СЛО́НІМСКІЯ ЗА́МКІ Існавалі ў 13—18 ст. у г. Слонім. Размяшчаліся на левым беразе р. Шчара. Умацаваным цэнтрам сярэдневяковага Слоніма быў Верхні замак, які займаў узвышша памерам 150×200 м. Замкавая пляцоўка мела форму няправільнага прамавугольніка, узвышалася над ракой на 3—4 м, была ахавана ровам шырынёй 15—18 м і глыбінёй каля 8 м. У 14—18 ст. побач з Верхнім размяшчаўся Ніжні замак, які займаў падковападобную пляцоўку, ахоўваўся земляным валам і вадзяным ровам. Нягледзячы на наданне ў 1531 Слоніму магдэбургскага права, ён у адрозненне ад інш. падобных гарадоў ніколі не меў уласна гар. умацаванняў. З ПдЗ горад абкружалі высокія ўзвышшы, што панавалі над усім наваколлем, і ўзвядзенне каля іх падножжа абарончых збудаванняў не мела сэнсу. Аднак на сутыку гандл. шляхоў была размешчана сістэма ўмацавання з цэркваў і кляштараў, якая запірала ўезды-выезды з горада. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 яны ўсё ж не змаглі абараніць у 1655 абязлюдзелы Слонім. Пазней умацаванні С.з. былі адноўлены і праіснавалі да канца 18 ст.
М.А.Ткачоў.
т. 15, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́Й Іпацій (свецкае імя Адам Львовіч; 12.4.1541, сядзіба Ражанка Камянецкага пав. Падляшскага ваяв. — 18.7.1613),
бел. царкоўны і дзярж. дзеяч., пісьменнік-палеміст. З правасл. роду Пацеяў. Верагодна, вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1566 брэсцкі пісар земскі, у 1569 дэпутат сейма, у 1588 брэсцкі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (крас. 1593). З мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596. З 1599 уніяцкі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Аўтар палемічных твораў на старабел. і польскай мовах у абарону уніі: «Унія...» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія...», «Рэляцыя» (усе 1608), вял. колькасці прамоў, павучанняў і інш. Прапаведніцкія творы П. на старабел. мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.
Літ.:
Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.
Ю.М.Лаўрык.
т. 12, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧА,
вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на беразе аднайм. возера. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г.п. Ушачы, 162 км ад Віцебска, 22 км ад чыг. ст. Зябкі. 319 ж., 135 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Руіны касцёла св. Веранікі і кляштара бернардзінцаў (1726).
Упамінаецца з 1552 як двор С., уладанне полацкага харунжага Івана Корсака, 23 дымы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1878 уваходзіла ў Кубліцкую вол. Лепельскага пав. Віцебскай губ., уладанне А.Шырына. У 1886 мястэчка, 110 ж., 17 двароў, вадзяны млын, вінакурны з-д, 2 крамы, карчма. З 1924 у Чарапоўшчынскім с/с Ушацкага р-на Полацкай, з 1935 у Лепельскай акр. У 1926 у С. 298 ж., 36 двароў, у 1941—224 ж., 54 двары. У Вял. Айч. вайну акупанты спалілі 3 двары, загубілі 14 жыхароў. З 1954 цэнтр сельсавета. У 1969—252 ж., 54 двары.
т. 14, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да пач. 1923. Утвораны 22.7.1773 у складзе Аршанскай правінцыі, з 22.3.1777 Магілёўскай губ. Цэнтр. — г. Сянно. У 1795 у С.п. перададзена частка тэрыторыі, далучанай у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай, з мяст. Лукомль і Чарэя. 12.12.1796 павет уключаны ў Беларускую губ. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1795. Пл. С.п. 3,3 тыс. км². У 1861 далучана частка скасаванага Копыскага пав., пасля чаго пл. стала 4,9 тыс. км². Тэр. С.п. была падзелена на 15 валасцей. У 1864 нас. павета 85,5 тыс. чал. У 1881 у С.п. (без г. Сянно) было 67 прадпрыемстваў, на якіх працавала 198 чал. У 1883 у 2 школах і 17 нар. вучылішчах навучалася 637 вучняў; былі 4 бальніцы на 72 ложкі, 2 аптэкі. На 1889 у павеце 786 паселішчаў, у 1897 161,7 тыс. чал., з іх у Сянне 4,1 тыс. З 26.4.1919 С.п. у складзе Віцебскай губ. 15.2. 1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Аршанскі, Бачэйкаўскі і Віцебскі паветы.
В.Л.Насевіч.
т. 14, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎНА,
горад, цэнтр Ровенскай вобл. на Украіне, на р. Вусце (бас. р. Прыпяць). Вядомы з 1282. Каля 245 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (высакавольтная электраапаратура, станкі і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, ВА «Азот»), харч., лёгкая (ільняная). 3 ВНУ, 2 тэатры, музеі: гіст.-краязн., разведчыка М.І.Кузняцова. Успенская царква (18 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1282 як горад Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Рэчы Паспалітай, пасля 2-га яе падзелу (1793) разам з Правабярэжнай Украінай далучаны да Расіі. З 1793 павятовы горад Валынскай губ. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны (1918) аўстра-герм., з 1920 — польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. У 1939 далучаны да УССР, са снеж. 1939 абл. цэнтр. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—44) ням.-фашыстамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Украіна». Каля Р. дзейнічалі партыз. атрад Дз.М.Мядзведзева «Пераможцы» і разведчык М.І.Кузняцоў.
т. 13, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦІ́ЎЛЬ,
горад у Сумскай вобл., на Украіне, на р. Сейм (бас. р. Дняпро), за 24 км ад чыг. станцыі Пуціўль. 19,5 тыс. ж. (1991). Харч. прадпрыемствы. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 16—18 ст.: Малчанскі (16—19 ст.) і Спаскі (17 — пач. 18 ст.) манастыры, царква Міколы Казацкага (18 ст.).
Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146; крэпасць для абароны Кіеўскай Русі ад набегаў полаўцаў. У 2-й пал. 12 ст. цэнтр аднайм. княства. Апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1356 у складзе ВКЛ. У 1500 вял. кн. Іван III Васілевіч далучыў П. да Рус. дзяржавы. У час польскай і шведскай інтэрвенцыі пачатку 17 стагоддзя заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Расіі. У 18 — пач. 20 ст. павятовы горад, з 1769 у Курскай губ. З 1926 у складзе Укр. ССР. З 1932 у Чарнігаўскай, з 1939 у Сумскай абл. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—43). Каля П. быў створаны Пуціўльскі партыз. атрад пад камандаваннем С.А.Каўпака.
т. 13, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРА́Я БЕ́ЛІЦА,
вёска ў Гомельскім р-не, на аўтадарозе Гомель—Уваравічы. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнЗ ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Уза. 567 ж., 333 двары (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Старабеліцкая Мікалаеўская царква, сядзіба (канец 18—2-я пал. 19 ст.).
У 18 ст. вёска ў Гомельскім старостве Рэчы Паспалітай, уладанне Чартарыйскіх. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773—490 ж., 47 двароў. У 1775 С.Б. падаравана імператрыцай Кацярынай II кн. М.Кантгаўзену. У 1777—86 у сувязі з буд-вам новага цэнтра Беліцкага пав. (Новай Беліцы) павятовая адміністрацыя размяшчалася ў С.Б. У 1875 сяло, 666 ж., 150 двароў, нар. вучылішча, царква. З 1878 да 1914 прыватнае ўладанне Солтан-Перасветаў. У 1886—664 ж., 110 двароў, вінакурны з-д, 2 ветраныя млыны, царква. З 8.12.1926 цэнтр сельсавета Уваравіцкага р-на Гомельскай акругі, 635 ж., 194 двары. З 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 17.4.1962 у Гомельскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 12 жыхароў.
т. 15, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРА́Я ГАЛЫ́НКА,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Дзярэчын—Слонім. Цэнтр Галынкаўскага с/с і калгаса. За 18 км на ПнУ ад гар. пас. і 20 км ад чыг. ст. Зэльва, 110 км ад Гродна. 292 ж., 112 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — вадзяны млын (канец 19 ст.).
Вядома з 16 ст. як вёска Галынка ў Лідскім пав., прыватная ўласнасць. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка ў Слонімскім пав. Гродзенскай губ., дзярж. ўласнасць. У 1878 у С.Г. 293 ж.; у 1886—275 ж., 45 двароў, школа, царква, 3 сінагогі, крупадзёрка, 2 карчмы; у 1903—691 ж. З 1921 ў складзе Польшчы, у Старавескай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв., 432 ж., 84 двары. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 у Зэльвенскім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С.Г. 386 ж. З 20.9.1944 ў Гродзенскай вобл. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
т. 15, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗА РЭФО́РМА,
сістэма эканам. мерапрыемстваў у каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ у 1760—70-я г., праведзеных па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза. Рэформа прадугледжвала: аднаўленне ў эканоміях фальваркаў з паляпшэннем апрацоўкі зямлі і выкарыстаннем зах.-еўрап. тэхнікі; арганізацыю ў эканоміях мануфактур, заснаваных на дармавой працы каралеўскіх сялян; стварэнне разгалінаванай сістэмы сухапутных шляхоў і сплаву па рэках для стымулявання гандлю. Т.р. пачалася ў 1765 з перамеру зямлі. Для сялян была створана своеасаблівая сістэма страхавання («камунальныя магазіны» з рэзервовым запасам збожжа і «камунальныя касы»). У выніку рэформы сяляне эканомій пазбавіліся злоўжыванняў з боку арандатараў і трымальнікаў, набылі магчымасць пашыраць сваё землекарыстанне за кошт прыёмнай зямлі, са згоды адміністрацыі мелі права на перадачу зямлі па спадчыне. Значна выраслі даходы скарбу ВКЛ. Але павышэнне прыбыткаў было вынікам не толькі ўдасканалення гаспадаркі, але і дадатковага абцяжарання сельскага насельніцтва, якое не прыняло рэформу. Узмацненне павіннаснага абкладання сялян у выніку прывяло да пагаршэння эканам. становішча феадальна-залежнага насельніцтва эканомій. Рэформа не была канчаткова рэалізавана ў сувязі з унутрыпаліт. (адхіленне Тызенгаўза ад пасады і інш.) і знешнепаліт. (падзелы Рэчы Паспалітай) падзеямі.
І.Ф.Кітурка.
т. 16, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗЫ, фон Тызенгаўзены,
шляхецкі род уласнага герба «Буйвал» у Рэчы Паспалітай. Маюць ням. паходжанне, у пач. 13 ст. прыбылі з Гальштэйна ў Інфлянты. З Т., што жылі ў ВКЛ, найб. вядомы:
Готард Ян (? — 1640), кашталян вендэнскі ў 1621—34, ваявода дорпцкі з 1634. Готард (? — 1669), канонік і суфраган віленскі з 1661, абат гебдоўскі, біскуп-намінат метонскі, біскуп смаленскі з 1667. Юрый (? — 6/7.9.1679), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік ВКЛ з 1650. Андрэй (? — 8.2.1673), лоўчы ВКЛ з 1667. Стафан (? — 24.12.1708), падстолі ВКЛ у 1687, ваявода новагародскі з 1689. Ян Стафан (? — 1730), вял. пісар ВКЛ у 1669—1714, ваявода мсціслаўскі з 1714, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1716 і 1720. Міхал Бенядзікт (? — да 12.10.1726), вял. пісар ВКЛ з 1714. Антоній (1733—85), гл. Тызенгаўз А. Канстанцін (3.6.1786, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1853), арнітолаг. Аўтар прац «Асновы арніталогіі, або Навукі пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1843—46). Захапляўся жывапісам, быў вучнем Я.Рустэма. У сваім маёнтку ў Паставах стварыў арніталагічны музей, сабраў карцінную галерэю, значную б-ку.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 16, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)