метадгеафіз. даследаванняў у буравых свідравінах, заснаваны на вымярэнні паскарэння сілы цяжару. Выкарыстоўваецца для вывучэння саставу горных парод і карысных выкапняў, вызначэння размяшчэння рудных цел і шчыльнасці горных парод, ціску і інш. Выконваецца з дапамогай спец.гравіметраў, якія апускаюць у свідравіны. Неабходныя звесткі аўтаматычна перадаюцца ў наземны пункт кіравання і рэгістрацыі праз інтэрвалы 50—70 м. Па выніках вымярэння будуюцца графікі змены паскарэння сілы цяжару, верт. градыента сілы цяжару і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЛЕ́АД ((Macleod) Джон Джэймс Рыкард) (6.9.1876, Клюні, Вялікабрытанія — 16.3.1935),
англійскі фізіёлаг. Вучыўся ва ун-тах г. Абердзін і г. Лейпцыг (Германія). У 1903—18 у ЗША; з 1918 праф. ун-та г. Таронта (Канада). Вывучаў функцыі дыхальнага цэнтра мозга, эксперым. гліказурыю, утварэнне малочнай к-ты, колькасць цукру ў крыві. Адкрыў інсулін (разам з Ф.Г.Бантынгам і Ч.Г.Бестам), распрацаваў метад яго выкарыстання для лячэння цукр. дыябету. Нобелеўская прэмія 1923 (разам з Бантынгам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧОЛАГАДАВА́ЛЬНІК,
спецыялізаваная гаспадарка, якая разводзіць пчол меданосных, вядзе селекцыйна-племянную работу па вывядзенні новых і паляпшэнні існуючых ліній і парод. Асн.метад — чыстапароднае развядзенне. Вядзецца пастаянны ўлік паходжання кожнай маткі, прадукцыйнасці пчаліных сем’яў, іх зімастойкасці і інш. Прадукцыя П. — плодныя маткі і пчолапакеты (4 гнездавыя рамкі з пчаліным расплодам, мёдам і плоднай маткай у спец. скрынцы), якімі забяспечваюцца пчолагадоўчыя гаспадаркі, фермы і аматарскія пчальнікі. На Беларусі вядучыя П. — Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРА́КЦЫЯ РЭНТГЕ́НАЎСКІХ ПРАМЯНЁЎ,
з’ява, што выяўляецца пры пругкім рассеянні рэнтгенаўскіх прамянёў крышталямі (або малекуламі вадкасцей і газаў), пры якім з першаснага пучка прамянёў узнікаюць другасныя адхіленыя пучкі той жа даўжыні хвалі.
Д.р.п. эксперыментальна выяўлена ням. фізікамі М.Лаўэ, В.Фрыдрыхам і П.Кніпінгам (1912) як доказ хвалевай прыроды рэнтгенаўскіх прамянёў. Крышталь з’яўляецца натуральнай трохмернай дыфракцыйнай рашоткай (адлегласці паміж атамамі аднаго парадку з даўжынёй хвалі λ); напрамак дыфракцыйных максімумаў у агульным выпадку падпарадкоўваецца ўмовам Лаўэ: a(cosα − cosα0) = hλ, b(cosβ − cosβ0) = kλ, c(cosγ − cosγ0) = lλ, дзе a, b, c — памеры крышт. рашоткі, α0, β0, γ0 — вуглы, што ўтварае падаючы прамень, α, β, γ — рассеяны прамень з восямі крышталя, h, k, l — цэлыя лікі (індэксы Мілера). Дыфракцыйную карціну назіраюць на нерухомым крышталі з выкарыстаннем поліхраматычнага выпрамянення (Лаўэ метад), пры вярчэнні або ваганнях крышталя, а таксама на полікрышталях пры асвятленні монахраматычным выпрамяненнем (гл.Дэбая—Шэрэра метад). Д.р.п. выкарыстоўваецца для даследаванняў атамнай структуры рэчыва, рашэння задач матэрыялазнаўства, у рэнтгенаўскай спектраскапіі. Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз, Рэнтгенаграфія матэрыялаў.
Літ.:
Иверонова В.И., Ревкевич Г.П. Теория рассеяния рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫ РАЗЛІ́К,
метад кіравання дзярж. прадпрыемствамі, засн. на ўліку выдаткаў вытв-сці, устанаўленні планавай даходнасці прадпрыемства; сістэма забеспячэння бясстратнай, прыбытковай работы вытв. звён гаспадаркі і іх адказнасці за сваю дзейнасць. Пры гаспадарчым разліку ўсе формы грамадскай уласнасці дазваляюць узгадняць існуючыя ў адзінстве супярэчлівыя інтарэсы асобных людзей і калектываў, дасягаць сац. справядлівасці. Гаспадарчы разлік як спецыфічная эканам. катэгорыя адлюстроўвае таварна-грашовыя сувязі паміж гасп.-разліковымі звёнамі, унутры іх, паміж імі і грамадствам. Гэта сувязі планамернай арганізацыі, уліку і кантролю за вытв-сцю і размеркаваннем сукупнага грамадскага прадукту, якія вызначаюць долю кожнага чалавека, вытв. калектыву або арг-цыі працоўных у яго стварэнні і размеркаванні. Дазваляюць улічыць і па магчымасці задаволіць інтарэсы асобы, калектыву і грамадства, уздзейнічаць на іх, кіраваць імі. Гаспадарчы разлік як метад гаспадарання характарызуюць прынцыпы самаакупнасці, самафінансавання, самакіравання, стымулявання, грашовага кантролю. Укараненне гэтых прынцыпаў у комплексе ёсць поўны гаспадарчы разлік. Гал. звяном гаспадарчага разліку з’яўляюцца вытв. прадпрыемствы (аб’яднанні), таваравытворцы, дзейнасць якіх падпарадкавана механізму рыначных адносін. Імі ахоплены як знешнія (гаспадарчы разлік прадпрыемстваў), так і ўнутрывытв. (унутрыгасп. гаспадарчы разлік) сувязі прадпрыемстваў. Практыка выкарыстання прынцыпаў гаспадарчага разліку пашыраецца і ў невытв. сферы. На аснове гаспадарчага разліку прадпрыемстваў ажыццяўляецца пераход на самакіраванне, самаакупнасць і самафінансаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛЯО́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла ў крышталях. Метадамі К., шырока даследуюцца мінералы, горныя пароды і інш. крышталічныя рэчывы (напр., гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).
Адна з асаблівасцей крышталяў — аптычная анізатрапія, з-за якой іх аптычныя ўласцівасці (паказчыкі пераламлення, аптычная актыўнасць, паглынальная здольнасць) розныя па розных напрамках. Гэта выяўляецца ў падвойным праменепраламленні, дыхраізме і інш. з’явах. У макраскапічнай К. рэчыва характарызуюць тэнзарамі дыэл. і магн. пранікальнасцей, эл.-праводнасці і аптычнай актыўнасці. У мікраскапічнай К. гэтыя ж велічыні звязваюцца з уласцівасцямі часціц, якія ўтвараюць крышталь, з іх узаемным размяшчэннем і ўзаемадзеяннем. Аптычныя канстанты (паказчыкі пераламлення і іх рознасці, агульная аптычная характарыстыка крышталя, сувязь аптычных і крышталеграфічных напрамкаў і інш.) для дыягностыкі крышт. рэчываў вызначаюцца ў шліфах ці асобных зернях (гл.Імерсійны метад) на спец. палярызацыйным мікраскопе. На Беларусі ў Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава распрацавана агульная тэорыя распаўсюджвання святла ў крышталях, дадзена рашэнне многіх прынцыповых задач.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Шубников А.В. Основы оптической кристаллографии. М., 1958;
Федоров Ф.И., Филиппов В.В. Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДЭЛЬШТА́М (Леанід Ісаакавіч) (4.5.1879, г. Магілёў — 27.11.1944),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. з 1928). Скончыў Страсбургскі ун-т (1902), дзе працаваў (з 1913 праф.). У 1918—22 у Адэскім політэхн. ін-це, з 1925 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1934 у Фіз. ін-це АНСССР. Навук. працы па оптыцы, радыёфізіцы, квантавай механіцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Разам з Р.С.Ландсбергам (незалежна ад інд. фізікаў Ч.Рамана і К.С.Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Сумесна з М.Дз.Папалексі стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей, што знайшло выкарыстанне ў геадэзіі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і лекцыйных курсаў па фізіцы. Прэмія імя У.І.Леніна 1931. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Полн. собр. трудов. Т. 1—5. М., 1947—55;
Лекции по теории колебаний. М., 1972;
Лекции по оптике, теории относительности и квантовой механике. М., 1972.
Літ.:
Академик Л.И.Мандельштам: К 100-летию со дня рождения. М., 1979;
Ливанова А.М., Ливанов В.А. «Вторая степень понимания»: Акад. Л.И.Мандельштам. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАІ́МАЎ (Іван Васілевіч) (8.3.1894, г. Анесі, Францыя — 2.12.1981),
рус. фізік, стваральнік навук. школы па фізіцы цвёрдага цела і нізкіх тэмператур. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1919 у навук. установах Петраграда, Харкава, Масквы. Навук. працы па фізіцы крышталёў, оптыцы і оптатэхніцы. Распрацаваў метад вырошчвання монакрышталёў з расплаваў, заклаў асновы нізкатэмпературнай спектраскапіі, сканструяваў шэраг спектральных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
О приложении френелевой дифракции для физических и технических измерений. М.; Л., 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАРБЦЫ́ЙНАЯ МІКРАСКАПІ́Я,
метадмікраскапіібіял. аб’ектаў, заснаваны на рэгістрацыі мікраспектрафатометрамі выбіральнага паглынання святла ўнутрыклетачнымі структурамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення, вызначэння канцэнтрацыі і вывучэння размеркавання ў клетках ці іх арганоідах бялкоў, нуклеінавых кіслот, стэроідаў, цытахромаў, гемаглабіну, некаторых вітамінаў, хларафілаў і інш. рэчываў, якім уласцівы спецыфічныя спектры паглынання. Магчымасці абсарбцыйнай мікраскапіі павялічваюцца пры выкарыстанні фарбавальнікаў, якія спецыфічна звязваюцца з рознымі рэчывамі клетак. Уласная і выкліканая (абумоўленая фарбавальнікамі) люмінесцэнцыя ўнутрыклетачных злучэнняў вызначаецца пры дапамозе люмінесцэнтнага мікраспектральнага аналізу і фотаметрычных зондаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮКЛО́ ((Duclaux) П’ер Эміль) (24.6.1840, г. Арыяк, Францыя — 3.5.1904),
французскі мікрабіёлаг і хімік. Чл. Парыжскай АН (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1862). Працаваў з Л.Пастэрам. З 1895 дырэктар Пастэраўскага ін-та. Навук. працы па біяхіміі. Даследаваў хім. састаў малака, малочнакіслае браджэнне, уздзеянне сычужнага ферменту, састаў і ўтварэнне розных сыроў. Прапанаваў метад вызначэння лятучых кіслот шляхам фракцыйнай перагонкі. Вывучаў з’яву осмасу і руху вадкасці ў капілярах. Адстойваў мікробную тэорыю хвароб. Аўтар 4-томнага твора «Мікрабіялогія» (1898—1901).