ЗАЛЕ́СКІ (Аляксандр Ксаверавіч) (1891, в. Баяры Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1913 у арміі. У кастр. 1917 удзельнік узбр. паўстання ў Харкаве, потым старшыня ЧК пры Харкаўскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1918 у Беларусі, адзін з арганізатараў падп. бальшавіцкай арг-цыі, партыз. атрадаў у Навагрудскім пав., старшыня Замір’еўскага падп. падрайкома РКП(б), Сноўскага рэўкома. З 1919 старшыня Навагрудскага пав. ВРК, чл. Навагрудскага пав. к-та КП(б)ЛіБ, у Чырв. Арміі. З 1924 у Наркамаце земляробства БССР, з 1936 нам. наркома. Беспадстаўна рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар успамінаў.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАВА,

горад у Расіі, цэнтр Іванаўскай вобласці, на р. Увадзь. Засн. ў 1871. 472 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. прам-сці (меланжавы, камвольны, баваўняны камбінаты, тэкст. ф-кі). Машына- і станкабуд. (з-ды тэкст. і тарфянога машынабудавання, аўтакранаў, цяжкага станкабудавання, выпрабавальных прылад), лёгкая, дрэваапр., хім., харч. прам-сць. 7 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры: драм., муз., лялек. Філармонія. Музеі: іванаўскага паркалю, гіст.-краязнаўчы і Дом-музей 1-га агульнагар. Савета рабочых дэпутатаў, маст., Дом-музей мастака Б.Л.Прарокава. Мемар. комплекс рэвалюцыі 1905—07. Каменны дом 17 ст. («Шчудраўская палатка»), драўляная царква 17 ст.

Іванава (Расія). Камвольны камбінат.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА III А́РМИИ»,

газета. Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Полацку на рус. мове 5—6 разоў на тыдзень. У снеж. 1917 — студз. 1918 выходзіла пад назвамі; «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии», «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Як выданне бальшавіцкага кірунку прапагандавала дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, ухваляла Кастр. падзеі, друкавала загады і распараджэнні ВРК, рэзалюцыі салдацкіх і рабочых сходаў, а таксама лісты ў падтрымку новай улады. Асвятляла дзейнасць вайсковых арг-цый і з’ездаў. Асуджала дзейнасць Бел. рады як «контррэвалюцыйную», апраўдвала разгон Усебел. з’езда 1917.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЁСЫ, воз,

тып гужавых трансп. сродкаў. Традыц. бел. сялянскія К. мелі простую канструкцыю: 4 колы, насаджаныя на драўляныя восі пярэдняга і задняга ходаў, што злучаліся паміж сабой выгнутай трайнёй і жэрдкамі — біламі, або ляжэйкамі, якія ўтваралі аснову кузава. У падушкі пярэдняга і задняга ходаў забівалі ручкі, на іх замацоўвалі гнутыя дужкі (вязы), якія давалі магчымасць заціскаць сюды бартавыя дошкі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ва ўсх. Беларусі часцей карысталіся канструкцыяй са стацыянарным кузавам з дошак (прамежкавы варыянт паміж рабочым возам і брычкай) ці платформай замест яго (рабочыя К.). У цэнтр. і зах. раёнах найб. пашыраным тыпам рабочых К. была мажара.

В.​С.​Цітоў.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНІ́ЦКІ (Сымон Фаміч) (28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.​Астапенкі, А.​Александровіча, С.​Баранавых, Т.​Кляшторнага, Я.​Купалы, М.​Лынькова, Б.​Мікуліча, А.​Салагуба, Я.​Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.​Хадыкі, В.​Маракова і інш.

Літ.:

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЗА́ЦЫЯ вытворчасці,

замена ручной працы машыннай, асабліва ў складаных і працаёмкіх працэсах. Адрозніваюць частковую М. (асобныя ручныя аперацыі выконваюць машыны або механізмы), комплексную (ахоплівае ўвесь комплекс работ па выкананні закончанага працэсу або стварэння пэўнага вырабу, пры гэтым работнік кіруе комплексам машын) і якасна больш высокую ступень М. — аўтаматызацыю (машынамі кіруюць механізмы, работнік наладжвае і кантралюе вытв. працэс; гл. Аўтаматызацыя вытворчасці). Ручная праца можа захоўвацца на асобных непрацаёмкіх аперацыях, механізацыя якіх не ўплывае на аблягчэнне працы і з’яўляецца эканамічна немэтазгоднай. М. спрыяе вызваленню чалавека ад выканання цяжкіх работ, росту прадукцыйнасці працы, якасці прадукцыі, павышэнню кваліфікацыі рабочых і ўзроўню арганізацыі вытворчасці. Сацыяльна-эканам. вынікі М. абумоўліваюцца спосабам вытворчасці.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЙ ПРОЛЕТА́РИЙ»,

што дзённая газета, орган Мінскага Савета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў і губваенрэўкома. Выдавалася 2—30.4.1919 у Мінску на рус. мове. Асвятляла жыццё і барацьбу мінчан за ўмацаванне сав. улады, работу сав. органаў у галіне гасп. і культ. буд-ва, друкавала інфарм. матэрыял аб ходзе нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў, заклікала насельніцтва Мінска на барацьбу з інтэрвентамі і ўнутр. контррэвалюцыяй. У кожным нумары давалася інфармацыя «Радыёграмы РОСТА». Матэрыялы групаваліся пад рубрыкамі: «Па Расіі», «На Украіне», «Па Беларусі і Літве», «Партыйнае жыццё», «Рабочае жыццё», «Мясцовае жыццё», «Эканамічная старонка». Выйшлі 22 нумары.

Літ.:

Бараноўскі П.М. Газета клікала да барацьбы // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 2.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў в. Парэчча Пінскага пав. (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.) у 1836—1916. Выпускала трыко, тонкую шарсцяную тканіну, двайное сукно. У 1879 працавала 420 рабочых. У 1895 былі 3 (у 1900—4) паравыя машыны і паравыя катлы, 3400 ткацкіх верацён і інш. У некаторыя гады ф-ка выпускала да 230 тыс. аршынаў сукна і трыко. Прадукцыю збывалі ў Маскву, Пецярбург, Варшаву, Вільню, Кіеў, Адэсу, Беласток, Мінск. На выстаўках вырабы ф-кі былі адзначаны сярэбраным (Парыж, 1878) і залатым (Масква, 1882) медалямі. Пры фабрыцы было вучылішча, 4 казармы для сямейных, 4 інтэрнаты, бальніца, прадуктовая крама.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́зіс, ‑у, м.

1. Эканамічная структура грамадства на пэўным этапе яго развіцця. Сацыялістычны базіс.

2. Тое, што і база (у 2 знач.). 1903‑ці год. Зноў стачкі зліваюцца з палітычнай дэманстрацыяй, але на яшчэ больш шырокім базісе. Стачкі ахопліваюць цэлы раён, у іх удзельнічаюць больш сотні тысяч рабочых, масавыя палітычныя сходы паўтараюцца ў часе стачак у цэлым радзе гарадоў. Ленін.

3. У архітэктуры — тое, што і база (у 1 знач.). Базіс калоны.

[Ад грэч. basis — аснова, фундамент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калату́ша, ‑ы, ж.

Разм.

1. Размешаная гразь. Зямля размякла і ператварылася ў ліпкую калатушу, з якой цяжка было выцягнуць ногі. Дудо. // Пра ўсякую негустую масу. На палях снегу амаль не было, толькі ў разорах ды ў канавах ляжала мокрая калатуша, падобная на аўсяны кісель. Грахоўскі.

2. Негустая страва з раскалочанай у вадзе ці ў малацэ мукі.

3. Бойка, калатня, вайна. [Багатыры] не пагадзіліся між сабою, кінулі свае народы, сялянства і рабочых у гэтую крывавую калатушу. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)