авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз.працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).
Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНЕТЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н,
1) у біялогіі — закон, паводле якога арганізм у індывід. развіцці (антагенезе) паўтарае ў скарочаным выглядзе некаторыя фазы гіст. (эвалюцыйнага) развіцця свайго віду (філагенез). Сфармуляваў ням. біёлаг Э.Гекель (1866) на аснове працы Ф.Мюлера (1864), таму біягенетычны закон часам называюць законам Мюлера—Гекеля. Закон пацвярджаецца наяўнасцю ў лічынак і зародкаў шматклетачных жывёл правізарных, а ў дарослых — рудыментарных органаў.
Паводле Гекеля эмбрыянальнае развіццё не заўсёды ўзнаўляе пачатковы шлях філагенетычнага развіцця, у ім могуць быць прагрэсіўныя адхіленні з’яў адаптацыі (цэнагенезы) у адрозненне ад кансерватыўных прыкмет і працэсаў — палінгенезаў. Больш познія даследаванні паказалі, што эвалюцыя арганізмаў адбываецца на аснове спадчынных змен любых стадый антагенезу (тэорыя філэмбрыягенезу А.М.Северцава), філагенез ёсць генетычны рад вядомых антагенезаў, а біягенетычны закон — прыватны выпадак спалучэнняў анта- і філагенезу.
2) У псіхалогіі і педагогіцы — мех. перанясенне біягенетычнага закону з прыроды на чалавечае грамадства, спроба растлумачыць псіхічнае развіццё дзіцяці як працэс, асобныя ступені якога з’яўляюцца паўтарэннем асн. ступеняў гіст. развіцця псіхікі чалавецтва. Пры гэтым сцвярджаецца, што ў антагенезе дзіцячай псіхікі ўзнаўляюцца асн. стадыі біял. эвалюцыі і этапы культ.-гіст. развіцця чалавецтва (амер. псіхолагі Дж.Болдуін, С.Хол, ням. К.Бюлер і В.Штэрн, рус. П.П.Блонскі і інш.). Гл. таксама Узроставая псіхалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫН (сапр.Каляда) Павел Восіпавіч
(15.1.1900, г. Бяроза Брэсцкай вобл. — 25.4.1938),
гісторык, дзярж. дзеяч БССР. Акад.АНБССР (1931), д-ргіст.н. (1934). Скончыў Камуніст.ун-т імя Свярдлова (1921), Ін-тчырв. прафесуры (1925). Удзельнік грамадз. вайны. З 1925 вучоны сакратар Т-ва гісторыкаў-марксістаў, правадз. член і нам. дырэктара Ін-та гісторыі Камуніст. акадэміі, нам. рэдактара час. «Пролетарская революция», чл. рэдкалегіі час. «Историк-марксист», старшыня Т-ва палітэмігрантаў Зах. Беларусі. З 1931 прэзідэнт АНБССР, дырэктар Ін-та гісторыі АНБССР. З 1936 нам. старшыні К-та па загадванні вучонымі і навуч. ўстановамі ЦВКСССР, заг. кафедры Маскоўскага ун-та, рэдактар аддзела гісторыі Вял.Сав. Энцыклапедыі. Чл.ЦККП(б)Б і канд. у чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1932—36. Чл.ЦВКСССР (1935). Чл.ЦВК і Прэзідыума ЦВКБССР у 1931—36. Аўтар прац па гісторыі Саветаў і Кастр. рэвалюцыі, рэдактар твораў У.І.Леніна на бел. мове. Як вучань М.М.Пакроўскага, адстойваў погляды яго школы. На працы Горына ўплывалі распаўсюджаныя ў 1920-я г. ідэі вульгарнага сацыялагізму і спрашчэнні. Арыштаваны ў жн. 1937, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1820—1915 у Гродне. Друкавала афіцыйныя матэрыялы, а таксама па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры Беларусі, маст. творы і інш. З 1838 друкавала газ.«Гродненские губернские ведомости», у 1858—1915 «Адрас-каляндар і даведачную кніжку Гродзенскай губерні», у 1880—1914 «Агляд Гродзенскай губерні», у 1890—1906 «Памятную кніжку Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў». Усяго выдала больш за 200 друкаваных адзінак, каля 150 назваў кніг. Зачынена ў сувязі з акупацыяй Гродна герм. войскамі.
Былі выдадзены паэма «Тарас на Парнасе» (1896, на бел. мове), працы «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» М.А.Дзмітрыева (1868), «Апісанне горада Слоніма» М.Г.Мілакоўскага (1891), «Матывы вясельных песень пінчукоў» М.В.Доўнар-Запольскага (1893), «Горад Брэст-Літоўск і яго старажытныя храмы» Л.С.Паеўскага (1894), «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» А.Я.Багдановіча (1895), «Кароткі гістарычны нарыс Гродзенскай губерні за сто гадоў яе існавання, 1802—1902» Л.Саланевіча (1901), «Гістарычны нарыс Гродзенскай губерні ў ваенна-палітычных адносінах за першыя сто гадоў яе існавання (1802—1902)» У.С.Манасеіна (1902), «Гродзенская даўніна. Ч. 1. Гор. Гродна» (1910) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМ (Grimm),
нямецкія філолагі, браты. Ураджэнцы г. Ганаў (Германія). Якаб (4.1.1785 — 20.9.1863) і Вільгельм (24.2.1786 — 16.12.1859). Прафесары Гётынгенскага і Берлінскага ун-таў. Члены Прускай АН (1841). Юрыд. адукацыю атрымалі ў Марбургу. Блізкія да ням. рамантыкаў, апублікавалі сярэдневяковыя тэксты «Пра старанямецкі майстаргезанг» (1811), «Бедны Генрых» (1815), «Рэйнеке-Ліс» (1834) і інш. Правялі вял. работу па збіранні і выданні ням. казак і паданняў («Дзіцячыя і сямейныя казкі», т. 1—2, 1812—15; «Нямецкія паданні», т. 1—2, 1816—18), што ўвайшлі ў скарбніцу сусв. л-ры і спрыялі фарміраванню жанру літ. казкі. Заснавальнікі міфалагічнай школы ў фалькларыстыцы, у даследаваннях карысталіся параўнальна-гіст. метадам («Германскія гераічныя казанні», 1829; кн. Якаба Грыма «Нямецкая міфалогія», 1835). Для распрацоўкі пытанняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства і вывучэння гісторыі ням. мовы вял. значэнне мелі лінгвістычныя працы Якаба Грыма «Нямецкая граматыка» (т. 1—4, 1819—37), «Гісторыя нямецкай мовы» (т. 1—2, 1848). Разам з братам выдаў (з 1852) першыя 4 т. фундаментальнага слоўніка ням. мовы, які стаў асновай ням. філалогіі (выд. скончана ў 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШАЛЕ́СКІ (Сяргей Мікалаевіч) (1.11.1874, г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.1.1958),
бел. савецкі эпізаатолаг. Акад.АН Беларусі (1928), праф. (1924), ганаровы чл. УАСГНІЛ (1956). Засл. дз. нав. Расіі (1940). Скончыў Варшаўскі вет.ін-т (1899). Да 1906 працаваў земскім ветурачом у Віцебскай губ. і Закаўказзі. У 1906—27 у вет.н.-д. установах і ВНУ Расіі. У 1928—30 у Віцебскім вет. ін-це, з 1931 у вет. ін-тах Казахстана і Масквы. Навук.працы па тэарэт. і практычных пытаннях барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл, у т. л. з чумой, сібірскай язвай, рожай, туберкулёзам, бруцэлёзам, запаленнем лёгкіх буйн. раг. жывёлы, паратыфам цялят і інш. Выявіў узбуджальніка інфекц. энцэфаламіэліту коней. Работы Вышалескага па вывучэнні сапу коней сталі асновай для арганізацыі ў СССР мерапрыемстваў па ліквідацыі гэтай інфекцыі. Дзярж. прэмія СССР 1941. Устаноўлены Залаты медаль імя Вышалескага, стыпендыя яго імя для студэнтаў Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Імя Вышалескага прысвоена Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі.
Тв.:
Частная эпизоотология. 2 изд. М., 1948;
Избр. труды. М., 1977.
Літ.:
Библиогр. указ. литературы акад. С.Н.Вышелесского (к 100-летию со дня рождения). Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб навукі, тэхнікі, культуры. На Беларусі ствараецца шматузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі (гл.Вышэйшыя навучальныя ўстановы). Яна дазваляе пашырыць магчымасці вышэйшай школы ў забеспячэнні культ.-адукац. запатрабаванняў асобы і грамадства; павысіць гнуткасць агульнаадук., навук. і прафес. падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрабаванняў эканомікі і рынку працы; стварыць умовы для больш поўнага забеспячэння падрыхтоўкі моладзі па кірунках, што адпавядаюць яе здольнасцям і інтарэсам. Шматузроўневая сістэма заснавана на прынцыпах дзярж. палітыкі ў галіне адукацыі, вызначаных законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) і міжнар. стандартнай кваліфікацыяй, прынятай ЮНЕСКА. Структура гэтай сістэмы мае 2 узроўні: 1-ы ўзровень (падрыхтоўка спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, тэрмін навучання 4—5 гадоў) складаецца з 2 ступеняў. Першая ступень — 2 гады навучання, дае студэнту базавую падрыхтоўку (агульную гуманітарную, агульную навук. і пэўны аб’ём прафесійнай); 2-я ступень — працяг навучання 2—3 гады, дае прафес. падрыхтоўку па спецыяльнасці разам з дадатковай гуманітарнай і навук., у т. л. па праграме бакалаўрыята (гл.Бакалаўр). 2-і ўзровень (тэрмін навучання 1—2 гады) прадугледжвае спецыялізаваную (паглыбленую) падрыхтоўку спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці, падрыхтоўку магістраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЗА́ТАЎ (Расул Гамзатавіч) (н. 8.9.1923, с. Цада Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварскі паэт.Нар. паэт Дагестана (1959). Герой Сац. Працы (1974). Сын Г.Цадаса. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1950). Друкуецца з 1937. Першы паэт. зборнік «Любоў натхнёная і гнеў вогненны» (1943) прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. Аўтар зб-каў «Нашы горы» (1947), «Год майго нараджэння» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Дагестанская вясна» (1955), «У гарах маё сэрца» (1959), «Высокія зоркі» (1962, Ленінская прэмія 1963), «І зорка з зоркаю гаворыць» (1964), «Пацеркі гадоў» (1968), «Востраў жанчын» (1983), «Кола жыцця» (1987), паэм «Размова з бацькам» (1953), «Гаранка» (1958), лірычнай аповесці «Мой Дагестан» (кн. 1—2, 1967—71), кн. «Вершы і паэмы» (1974), «Сказанні» (1975) і інш. Творчасць Гамзатава, прасякнутая любоўю да роднай зямлі, адлюстроўвае жыццё горцаў, іх духоўны свет, звычаі. Яна адметная нац. каларытам, высокім лірызмам, нар. гумарам. На бел. мову творы Гамзатава перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, А.Бачыла, А.Грачанікаў, С.Грахоўскі, А.Лойка, Я.Сіпакоў, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАГЛЯ́Д (Харытон Сцяпанавіч) (11.10.1898, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.5.1985),
бел. вучоны ў галіне агульнай і сан. ветэрынарыі. Акад.АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук БССР (1957—61), д-рвет.н., праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі вет.-зоатэхн. ін-т (1925). У 1933—60 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та (у 1941—44 у Троіцкім вет. ін-це, Чэлябінская вобл.), адначасова ў 1950—54 дырэктар Бел.НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі, з 1956 заг. аддзела, нам. дырэктара, з 1971 навук. кансультант Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага. Навук.працы па вет.-сан. экспертызе, мікрабіялогіі, эпізааталогіі, паталаг. анатоміі, вет. санітарыі і гігіене, хваробах і санітарнай ацэнцы рыб. Распрацаваў метад гетэрагеннага донарства ў жывёлагадоўлі і апарат для абеззаражвання мяса пры прамысл. перапрацоўцы. Прапанаваў метады вызначэння прыроды жоўцевых пігментаў у мясе, альдэгідаў у тлушчах. Залаты медаль імя М.І.Вавілава.
Тв.:
Болезни и вредители рыб. Мн., 1955;
Трихинеллез сельскохозяйственных животных и его профилактика. Мн., 1959;
Болезни диких животных. Мн., 1971;
Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии переработки продуктов животноводства. 2 изд. М., 1981 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ ((Gautier) Тэафіль) (30.8.1811, г. Тарб, Францыя — 23.10.1872),
французскі пісьменнік і крытык. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Удзельнік парыжскіх літ.-маст. гурткоў, натхняльнік літ. групы «Парнас». У прадмовах да паэмы «Альбертус» (1832) і рамана «Мадэмуазель дэ Мапэн» (1835—36) выступіў супраць утылітарызму ў мастацтве, даў абгрунтаванне тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва». Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1830), «Камедыя смерці» (1838), «Іспанія» (1845), «Эмалі і камеі» (1852), раманаў «Кароль Кандоль» (1844), «Жан і Жанета» (1850), «Раман муміі» (1858), фантаст. аповесцей і апавяданняў («Ноч, падараваная Клеапатрай», 1845; «Мілітона», 1847, і інш.), падарожных нататкаў, у т. л. «Падарожжа ў Расію» (1867). Для яго твораў характэрна сувязь з мастацтвам (з жывапісам і пластыкай у паэзіі, з т-рам у рамане «Капітан Фракас», т. 1—2, 1861—63), выкарыстанне фантастыкі для стварэння «звышнатуральнага» свету і асяроддзя, да якога імкнецца герой, пастаўлены ў рэальныя ўмовы зямнога існавання. Крытычныя працы — «Гратэскі» (1844; пра франц. паэтаў 15—17 ст.), «Гісторыя рамантызму» (выд. 1874). Нарыс пра жыццё і творчасць Ш.Бадлера.