ГО́РСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у стараж. г. Горы Вялікія (цяпер в. Горы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Быў умацаваны 7 бастыёнамі, злучанымі паміж сабой валамі-курцінамі, а таксама шырокім і глыбокім ровам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак быў заняты ў вер. 1654 войскамі А.​М.​Трубяцкога. У 1663 «фортеция Горская» згадваецца як вельмі разбураная, але ў дакументах 1680-х г. ужо ўпамінаюцца замак і гар. астрог. У апошні раз умацаванні Горскага замка спрабаваў выкарыстаць у 1708 шведскі кароль Карл XII. Пазней Горскі замак страціў сваё ваен. значэнне.

Горскі замак. План.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОСЦЬ,

буйны прадстаўнік купецтва ў Стараж. Русі і ў Рас. дзяржаве ў 10—18 ст. Першапачаткова госцем наз. асоб, якія прыязджалі гандляваць з інш. краін, княстваў і гарадоў, пазней — і мясц. купцоў, якія гандлявалі па-за межамі свайго месцапражывання (пераважна за мяжой). У 14—15 ст. госці аб’ядноўваліся ў асобыя прывілеяваныя карпарацыі. У сярэдзіне 16 — пач. 18 ст. госці былі саслоўнай катэгорыяй, мелі царскія даравальныя граматы, паводле якіх карысталіся падатковымі, мытнымі і юрыд. прывілеямі. Выконвалі ўрадавыя даручэнні па закупцы, ацэнцы і захоўванні казённых тавараў. Паводле ўказаў 1722—28 уключаны ў склад купецкіх гільдый.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, цывільны працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь,

сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які ўстанаўляе парадак вядзення цывільных спраў ва ўсіх судах Рэспублікі Беларусь. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Пазней у яго ўнесены адпаведныя змены і дапаўненні. Складаецца з 398 артыкулаў, 32 глаў, 6 раздзелаў, у якіх вызначаюцца задачы цывільнага судаводства і рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з разглядам і вырашэннем цывільных спраў, выкананнем пастаноў судоў і некаторых інш. органаў. У кодэкс уключаны дадаткі, якія складаюцца з пераліку відаў маёмасці грамадзян, на якую не можа быць накіравана спагнанне па выканаўчых дакументах, палажэння пра трацейскі суд і інш.

т. 5, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНА́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Персея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.​Лота, А.​Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).

Даная. Мастак Рэмбрант. 1636.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЭ́Н ((Dassin) Джо) (5.11.1938, Нью-Йорк — 21.8.1980),

французскі шансанье, кампазітар. Сын франц. кінарэжысёра Жуля Д. і скрыпачкі Б.​Лонер. Дзед Д. — выхадзец з Расіі (эмігрыраваў у ЗША у пач. 20 ст.). Скончыў Мічыганскі ун-т як этнолаг. Вывучаў амер. і індзейскі фальклор, інтанацыі якога пазней ляглі ў аснову многіх яго песень. У 1950-я г. пакінуў ЗША, жыў у іншых краінах, застаўся ў Францыі. У пач. творчасці зазнаў уплыў франц. кампазітара і шансанье Ж.​Брасенса. З 1967 выступаў на эстрадзе (з 1969 у т-ры «Алімпія»). Сярод яго песень найб. папулярныя «Бабіна лета», «Елісейскія палі».

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎБЭ (Вальдэмар Пятровіч) (28.2.1895, хутар Міле Валміерскага р-на, Латвія — 12.10.1950),

савецкі паліт. і ваен. дзеяч. З 1911 працаваў на Віцебшчыне. З 1918 ваен. камісар Віцебскай губ., чл. Віцебскага губкома РКП(б) і губвыканкома, камісар Смаленскай дывізіі (у Віцебску), камісар зводнага Віцебскага атрада, з якім праводзіў ліквідацыю мяцяжоў эсэраў у Оршы і Сянно. 3 вер. 1918 камісар 1-й Магілёўскай, 24-й «Жалезнай» дывізій. З 1919 на Усх., Туркестанскім франтах. У 1922—24 нач. Віцебскага губ. аддзела АДПУ. Пазней да 1945 на кіруючых пасадах у органах АДПУ, НКУС, НКДБ. Канд. у чл. ЦВК СССР у 1924—25.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЕНБ’ЕНФУ́ (Diên Bien Phu),

мясцовасць на ПнЗ В’етнама каля граніцы з Лаосам, дзе адбыліся вырашальныя баі на заключным этапе Індакітайскай вайны 1946—54. Стратэгічна важны ў ваен. адносінах раён Дз, 20.3.1953 у выніку паветрана-дэсантнай аперацыі занялі франц. экспедыцыйныя войскі, якія пазней ператварылі яго ў добра ўмацаваны рубеж абароны (49 апорных пунктаў, 15—16-тыс. гарнізон на чале з ген. Дэ Кастры). У ходзе цяжкіх баёў 13.3—7.5.1954 часці В’етнамскай нар. арміі на чале з Во Нгуен Зіяпам блакіравалі раён Дз. і паступова авалодалі ўсімі яго ўмацаваннямі, што паскорыла заканчэнне вайны і вызваленне В’етнама з-пад франц. панавання.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. на в-ве Замак на воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і перыяду Кіеўскай Русі 10—13 ст. Пляцоўка замка (75 × 50 м) мела авальную форму, узвышалася над паверхняй возера на 6—7 м, была абкружана валам. У ганцы 14 — пач. 15 ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вял. кн. ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, 1557, 1561 і ў часы Лівонскай вайны 1558—83. Перастаў існаваць у 2-й пал. 17 ст.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛІБЕ́Р ((Gilibert) Жан Эмануэль) (21.6.1741, г. Ліён, Францыя — 2.9.1814),

французскі і бел. натураліст, хірург і анатам. Д-р медыцыны (1763). Скончыў ун-т у г. Манпелье і працаваў у Ліёнскім калежы (1763—74). У 1775—81 арганізаваў і кіраваў Гродзенскай медыцынскай акадэміяй. Заснавальнік акушэрскай і вет. школ у Гродне, клінічнага шпіталя (1775—81), бат. сада. У 1781—83 праф. натуральнай гісторыі мед. ф-та Гал. школы ВКЛ (пазней Віленскі ун-т), дзе заснаваў бат. сад. З 1783 у Францыі. Навук. працы па флоры Беларусі, Літвы, Польшчы, па эпідэміялогіі эндэмічных хвароб у гэтых краінах.

Ж.Э.Жылібер.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІХ ВЕТЭРАНАЎ.

Засн. ў 1973 у штаце Нью-Джэрсі (ЗША). Дзейнічае ў цеснай сувязі з Беларуска-амерыканскім аб’яднаннем. Члены згуртавання — былыя вайскоўцы-беларусы, якія да 2-й сусв. вайны служылі ў арміях Нац. і Польшчы, у вайну — у войсках Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Андэрса арміі і інш. Пазней да іх далучыліся беларусы, якія служылі ў В’етнаме, Карэі, Панаме, Германіі. Выступаюць у абарону ідэі незалежнасці бел. дзяржавы, захаванне бел. спадчыны, дапамагаюць ажыццяўляць бел. культ. праграмы, чытаюць лекцыі па бел. ваен. гісторыі, удзельнічаюць у мерапрыемствах амер. ветэранскіх арг-цый, святкуюць Дзень бел. жаўнера (4 ліп.) і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)