тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл.Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш. Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл.Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КАЎ (Уладзімір Анатолевіч) (14.6.1919, с. Бакалы, Башкортастан — 16.11.1995),
рускі гісторык. Д-ргіст.н. (1966), праф. (1986). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1947). З 1957 у Цэнтр.дзярж. ваенна-гіст. архіве і ў Галоўархіве СССР, з 1960 у Ін-це славяназнаўства і балканістыкі Рас.АН. Даследаваў пытаннірэв. і нац.-вызв. руху Расіі і Польшчы 19 — пач. 20 ст., руска-польскія рэв. і культ. сувязі таго часу, гісторыю славяназнаўства, балканістыкі і інш. Адзін з рэдактараў і складальнікаў сав.-польскай серыі «Паўстанне 1863 года. Матэрыялы і дакументы» (т. 1—25. М.; Варшава, 1961—87), 2 тамы якога прысвечаны Беларусі: «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964) і «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965). Паўстанню 1863—64 у Беларусі і Літве прысвечаны таксама працы «Сігізмунд Серакоўскі» (1959) і «Валерый Урублеўскі» (1968; разам з У.Абрамавічусам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (Адбылася 7—12.1.1929 у Мінску. Прысутнічалі 72 дэлегаты ад 300 краязн. арг-цый) (аб’ядноўвалі больш за 10 тыс.чл.),
прадстаўнікі краязн. т-ваў РСФСР і УССР. З дакладамі выступілі У.Ігнатоўскі, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Ляўданскі, М.Каспяровіч, І.Сербаў і інш. Вырашыла арганізац.пытанні: кіраўніцтва краязнаўствам Акадэміяй навук, падрыхтоўка краязнаўцаў сярэднімі і вышэйшымі навуч. ўстановамі, справаздача Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК) і акр. т-ваў, змены ў статуце і выбары ЦБК, зацвярджэнне новых чл.-кар. ЦБК. У справаздачы адзначана пашырэнне краязнаўчага руху ў Беларусі — адкрыты 22 краязн. музеі, выдадзены чарговыя зб-кі краязн. прац «Аршаншчына», «Віцебшчына», апісанні Асіповіцкага і Горацкага р-наў, у друку знаходзіліся слоўнікі Віцебшчыны, Мазыршчыны, Чэрвеньшчыны, падрыхтаваны да выдання апісанні шэрагу нас. пунктаў. Праца канферэнцыі праходзіла ва ўмовах узмацнення таталітарнага рэжыму: абмежаваныя тэмы краязн. даследаванняў, узмоцненае вывучэнне рэв. руху, новых рыс у побыце працоўных мас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙШТАР (Якуб) (Якуб Казімір Станіслаў) Станіслававіч (18.4.1827, маёнтак Мядэкшы Ковенскага пав., цяпер Кедайнскі р-н Літвы — 15.11.1897),
удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це (1844—48). З пач. 1860-х г. адзін з кіраўнікоў памешчыцкай партыі «белых» у Літве і Беларусі. У лют. 1863 узначаліў паўстанцкі Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, выступаў супраць К.Каліноўскага і інш.рэв. дэмакратаў. 12.8.1863 арыштаваны, высланы напачатку ва Уфу, пасля новага следства — на катаргу ў Сібір. З 1873 у Варшаве. Аўтар «Успамінаў 1857—1865 гадоў» (1913), якія з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання 1863—64.
Літ.:
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Біч М. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863—1864 гг. // Бел.гіст.часоп. 1993. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА ПРА́ЦЫ,
галіна гігіены, якая вывучае ўплыў на арганізм чалавека працоўнай дзейнасці і вытв. асяроддзя і распрацоўвае гігіенічныя нарматывы і мерапрыемствы для забеспячэння спрыяльных умоў працы і прадухілення няшчасных выпадкаў і прафес. хвароб. Цесна звязана з эрганомікай і інжынернай псіхалогіяй. Тэарэт. асновай гігіены працы з’яўляецца фізіялогія працы. Асн.пытанні гігіены працы: рацыяналізацыя працоўных працэсаў, рэжымаў працы і адпачынку розных катэгорый работнікаў, вызначэнне аптымальных нагрузак; прадухіленне неспрыяльных уплываў на арганізм чалавека хім. рэчываў, фіз. фактараў (метэарал. умоў, іанізуючага апрамянення, шуму, вібрацыі, пылу і інш.) шляхам распрацоўкі сан. правіл і гігіенічных патрабаванняў да асобных відаў вытв-сці. Даследаванні ў галіне гігіены працы ствараюць навук. базу для практ. дзейнасці па аздараўленні ўмоў працы, забеспячэнні мед. абслугоўвання працоўных, экспертызы прафес. працаздольнасці, рэабілітацыі і інш. Практычная дзейнасць ажыццяўляецца ў форме санітарнага нагляду.
Літ.:
Руководство по гигиене труда. Т. 1. М., 1987;
Алексеев С.В., Усенко В.Р. Гигиена труда. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА ХАРЧАВА́ННЯ,
галіна гігіены, якая вывучае праблемы паўнацэннасці ежы, рацыянальнага харчавання і яго ўплыў на здароўе чалавека. Асн.пытанні гігіены харчавання: колькасная і якасная неабходнасць у харчаванні і пажыўных рэчывах, пажыўная каштоўнасць і дабраякаснасць харч. прадуктаў, рэжым харчавання, кантроль за якасцю і бяспекай харчавання, санітарны нагляд за прадпрыемствамі харч. прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання з мэтай прадухілення харч. таксікаінфекцый і інтаксікацый, арганізацыя прафілакт. харчавання работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў з прафес. шкоднасцямі, мед. кантроль за станам здароўя работнікаў харчавання і інш. Сувязь харчавання і здароўя адлюстравана ў статусах харчавання: звычайны, аптымальны, залішні і недастатковы. Навук. асновай гігіенічнага нармавання патрэбнасцей насельніцтва ў пажыўных рэчывах і харч. прадуктах з’яўляюцца законы рацыянальнага харчавання (энергетычнай, пластычнай, энзіматычнай і біятычнай або бясшкоднай адэкватнасці) і канцэпцыя збалансаванага харчавання (захаванне колькасных суадносін паміж асобнымі пажыўнымі рэчывамі).
Літ.:
Вретлинд А., Судисян А. Клиническое питание. Стокгольм, М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ САВЕ́ТАЎ,
мясцовыя і цэнтр. органы ўлады сав. дзяржавы ў 1917—36. Склікаліся раённыя (пав.), абл. (губ.), краявыя, рэсп. (аўт. і саюзных рэспублік) і Усесаюзны з’езд Саветаў. Фарміраваліся шляхам выбараў, адкрытым галасаваннем. У гар. і сельскія Саветы дэпутатаў выбіралі на сходах, якія склікаліся паводле вытв. і тэр. прынцыпаў. У раённыя (пав.) Саветы ўваходзілі прадстаўнікі сельскіх і гар. Саветаў дадзенага раёна (пав.). Абл. (губ.), рэсп. і Усесаюзны З.С. фарміраваліся з прадстаўнікоў ніжэйшых Саветаў. З.С. саюзных рэспублік складалі прадстаўнікі абл. (губ.), краявых З.С. Разглядалі і вырашалі пытаннідзярж., гасп. і культурнага буд-ва. Усесаюзны і рэсп. З.С. прымалі найважн. пастановы па дакладах урада, канстытуцыйных пытаннях, праблемах развіцця гаспадаркі і культуры, абароны і знешняй палітыкі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 сталі дзейнічаць Саветы дэпутатаў працоўных. У БССР З.С. — вышэйшы орган дзярж. улады ў 1919—38. Адбылося 12 Усебел. з’ездаў Саветаў (гл.арт. пра кожны з’езд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ПА́ВЕЛ II [Iōannēs Paulus; свецкае Вайтыла; (Wojtyla) Кароль Юзаф; н. 18.5.1920, г. Вадавіцы, Польшча],
папа рымскі з 1978. З 1938 вучыўся ў Ягелонскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну працаваў на кракаўскім хім. з-дзе. У 1946 прыняў сан свяшчэнніка. У 1946—48 вучыўся ў Рыме, Бельгіі і Францыі. З 1958 біскуп, з 1963 арцыбіскуп-мітрапаліт кракаўскі; удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. З 1967 кардынал. Пантыфікат І.П.ІІ вядомы адкрытым дыялогам: пасрэднічае ў міжнар. канфліктах, выступае са зваротамі аб міры, праводзіць супольныя малітвы з прадстаўнікамі інш. канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі. Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека («Любоў і адказнасць», 1960; «Асоба і ўчынак», 1969; «Пытанні суб’екта маральнасці», 1991), шматлікіх энцыклік, а таксама вершаў, паэм, п’ес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБІНЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган, урад дзяржавы ў 1994—96. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 быў створаны пры Прэзідэнце для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады. Кампетэнцыя і парадак дзейнасці Кабінета Міністраў вызначаліся Канстытуцыяй, законам аб Кабінеце Міністраў ад 30.1.1995 і інш.заканад. актамі. Быў правамоцны самастойна вырашаць усе пытаннідзярж. кіравання, што знаходзіліся ў яго веданні. Яго рашэнні з’яўляліся абавязковымі для выканання ўсімі мін-вамі і інш.цэнтр. органамі дзяржавы, мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі і грамадзянамі на тэр. Беларусі. У склад Кабінета Міністраў, які зацвярджаў Прэзідэнт, уваходзілі прэм’ер-міністр, яго намеснікі, міністры, старшыня Камітэта дзярж. бяспекі, кіраўнікі інш.цэнтр. органаў кіравання. У выніку прыняцця на рэферэндуме 24.11.1996 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) Кабінет Міністраў скасаваны, функцыі цэнтр. органа дзярж. кіравання перайшлі да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМАНО́ЎСКІ ((Limanowski) Баляслаў) (30.10.1835, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1.2.1935),
польскі гісторык, сацыёлаг, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім (1854—58), Дэрпцкім (1858—60), Львоўскім (1872—73) ун-тах. За арганізацыю антыўрадавай маніфестацыі ў Вільні (1861) арыштаваны, у 1861—67 у ссылцы. З 1870 у Львове, устанавіў сувязь з першымі сацыяліст. гурткамі. З 1878 у эміграцыі, пераважна ў Швейцарыі. У 1881 заснаваў арг-цыю «Люд польскі». Адзін з ідэолагаў і арганізатараў (1892) Польскай сацыяліст. партыі (ПСП). Пасля расколу ў партыі (1906) падтрымаў яе рэв. фракцыю. У 1-ю сусв. вайну падтрымліваў дзейнасць легіёнаў польскіх і Ю.Пілсудскага. У 1922—35 сенатар. Даследаваў гісторыю польскага нац.-вызв. руху 19 ст. Сярод прац: «Аб рабочым пытанні» (1871), «Гісторыя польскай дэмакратыі...» (1901), «Гісторыя паўстання польскага народа 1863 і 1864 г.» (2-е выд. 1909), «Стодваццацігадовая барацьба польскага народа за незалежнасць» (1916), «Сацыялогія» (ч. 1—2, 1919—21).