуць. З вінтоўкаю кінуўся Палазок на афіцэра, але ў гэты ж момант адчуў гарачы боль у левым плячы. Колас. Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Маўр.

2. Зведаць, перажыць што‑н. Васіль зразумеў, што пытанне непрыемна кальнула дзеда, і адчуў сябе ніякавата, пачырванеў. Кулакоўскі. // Усвядоміць, зразумець. Аляксей паглядзеў у сінія Юльчыны вочы і раптам адчуў, што, вядома, Юлька вернецца. Даніленка. У першыя дні.. [Раман] адчуў сябе шчаслівым. Цешча і жонка чым маглі дагаджалі яму. Чарнышэвіч.

•••

Адчуць глебу пад нагамі — знайсці, адчуць чыю‑н. падтрымку.

Даць сябе адчуць гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзе́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Дагавор паміж дзвюма асобамі або арганізацыямі аб якіх‑н. узаемных абавязацельствах (звычайна гандлёвых). Гандлёвая здзелка. Зрабіць здзелку. □ Усё ўжо было ўладжана — і цана і парадак куплі-продажу, як раптам тэлеграма: здзелкі не адбудзецца. Быкаў. // Тайнае пагадненне аб якіх‑н. дзеяннях (звычайна нядобрых) на аснове ўзаемнай выгады; змова. Лозунг усенароднага ўстаноўчага схода сам па сабе, асобна ўзяты, ёсць у цяперашні час лозунг манархічнай буржуазіі, лозунг здзелкі паміж буржуазіяй і царскім урадам. Ленін.

•••

Здзелка з сумленнем — учынак супраць уласных перакананняў.

Міравая здзелка — прымірэнне бакоў на любой стадыі судовага працэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашчаці́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

1. Наставіць хіб, шчацінне ад злосці, страху і пад. Сабака ашчацініўся, гатовы ўкусіць. // Стаць старчма, дыбам, нібы шчацінне (пра валасы, вусы і пад.). Непакорная чупрына над вузкім сухім ілбом... [Есіпа] яшчэ больш ашчацінілася, плечы ўзняліся аж да вушэй. Дуброўскі. // перан. Выставіць якія‑н. вострыя прадметы (штыкі, пікі, калы і пад.). Натоўп загудзеў, скрануўся з месца, і раптам уся трыбуна ашчацінілася па загаду канапатага вінтовачнымі стваламі. Няхай. Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі, ашчацініўшыся рэдкімі вузкімі і вострымі калівамі нізкарослай ярыны. Галавач.

2. перан. Разм. Узлавацца, стаць раздражненым. — Куды, паршывец! — ашчацініліся мужыкі. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)