МАНАСКО́П (ад мана... + грэч. skopeō гляджу),

перадавальная электронна-прамянёвая прылада з нанесеным на паверхню мішэні нерухомым відарысам тэлевізійнай выпрабавальнай табліцы. Выкарыстоўваўся як крыніца стандартных сігналаў для праверкі і настройкі рознай тэлевізійнай апаратуры. Заменены на больш дасканалыя электронныя генератары выпрабавальных сігналаў, у т. л. на аснове мікра-ЭВМ.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ГА... (ад грэч. megas вялікі), 1) першая састаўная частка складаных слоў, што паказвае на вял. памер чаго-небудзь (напр., мегаспора, мегаліты).

2) Дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​6 зыходным адзінкам. Пазначаецца М. Напр., 1 МВт = 10​6 Вт, 1 МэВ = 10​6 эВ.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАПІ́ЛЕ (ад мікра... + грэч. pylē уваход, адтуліна),

у жывёл — адтуліна ў шчыльных яйцавых абалонках, праз якую сперматазоід пранікае ў яйцо. Колькасць М. ад 1 да некалькіх дзесяткаў. Бывае ў насякомых, малюскаў, рыб і інш. У раслін М. — вузкі канал у покрыве семязавязі, праз які пранікае пылковая трубка.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСПО́РА (ад мікра... + грэч. spora, семя, пасеў),

дробная спора разнаспоравых папарацепадобных, дзеразападобных і насенных раслін. Утвараецца ў мікраспарангіях шляхам меёза, мае гаплоідны набор храмасом. У папарацей і дзеразы з М. прарастае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт (зарастак) з палавымі органамі — антэрыдыямі. У насенных раслін М. адпавядае пылковае зерне.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАЦЫ́ДЫЙ (ад грэч. meirakidion хлопчык),

першая лічынкавая стадыя трэматодаў. Даўж. да 0,3 мм. Цела ўкрыта раснічкамі. Выходзіць з яйца ў вадзе, некат. час плавае, потым пранікае ў цела прамежкавага гаспадара (звычайна малюска) і ператвараецца ў спарацысту (першае паразітычнае партэнагенетычнае пакаленне). У монагенетычных смактуноў падобная лічынка — онкамірацыдый.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯПА́ТЫЯ (ад мія... + грэч. pathos пакута, хвароба),

група спадчынных хвароб мышцаў, праявамі якіх з’яўляюцца атрафія, мышачная слабасць, зніжэнне мышачнага тонусу, сухажыльных рэфлексаў (да адсутнасці). У аснове развіцця — парушэнне абмену ў мышачных клетках, змены сінтэзу нуклеінавых к-т і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае, лячэбная фіз. культура, масаж, фізіятэрапія.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛАГІ́ЗМ (ад грэч. paralogismos памылковы вывад),

ненаўмысная лагічная памылка, звязаная з парушэннем законаў і правіл логікі. Пазбаўляе разважанне доказнай сілы і звычайна прыводзіць да памылковых заключэнняў. Адрозніваюць ад сафізму — памылкі, якая робіцца наўмысна, з мэтаю ўвесці ў зман апанента, абгрунтаваць няправільнае сцвярджэнне і інш. (гл. Сафістыка).

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАЦЭНТРЫ́ЗМ [ад грэч. pais (paidos) дзіця + лац. centrum цэнтр],

прынцып некаторых пед. сістэм (Ж.​Ж.​Русо, свабоднага выхавання і інш.), які адмаўляе сістэматычнае навучанне і выхаванне дзяцей паводле распрацаваных вучэбных планаў і праграм з цвёрдым раскладам, а патрабуе арганізацыю заняткаў на падставе непасрэдных жаданняў і інтарэсаў дзяцей.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСВІ́ТЭР (ад грэч. presbyteros старэйшына),

кіраўнік у раннехрысц. абшчыне, свяшчэннаслужыцель пасля ўзнікнення хрысц. царквы. У праваслаўі тэрмін «П.» звычайна ўжываецца як урачыстая назва святара. У пратэстантызме П. — адм. кіраўнік абшчыны, які выбіраецца, як і пастар, са складу прыхаджан. У прыхільнікаў кальвінізму на Беларусі П. наз. таксама сіньёр.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕФІ́ТЫ (ад грэч. psēphos дробны камень, галька),

грубаабломкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў памерам больш за 1 мм (у папярочніку). Могуць быць абкатанымі (валуны, галька, жвір) і неабкатанымі (глыбы, друз, жарства). Адрозніваюць П. рыхлыя (галечнік, жвір) і сцэментаваныя (кангламераты, брэкчыі, гравеліты). Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)