каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДА́РНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,
творчасць, якая суправаджала агр. святы і працу земляроба на працягу гаспадарчага года; від фальклору. Ёсць у многіх народаў Еўропы. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў як нац. адметная з’ява склалася не пазней 14—16 ст. Яна багата развілася, добра захавалася і з’яўляецца феноменам бел. традыцыйнай культуры. Вылучаюцца 4 цыклы: зімовы, веснавы, летні і асенні. Кожная пара года мела адпаведныя рытуалы, звычаі, песеннае суправаджэнне. Агульнымі ў іх былі агр. аснова, мэтавая ўстаноўка, паасобныя матывы. Усе абрадава-песенныя комплексы прасякнуты клопатам пра будучыню сял. двара і сям’і: у пару засеяць ніву, вырасціць і сабраць ураджай, уратаваць яго ад стыхіі, статак — ад паморку і звяроў. Мела таксама эстэт. значэнне і гулліва-пацяшальную функцыянальнасць. Уключае больш за 25 песенных разнавіднасцей.
Зімовыя песні і абрады прызначаны былі загадзя паспрыяць ураджаю, зберагчы азімы пасеў, рунь на палях. Насычанасцю абрадамі і песнямі вылучаліся святкаванні беднай і шчодрай куцці, каляд. Шмат увагі ў час калядна-навагодніх урачыстасцей аддавалася агр. і любоўнай варажбе, розным гасп. павер’ям і прыкметам. Зорнае неба на куццю абяцала ўраджай ягад і грыбоў, іней на дрэвах — багатую квецень у садах, снег і мяцеліца — частае раенне пчол. Гал. месца ў зімовым цыкле належала калядаванню і шчадраванню. Паэт. ядро яго складалі калядныя песні (у г.л. шчадроўскія, гл.Шчадрэц), якім уласцівы метафарычнасць, сімвалізм, пластыка вобразаў. Зімовы цыкл уключаў піліпаўскія песні, ігрышчы, драм. дзействы з пераапрананнем, абрадавы абход з «казой», звяздой, аграрна-шлюбную гульню «Жаніцьба Цярэшкі» і інш. На масленіцу выконваліся масленічныя песні, іх прызначэнне — наблізіць прыход вясны. Яны суправаджалі гульні моладзі, абход двароў, дзе была сёлетняя нявеста, выражалі матыў заклінання будучага ўраджаю. Веснавыя песні і абрады былі закліканы асвячаць час адраджэння прыроды, пачатку палявых работ, яравых усходаў, выгану жывёлы на пашу. Веснавы цыкл абрадаў уключаў гуканне вясны, вяснянкі, валачобны абрад і валачобныя песні, ваджэнне карагодаў, абрадавы выган жывёлы на юр’еву расу і юраўскія песні, ушанаванне памяці продкаў на Радаўніцу, Сёмуху або Тройцу; з культам расліннасці звязаны русальны тыдзень з русаллямі, абрад куста, траецкія песні, русальныя песні, куставыя песні і інш. Летнія песні і абрады паводле архаічнай свядомасці адлюстроўвалі клопаты пра захаванне збажыны ў пару яе даспявання, павінны былі садзейнічаць паспяховаму збору ўраджаю. Абрады, звычаі, паданні, павер’і Купалля, маляўнічыя паводле зместу і формы, нясуць адбітак стараж. уяўленняў. Купальскія песні і пятроўскія песні пранікнёна паэтызуюць хараство прыроды ў пару яе найб. росквіту. Яны стварылі поўныя пяшчоты і першароднай чысціні дзявочыя вобразы, а таксама вобразы міфалагічныя. Уласна летнімі лічацца жніўныя песні, якія непасрэдна перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сял. сям’і — жніва, цяжкай працы, перажыванняў жняі, сац. адносіны, якія асабліва выявіліся ў песнях часоў прыгону. Важны элемент летняга цыкла — дажынкі. Асенні перыяд, звязаны з уборкай яравых, выбаркай і апрацоўкай лёну, сяўбой азімых — заканчэннем палявых работ, характарызаваўся дамінаваннем у восеньскіх песнях, якія спявалі толькі жанчыны, перадвясельных матываў, развіццём у іх моцнага лірычнага пачатку. Сярод восеньскіх свят вылучаліся пакровы, багач і асабліва змітраўскія дзяды (асяніны). Позняя восень, калі наступала перадышка ў гасп. рабоце, была спрыяльным часам для традыц. збораў (вечарынкі, попрадкі і інш.), дзе спявалі, загадвалі загадкі, расказвалі казкі. У межах усіх цыклаў бытавалі талочныя песні, якія спявалі пры застоллі пасля талакі. Разам з валачобнымі і восеньскімі песнямі яны — нац. адметная частка бел. фальклору. У жанравых адносінах К.-а.п. вельмі разнастайная: апрача каларытных абрадаў і звычаяў яна ўключае заклінальныя, велічальныя, баладныя, жартоўныя, лірычныя песні, рацэі, прыказкі, прымаўкі, паданні. У каляндарных прыказках і прымаўках адлюстраваліся шматвяковыя назіранні над прыродай, практычныя веды, парады, філас. абагульненні («Сей авёс у гразь — будзеш як князь», «Якое семя, такое і племя!», «Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку»), К.-а.п. як паэзія зямлі па сваёй сутнасці пераняла ад прыроды, працоўна-вытв. земляробчага побыту сваю выяўл палітру. Міфал. вобразы, народжаныя фантазіяй, суіснуюць у ёй з тымі, што ўзяты з рэчаіснасці, створаны па законах рэаліст. мастацтва. Вобразы сонца, вясны, купалкі, жыта, спарыша, зямлі суседнічаюць з вобразамі селяніна-гаспадара, хлопца, дзяўчыны, жняі-пастацянкі і інш. У велічальных песнях шырока карыстаюцца гіпербалай, беручы параўнанні з касм. і гасп. сфер. Яна мае характэрныя пастаянныя эпітэты («вясна-красна», «раса мядовая», «сяўба залатая». «сярпы сталёвыя або залатыя», «віно зеляно»). Уплыў хрысціянства закрануў нар. паэзію вонкава. Яна толькі часткова ўспрыняла паасобныя элементы хрысц. міфалогіі. Юрай, Мікола, Ілья, Пятро з песень гадавога круга — тыя ж сяляне, ратаі і сейбіты. І клопат іх пра жыта караністае ды ядраное, пра юр’еву расу, пагодлівы сенакос, раі семяністыя ды мядзістыя — чыста сялянскі. Асн. песенны фонд К.-а.п. яшчэ досыць трывала захоўваецца ў памяці вясковых жыхароў старэйшага пакалення Высокая эстэт. вартасць лепшых узораў К.-а.п. мае значэнне жыватворнай крыніцы для прафес культуры — л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва і інш.
Публ.:
Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;
Песні сямі вёсак;
Традыц.нар. лірыка Міншчыны. Мн., 1973;
Жніўныя песні. Мн., 1974;
Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;
Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975; Веснавыя песні. Мн, 1979; Валачобныя песні. Мн., 1980; Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні. Мн., 1985; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Гомельская вобл.Мн., 1989; Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн.. 1990; Паэзія беларускага земляробчага календара Мн., 1992; Жаніцьба Цярэшкі. Мн.,1993; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.
Літ.:
Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на Западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;
Гілевіч Н. Наша родная песня Мн., 1968;
Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;
Ліс.А Купальскія песні. Мн., 1974;
Ягож. Валачобныя песні. Мн., 1989;
Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;
Яго ж. Каляндарпаабрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэт. аспект. Мн., 1998;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, XIX — начало XX в.: Зимние праздники. М., 1973;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы. конец XIX — начало XX а: Летне-осенние праздники. М., 1978;
Кледарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — нач. XX в. М., 1979;
Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;
Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986, Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;
Беларускія народныя абрады / Склад. Л.П.Касцюкавец. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГЛАДЭ́Ш, Народная Рэспубліка Бангладэш,
дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс.км². Нас. 116,6 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).
Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.
Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.
Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс.чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.
Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл.Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн.чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж.ваен. перавароту і забойства М.Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.М.Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.Рахмана Х.Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн.апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.Вазед, дачка М.Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.
Бангладэш — чл.ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.
Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд.дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал.харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн.т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн.т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн.т збожжа. Асн.тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн.т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс.т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн.т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд.м³ штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн.чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс.чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс.км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд.дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд.дол., імпарт — 3,6 млрд.дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш.харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш.перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.
Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш.Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.Абедзін, А.Сафіуддзін, К.Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (Х.Рахман). Творчасць жывапісцаў М.Башыра, М.Кібрыя, графіка К.Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.
Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст.вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.
Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж. від інд.нар.т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталі гіст. асобы, барацьбіты за нац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.
Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.А.Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.
Літ.:
Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;
Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭАТР,
адна з форм літ.-драм.радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.
Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.Х’юза). У б.СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж.рас. радыё і ў Астанкіна.
На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.Ільінскага, «Канец дружбы» К.Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз.выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г.літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г.вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял.Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака. У 1960-я г.сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.Бур’яна і І.Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.Мележа, «Жураўліны крык» В.Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.Савіцкага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.Новікава, «Васіль Корж» С.Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.Лукшы, «Была вайна народная» А.Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.Мехава, «Каб узышло сонца» Р.Бакіевіча і А.Пётуха, «Праўда адна» А.Шлега, «Такая служба» А.Пінчука, «Званы Віцебска» У.Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.Куляшова «Хамуціус», Я.Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.Місько «Градабой», В.Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.Калошкі, «Вяртанне» У.Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).
З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.Коласа, «Адгукніся песняй» А.Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.Васілевіч, «Лацароні» Я.Маўра, «Гарачым летам» Ф.Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі, «Салдацёнак» Ч.Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Я.Глебаў, А.Залётнеў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, І.Любан, А.Мдывані, П.Падкавыраў, С.Палонскі, В.Помазаў, Р.Пукст, Л.Свердэль, А.Туранкоў, М.Чуркін.
Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.Алендэр, Т.Аляксеева, В.Анісенка, У.Багалюбскі, С.Гурыч, П.Данілаў, І.Лапцінскі, М.Троіцкая, С.Сцефановіч; акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Клімава, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, І.Шаціла, Р.Янкоўскі.
Літ.:
Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТА,
распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.