ГНАЦЮ́К (Уладзімір Міхайлавіч) (9.5.1871, в. Веляснёў Цярнопальскай вобл., Украіна — 6.10.1926),
украінскі фалькларыст, этнограф. Акад.АН Украіны (1924), чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Скончыў Львоўскі ун-т (1898). З 1898 — сакратар Навуковага т-ва імя Шаўчэнкі. Адзін з рэдактараў «Літературно-наукового вістника», «Етнографічного збірника» і інш. Выступаў з публікацыямі па мовазнаўстве, дыялекталогіі, літаратуразнаўстве, гісторыі матэрыяльнай культуры. Прыхільнік параўнальна-гіст. метаду ў фалькларыстыцы. Пачынальнік сістэматызаванага выдання фалькл. і этнагр. матэрыялаў, у т. л.фалькл. зб-каў «Галіцка-рускія анекдоты» (1899), «Галіцка-рускія народныя легенды» (т. 1—2, 1902—03), «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07), «Калядкі і шчадроўкі» (т. 1—2, 1914), «Украінскія народныя байкі» (т. 1—2, 1916) і інш. Аўтар даследавання «Этнаграфічныя матэрыялы з Угорскай Русі» (т. 1—6, 1897—1911), рэцэнзій на працы С.Малевіча, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, прысвечаных бел. фальклору і этнаграфіі, на кнігу Я.Ф.Карскага «Беларусы» (1905).
Тв.:
: Вибрані статті про народну творчість. Київ, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЎ (Канстанцін Васілевіч) (25.9.1904, в. Лінёва Ніжагародскай вобл., Расія — 26.7.1988),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад.АН Беларусі (1938). Засл. дз. нав. і тэхн.БССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1930). У 1938—47 прэзідэнт АН Беларусі, у 1947—49 дырэктар Фізіка-тэхн. ін-та, у 1969—73 віцэ-прэзідэнт, в.а. акадэміка-сакратара Аддз. фізіка-тэхн. навук АН Беларусі. Навук.працы па структурных ператварэннях металаў і сплаваў. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў і мадыфікавальных дамешак на працэс крышталізацыі і ўласцівасці высокатрывалага чыгуну, уплыў алюмінію, тытану, малібдэну, вальфраму і ванадыю на фазавы састаў, структуру і ўласцівасці гарачатрывалых сплаваў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Кинетика и механизм разупрочнения некоторых стареющих сплавов (разам з Р.Л.Тафпенец) // Кинетика и механизм кристаллизации. Мн., 1973;
Фазовые равновесия в сплавах Fe—Cu и Fe—C—Cr (разам з Л.А.Шаўчуком) // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́МШЫ ((Gramsci) Антоніо) (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),
італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл.Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян.Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працыКамуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения. М., 1980.
Літ.:
Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА-ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ (ГДК),
гігіенічны нарматыў, які рэгламентуе забруджванне навакольнага асяроддзя хім. ці радыеактыўным рэчывам і забяспечвае бяспечныя ўмовы жыцця і працы чалавека. Вызначаецца максімальнай колькасцю шкоднага рэчыва (у міліграмах) у адзінцы аб’ёму (паветра, вады ці інш. вадкасці) або масы (напр., харч. прадуктаў), якая пры штодзённым уздзеянні на арганізм на працягу неабмежавана працяглага часу не выклікае паталагічных змен ці захворванняў.
Для высокакумулятыўных рэчываў прадугледжана рэгламентацыя максімальных, разавых і сярэднязменных ГДК у паветры вытв. памяшканняў, сярэднясутачных і максімальных разавых ГДК у паветры населеных пунктаў. Узроўні ГДК аднаго і таго ж рэчыва розныя для розных аб’ектаў навакольнага асяроддзя, напр., для свінцу і яго арган. злучэнняў у вадзе вадасховішчаў гаспадарча-пітнога і культ.-быт. прызначэння ГДК — 0,005 мг/л, у паветры рабочай зоны вытв. памяшканняў — 0,01 мг/м³, у атмасферы — 0,007 мг/м³.
Літ.:
Беспамятнов Г.П., Кротов Ю.А. Предельно допустимые концентрации химических веществ в окружающей среде. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТЭВАЛЬ ((Grotewohl) Ота) (11.3.1894, г. Браўншвайг, Германія — 21.9.1964),
нямецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Акадэміі імя Лейбніца ў Гановеры (1924—26), Берлінскім ун-це (1926—30). З 1912 чл.Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Дэп. ландтага (1920—25), міністр унутр. спраў, міністр нар. адукацыі (1920—22), міністр юстыцыі (1922—24) зямлі Браўншвайг. Дэп. рэйхстага (1925—33). У час нацысцкай дыктатуры пазбаўлены дэпутацтва, за ўдзел у нелегальным антыфаш. руху арыштаваны ў 1938 і 1939. У 1945 удзельнічаў у аднаўленні СДПГ ва Усх. Германіі, старшыня яе ЦК (1945—46). Пасля аб’яднання СДПГ з усх.-герм. камуністамі ў Сацыяліст. адзіную партыю Германіі сустаршыня партыі (разам з В.Пікам; 1946 — 54), чл. Палітбюро яе ЦК (з 1949). Першы прэм’ер-міністр Герм.Дэмакр. Рэспублікі (ГДР, з 1958 старшыня СМ) у 1949—64, у 1960—64 таксама нам. старшыні Дзярж. савета рэспублікі. Тройчы Герой Працы ГДР (1954, 1959, 1964).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв. (1945—1960 гг.). М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сымонавіч) (2.2.1902, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 25.7.1945),
бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, літаратар. Скончыў мед.ф-т Пазнанскага ун-та. Працаваў у клініках Познані, Хорашча (Беластоцкае ваяв.), Вільні. Быў чл.Бел.нац.к-та, Бел. навук, т-ва. У 1931—36 віцэ-старшыня ЦКБел. хрысціянскай дэмакратыі. Друкаваўся ў час. «Студэнцкая думка», «Калоссе», газ. «Беларуская крыніца» і інш. Аўтар працы «Народ», кн. «Аб тэатры» (абедзве 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936). Праца Грынкевіча «Асвета» (1936) была канфіскавана, а аўтар арыштаваны польск. ўладамі. Пераклаў з лац. мовы на бел.кн. «Следам за Хрыстом» Т.Кэмпійскага. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у рабоце Віленскага бел.нац.к-та, супрацоўнічаў у газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Беларускі студэнт». У 1944 арыштаваны, 18.5.1945 ваен. трыбуналам Бел.-Літ.ваен. акругі прыгавораны да расстрэлу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯУ́РАЎ (Нікалай) (н. 13.9.1929, г. Велінград, Балгарыя),
балгарскі спявак (бас); адзін з буйнейшых сучасных оперных спевакоў. Нар.арт. Балгарыі (1962). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Сафійскай, Ленінградскай і Маскоўскай (скончыў у 1955) кансерваторыях. Спяваў у Сафійскай нар. оперы (з 1956), у Вял. т-ры ў Маскве (1957—58), у Венскай, Парыжскай операх, Балонскім оперным т-ры. З 1961 саліст т-ра «Ла Скала». Асаблівае месца ў яго творчасці займае італьян. і рус. оперны рэпертуар. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно; «Мефістофель» А.Бойта), Даланд («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Гран пры Міжнар. конкурсу спевакоў у Парыжы (1955) і Франц. акадэміі грампласцінак імя Ш.Кро (1972). Дзімітроўская прэмія 1959, 1966.
Літ.:
Абаджиев А. Николай Гяуров. М., 1984;
Бикс Р. Н.Гяуров в големия театър на идеите. София, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖКІН (Мікалай Апанасавіч) (14.12.1905, в. Гарохаўка Бранскай вобл., Расія — 27.4.1993),
бел. вучоны-міколаг і фітапатолаг. Акад.АН Беларусі (1962, чл.-кар. 1950), Акадэміі с.-г.н. (1959—61), д-рс.-г.н. (1934), праф. (1933). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў БСГА (1927). З 1948 дырэктар Ін-та біялогіі АН Беларусі, з 1959 дырэктар Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва, заг. лабараторыі імунітэту, у 1976—77 заг. лабараторыі ніжэйшых раслін Ін-та эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук.працы па вывучэнні біялогіі і відавога складу ўзбуджальнікаў вірусных хвароб збожжавых і бабовых культур, бульбы, таматаў і інш., агратэхн. метадах барацьбы з узбуджальнікамі раку бульбы, яе хваробамі і шкоднікамі. Адзін з аўтараў сартоў бульбы Лошыцкі, Кандыдат, Агеньчык, Тэмп, Беларускі ранні, Паўлінка і інш.Дзярж. прэмія СССР 1974.
М.А.Дарожкін.
Тв.:
Фитофтороз картофеля и томатов. Мн., 1976 (у сааўт.);
Болезни бобовых культур. Мн., 1978 (у сааўт.);
Болезни картофеля. Мн., 1979 (разам з С.І.Бельскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
грашовыя паступленні ад вытворчай і невытворчай дзейнасці за вылікам затрат на яе ажыццяўленне. Крыніца фарміравання даходаў — выручка ад рэалізацыі прадукцыі асн. вытв-сці, а таксама ад выканання работ і аказання паслуг паза вытв-сцю, якія аплачаны пакупніком і заказчыкам. Крыніцай пазарэалізацыйных даходаў служаць дывідэнды на ўкладзеныя паі, набытыя акцыі і інш. каштоўныя паперы, а таксама штрафы, атрыманыя ад контрагентаў, і інш. непланавыя даходы. Адрозніваюць таксама валавы і гасп.-разліковы Д.п. Валавы Д.п. вызначаецца як розніца паміж аб’ёмам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і паслуг і велічынёй матэрыяльных і прыраўнаваных да іх затрат (амартызацыйных адлічэнняў і адлічэнняў органам сац. страхавання). Частка валавога даходу па ўстаноўленых нарматывах накіроўваецца ў дзярж. бюджэт, вышэйстаячай арг-цыі, банку у форме платы працэнтаў за карыстанне пазык. Астатняя частка выступае як гасп.-разліковы даход, г.зн. даход, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства. Гасп.-разліковы даход з’яўляецца крыніцай і паказчыкам для ўтварэння па вызначаных нарматывах фондаў развіцця вытв-сці, навукі, тэхнікі, фонду сац. развіцця і фонду аплаты працы.
бел. вучоны-фізіёлаг. Акад.АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1972), д-рбіял.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1954). З 1957 вучоны сакратар, з 1960 нам. дырэктара, адначасова (з 1970) заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН Беларусі. З 1973 Гал. вучоны сакратар Прэзідыума АН Беларусі, у 1978—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Навук.працы па вывучэнні ўздзеянняў гравітацыі і вібрацыі на арганізм чалавека і жывёлы. Выявіў структурна-функцыян. арганізацыю некат. саматычных і вегетатыўных рэакцый арганізма на ўздзеянне дынамічных фактараў, вызначыў некат. механізмы ўзнікнення і развіцця гэтых рэакцый. Даследаваў ролю мацярынскага арганізма пры адаптацыі эмбрыёна і плода да пастаяннага ўздзеяння паскарэння і вібрацыі і механізмы фарміравання ў эмбрыягенезе і антагенезе кампенсаторных нейрагумаральных рэакцый арганізма на ўздзеянне гэтых фактараў.
Тв.:
Лабиринтные и экстралабиринтные механизмы некоторых соматических и вегетативных реакций на ускорение. Мн., 1969.