ЛАГУ́Н (Сяргей Раманавіч) (1.2.1915, в. Пеклічы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 2.9.1985),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1972), праф. (1972). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1947). З 1946 на парт. рабоце ў Мінску (прапагандыст, інструктар, кіраўнік лектарскай групы). З 1952 выкладчык Ін-та нар. гаспадаркі, з 1954 заг. кафедры Бел. ін-та механізацыі сельскай гаспадаркі. Аўтар манаграфій «Дзейнасць КПБ па перабудове і паляпшэнню працы Саветаў» (1962), «Умацаванне Саветаў Беларусі і павышэнне іх ролі ў будаўніцтве сацыялізму» (1970).

В.​Г.​Маскалёў.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНЫЯ КА́РТЫ,

паменшанае адлюстраванне ландшафтаў геаграфічных рознага рангу, іх структуры і размяшчэння. Адрозніваюць Л.к. агульнанавуковыя (размяшчэнне відаў ландшафтаў і асобных прыродных комплексаў), ацэначныя (ацэнка ландшафтаў па відах дзейнасці чалавека), прагнозныя (будучы стан ландшафту). На буйнамаштабных картах паказваюць фацыі, на сярэднемаштабных — урочышчы і мясцовасці, на дробнамаштабных — тыпалагічныя комплексы ландшафтаў (тыпы, роды, віды). На прыкладных Л.к. ацэньваецца патэнцыял прыдатнасці прыродных комплексаў для гасп. выкарыстання, неабходнасць іх аховы (інж.-геагр., ландшафтна-меліярацыйныя, медыка-геагр. і інш.). На Беларусі складзена сярэднемаштабная Л.к. (1984).

В.​С.​Аношка.

т. 9, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГКАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль, прызначаны для перавозкі людзей (умяшчальнасць да 8 чал.) і багажу. Выпускаюцца з закрытымі кузавамі (седан, лімузін, купэ, універсал) і кузавамі з адкідным верхам (кабрыялет, ландо, фаэтон). Найб. пашыраныя 4—5-месныя Л.а. з закрытымі кузавамі. У залежнасці ад рабочага аб’ёму рухавіка, масы аўтамабіля, яго прызначэння, камфартабельнасці і інш. Л.а. падзяляюць на класы і групы, напр., мікралітражныя, малалітражныя. На Беларусі серыйная вытв-сць Л.а. пачата ў 1997 на з-дзе «Форд-Юніён» пад Мінскам.

Легкавы аўтамабіль «Форд Эскорт».

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МЕШ (Уладзімір Піліпавіч) (22.3. 1908, в. Падлессе Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 14.8.1975),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1952), праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў БСГА (1929). З 1938 нам. дырэктара, у 1944—68 рэктар, адначасова з 1933 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та. Навук. працы па вывучэнні хім. саставу і пажыўнасці кармоў, мікраэлементным жыўленні с.-г. жывёлы.

Тв.:

Состав и питательность кормов Белоруссии. Мн., 1962 (у сааўт.);

Аминокислотный состав протеина кормов. Мн., 1971 (у сааўт).

т. 9, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕФЕ́ЎР ((Lefebvre) Марсель) (17.3.1918, г. Туркуэн, Францыя — 5.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945).

Засл. лётчык Францыі. З 1938 у арміі. З 1941 у радах «Змагарнай Францыі», з 28.11.1942 у складзе авіяэскадрыллі «Нармандыя» (пазней авіяполк «Нармандыя—Нёман»), Удзельнік Віцебска-Аршанскай, Усх.-Прускай, Кёнігсбергскай аперацый. Лётчык-інструктар, камандзір эскадрыллі ст. лейтэнант Л. зрабіў 105 баявых вылетаў, правёў 30 паветр. баёў, збіў 11 самалётаў праціўніка. У баі самалёт Л. загарэўся, але ён давёў яго да свайго аэрадрома, памёр ад апёкаў.

т. 9, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ (ад лац. linea льняная нітка, шнурок),

старажытная мера (адзінка) даўжыні, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. У розныя часы ў розных краінах мела рознае лікавае значэнне. На Беларусі і ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. 1 Л. = 0,1 цалі = 2,54 мм. У Л. вымяралі калібр стралковай зброі (адсюль «трохлінейная вінтоўка»), памер шкла для газавых лямпаў. У сістэме англ. мер 1 Л. = 1/12 цалі = 2,117 мм. У гадзіннікавай прамысловасці многіх краін да нашага часу выкарыстоўваецца швейц. Л., роўная 2,0833 мм.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТРЫ́ЧНЫ РАЗЛО́М (ад грэч. listros лапата, коўш),

геалагічны разлом, які мае коўша- або лапатападобную крывалінейную паверхню зрушэння. Вылучыў Э.Зюс (1909) у разрэзах вугальнага басейна Бельгіі і Францыі. Для Л.р. характэрна больш стромкае падзенне ў верхняй ч. і пакатае ўнізе. Па глыбіні пранікнення падзяляюцца на прыпаверхневыя, унутрычахольныя, верхне- і ніжнекоравыя, корамантыйныя, надастэнасферна-мантыйныя і астэнасферныя. Характэрны для рыфтагенных структур. пашыраны таксама ў складкавых рухомых паясах і на платформах. На тэр. Беларусі Прыпяцкі прагін (палеарыфт) утвораны лістрычнымі корамантыйнымі і коравымі разломамі.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ КОНЬ,

парода коней, якая існавала на тэр. Беларусі (Гродзенская і Мінская губ.) са стараж. часоў па 18 ст. Паходзіла ад дзікага продка — ляснога тарпана. Паўплываў на вывядзенне пароды беларускага запражнога каня.

Выш. ў карку да 140 см, маса да 350 кг. Масць шэрая, мышастая, радзей буланая, гнядая, з цёмнай паласой уздоўж спіны. Галава вял., тулава каржакаватае, моцнае, ногі сухія. Пры бегу жвавы, нястомны, трывалы; жыццяздольны, неўспрымальны да хвароб, але без добрых цяглавых якасцей. Выкарыстоўваўся ў ваенных і бытавых мэтах.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́БАЧ (Мікалай Рыгоравіч) (7.8.1938, в. Маціёва Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

дзеяч бел. дыяспары ў Расіі. Канд. эканам. н. (1999). Скончыў Маскоўскі аўтадарожны ін-т (1966). З 1972 у КБ крыніц высокаінтэнсіўнага святла (г. Зеленаград, Расія). З 1973 у «Литературной газете». З 1983 у Дзяржкамінтурысце Расіі, вядучы спецыяліст, ген. дырэктар акц. т-ва «Раска». Навук. працы па праблемах эканам. інтэграцыі Беларусі і Расіі. Значны ўклад яго ў аднаўленне інфраструктуры стараж. бел. гарадоў, буд-ва правасл. храмаў. Дзеяч нац.-культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙКА (Наталля Аляксандраўна) (н. 17.3.1946, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыла БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай дынаміцы лазерных і аптычных сістэм. Распрацавала тэарэт. мадэліраванне працэсу генерацыі лазерных сістэм з запазняльнай адваротнай сувяззю, вызначыла прычыны і ўмовы суіснавання мультыстабільнасці па розных характарыстыках поля выпрамянення, распрацавала метады пераключэння мультыстабільных станаў у розных тыпах лазераў.

Тв.:

Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з А.​М.​Самсонам, Л.​А.​Катомцавай).

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)