ме́ншы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.
2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.
3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.
•••
Па меншай меры гл. мера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Зрабіць поўным, запоўніць да верху. Сейбіты спрытна напоўнілі сеялку насеннем, і вось ужо агрэгат рушыў наперад. «Звязда». Бурмакоў сабраў узоры пяску, у некалькіх месцах адбіў кавалкі камяністых парод, напоўніў колбы паветрам і пайшоў да ракеты. Шыцік. // Заняць сабой поўнасцю. Ужо немцы напоўнілі .. сенцы, ужо білі ў дзверы другога паверха. Чорны. // Насыціць, запоўніць (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Прынясе бацька з сенцаў загадзя падрыхтаванае бярэмя духмянага сена, і адразу ўсю хату напоўніць водар скошаных траў і красак. Машара. Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом. Колас.
2. перан. Запоўніць, заняць цалкам (пра думкі, пачуцці і пад.). Прырода, вясна і маладосць напоўнілі .. [хлопцаў] жыццярадаснасць. Маўр. Тое, што .. [Булгак] тут убачыў, напоўніла яго сэрца радасцю з гордасцю. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. соп, сапла, ‑ло; незак.
1. Цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам. [Пракоп] моцна соп носам, аддаючыся сузіранню свайго жыцця. Колас. Ціха сапуць, сплючы, дзеці, і рэдка-рэдка ціхенька сакатне пад печчу курачка, паварушыцца там і змоўкне. Гарэцкі. Іван сапе, чырванее і, злаўчыўшыся, дае па шапцы Ваську. Лынькоў. / Разм. Пра з’явы прыроды. Рака па скалах хвалямі грукоча, Узмыленая, ярасна сапе. Панчанка. Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад снегу зямельцы снуе; Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст еіхраў спакойна заснуць не дае. Купала. // перан. Працуючы, пыхкаць, утвараць гукі з прысвістам (пра машыны, механізмы і пад.). Цягнік пыхкае параю і сапе. Скрыган. Сапуць мяхі ля горна. Зарыцкі.
2. Разм. Дзьмуць у што‑н. (звычайна пра дудку, жалейку). Сапці ў дудку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скары́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Цвёрды вонкавы слой хлеба, пірага і пад. Уліта Антонаўка занесла на стол гарачы пірог, .. накрыла ручніком, як пакрывала [хлебныя боханы], выняўшы іх з печы і абмыўшы румяную скарынку вадой. Шамякін. Свежы, з тоўстай бліскучай скарынкай быў хлеб. Мікуліч. «Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом. — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог». Панчанка. // Пра ежу, харч, сродкі для існавання. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. Цягаў мяшкі пукатыя Ён дзень у дзень, каб мець Скарынку, каб за хатаю Шчэ пачакала смерць. Панчанка.
2. Верхні зацвярдзелы слой чаго‑н. Захрабусцела пад лапцямі нечапаная скарынка снегавой цаліны. Крапіва. Пастукала [Маня] рыдлёўкай — не лезе ў грунт. Толькі верхнюю скарынку сяк-так знімае. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твань, ‑і, ж.
Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.
1. Спец. Замацоўваць што‑н. у адпаведным становішчы. Фіксаваць рэйку.
2. Адзначаючы, вылучаць, замацоўваць што‑н. у свядомасці, памяці і пад. Хвіліны ўтрапення, разгубленасці мінулі, і.. [Шыковіч] усё востра прыкмячаў, усё фіксаваў у памяці. Шамякін. // Адзначаць, замацоўваць з дапамогай запісу, фатаграфіі і пад. Выдаткаванне электраэнергіі фіксуе лічыльнік. □ Выхад з друку кожнага дыялектнага слоўніка трэба толькі вітаць, асабліва калі ён фіксуе яшчэ мала даследаваныя гаворкі. «Полымя».
3. Сканцэнтроўваць, накіроўваць. Фіксаваць увагу.
4. Канчаткова ўстанаўліваць, замацоўваць. Фіксаваць заработную плату.
5. Спец. Апрацоўваць якім‑н. рэактывам клеткі і тканкі жывых арганізмаў для кансервацыі іх структуры і хімічнага саставу. Фіксаваць тканку фармалінам.
6. У фатаграфіі — апрацоўваць фіксажам. Фіксаваць фотаплёнку.
7. Пакрываць фіксатывам. Фіксаваць малюнак.
8. Спец. Усмоктваць, засвойваць. Карэнні раслін фіксуюць глебавую кіслату.
[Ад фр. fixer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, у што, чым і без дап.
Разм.
1. Удараць, утвараючы стук. Вяха не лезла ў балота, хоць ты што. Цюкала пад вадой у нешта цвёрдае, як лёд. Пташнікаў. З двара зусім добра чуваць, як там цюкаюць сякеры. Брыль. // Рабіць што‑н., удараючы, стукаючы чым‑н. Міця сядзіць на дрывотні, асцярожна цюкае малатком па галоўцы патрона — каб вываліўся капсуль. Навуменка. Хведар, Дамецік, Грыбок у лесе не былі: з ранку цюкалі на выгане, рыхтавалі шулы. Мележ. Яна [Валянціна Міхайлаўна] цюкала каменем па падэшве, і падэшва крышылася і сыпалася на зямлю трухою. Васілевіч. / Пра птушак. Уверсе на яліне, пад якой сядзеў Алеська, цюкаў дзяцел. Хомчанка.
2. Біцца, пульсаваць (пра сэрца). Два родныя сэрцы, мацеры і сына, цюкалі ў грудзях. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАГАРА́З (Уладзімір Германавіч) (27.4.1865, г. Оўруч Жытомірскай вобл., Украіна — 10.5.1936),
этнограф, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў сістэм. вывучэння гісторыі, этнаграфіі, культуры і быту народаў Поўначы. За прыналежнасць да партыі «Народная воля» сасланы на Калыму (1890—98). З 1921 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1932 дырэктар Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АН СССР. Адзін са стваральнікаў пісьменнасці, фундаментальных прац па этнаграфіі і фальклоры народаў Поўначы; аўтар першых падручнікаў, слоўнікаў, граматыкі чукоцкай мовы, манаграфіі «Чукчы» (ч. 1—2, 1934—39). Пісаў вершаваныя і празаічныя творы пад псеўданімам Тан (кн. «Чукоцкія апавяданні», 1899; «Калымскія апавяданні», 1931; аповесці «Восем плямёнаў», 1902; «Дні волі», 1906; «Ахвяра дракона», 1909; раман «Уваскрэслае племя», 1935, і інш.). Творы Багараза вызначаюцца маст. дакладнасцю, жывой нар. мовай, сувяззю з фальклорам.
Літ.:
Кулешова Н.Ф. В.Г.Тан-Богораз. Мн., 1975.
т. 2, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАЎСКІ ЖАНО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р УШЭ́СЦЯ.
Існаваў у 1641—1918. Засн. 24.6.1641 Багданам Статкевічам ва ўрочышчы Барок каля в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. разам з цэрквамі Ушэсця Хрыста і Нараджэння Іаана Прадцечы. Першыя манашкі былі з Куцеінскага манастыра (каля Оршы), адкуль запазычаны і статут. У 1659 у манастыры з’явіўся цудатворны абраз Маці Божай. Да 1772 манастыр знаходзіўся пад юрысдыкцыяй кіеўскіх мітрапалітаў, потым падначалены магілёўскаму епіскапу. З-за таго, што будынкі падмываў Дняпро, у 1835 б.ч. манашак пераведзена ў Буйнічы, дзе напярэдадні быў адчынены жаночы манастыр. У 1901 Баркалабаўскі манастыр адноўлены, пры ім існавала аднакласная школа для дзяўчатак. Зачынены ў 1918, будынкі разбураны, абраз захаваўся. Першапачаткова ў Баркалабаве планаваўся мужчынскі манастыр св. Духа (1626), але з-за смерці яго фундатара Багдана Саламярэцкага не быў адкрыты.
А.А.Ярашэвіч.
т. 2, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУНЕПАДО́БНЫЯ (Perciformes),
самы шматлікі атр. касцістых рыб. Уключае 21 падатр., 150 сям., каля 1200 родаў, 6,5 тыс. марскіх і прэснаводных відаў (каля 40% ад агульнай колькасці ўсіх відаў рыб). У вадаёмах Беларусі 4 віды сям. акунёвых (акунь звычайны, судак, джгір звычайны, джгір-насар), па аднаму віду бычковых (бычок-пясчанік) і падкаменшчыкавых (падкаменшчыкі).
Даўж. 1 см—5 м, маса ад доляў грама да 900 кг. Маюць звычайна 2 спінныя плаўнікі з калючкамі; брушныя плаўнікі складаюцца з прамянёў (не болей як 6) і знаходзяцца пад груднымі або наперадзе іх. Плавальны пузыр не злучаны з кішэчнікам. Луска найчасцей ктэноідная. Ёсць шыпы на галаве, верхнія і ніжнія рэбры. Акунепадобныя з’явіліся ў верхнім меле, большасць сямействаў вядома з эацэну. Многія акунепадобныя — каштоўныя прамысл. рыбы, шэраг відаў разводзіцца ў акварыумах.
т. 1, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)