ПЯЧА́ТНАЯ ПЛА́ТА,

пласцінка з электраізаляцыйнага матэрыялу (гетынаксу, тэксталіту, керамікі і інш.), на паверхню якой фотахімічным ці інш. спосабам нанесены тонкія электраправодныя дарожкі (пячатныя праваднікі) з кантактнымі пляцоўкамі для далучэння навясных электра- і радыёэлементаў, у т. л. мікрамодуляў і інтэгральных схем.

Бываюць адна- і двухбаковыя, адна- і шматслойныя П.п. Прызначаюцца для пячатнага мантажу, пры якім на П.п. ўстанаўліваюцца элементы электроннай апаратуры (транзістары, дыёды, рэзістары і інш.). Для замацавання навясных элементаў на плаце іх вывадныя пляцоўкі сумяшчаюць з кантактнымі пляцоўкамі П.п. (паверхневы мантаж) ці ўстаўляюць вывады гэтых элементаў у спец. адтуліны, якія праходзяць праз кантактныя пляцоўкі (драцяны мантаж), і прыпайваюць да іх. Такі мантаж дазваляе зменшыць габарыты і масу апаратуры, выкарыстоўваць механізаванае і аўтаматызаванае абсталяванне і высокапрадукцыйныя тэхнал. працэсы пры яе масавай вытв-сці. Гл. таксама Пячатная схема.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМААЧЫШЧЭ́ННЕ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,

здольнасць прыроднага асяроддзя раскладаць, уключаць у біятычны кругаварот, засвойваць (асіміляваць) або пераводзіць у індыферэнтны стан забруджвальныя антрапагенныя выкіды, што трапляюць у яго. Уключае працэсы пераносу рэчываў з аднаго асяроддзя ў другое (атм. ападкамі, паветр. плынямі, вадасцёкамі), фільтрацыю вадкіх рэчываў праз глебу і інш. Пры ўключэнні ў біял. кругаварот асн. ролю адыгрываюць сапратрофныя арганізмы (бактэрыі, грыбы, прасцейшыя), шматклетачныя жывёлы-фільтранты; прадуцэнты (зялёныя расліны і хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументы (жывёлы). Інтэнсіўнасць С.н.а. залежыць ад буфернай ёмістасці экасістэм, колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р асяроддзя, наяўнасці акісляльнікаў і інш. Буфернасць экасістэм і біясферы ў цэлым значна зменшылася з прычыны вял. намнажэння ў навакольным асяроддзі ксенабіётыкаў (пестыцыдаў, цяжкіх металаў, дэтэргентаў, фенолаў, пластмас і інш.), многія з якіх не ўтылізуюцца натуральным шляхам і негатыўна ўплываюць на арганізмы-дэтаксікатары.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),

частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭП,

занальны тып ландшафту, прадстаўлены травяністай ксерафітнай і мезаксерафітнай расліннасцю. Для С. характэрны згуртаванні дзернавінных злакаў (кавылі, танканог, ціпчак і інш.) і разнатраўя на чарназёмных і каштанавых глебах. У залежнасці ад іх суадносін адрозніваюць С.: сапраўдныя (тыповыя) з пераважаннем дзернавінных злакаў, лугавыя (лугастэпы), або разнатраўныя; пустынныя (апустыненыя) з вял. колькасцю пустынных паўкусцікавых (пераважна палыну), эфемераў і эфемероідаў. У Паўн. Амерыцы С. наз. прэрыі, у Паўд. Амерыцы — пампы. Жывёльны свет С. вельмі разнастайны і адрозніваецца на розных кантынентах (напр., у Еўразіі пашыраны капытныя, грызуны, паўзуны і інш., у Аўстраліі — сумчатыя). Жывёльны і расл. свет С. мяняецца ў сувязі з гасп. дзейнасцю чалавека. Пашыраюцца эразійныя і інш. небяспечныя працэсы. Прыродныя С. захаваліся ў запаведніках і месцах, маладасягальных для чалавека (горы, міжгорныя катлавіны і інш.).

В.​С.​Аношка.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВА́РНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

грамадская форма арганізацыі вытворчасці, пры якой прадукты вырабляюцца для абмену праз куплю-продаж. Абумоўлена грамадскім падзелам працы, эканам. адасобленасцю вытворцаў, неабходнасцю абмену прадуктаў для забеспячэння грамадскіх патрэб праз рынак. Развіваецца і рэгулюецца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі эканам. законамі: вартасці, попыту і прапанавання, канкурэнцыі, грашовага абарачэння і інш. Узнікла ў перыяд першабытнаабшчыннага ладу, развівалася і набыла ўсеагульны характар ва ўмовах класічнага капіталізму і сучаснай рыначнай эканомікі. калі аб’ектам куплі-продажу робяцца ўсе фактары вытв-сці. Існуюць механізмы самаразвіцця і самарэгулявання Т.в., сваёй эканам. дзейнасцю дзяржава дапаўняе і накіроўвае гэтыя працэсы. У сацыяльна арыентаванай рыначнай эканоміцы, напр., можна вылучыць нетаварны сектар, у які ўваходзіць вытв-сць даброт, якія без удзелу рынку пераходзяць у сферу спажывання (фундаментальныя навук. даследаванні, бясплатныя адукацыя, ахова здароўя і інш.). Гл. таксама Таварная гаспадарка.

т. 15, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РГАР (позналац. turgor ад turgere уздуцца, напоўніцца),

напружаны стан клетачнай абалонкі, які ўтвараецца гідрастатычным ціскам унутрыклетачнай вадкасці. У раслін тургарны ціск пераважна 5—10 атм., у грыбоў — 50—100 атм. На працягу сутак мяняецца, што звязана з дынамікай транспірацыі: макс. ў перадранішнія гадзіны, мінім. пасля поўдня. Пры значным высыханні глебы або моцнай транспірацыі Т. можа знізіцца да нуля (завяданне). За кошт Т. тканкі маюць пругкасць, захоўваюць верт. стан сцёблаў (у травяністых), яго змена абумоўлівае рухі раслін і інш. Працэсы завядання, аўтолізу і старэння суправаджаюцца зніжэннем тургарнага ціску. У жывёл Т. клетак невысокі з-за адсутнасці ў іх трывалых клетачных сценак (плазматычныя мембраны вытрымліваюць розніцу ўнутр. і вонкавага ціску не больш за 0,5—1 атм.). У арганізме клеткі знаходзяцца ў ізатанічным (ці блізкім да яго) растворы.

С.​С.​Ермакова.

т. 16, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУ́ТРАНАЯ САКРЭ́ЦЫЯ,

утварэнне і выдзяленне спецыялізаванымі клеткамі і органамі (залозамі ўнутранай сакрэцыі) непасрэдна ў кроў і лімфу біялагічна актыўных рэчываў. Тэрмін «У.с.» ўведзены ў 1855 К.Бернарам, які прапанаваў асобна вылучыць групу залоз, што не маюць вывадных праток у знешняе асяроддзе. Характэрна пераважна для пазваночных жывёл. У млекакормячых У.с. функцыянуе як цэласная рэгулятарная сістэма, што забяспечвае падтрыманне пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма і каардынацыю дзейнасці яго органаў і сістэм. Функцыя У.с. не тоесная ўласцівасці любога органа аддаваць у кроў прадукты абмену. Яна мае спецыфічны рэгулятарны характар, які забяспечвае хуткае паступленне да органаў і тканак з кроўю невял. колькасці біялагічна актыўнага рэчыва, што ўзбуджае або тармозіць працэсы жыццядзейнасці. Паяўленне У.с. ў ходзе эвалюцыі з’явілася адлюстраваннем патрэбы арганізма ў дыстантнай рэгуляцыі. Гл. таксама Гармоны, Залозы, Сакрэцыя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЎНЕ́ННІ МАТЭМАТЫ́ЧНАЙ ФІ́ЗІКІ,

дыферэнцыяльныя, інтэгральныя і інш. ўраўненні, што апісваюць матэм. мадэлі фіз. з’яў; састаўная частка матэматычнай фізікі. Найб. важныя з іх Лапласа ўраўненне; хвалевае ўраўненне; цеплаправоднасці ўраўненне.

Многія з’явы фізікі і механікі (гідра- і газадынамікі, пругкасці. электрадынамікі, оптыкі, тэорыі пераносу, фізікі плазмы, квантавай фізікі, тэорыі гравітацыі і інш.) апісваюцца краявымі задачамі для дыферэнцыяльных ураўненняў. Для поўнага апісання эвалюцыі фіз. працэсаў задаюцца таксама краявыя ўмовы: карціна працэсу ў пэўны момант часу (пачатковыя ўмовы), а таксама рэжым на мяжы асяроддзя, дзе працякае зададзены працэс (гранічныя ўмовы). Краявая задача з зададзенымі пачатковымі і гранічнымі ўмовамі наз. змешанай задачай, толькі з пачатковымі ўмовамі — Кашы задачай, толькі з гранічнымі — гранічнай задачай. Краявыя задачы, што апісваюць рэальныя фіз. працэсы, могуць быць надзвычай складанымі, напр., уключаць сістэмы ўраўненняў вышэйшых парадкаў, нелінейныя ўраўненні і інш.

С.​І.​Гайдук.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРОНТ АТМАСФЕ́РНЫ, фронт трапасферны,

пераходная зона ў трапасферы паміж паветранымі масамі з рознымі фізічнымі ўласцівасцямі. Характарызуецца рэзкай зменай т-ры, ціску і вільготнасці паветра. Прасціраецца ў выглядзе вузкіх (некалькі дзесяткаў кіламетраў) палос на сотні і тысячы кіламетраў. Узнікае пры набліжэнні і сустрэчы мас халоднага і цёплага паветра ў ніжніх слаях або па ўсёй трапасферы, ахоплівае слой паветра магутнасцю да некалькіх кіламетраў. Халоднае паветра як больш шчыльнае прылягае да паверхні зямлі, мае форму вострага кліна, парадак велічыні нахілу франтальнай паверхні да гарызантальнай (тангенс вугла нахілу) 0,01—0,001. Ф.а., які перамяшчаецца ў бок халоднага паветра, наз. цёплым, а наадварот — халодным. У франтальнай зоне развіваюцца воблачныя сістэмы, выпадаюць франтальныя ападкі, фарміруюцца цыклоны і антыцыклоны. На клімат Беларусі вял. ўплыў маюць атм. працэсы, звязаныя з арктычным фронтам і палярным фронтам.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЫЛЬ Аляксандр Аляксандравіч (н. 10.3.1942, г. Баброў Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі мікра- і радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (2001), праф. (1992). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1964). З 1965 на Мінскім прыборабуд. з-дзе. З 1967 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1995 дэкан ф-та, з 2000 прарэктар). Навук. працы па тэхналогіі вытв-сці вырабаў электроннай тэхнікі. Распрацаваў метады атрымання матэрыялаў мікраэлектронікі з зададзенымі ўласцівасцямі, прынцыпы пабудовы праграмна-кіравальнага абсталявання, высокаэфектыўныя рэсурсазберагальныя тэхнал. працэсы. Аўтар падручнікаў для ВНУ. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Технология и автоматизация производства радиоэлектронной аппаратуры. М., 1989 (у сааўт);

Технология производства ЭВМ. Мн., 1994 (разам з А.​П.​Дастанкам, М.​І.​Пікулем);

Технология и техника прецизионного лазерного модифицирования твердотельных структур. Мн., 2002 (у сааўт.).

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)