завіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рабіць што‑н. вельмі старанна, рупліва. Ля адной платформы завіхаліся людзі на чале з Ваўчком — яны прыладжвалі з бярвення і дошак сход[ы] для машын. Хадкевіч. Зімою ў гэтым пакоі вучыліся чацвёрты і пяты класы, а летам завіхаліся служанкі: мылі, сушылі і прасавалі настаўніцкую бялізну. Лобан.
2. каля каго-чаго. Горача выяўляць сваю прыхільнасць, адданасць каму‑, чаму‑н. Завіхацца каля сям’і. □ Пантагрыні ж вельмі патрэбна была дапамога, таму ён і завіхаўся каля свайго заакіянскага госця. Маўр. // Заляцацца да каго‑н., упадаць за кім‑н. Гэтая прыгажуня з першага ж дня пачала неяк занадта шчыра завіхацца каля ўрача. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., што.
1. Сагнуць, пакарабаціць усё, многае або што‑н. у многіх месцах. Аднойчы я сам бачыў, як .. [парабкі].. выплюхнулі з цабэрка ваду, а рыдлёўкі пагнулі і закінулі ў крапіву. Бажко. Алёша, закасаўшыся, сам стаяў у размешанай гразі, глядзеў, каб чаго не пагнуць у машыне. Лобан. // Схіліць, нахіліць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. На .. [ стале] у гладышы з адбітым горлам пагнулі галовы прывялыя чырвоныя вяргіні. Пташнікаў.
2. і без дап. Гнуць некаторы час. Узяў дзед кусок скуры, так падэшвы на дзве, пагнуў-пагнуў яго ў руках і пытае: — Колькі за гэта? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дзіцца, ладжуся, ладзішся, ладзіцца; заг. ладзься; незак.
1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Ісці на лад, добра атрымлівацца, складна выходзіць. Не ладзіцца справа. □ Вярнуўся [Бабейка] з партызан камуністам, за год-паўтара паставіў калгас на ногі, ды і цяпер у яго ўсё ладзіцца... Хадкевіч. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі. Колас.
2. Разм. Наважвацца, рыхтавацца што‑н. рабіць, зрабіць. Пасярэдзіне сянец некалькі пар ужо ладзілася скакаць. Лобан. [Дзед] налівае ў міску капусты і ладзіцца карміць мяне вялізнай драўлянай лыжкай, якая не лезе мне ў рот... Сачанка.
3. Зал. да ладзіць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напала́м, прысл.
Разм.
1. На дзве прыблізна роўныя палавіны; надвае. Зламацца напалам. Падзяліць напалам. □ Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Чорны. Кандрат паклаў разламаную напалам бульбіну і прыліп тварам да шыбы. Галавач.
2. У роўнай долі, на паях з кім‑н. Наймаць пакой напалам. // перан. Перажываць што‑н. разам. Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду. Панчанка.
3. Удвая. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.
4. Напалавіну, у сумесі з чым‑н. Мы пяклі праснакі Напалам з лебядою І чакалі вясны, Каб адтала кара. Броўка. Па абодва бакі дарогі стаяла няскошаная, напалам з цімафееўкай канюшына. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паласка́ць, палашчу, палошчаш, палошча; незак., што.
1. Прамываць, абмываць, апускаючы ў ваду. Пад мостам, стоячы па калені ў вадзе, жанчына паласкала бялізну. Лобан. І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала. Колас. // Заліваючы або паліваючы, абмываць. Шыбы паласкаў дождж, але праз іх яшчэ добра былі відаць апошнія ружы. Федасеенка.
2. Прамываць рот, горла, зубы з мэтай дэзінфекцыі, лячэння. Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў .. [Гендарсану] твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот. Чарнышэвіч.
3. Развяваць што‑н., хлопаць чым‑н. (пераважна пра вецер). А побач гмах на люднай плошчы Асветлен сонцам веснавым, І вецер горды сцяг палошча Над родным горадам маім. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́льба, ‑ы, ж.
1. Аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых. Адганяць бульбу. □ [Лабановіч] радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы. Колас.
2. зб. Падземныя клубні гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як харч, корм і сыравіна. Абіраць бульбу. Капаць бульбу. Кармавая бульба. Насенная бульба. Сопкая бульба. // Страва, прыгатаваная з клубняў гэтай расліны. Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Запахла бульбай. Мележ.
3. Назва беларускага народнага танца. Дружна будзем на сцэне «Бульбу» мы танцаваць. Нядзведскі.
•••
Бульба ў мундзірах — звараная з лупінамі бульба. Раніцай Якавіха высыпала на стол чыгун-вядзёрнік бульбы ў мундзірах, налівала міску малака — садзіцеся і ешце. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
буфе́т, ‑а. М ‑феце, м.
1. Шафа для пасуды, сталовай бялізны, закусак, напіткаў. Маці ў фартуху, у касынцы з такой жа вясёленькай крамніны насіла з кухні ў сталовую і ставіла ў буфет варанае і смажанае. Карпаў. Рэчаў у нас было мала: шафа, буфет, стол, два ложкі. Жычка.
2. Стол або стойка для продажу закусак і напіткаў у сталовых, рэстаранах і пад. Ля самага парога абступілі буфет мужчыны, чакалі свежага піва: бочку толькі што адкрылі — буфетчыца завіхалася ля помпы. М. Стральцоў.
3. Разм. Пакой, дзе прадаюцца напіткі і закускі; закусачная. На Валадарскага [Шэмет] зазірнуў у буфет, захацелася ад смагі халоднага піва. Лобан.
[Фр. buffet.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засты́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які стаў густым, цвёрдым пры ахалоджванні. Застылы тлушч. □ Нажом з драўлянымі тронкамі цётка адрэзала танюсенькую скібачку хлеба, паклала на яе кавалачак застылага мёду. Нядзведскі.
2. Разм. Пакрыты лёдам, прымерзлы. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі ільдзінкамі. Шыцік.
3. Разм. Змёрзлы, закарчанелы ад холаду. Раечка адчула прыемную цеплыню, нават застылыя ногі ўгрэліся. Лобан. Папіскваюць застылыя на марозе канаплянкі. Лупсякоў.
4. Халодны, адубелы, спруцянелы (пра труп). Цень кратаў кладзецца, нібы пляцёнка з лучын, на застылы .. труп старога селяніна. Бядуля.
5. Нерухомы, анямелы. Застылая ўсмешка. Застылы твар. □ Саша заплюшчыла вочы, сядзела ціхая, застылая. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пішча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіць піск (пра птушак і некаторых жывёл). Пішчалі шустрыя маладыя шпачкі. Сачанка. У блізшай кане чуваць было, як пішчалі мышы... Лобан. // Выдаваць пісклівыя гукі (пра нежывыя прадметы). Пішчала, курчылася ад гарачыні на скаварадзе яечня. Васілевіч. І калёсы гадоў пяць мо не мазаныя. Восі аж пішчаць. Жычка.
2. Плакаць або смяяцца тонкім голасам (пра дзяцей). Петрык рад — ручкамі махае і пішчыць ад радасці. Крапіва.
3. Гаварыць або спяваць тонкім пісклявым голасам. — Вобыск у вас трэба зрабіць! — пагард[лів]а, пакручваючыся на вываксаваных крывых ботах, пішчаў жандар. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́га, ‑і, ДМ плязе, ж.
Разм.
1. Дажджлівае надвор’е, слота. [Ціток:] — Бывала, дождж ці якая пляга, то я толькі і думаю што пра цябе: дзе гэты бедны Амеля, думаю, ноч сваю каратае? Лобан.
2. Няшчасце, бяда. [Сымон:] — На печ залез я не на век І не зраблю вам ліха, плягі, Бо не такі я чалавек. Колас. // Пра што‑н. прыкрае, непрыемнае, назойлівае. [Бабка:] — Не дзеці, а пляга нейкая на маю галаву! Усё вышнараць, да ўсяго далезуць! Каліна. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, слепні. Ад гэтай плягі лось і схаваўся ў пратоцы. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)