ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.

т. 4, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́СЬКАЎ КА́МЕНЬ,

помнік прыроды Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Аўгустова Валожынскага р-на Мінскай вобл., на схіле марэннай грады, у лесе. Валун сіеніту даўж. 3,9 м, шыр. 3,2 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11 м, аб’ём 21 м³, маса каля 56 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад з Пд Фенаскандыі. Памеры бачнай часткі Васькава каменя былі значна большыя да ўзрыву, якім у свой час спрабавалі разбурыць валун.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮЧЭ́НКА (Пётр Васілевіч) (н. 15.2.1959, г. Полацк),

бел. празаік, крытык. Канд. філал. н. (1985). Скончыў БДУ (1981). З 1984 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1979. Даследуе спадчыну класікаў бел. л-ры (Я.​Купалы, М.​Гарэцкага, А.​Мрыя і інш.), творчасць сучасных празаікаў і драматургаў. Выдаў манаграфіі «Драматургія і час» (1991), «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994), «Пошукі страчанага дзяцінства» (1995). Піша навелы і прыпавесці, казкі і апавяданні для дзяцей (зб. «Белы мурашнік», 1993).

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНЕ́ВІЧ (Павел Мікалаевіч) (28.10.1912, в. Новыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1996),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі ў 1934—40 і з 1941. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну летам 1941 абараняў Гомель, потым у партыз. атрадзе, з 1943 у Чырв. Арміі на фронце. Вызначыўся ў студз. 1945 у час прарыву абароны ворага на правым беразе Віслы. Пасля вайны старшыня калгаса ў Гомельскай вобл., у 1948—67 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГАМІ́СТР (ням. Bürgermeister),

1) выбарная асоба, якая ўзначальвала мясц. самакіраванне ў сярэдневяковых гарадах, дзе дзейнічала магдэбургскае права. У феад. гарадах Беларусі наз. бурмістр.

2) У час Вял. Айч. вайны на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі пад выглядам мясц. самакіравання ў гарадах і раёнах назначалі бургамістра з мясц. жыхароў і з асоб, якія прыбылі разам з акупантамі і супрацоўнічалі з імі.

3) У шэрагу краін Зах. Еўропы (Германія, Бельгія і інш.) — кіраўнік органаў мясц. самакіравання.

А.​М.​Літвін.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.

Праводзілася ў жн.кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.​Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.​Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.​Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.​Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.​Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГРЫ,

адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г. н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на У герм. кароль Атон I

заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫ ГУБЕРНА́ТАР,

вышэйшая службовая асоба ў губернях Расійскай імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў час ваеннага становішча. Прызначаўся імператарам, з 1846 яго мог прызначаць галоўнакамандуючы арміяй з наступным зацвярджэннем імператарам. Падпарадкоўваўся ген.-губернатару і галоўнакамандуючаму дзеючай арміяй. Нярэдка пасада ваеннага губернатара спалучалася з пасадай ген.-губернатара. Ваенны губернатар абавязаны быў ажыццяўляць нагляд за мясц. адміністрацыяй, падтрымліваць грамадскі парадак і бяспеку, падаўляць антыўрадавыя выступленні і сял. хваляванні, каардынаваць дзейнасць ваен. і цывільнай улад.

А.​У.​Марыскін.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРАМЕ́ЕЎ (Сяргей Фёдаравіч) (5.5.1923, с. Віндрэй Тарбееўскага р-на, Мардовія — 24.8.1991),

сав. ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1967). У Сав. Арміі з 1940. Удзельнік Вял. Айч. вайны. У пасляваенны час на камандных пасадах, у 1960—64 камандаваў танк. дывізіяй у Бабруйску. У 1984—88 нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. З сак. 1990 саветнік прэзідэнта СССР. Нар. дэпутат СССР і чл. Вярх. Савета СССР у 1989—91. Ленінская прэмія 1980.

т. 2, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВА (Марыя Аляксандраўна) (сапр. Броніна; 1897, в. Локшы, Віцебская вобласць — 28.4.1920),

адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля ў Бабруйску і Бабруйскім пав. ў гады грамадз. вайны і ваен. замежнай інтэрвенцыі. Чл. Бабруйскага падп. к-та КП(б)ЛіБ. Стварыла Ясеньскі раённы падп. к-т, які аб’ядноўваў 15 парт. ячэек у вёсках Бабруйскага пав. 25.4.1920 арыштавана польскімі акупантамі ў час павятовай падп. парт. канферэнцыі, што адбывалася на яе кватэры. Пасля катаванняў расстраляла разам з П.П.Фёдаравым. Яе імем названа вуліца ў Бабруйску.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)