1. Які ідзе, наступае, выходзіць і пад. непасрэдна за папярэднім; бліжэйшы па чарзе. Чарговая электрычка. Чарговы загад. □ Аднак, калі хлапчук мінуў ужо некалькі пільных вачэй, чарговы патруль яго аклікнуў: — Пачакай, малы!Якімовіч.[Лётчык:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых.Мележ.Раптам, схамянуўшыся, Максім устае: над галавой чутна тупаніна. Значыць, параход пад’язджае да чарговага прыпынку.Каршукоў.// Які выконвае ў парадку чарговасці якія‑н. абавязкі. Чарговы днявальны.
2. Які адбываецца, праводзіцца рэгулярна, у пэўнай паслядоўнасці. Чарговы адпачынак. Чарговы з’езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. □ У адзін з дажджлівых асенніх вечароў сюды на, чарговую нараду прыйшлі кіраўнікі асобных баявых груп.Пятніцкі.
3. Першы па неабходнасці, важнасці. [Старшыня:] — Калектывізацыя сельскай гаспадаркі — наша чарговая, баявая задача, і мы павінны выканаць яе на сто працэнтаў.Колас.
4. Які ўзнікае, паўтараецца, аднаўляецца час ад часу. Сілівон сядзеў у хаце Рады выдумцы чарговай.Лужанін.З таго прыезду паміж .. [Паходнем] і Марынкай завязалася перапіска, а кожны чарговы прыезд Паходні ў Мінск быў для яе радаснай падзеяй.Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ПО́ЛЬШЧЫ (КПП),
нелегальная паліт. партыя левага кірунку ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1918—38 (да лют. 1925 наз.Камуніст. рабочая партыя Польшчы). Створана ў выніку аб’яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы і Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы (у 1920 далучылася і Польская сацыяліст. партыя-апазіцыя) ва ўмовах уздыму рэв. руху пасля 1-й сусв. вайны. Паводле ўстаноўчых праграмных дакументаў гал. мэтай партыі абвешчана ажыццяўленне сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне дыктатуры пралетарыяту ў Польшчы ў кантакце з рабочымі Сав. Расіі. Адна з заснавальніц (1919) Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). У 1922 створана легальная арг-цыя партыі — Саюз пралетарыяту горада і вёскі (ад яе ў ліст. 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сак. 1928—7 дэпутатаў у сейм). Унутры партыі дзейнічалі аўтаномныя Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ, з 1921) і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, з 1923). Пад кіраўніцтвам КПП дзейнічалі Камуніст. саюз моладзі Польшчы (1922—38) і яго аўт. часткі — Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі і Камуніст. саюз моладзі Зах. Украіны. На 2-м з’ездзе КПП (вер.—кастр. 1923) у праграме выпраўлены левасектанцкія хібы па сял. і нац. пытаннях. Супрацоўнічала з Незалежнай сялянскай партыяй, Беларускай сялянска-рабочай грамадой, Сельробам і інш. арг-цыямі. Арганізоўвала і падтрымлівала выступленні рабочых і сялян у абарону іх сац. і паліт. правоў. У адпаведнасці з рашэннямі 7-га кангрэса Камінтэрна (1935) праводзіла курс на стварэнне антыфашысцкага народнага фронту, патрабавала скасаваць германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе, ініцыіравала правядзенне антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, выступала за дружбу з СССР. Ў 1930-я г. КПП разам з КПЗБ і КПЗУ налічвала больш за 20 тыс. членаў, з іх 5—6 тыс. былі ў зняволенні. У 1936—38 многія члены КПП, КПЗБ і КПЗУ добраахвотна ўдзельнічалі на баку рэспубліканцаў у грамадз. вайне ў Іспаніі. Вышэйшы орган партыі — з’езд (адбыліся ў 1918, 1923, 1925, 1927, 1930, 1932), паміж з’ездамі — ЦК на чале з ген. сакратаром. Кіраўнікі: А.Е.Варскі (Варшаўскі), М.Кашуцкая (В.Костшэва), Ю.Ляшчынскі (Ленскі), Э.Прухняк і інш. Нелегальна выдавала газ. «Czerwony sztandar» («Чырвоны сцяг») і тэарэтычны час. «Nowy przegląd» («Новы агляд»), У жн. 1938 распушчана разам з КПЗБ і КПЗУ Выканкомам Камінтэрна на падставе лжывых абвінавачанняў у шырокім пранікненні варожай агентуры ў кіраўніцтва партыі. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі заявілі аб прызнанні неабгрунтаваным роспуску КПП, КПЗБ і КПЗУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́Ц,
горад, цэнтр Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны і аўтадарог. За 240 км на У ад Брэста. 24,9 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 1449 пад назвай Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 с. Лулінец маёнтка Ішкалдзь, належаў Неміровічам. У 1552 удава Я.П.Неміровіча Ганна (з Сапегаў) перадала сяло свайму прыёмнаму сыну полацкаму ваяводу С.С.Давойне. З 1561 сучасная назва. У 1588 сяло Навагрудскага пав., 75 дымоў, царква. У 2-й пал. 16—1-й чвэрці 17 ст. належаў Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцавічам, Долматам і інш. У 1622 К.Долмат падараваў Л. разам з сялянамі Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру. З 1793 Л. у Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1795—624 ж., 75 дамоў. У 1842 маёнткі манастыра перададзены ў казну, жыхары пераведзены ў катэгорыю дзярж. сялян. У 1884—86 праз Л. пракладзены Палескія чыгункі, што паспрыяла хуткаму эканам. развіццю і росту насельніцтва. У 1897—3167 ж., 855 двароў. У канцы 19 ст. заснаваны чыг. рамонтныя майстэрні (239 рабочых у 1900), працавалі 2 млыны, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа. 3 пач. 20 ст. дзейнічаў Лунінецкі шпалапрапітны завод. 3 ліст. 1911 да лют. 1912 у Л. жыў і працаваў Я.Колас. 10.11.1917 у Л. абвешчана сав. ўлада. У ліст. 1917 тут адбыўся I з’езд Саветаў Пінскага пав. 18.2.1918 акупіраваны герм. войскамі. У студз. 1919 адноўлена сав. ўлада. 3 лют. 1919 Л. — адзін з важных вузлоў абароны на Зах. фронце ў час сав.-польскай вайны 1919—20. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр Лунінецкага павета Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 8,3 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр Лунінецкага раёна. У Вял.
Айч. вайну з 10.7.1941 да 10.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 16 637 чал., вывезлі на катаржныя работы ў Германію 2319 чал. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—14,3 тыс. ж.
Прамысл. прадпрыемствы: лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», рамонтна-мех.з-д, акц. т-вы «Лунінецкі малочны завод» і «Лунінецлес», дрэваапрацоўчы камбінат, лакаматыўнае дэпо і інш. 2 ПТВ, 4 сярэднія школы, ліцэй, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 11 дашкольных устаноў, 2 дамы культуры, 8 б-к, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, Лунінецкі краязнаўчы музей, 7 бальнічных устаноў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,
рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.—жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦК (у сак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач.жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст. садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.
Літ.:
Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;
Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;
Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.
разам з Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкай 1905, вышэйшы этап рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Адбывалася пад кіраўніцтвам рэв. партый — бальшавікоў, меншавікоў, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Бунда, адначасова і ў цеснай сувязі са снежаньскімі ўзбр. паўстаннямі 1905. Стачцы папярэднічаў рэв. ўздым пасля абвяшчэння Маніфеста 17 кастрычніка 1905. У кастр.—снеж. 1905 у Расіі баставалі 1277 тыс. рабочых. Стачка ініцыіравана бальшавікамі як папярэдняя фаза запланаванага імі ўсеагульнага ўзбр. паўстання з мэтай звяржэння царызму і ўсталявання рэв.-дэмакр. дыктатуры рабочых і сялян. Кіраўніцтва стачкай і паўстаннем ускладалася на Саветы рабочых дэпутатаў (гл.Саветы дэпутатаў) і падобныя да іх арг-цыі. 19.12.1905 Маскоўскі Савет, дзе пераважалі бальшавікі, вырашыў пачаць 20 снеж. ўсеагульную стачку, каб перавесці яе ва ўзбр. паўстанне. Гэтае рашэнне падтрымалі канферэнцыя чыгуначнікаў і з’езд паштова-тэлегр. служачых. Ў розныя рэгіёны краіны выехалі дэпутаты Маскоўскага Савета, каб наладзіць кантакты і заручыцца падтрымкай. Усё гэта паспрыяла адначасоваму пачатку стачкі і яе хуткаму пашырэнню па ўсёй Расіі, у т. л. на Беларусі. Баставалі чыгункі, пошта, тэлеграф, рабочыя буйных прамысл. цэнтраў. Гал. патрабаваннем бастуючых была ліквідацыя самадзяржаўя. 22 снеж. стачка ў Маскве перарасла ва ўзбр. выступленне. Урадавым войскам у ходзе барыкадных баёў супрацьстаялі бальшавіцкія, эсэраўскія і меншавіцкія баявыя дружыны (6 тыс.чал., з іх 2 тыс. ўзброеныя). З прыбыццём у Маскву Сямёнаўскага і Ладажскага палкоў 31 снеж. паўстанне было падаўлена. Узбр. паўстанні адбыліся яшчэ ў 30 гарадах Расіі (Растоў-на-Доне, Ніжні Ноўгарад, Екацярынаслаў, Харкаў і інш.). У Чыце, Краснаярску, Новарасійску (гл.«Новарасійская рэспубліка») улада на непрацяглы тэрмін пераходзіла ў рукі Саветаў. Але ўсе гэтыя выступленні насілі ізаляваны характар і да лют. 1906 задушаны карнымі войскамі.
На Беларусі 21—22 снеж. забаставалі ўсе чыгуначнікі, іх падтрымалі рабочыя 17 гарадоў, у 13 з якіх стачка набыла агульнагар. характар. Стачкамі кіравалі стачачныя к-ты (Баранавічы, Орша, Пінск, Лунінец, Магілёў), кааліцыйныя саветы (Мінск, Віцебск), Гомельскі камітэт дэлегатаў. Гэтыя органы выконвалі некат. функцыі рэв. улады. Адбываліся масавыя мітынгі і дэманстрацыі, фарміраваліся баявыя дружыны. Бел. рабочыя спрабавалі перашкодзіць прасоўванню карных войск у Маскву і інш. цэнтры паўстання. У Гомелі, Баранавічах (гл.Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905), Пінску, Смаргоні сітуацыя была блізкая да ўзбр. паўстання, але мясц.рэв. арг-цыі чакалі зыходу барацьбы ў цэнтры Расіі. У канцы снеж. 1905 — пач.студз. 1906 забастоўкі на Беларусі задушаны царскімі войскамі.
Літ.:
Яковлев Н.Н. Вооруженные восстания в декабре 1905 г.М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛОГІЯ
Развіццё отарыналарынгалогіі на Беларусі распачаў у 1906 урач Магілёўскай губ. К.Ю.Канановіч, які набыў спецыялізацыю ў С.-Пецярбургу. Першыя навук. даследаванні зроблены М.Ф.Цытовічам у дысертацыі «Да пытання аб дыхальных і пульсатарных рухах барабаннай перапонкі» (1907). У пач. 20 ст. отарыналарынгалагічную дапамогу насельніцтву аказвалі М.В.Камоцкі, М.Л.Кацнельсон, М.А.Паўтаў, А.З.Яхнін і інш. Даследаванні па отарыналарынгалогіі актывізаваліся з арганізацыяй кафедры і клінікі хвароб вуха, горла і носа (1925) у Мінскім мед. ін-це (С.М.Бурак). У даваенны час вывучалася склерома дыхальных шляхоў (С.М.Алукер, Р.Х.Карпілаў, І.А.Лапотка, Я.І.Яраслаўскі). Распрацаваныя на Беларусі метады дыягностыкі і лячэння склеромы выкарыстоўваліся ва ўсіх рэспубліках СССР. У 1927 арганізавана секцыя отарыналарынгалогіі пры Мінскім навукова-практычным таварыстве ўрачоў (з 1933 Бел. навукова-практычнае таварыства). У 1928 адбыўся 1-ы Усебел. з’езд отарыналарынголагаў, на якім абмяркоўваліся праблемы склеромы і глуханематы. У пасляваенныя гады створаны новыя схемы тэрапіі склеромы (М.П.Кніга, М.В.Мякіннікава, М.Ц.Яўстаф’еў). У апошнія дзесяцігоддзі навукова-даследчая работа бел. отарыналарынголагаў вядзецца на кафедрах хвароб вуха, горла, носа ў Бел., Віцебскім, Гродзенскім, Гомельскім мед. ун-тах, Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у аддзелах отарыналарынгалогіі Бел.НДІ: анкалогіі і мед. радыялогіі; неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Удасканалены метады прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння хранічных гнойных атытаў, танзілітаў, дабраякасных і злаякасных пухлін, стэнозаў гартані, прыроджаных заган, арганізацыі барацьбы з захворваннямі вуха, горла і носа. Распрацаваны пытанні хірургічнай рэабілітацыі слыху пры хранічных гнойных сярэдніх атытах, отасклерозе, прафесійных захворваннях, гнойных параназальных сінусітах (М.І.Аўсяннікаў, В.А.Быстрэнін, В.Я.Гапановіч, І.М.Кароль, В.Ф.Мельнік, У.Дз.Мяланьін, В.П.Сітнікаў, А.Г.Хораў, П.А.Цімашэнка, С.Р.Чабанаў); эпідэміялогіі, дыягностыкі і лячэння дабраякасных і злаякасных новаўтварэнняў (А.В.Вакер, І.А.Склют, Г.М.Смердаў, Л.Р.Пятрова).
Літ.:
Крючок Г.С. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Гапанович В.Я. Аспекты истории развития оториноларингологии в Белоруссии // II съезд оториноларингологов Белоруссии. Мн., 1984;
Тимошенко П.А. Состояние и перспективы слухоулучшающей хирургии в Республике Беларусь // Здравоохранение Беларуси. 1994. №9;
Timoschenko P.A., Gapanovich V.J. The development of ENT in Belarus between 1880 and 1920 // Laringo-Rhino-Otologie. 4th European Congress of Oto-Rhinolaryngology Head and Neck Surgery. Abstracts. Berlin (Germany). 13—18 May 2000. Berlin, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сацыялісты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сацыялізма (у 1 знач.). Сацыялістычная вытворчасць. Сацыялістычная сістэма. Краіны сацыялістычнай садружнасці. □ Раніцаю з’езд абраў Савецкі ўрад на чале з Леніным. Так пачалася новая, сацыялістычная эра ў гісторыі чалавецтва.Гурскі.// Заснаваны на прынцыпах сацыялізма (у 1, 2 знач.). Сацыялістычны лад. Сацыялістычная дзяржава. □ Сацыялістычнае грамадства стварае найбольш спрыяльныя ўмовы для збліжэння дыялектаў і растварэння іх у агульнанароднай мове.«Працы».
2. Уласцівы грамадству, заснаванаму на прынцыпах сацыялізма. Сацыялістычная індустрыялізацыя. Сацыялістычная эканоміка. Сацыялістычная законнасць. Сацыялістычнае будаўніцтва. □ [Максім:] — Нашу поўную перамогу забяспечыць нам грамадская свядомасць, дысцыплінаванасць і наша актыўная праца на фронце сацыялістычнай гаспадаркі.Колас.// Які мае мэтай пераўтварэнне грамадства на прынцыпах сацыялізма (у 2 знач.). Буржуазія.. з’яўляецца такой жа неабходнай папярэдняй умовай сацыялістычнай рэвалюцыі, як і сам пралетарыят.Энгельс.
3. Які адпавядае прынцыпам сацыялізма (у 1, 2 знач.), прасякнуты ідэямі сацыялізма. Сацыялістычныя адносіны да працы. Сацыялістычны гуманізм. Сацыялістычная мараль.
4. Які мае адносіны да сацыял-дэмакратыі.
•••
Герой Сацыялістычнай Працыгл. герой.
Савецкая сацыялістычная рэспублікагл. рэспубліка.
Сацыялістычнае спаборніцтвагл. спаборніцтва.
Сацыялістычная ўласнасцьгл. уласнасць.
Сацыялістычны рэалізмгл. рэалізм.
Сацыялістычны ўклад жыццягл. уклад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ВЫ імя Ф.Скарыны (ТБМ),
бел. добраахвотная грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989 у Мінску. Арганізатары-заснавальнікі: Саюз пісьменнікаў Беларусі, мін-вы адукацыі, культуры Рэспублікі Беларусь, ін-ты мовазнаўства і літаратуры Нац.АН Беларусі, Дзярж.к-т Рэспублікі Беларусь па друку, Бел. фонд культуры, т-ва «Радзіма», Бел.т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі, Нац. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Старшыні т-ва: Н.С.Гілевіч, з 1997 Г.М.Бураўкін, з 1999 А.А.Трусаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, які склікаецца 1 раз у 2 гады, кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. рада ТБМ, выканаўчы орган — Сакратарыят. Рэвізійная камісія кантралюе дзейнасць выбарных органаў і структурных падраздзяленняў т-ва. Мэты т-ва: аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нац. святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі, усебаковае развіццё і захаванне яе чысціні і самабытнасці. Пры т-ве дзейнічае 8 камісій: адукацыйная, арганізацыйная, выдавецкая, па культуры мовы і ўдасканаленні правапісу, па сувязях з замежнымі краінамі, па тапаніміцы і гіст. сімволіцы, тэрміналагічная і інш. Працуе ініцыятыўная група па стварэнні Бел.нац. ун-та, бел. бацькоўскі к-т, кніжны і відэаклуб. Мае б-ку стараж.бел. кнігі (больш за 600 асобнікаў рэдкіх бел. кніг). За час існавання т-вам выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай л-ры, у т. л. тэрміналагічныя слоўнікі па фізіцы, вышэйшай матэматыцы, зоапаразіталогіі, батаніцы, бел. вайсковы слоўнік і інш. З сак. 1990 выдае штотыднёвую газ. «Наша слова». У 1990 прымала ўдзел у падрыхтоўцы Закона «Аб мовах у Беларускай ССР», арганізацыі кантролю за выкананнем гэтага закона, у стварэнні «Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Рэспубліцы Беларусь» (1991). ТБМ правяло рэсп. канферэнцыі: «Шляхі станаўлення нацыянальнай беларускай школы» (1990), «Інтэлігенцыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі» (1991), «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт Беларусі», «Шляхі ўдасканалення правапісу беларускай літаратурнай мовы» (1992), сумесна з Мін-вам адукацыі па праблемах бел. тэрміналогіі (1994, 1995), «Закон аб мовах — вынікі і перспектывы», «Беларуская тапаніміка. Гісторыя і сучаснасць» (2000). Падтрымлівае беларускамоўныя класы і школы, прапагандуе родную мову і культуру. Удзельнічала ў перапісе насельніцтва Беларусі (1999). Ім перададзена бязвыплатна каля 10 тыс. асобнікаў кніг для рэгіянальных суполак ТБМ, а таксама для вясковых, школьных і раённых б-к. Структуры т-ва працуюць у кожным раёне Мінска, ва ўсіх буйных гарадах і 64 раёнах Беларусі, а таксама ў Вільні, Рызе, Іркуцку, Маскве, С.-Пецярбургу, Севастопалі, існуе суполка ў Германіі. На 1.1.2001 у ТБМ больш як 5500 актыўных членаў і каля 10 000 прыхільнікаў. Мае сваю афіцыйную сімволіку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 1930—41.
Бел. архітэктура гэтага часу развівалася ў агульнасаюзным рэчышчы. Гэта быў час пошуку новых форм, які суправаджаўся проціборствам паміж старой творчай інтэлігенцыяй і новай — пралетарскай. Новая архітэктура страціла нац. каларыт і развівалася як частка шматнацыянальнай сав. архітэктуры. Мінск як сталіца рэспублікі стаў цэнтрам арх. жыцця, канцэнтрацыі вялікага маст. і інтэлектуальнага патэнцыялу. Рост эканомікі БССР актывізаваў будаўнічую дзейнасць, стымуляваў развіццё культуры. У 1933 створаны першы на Беларусі буйны праектны інстытут рэсп. маштабу «Белдзяржпраект» (дырэктар А.П.Воінаў), у 1936 — «Белпрампраект». У «Белдзяржпраекце» распрацаваны генпланы Магілёва (арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг), Оршы і Мазыра (арх. П.Кірыенка), Полацка (арх. І.Рапапорт), Слуцка і Рэчыцы (арх. Г.Парсаданаў). У 1941 была завершана распрацоўка праекта генеральнай схемы планіроўкі рэканструкцыі Мінска да 1955 (арх. В.Мураўёў, І.Трудаў, Г.Якушка, інж. Д.Яскевіч); згодна са схемай планавалася капітальнае будаўніцтва на асноўных яго магістралях. Пры ўзвядзенні Дома ўрада (1930—34, арх. І.Лангбард) азначыўся адыход ад канструктывізму. На шляху пошуку новых форм працаваў І.Лангбард, ён выкарыстоўваў трохчвэртныя калоны, рытмічны лад якіх надаваў будынкам магутную выразнасць і кампазіцыйную завершанасць (Дом Чырвонай Арміі, комплекс Акадэміі навук, будынак тэатра оперы і балета, усе ў Мінску). У кірунку маст. перабудовы і крытычнага асваення класікі вылучаліся работы В.Батаева, І.Валадзько, У.Вараксіна, А.Воінава, М.Гілярава, В.Гусева, А.Крылова, А.Брэгмана, Р.Столера, М.Томаха, Г.Якушкі і інш. (у Мінску — будынкі ЦККПБ, партыйных курсаў, Палац піянераў, Ін-т фізкультуры, сярэдняя школа №4, гасцініцы Бел. ваеннай акругі, «Беларусь», 122-кватэрны жылы дом на Круглай пл., жылы дом гарсавета на вул. Савецкай; Дом гарсавета ў Гомелі). Стылістычныя змены часцей адлюстроўваліся ў дэкаратыўным убранні, а ў аб’ёмна-кампазіцыйных вырашэннях захоўваліся прынцыпы канструктывісцкай архітэктуры. Забудова 1930-х г. характарызавалася маштабнай цэласнасцю і ансамблевасцю, фарміравала новае архітэктурна-прасторавае і маст. асяроддзе (забудова Круглай пл., універсітэцкага гарадка, 1-й клінічнай бальніцы, політэхнічнага інстытута, усе ў Мінску). Вялікую ролю ў фарміраванні тэарэтычнай праблематыкі 1930-х г. адыгралі 1-ы (1935) і 2-і (1941) Усебеларускія з’езды Саюза архітэктараў, а таксама 1-ы з’езд Саюза архітэктараў СССР (1937). У гэты перыяд адбывалася станаўленне архітэктуры сацыяліст. рэалізму. У архітэктурнае жыццё актыўна ўваходзяць праблемы крытычнага асваення класічнай спадчыны. Практычныя пытанні, што абмяркоўваліся на з’ездах Саюза архітэктараў, сфарміравалі цэлыя блокі тэарэт. праблематыкі. У гэтых умовах вывучэнне пытанняў нац. своеасаблівасці бел. архітэктуры штучна прыпынена.
Касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага раёна. 1852—57.Ільінская царква ў г.п. Бешанковічы. 1870.Андрэеўскі касцёл у г.п. Лынтупы Пастаўскага раёна. 1908—14.Царква ў в Мількаўшчына Гродзенскага раёна 1906—08.Палац у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна. 1908.Былая гасцініца Беларускай ваеннай акругі ў Мінску. 1920-я г. Фота 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З САВЕ́ЦКІХ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫХ РЭСПУ́БЛІК (СССР), Савецкі Саюз,
шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч.тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл.СССР складала 22,4 млн.км², нас. 286,7 млн.чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г.Масква. Утварэнне СССР было заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.В.Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якім інш.сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.І.Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБКП(б)Б было супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас.з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав.сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.А.Калінін, Р.А.Пятроўскі, А.Р.Чарвякоў, Н.Н.Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на II з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВКБССР Прэзідыум ЦВКСССР са згоды Усерас.Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац. дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г.СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн.чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з крас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв. сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.А.Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г.СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац.сав. дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.
Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езднар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езднар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.С.Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
Кр.:
Образование СССР: Сб. док. М., 1972;
Несостоявшийся юбилей: Почему СССР не отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.
Літ.:
Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;
Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;
Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;
Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;
Куличенко М.И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;
Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;
Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн. 1—3. М., 1992—93;
Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;
Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;
Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;
Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;
Национальная политика России: история и современность. М., 1997;
Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.
У.Я.Казлякоў, І.А.Літвіноўскі.
Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВКСССР М.І.Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦККПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.П.Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.А.Гагарын. 1960-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.