уло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. (звычайна са словамі «ледзь», «ледзьве»). Малапрыкметны, слабы, невыразны. Ледзь улоўны пах лугавых траў. □ Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка. Столаначальнік адчуў ледзь улоўную іронію, сярдзіта паглядаў на пісца. Мехаў. Радасць, навеяная пісьмамі, змешвалася з усё больш улоўным пачуццём адзіноты, тым пачуццём, якога Паходня не любіў і стараўся пазбавіцца ў рабоце, у сустрэчах з людзьмі. Хадкевіч.
2. Спец. Які дае добры ўлоў. Улоўны год.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успаро́ць, успару, успораш, успора; зак., каго-што.
1. Падчапіўшы чым‑н. вострым, распароць, разрэзаць. Успароць мяшок. □ Бляшанку кансерваў разрэзалі, успаролі нажом, адкаркавалі і паўлітэрка. Сачанка.
2. Разм. Разбудзіць, падняць рана. [Сцяпан:] Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі... Сягоння яшчэ дасвета мяне мая ўспарола. Купала. // Узагнаць са свайго месца. [Пушкарэвіч:] — З-за вашага брата-рыбака ніводнай качкі сядзячай не возьмеш, усюды ўспоруць. Гурскі. Летась, успамінае Ульяна, такой парой, косячы, успаролі ў гэтым кутку ласіху. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
устро́іцца, устроюся, устроішся, устроіцца; зак.
1. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, пасаду. Кулік, які пераходзіў якраз на завочнае, прыняў на сябе ўсю віну і гэтым самым выратаваў таварышаў. Сам ён устроіўся ў школу, але адразу ж зрэзаўся з дырэктарам. Дамашэвіч.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы існавання. Устроіцца на кватэру. □ [Сцяпан Жыхар:] — А-а-а, Пятух... Не блага ўстроіўся... А я думаў, ты са мной адлучышся. Чарку зрабілі б... Пташнікаў. // Размясціцца, распалажыцца. Устроіцца спаць на канапе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаце́цца, хочацца; безас. незак., чаго, з інф. і са злучн. «каб».
Адчуваць патрэбу ў чым‑н., вельмі жадаць чаго‑н. Мне хацелася смяяцца І спяваць, і бегчы ўдалеч... Панчанка. Бацька дастаў торбачку з хлебам і салам. Адкроіў мне добрую лусту хлеба. Адрэзаў ладны кавалак сала. Усё гэта я ўмалоў, і яшчэ мне хацелася. Сабаленка.
•••
І хочацца і колецца — пра адначасовае адчуванне жадання і нерашучасці зрабіць што‑н.
На свет глядзець не хочацца гл. глядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хусці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш.-ласк. да хусціна; невялікая хустка. Як крылы белых чаек, трапечуць на галовах жанчын хусцінкі. Кандрусевіч. Валасы.. [дзяўчыны] густа выбіваліся з-пад сіняй хусцінкі, завязанай рагамі пад барадой. Чорны.
2. Тое, што і хустачка (у 2 знач.). Ён вымае мне са скрынкі Шоўкам вышыты кісет, Дзве квадратныя хусцінкі І малюсенькі пакет. Глебка. [Архіп] дастаў з кішэні чыстую хусцінку, загарнуў хлеб і паклаў у торбачку. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цуро́к, ‑рка, м.
1. Нешырокі струмень вады, вадкасці. З мяне на саматканы палавічок сцякалі цуркі вады. Грахоўскі. Барадаты рабочы, з цуркамі поту на поўным твары, адышоў ад хваіны. Гартны.
2. у знач. прысл. цурко́м. Струменем, бесперапынна (цячы, ліцца і пад.). Наташа адчувала, як па спіне цурком збягае пот. Асіпенка. Са стрэх лілося цурком; такога капяжу не было яшчэ ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. Полымя ажно хапае за пальцы, і воск цурком цячэ ў місу. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяля́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цяляці. Цялячае мяса. Цялячая скура. // Зроблены са скуры цяляці. Над плотам паказалася Есіпава галава ў вынашанай цялячай шапцы. Дуброўскі. // Прыгатаваны з мяса цяляці. Цялячая каўбаса. Цялячыя катлеты.
2. Такі, як у цяляці; падобны да таго, які бывае ў цяляці. Даваў пытанні тоўсты з цялячым выглядам старшы з жандармерыі. Нікановіч.
•••
Цялячае захапленне — занадта бурнае або беспрычыннае захапленне.
Цялячыя пяшчоты — празмерная або залішняя сентыментальнасць у праяўленні пачуццяў, ласкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чацвярту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Уст. Мера вагі ў чвэрць фунта. Ад асноў лічэбнікаў утвораны толькі два назоўнікі са значэннем колькасці або меры чаго‑н.: чацвяртушка (размоўн.), васьмушка (размоўн.). Граматыка.
2. Лісток паперы ў чвэрць ліста. Чацвяртушка паперы. □ У пакой зайшоў Буднік. Распранаючыся, ён дастаў з кішэні складзеную чацвяртушкай газету. Галавач.
3. Разм. Тое, што і чацвярцінка (у 2 знач.). [Перагуд:] Падай мне гэту слязу (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чо́рствы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і чэрствы. [Паўлюк] цяпер ішоў дадому, жаваў чорствую скарынку хлеба і думаў. Колас. Я ведаў, што ты — пацалунак, Ты — дружба і радасць, Ты — чорствага хлеба скарынка І сок вінаграда. Танк. Са смакам дзеці хлеб той елі, Акрайцы чорствыя да крошкі; А бацька, успомніўшы ляцелі, Сяброў скалечаных, бамбёжкі, Гатоў быў рушыць зноў дарогай, Дзе кроў праліў, пазнаў шпіталі, Каб дзеці хлеба больш такога Ў жыцці сваім павек не зналі. Непачаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмыг, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шмыгаць — шмыгнуць. [Тарас:] Пакуль я схапіў аўтамат, дык ён [Віткоўскі] гэтым часам шмыг у кусты і даў драла ў лес. Гурскі. Шустры жоўценькі клубок Шмыг са сцежкі пад дубок. Ад квактухі ён адстаў, Ціўкаць жаласна пачаў: — Памажыце, ціў-ціў-ціў, Маці родную знайсці. Галіноўская. Верабейчык — ціў-ціў-ціў! — Носам вострым пакруціў, Лапкай шоргнуў па суку, Крыллем пляснуў па баку І ў каноплі мігам — шмыг! Дзеружынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)