ПАВЕТРАПАДАГРАВА́ЛЬНІК,
цеплаабменны апарат для награвання паветра, якое праходзіць праз яго. Выкарыстоўваецца ў сістэмах паветранага ацяплення, прыточнай вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра, у кацельных устаноўках цеплавых электрастанцый, у прамысл. пячных агрэгатах і інш. У П. для ацяплення і вентыляцыі паветра падаграваецца з дапамогай каларыфераў гарачай вадой ці парай (найб. пашырана), а таксама гарачым газам і эл. токам. П., што выкарыстоўваюцца ў прам-сці, падзяляюцца на рэгенератары і рэкуператары.
т. 11, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ЛЖА,
тэрыторыя, якая прылягае да сярэдняга і ніжняга цячэння р. Волга і эканамічна звязаная з ёю. У межах П. вылучаюць прыўзнятае правабярэжжа (з Прыволжскім узвышшам) і нізіннае левабярэжжа, т. зв. Заволжа. Да П. часам адносяць таксама раёны, якія знаходзяцца ў верхнім цячэнні Волгі (ад яе вытокаў да вусця р. Ака). Пры эканам. раянаванні ў П. ўключаюць Калмыкію, Татарстан, Астраханскую, Валгаградскую, Пензенскую, Самарскую, Саратаўскую і Ульянаўскую вобл.
т. 11, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для падымання і перамяшчэння грузаў і людзей на адносна невялікія адлегласці. Падзяляюцца на грузападымальныя машыны, пагрузачна-разгрузачныя машыны і транспартавальныя. Бываюць перыяд. дзеяння (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, ліфты, пагрузчыкі, фунікулёры, дамкраты, лябёдкі, талі і інш.) і бесперапыннага (канвееры, ральгангі, транспарцёры, элеватары, эскалатары, прыстасаванні гідраўлічнага транспарту і пнеўматычнага транспарту). Да П.-т.м. адносяцца таксама машыны падвесных канатных дарог і манарэйкавых дарог.
І.І.Леановіч.
т. 11, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛ (PAL; Phase Alternatíon Line радок з пераменнай фазай),
адна з найб. пашыраных сістэм каляровага тэлебачання. Распрацавана ў Германіі (1963). Адрозніваецца ад сістэмы НТСЦ зменай фазы паднясучай у кожным наступным радку «чырвонага» канала на 180°. Мае зменшаную (у параўнанні з НТСЦ) адчувальнасць да дыферэнцыяльных (фазавых і амплітудных) скажэнняў. Прынята ў 93 краінах Зах. Еўропы, Азіі і Афрыкі і мае 6 версій (1990). Гл. таксама СЕКАМ.
т. 11, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ПЦІХ (ад грэч. polyptychos шматразова складзены),
1) складзень з 5 і болей частак, з рэльефнымі або жывапіснымі выявамі. Быў пашыраны ў зах.-еўрап. мастацтве сярэднявечча.
2) Комплекс некалькіх твораў выяўл. мастацтва, звязаных агульнай задумай, адзінствам кампазіцыйнага і колеравага ладу. У сучасным мастацтве выкарыстоўваецца рэдка, найб. пашыраны серыі і цыклы. Сярод П., створаных бел. мастакамі, «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993) У.Напрэенкі і інш. Гл. таксама Дыпціх, Трыпціх.
т. 12, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́МНІЦТВА (ад лац. palma пальма),
вандраванне, падарожжа веруючых да «святых месцаў» для пакланення. У хрысціян П. пачалося з вандроўкі ў Палесціну, адкуль паломнікі прывозілі пальмавую ветку (адсюль назва). Праваслаўныя наведваюць таксама гару Афон (Грэцыя), Бары (Італія), католікі — Рым, Ларэта, Кампастэла (Італія), Лурд (Францыя), Фатыму (Партугалія). Мусульмане робяць П. (хадж) у Мекку, Медыну (Саудаўская Аравія), Кербелу (Ірак), будысты і сінтаісты — у Нару (Японія), ламаісты — у Лхасу (Кітай).
т. 12, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАФІНАЛЯЧЭ́ННЕ, парафінатэрапія,
выкарыстанне парафіну ў лек. мэтах; від фізіятэрапіі.
У П. выкарыстоўваюць абязводжаны белы мед. парафін (нагрэты ці расплаўлены), які аддае цяпло арганізму чалавека, што спрыяе паляпшэнню кровазвароту, рассысанню хранічных ачагоў запалення, узмацняе абмен рэчываў і інш. Робяць П. метадамі наслойвання, мясц. парафінавых ваннаў, сурвэткава-аплікацыйным. Спалучаецца з медыкаментозным лячэннем, ЛФК і інш. Эфектыўна таксама пры траўматычных пашкоджаннях суставаў, у гінекалогіі, отарыналарынгалогіі, хірургіі, уралогіі, касметалогіі і інш.
т. 12, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУПЕ́Я (франц. porte-épée ад porter насіць + épée шпага),
частка воінскага рыштунку ў выглядзе вузкіх рамянёў рознай даўжыні, якія носяць ваеннаслужачыя цераз плячо і каля бядра. Верхняя (плечавая) П. была прызначана для падтрымкі паяснога рамня, падвешанай на ім халоднай (шашка, шабля), потым агнястрэльнай (пісталет, рэвальвер) зброі, біклагі і інш. Ніжняя (паясная) П. служыць для прышпільвання пісталетнай кабуры, шашкі (шаблі, корціка) і інш. Гл. таксама Рыштунак ваенны.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХЕЛЬБЕЛЬ ((Pachelbel) Іаган) (хрышчаны 1.9.1653, г. Нюрнберг, Германія — 3.3.1706),
нямецкі кампазітар, арганіст. Кіраўнік сярэднегерм. школы арганістаў, адзін з папярэднікаў І.С.Баха. Працаваў у Вене, Айзенаху, Эрфурце, Штутгарце, Гоце, Нюрнбергу. Асн. значэнне мелі яго творы для аргана і клавіра. Яму належаць таксама духоўныя кантаты і інш. творы.
Літ.:
Ливанова Т История западно-европейской музыки до 1789 г. М.; Л., 1940. С. 310—311, 319—320.
т. 12, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЯРПЕ́ЛЫ ў праве,
асоба, якой злачынствам нанесена маральная, фізічная або матэрыяльная шкода. Паводле крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, асоба, якая прызнана П., мае права даваць следчаму і суду паказанні па справе, прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, знаёміцца з матэрыяламі справы пасля заканчэння папярэдняга следства, прымаць удзел у судовым разглядзе і карыстацца інш. працэсуальнымі правамі, а таксама абскарджваць прыгавор, вызначэнне суда або пастановы суддзі.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 12, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)