ЛОДКАПАДО́БНЫХ СЯКЕ́Р КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі позняга неаліту (каля 2500—2000 да н. э.) на тэр. Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, в-ве Борнхальм і ўсх. дацкіх астравах, адна з адзінкавых пахаванняў культур. Назва ад характэрнага тыпу зброі — каменных сякер у форме перавернутай лодкі. Вядома ў асн. па пахаваннях. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы разам з керамічным посудам, арнаментаваным шнуравым і грабеньчатым штампам, свідраванымі каменнымі сякерамі і інш. прыладамі.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ТАЦЬ (Caltha),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі — Л. балотная (C. palustris, нар. назвы лота, латацень, жоўты кураслеп, мядзведжая лапка). Трапляецца на забалочаных лугах, у алешніках, вадзе.

Шматгадовыя травы з тоўстым, уверсе галінастым сцяблом. Лісце цэласнае, сэрца або ныркападобнае. Кветкі жоўтыя ці белыя з простым калякветнікам. Плод — шматлістоўка. Некат. віды ядавітыя. Лек., фітанцыдныя і дэкар. расліны.

Лотаць балотная.

т. 9, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОХ, джыда,

пшат (Elaeagnus),

род кветкавых раслін сям. лохавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі інтрадукаваны Л. вузкалісты (E. angustifolia), парасонавы (E. umbellata), серабрысты (E. argentea), усходні (E. orientalis).

Лістападныя або вечназялёныя дрэвы ці кусты. Лісце эліптычнае да лінейнага, шэра-зялёнае, часта знізу серабрыстае. Кветкі палігамныя, невял., духмяныя. Плод — касцянкападобны, пераважна ядомы. Лек., камедзяносныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Лох усходні.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́ШЧА,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Вісліца, на аўтадарозе Лагішын—Ганцавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на Пн ад горада і чыг. ст. Пінск, 215 км ад Брэста. 520 ж., 248 двароў (1999). Станцыя тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў акц. т-ва «Прыпяць—Лада». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Аляксандра Неўскага царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

узнікненне намагнічанасці ў крышталях пры змяшчэнні іх у эл. поле. Вызначаецца формулай I = aE, дзе I — намагнічанасць, E — напружанасць эл. поля, α — каэфіцыент прапарцыянальнасці. Прадказаны Л.Д.Ландау і Я.М.Ліфшыцам (1957), эксперыментальна адкрыты ў 1960. Назіраецца ў магнітаўпарадкаваных крышталях (антыфера-, феры- і ферамагнетыках). Макс. значэнне каэфіцыента α для аксіду хрому Cr2O3 каля 2∙10​−6 A/B. Існуе і адваротны эфект — узнікненне эл. палярызацыі пры змяшчэнні крышталя ў магн. поле.

т. 9, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗА́РЫ-ШАРЫ́Ф,

горад на Пн Афганістана. Адм. ц. правінцыі Балх. Вядомы з канца 15 ст. Каля 150 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харч., металаапрацоўчая. Велазборачны і хім. з-ды. Рамёствы (дываны, скуры, метал. вырабы). Гандаль каракулем, збожжам, фруктамі. Музей «Бактар» (выяўл. мастацтва). Месца паломніцтва мусульман-шыітаў да мяркуемай магілы халіфа Алі з комплексам будынкаў 15 ст. (мячэць, медрэсэ, мінарэт, маўзалей; рэстаўрыраваны ў 19—20 ст.).

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙСЕН, Мейсен (Meissen),

горад на У Германіі, зямля Саксонія. Засн. ў 929. Каля 40 тыс. ж. (1997). Порт на р. Эльба. Прам-сць: энергамаш.-буд., эл.-тэхн., гарбарна-абутковая, тэкст., піваварная. Старэйшы ў Еўропе фарфоравы з-д (вытв-сць Майсенскага фарфору). Вытв-сць фарбаў для керамікі. У наваколлі — здабыча высакаякасных глін, у т. л. кааліну. Музей фарфору. Комплекс гатычнага сабора (13—15 ст.) і замка (15 ст.) на скале над Эльбай.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,

паўднёвая частка Малайскага архіпелага, пераважна ў складзе Інданезіі. Уключаюць астравы: Балі, Ветар, Камода, Ламбок, Ламблен, Сумба, Сумбава, Тымор, Флорэс і інш. Агульная пл. 128 тыс. км². Даўж. каля 1300 км. Абмываюцца Індыйскім ак. і морамі Балі, Флорэс, Банда, Саву, Тыморскім. Рэльеф у асноўным горны, шмат вулканаў (выш. да 3726 м, вулкан Рынджані). Клімат субэкватарыяльны мусонны. Лістападныя трапічныя лясы і саванны. Вырошчваюць рыс, вострапрыпраўныя расліны, какосавыя пальмы. Рыбалоўства.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДЗВІ́ЛАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Любанскім р-не Мінскай вобл., каля в. Мардзвілавічы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі жоўтыя, шэрыя, дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з праслоямі і лінзамі жвірыстага пяску і марэннага супеску. Разведаныя запасы 10,5 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—14,3 м, ускрышы (тонкія пяскі, супескі) 0,2—5,9 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сілікатабетону. Распрацоўваецца Любанскім камбінатам будматэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМАВІ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мармавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 14,5 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых верхнедэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб 2400—2750 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя даламіты. Агульныя запасы нафты 16,5 млн. т. Нафта лёгкая, маласярністая і сярністая, маласмалістая, парафінавая.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)