ГО́ЛІКАЎ (Іван Іванавіч) (6.1.1887, Масква — 31.3.1937),
рускі майстар палехскай мініяцюры. Засл. дз. маст. РСФСР (1933). Вучыўся і працаваў у іканапісных майстэрнях с. Палех, Масквы і Пецярбурга. Выкладаў у Палехскім маст. вучылішчы. На аснове традыцый строганаўскай школы жывапісу і палехскага іканапісу 18 ст. стварыў адметны стыль мініяцюрнага жывапісу тэмперай на лакавых вырабах, які вылучаецца вытанчанай дэкаратыўнасцю, дынамічнасцю: «Тройкі вясельныя», «Тры музыканты» (абедзве 1924), «Бітва» (1928), «Чырвоныя партызаны» (1935). Выконваў таксама іл. тэмперай (да «Слова аб палку Ігаравым», 1934), дэкар. пано.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЫ́ШЫН (Іван Лявонцьевіч) (н. 25.8.1931, с. Грынчук Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне электроннай оптыкі і мікраэлектронікі. Д-ртэхн.н. (1988). Скончыў Чарнавіцкі дзярж.ун-т (1955). З 1961 у Ін-це электронікі АН Беларусі. Навук. працы па мадэляванні і разліку электронна-аптычных сістэм, вакуумнай мікраэлектроніцы. Распрацаваў вакуумныя інтэгральныя мікрасхемы для звышжорсткіх умоў эксплуатацыі, тэхнал. працэсы стварэння магн. галовак запісу і счытвання інфармацыі.
Тв.:
Моделирование электронно-оптических систем на сетках сопротивлений. Мн., 1974 (разам з С.Л.Мельнікавым, І.І.Беланучкінай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЬКО́ (Іван Сцяпанавіч) (н. 25.12.1924, в. Войская Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне мед. рэабілітацыі. Д-рмед.н. (1970), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1953) і з 1957 працаваў у ім. З 1993 у Мін-ве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 1995 кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра пры Ін-це экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Навук. працы па распрацоўцы немедыкаментозных сродкаў аздараўлення хворых з лёгачнай і сардэчна-сасудзістай паталогіяй, сродкаў і метадаў запавольвання старэння арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІТРЭ́ЎСКІ (Іван Апанасавіч) (11.3.1734, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1821),
рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Найб. значны прадстаўнік рус.сцэн. класіцызму. Правадзейны чл. Расійскай акадэміі (1802). Паплечнік Ф.Волкава па стварэнні т-ра ў Яраслаўлі. З 1756 у Пецярбургу ў трупе першага рус. пастаяннага публічнага т-ра. Сярод лепшых роляў: Сінаў, Дзмітрый («Сінаў і Трувор», «Дзмітрый Самазванец» А.Сумарокава), Альцэст («Мізантроп» Мальера), Валер («Гулец» Ж.Ф.Рэньяра), Усердаў («Усеагульнае апалчэнне» С.Віскаватава). Першы пастаноўшчык «Недаростка» Дз.Фанвізіна (1782) і выканаўца ролі Старадума.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГЕЛЬ (Іван Міхайлавіч) (19.3.1830, маёнтак Залессе, Віцебская вобл. — 29.8.1916),
расійскі фармаколаг. Ганаровы чл.Ваен.-мед. акадэміі, Казанскага і Тартускага ун-таў, замежных акадэмій і таварыстваў. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1854). З 1869 праф. Казанскага ун-та. Навук. працы па праблемах уздзеяння лек. сродкаў на сардэчна-сасудзістую і нерв. сістэмы. Упершыню вызначыў магчымасць рэфлекторнага спынення дзейнасці сэрца шляхам раздражнення слізістай абалонкі носа парай хлараформу.
Тв.:
Сравнительная анатомия, физиология и фармакология сердца. Казань, 1895;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Іван Васілевіч) (н. 18.3.1954, в. Паўстынь Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-ртэхн.н. (1996). Скончыў БПІ (1976). З 1976 у Ін-це надзейнасці машын Нац.АН Беларусі. Навук. працы па праектаванні, вырабе і павышэнні даўгавечнасці зубчастых перадач і перадатачных механізмаў на іх аснове. Распрацаваў тэарэт. асновы выбару і разліку геаметрыі зубчастых колаў нестандартнага зыходнага контуру.
Тв.:
Зубчатые передачи с повышенной податливостью зубьев. Мн., 1993 (разам з А.В.Берасневым, А.М.Нядзелькіным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЙДЭЛЬ (Іван) (Іаган Георг; ? — пасля 1787),
бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІКАЎ (Іван Сцяпанавіч) (18.11.1911, г. Новакубанск Краснадарскага краю, Расія — 28.5.1994),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.лейт. (1960). Скончыў Тбіліскае ваенна-паліт. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Бел. і інш. франтах. 30.9.1943 стралковы полк пад камандаваннем падпалкоўніка К. вызначыўся ў Камарынскім р-не: фарсіраваў Дняпро, захапіў плацдарм і адбіў некалькі контратак праціўніка. Да 1972 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НУС (Іван Іванавіч) (н. 2.5.1934, в. Рыбалава Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне рэаніматалогіі. Д-рмед.н. (1990), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі мед.ін-т (1964). З 1982 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве розных доз апрамянення на ход наркозу і пасляаперацыйнага перыяду ў анкалагічных хворых. Распрацаваў комплексную інтэнсіўную тэрапію хворых з вострай ныркавай недастатковасцю.
Тв.:
Основы анестезиологии, реаниматологии и интенсивной терапии в вопросах, задачах и ответах. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАДУ́БСКІ (Іван Аляксандравіч) (н. 17.9.1947, в. Краўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1973, клас Л.Івашкова). З 1974 саліст Ансамбля песні і танца БВА, з 1982 — Бел. філармоніі. Валодае прыгожым яркім голасам шырокага дыяпазону, сцэн. абаяльнасцю. У канцэртным рэпертуары арыі з опер рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, камерная лірыка сучасных кампазітараў, у т. л. беларускіх У.Алоўнікава, А.Багатырова, Дз.Лукаса, І.Лучанка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага і інш.