АЛЬША́НІЦКАЯ БІ́ТВА 1527.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ і крымскіх татараў каля р. Альшаніца (прыток Дняпра), за 30 км на ПдУ ад Кіева 27 студз. Са снеж. 1526 татары шматлікімі набегамі на польскія, паўд.-бел. і літ. землі прычынялі вял. страты. 7 тыс. коннікаў ВКЛ на чале з вял. Гетманам К.​Астрожскім і палявым гетманам Я.​Радзівілам, а таксама войскі князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і інш. дагналі татараў (24 тыс. чал. на чале з царэвічам Малаем) на р. Альшаніца, разбілі іх і вызвалілі 80 тыс. палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць, Малай узяты ў палон, а потым забіты. Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ А́ЛЬПЫ (Australian Alps),

горы на ПдУ Аўстраліі, найб. высокая і расчлянёная частка Вял. Водападзельнага хрыбта. Даўж. каля 450 км, шыр. да 150 км. Пераважная выш. 1700—2000 м, найб. — 2230 м, г. Касцюшкі (самая вял. вяршыня Аўстраліі). Аўстралійскія альпы — высока ўзняты горставы масіў, разбіты разломамі на асобныя хрыбты-блокі (Гурак, Манара, Муніёнг, Бары і інш.) са слядамі чацвярцічнага зледзянення (марэны, кары, цыркі і невял. лядовыя азёры). Складзены з палеазойскіх кварцытаў, сланцаў і вапнякоў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Радовішчы бурага і каменнага вугалю. З паўн.-зах. схілаў пачынаецца гал. рака Аўстраліі Мурэй і яе прыток Дарлінг. Да выш. 1200 м — эўкаліптавыя лясы, вышэй — зараснікі верасоў, участкі злакавых лугоў і камяністых россыпаў.

З.​Я.​Андрыеўская.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ НЕФУ́Д,

пясчаная пустыня на Пн Аравійскага п-ва, у Саудаўскай Аравіі. Пл. 80 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 500 км, з З на У — 300 км. Размешчана на плато з асобнымі астраўнымі кражамі на выш. 600—1000 м. У рэльефе масівы барханных (выш. да 100 м) і градавых пяскоў, камяністыя паверхні — хамады. Характэрны лейкападобныя паніжэнні — фульджы, дзе трапляюцца калодзежы і аазісы. Клімат трапічны, рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 30 °C (макс. да 54 °C), ападкаў 100 мм за год. Пастаянныя моцныя вятры. Шматлікія сухія рэчышчы — вадзі. Разрэджаная палынна-эфемеравая расліннасць. Жывёльны свет: гіена, шакалы, дзікі кот, з капытных — газель; шматлікія грызуны, яшчаркі. Качавая жывёлагадоўля (авечкі, вярблюды).

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зеха, за 13 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 0,65 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 28,4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 9,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, параслі лесам, на Пн і ПнЗ часткова разараныя. Берагі амаль усюды зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія. Падводная ч. катлавіны стромка-ўвагнутай формы з рэзкім павелічэннем глыбінь у цэнтры. Паўн,зах. ч. возера мелкаводная. Дно да глыб. 8 м выслана пясчанымі адкладамі, глыбей — сапрапелямі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 50 м. На ПнУ з возера выцякае ручай у воз. Пышна.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,56 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 22,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 59,6 км². Схілы катлавіны выш. 10—19 м (на Пн і У да 6 м), пераважна разараныя. Берагі выш. да 0,2 м, пясчаныя, па Пн і З зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 3—3,5 м (на Пд да 5,5—8 м) пясчанае і іліста-пясчанае, ніжэй — ілістае. Шыр. паласы падводнай расліннасці 20—25 м, на ПдУ да 75 м. На Пд упадае р. Дзіва, выцякае ручай у р. Лукомка.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ДХ’Я-ПРА́ДЭШ,

штат у цэнтр. ч. Індыі. Пл. 444 тыс. км². Нас. каля 70 млн. чал. (1997), гарадскога каля 20%. Адм. ц.г. Бхопал. Найбольшыя гарады Джабалпур, Дург-Бхілаінагар, Індаур, Уджайн. Займае паўн. ч. Дэканскага пласкагор’я, на Пн заходзіць у межы Інда-Гангскай раўніны. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў ад 700 мм (на ПнЗ) да 1600 мм (на Пд і ПдУ); дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. У натуральнай расліннасці пераважаюць лістападныя лясы. Сельскай гаспадаркай занята 75% насельніцтва. Вырошчваюць рыс, проса, пшаніцу, бавоўнік, алейныя культуры. Шаўкаводства. Здабыча марганцавай і жал. руд, баксітаў, каменнага вугалю, алмазаў. Прам-сць: баваўняная, металургічная, металаапр. і маш.-буд., буд. матэрыялаў, харч., джутавая, папяровая, хімічная.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна (выцякае з возера), за 52 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,9 км², даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 11—12 м (на У да 20 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПдУ тарфяністыя. На Пд да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада вызначаецца Нізкай мінералізацыяй (60—80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЛІ́ТЫ (ад мікра... + грэч. lithos камень),

у археалогіі дробныя дэталі складаных, састаўных прылад працы, якія вырабляліся з крэменю ў эпоху каменнага веку пераважна ў мезаліце. Матэрыялам для М. служылі невял. крамянёвыя абломкі тонкіх вузкіх пласцін або адшчэпаў, што апрацоўваліся спосабам стромкага рэтушавання іх краёў. Сярод М. вылучаюцца вастрыі некалькіх тыпаў і вырабы геаметрычна дакладных форм, мікраразцы, рэжучыя ўстаўкі з прытупленым рэтушшу краем і інш. М. звычайна ўстаўлялі ў пазы касцяных ці рэчавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў, з іх складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў. Іх замацоўвалі ў прыладах з дапамогай смалы. Вытворчасць М. — характэрная рыса культур тардэнуаза, каморніцкай, кудлаеўскай, рудавостраўскай, яніславіцкай і інш. Пры раскопках трапляюцца на ПдУ Беларусі.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́Р,

1) у драўляным дойлідстве — дошка з глухой, скразной або краявой разьбой, якая акаймоўвае навісь даху або страхі ці робіцца пад застрэшкам 2-схільнага даху; элемент дэкору. Выкарыстоўваецца пераважна ў жыллі, некат. гасп. пабудовах, брамах і варотах, культавых збудаваннях. Найб. простыя П. — дошкі з краявой разьбой у выглядзе зубцоў або хвалі. Ажурная скразная разьба П. з выкарыстаннем арнаментальных геам. ці расл. матываў характэрна для жыллёвага буд-ва У і ПдУ Беларусі (жылыя дамы ў Быхаве, Бабруйску, Ветцы, Гомелі і інш.).

2) У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве — карункі, якімі абшываецца край прасціны, пакрывала і інш.

Літ.:

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.

С.​А.​Сергачоў.

Падзоры ў дойлідстве.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФЯ́НЕ старажытнаіранскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. і ў першыя стагоддзі н.э. жылі на ПдУ ад Каспійскага м. (цяпер тэр. Паўд. Туркменістана і Харасана). Размаўлялі на адной з іран. моў, займаліся пераважна земляробствам (ірыгацыйныя збудаванні ў Парфіі вядомы з пач. 1-га тыс. да н.э.). Уваходзілі ў Мідыйскае царства, у час праўлення Кіра II — у Ахеменідаў дзяржаву. У 320-я г. да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 281 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. Каля 250 да н.э. на землях П. узнікла самаст. Парфянскае царства. Пісьменства П. створана на аснове арамейскага алфавіта. Парфянскай мовай карысталіся ў 3—4 ст. н.э. пры Сасанідах, каля 6 ст. яе выцесніла перс. мова.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)