ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс.км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб.глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр.ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЙШУ́НЬ, Порт-Артур,
горад, порт і ваенна-марская база на ПнУ Кітая, у заліве Бахайвань Жоўтага м., у прав. Ляанін. Каля 1 млн.ж. (1997). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарогі. Цэнтр суднабудавання і суднарамонту. Могілкі рас. воінаў, якія загінулі ў час абароны Порт-Артура 1904—05 і сав. воінаў, што загінулі пры вызваленні Паўн.-Усх. Кітая ад японцаў у 1945.
Да 1880-х г. невял. рыбацкае паселішча са зручным для стаянкі караблёў рэйдам. З 1890-х г.кіт.ваен. крэпасць. У ходзе яп.-кіт. вайны 1894—95 узяты яп. войскамі, разам з Ляадунскім п-вам перададзены Японіі (крас. 1895). Пад націскам Расіі, Германіі і Францыі ў канцы 1895 вернуты Кітаю. Паводле канвенцыі 1898 Расія атрымала Л. у часовую арэнду ад Кітая. У канцы 19 — пач. 20 ст.рас. ваенна-марская база і г. Порт-Артур. У час рус.-яп. вайны 1904—05 горад гераічна абараняўся на працягу 329 дзён (гл.Порт-Артура абарона). У 1905—45 уладанне Японіі. 23.8.1945 вызвалены сав. войскамі (сумесная сав.-кіт. ваенна-марская база). У маі 1955 урад СССР вывеў з Л. свае войскі і перадаў збудаванні ў раёне базы ўраду Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ АРКЕ́СТР.
Існаваў у 1803—1917 (з перапынкамі) у Мінску. Напачатку іграў па нядзелях і на святы ў кафедральным саборы (летам — і ў Губернатарскім садзе) ці суправаджаў тэатр. паказы. У 1820—60-я г. пры ім існавала муз. школа, якая рыхтавала для яго музыкантаў. У розны час аркестр узначальвалі В.Стафановіч (1820—60-я г.; гл. ў арт.Стафановічы), Л.Скрабецкі, Р.Пілеман (з 1880), Г.Мерц (з 1886), Л.Ступель (1890—96), Н.Рубінштэйн (з 1909; наладжваў сімф. канцэрты, арганізоўваў цыклы агульнадаступных гіст. канцэртаў). З аркестрам выступалі мясц. музыканты і гастралёры, у т. л. скрыпачы і піяністы Х.Ліпінскі, Апалінарый і Антон Концкія, М.Ельскі В.Пшыбора, Я.Чыжэўскі, І.Гянко, Г.Бах, Л. фон Зіберштэйн, М.Палякін, спявачка А.Мейчык. У рэпертуары былі творы І.Гайдна, Л.Бетховена, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Ф.Абера, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта, Р.Вагнера, М.Глінкі, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага і інш. З 1880-х г. дзейнасць М.г.а. звязана з муз.-грамадскімі арг-цыямі горада, у т. л.муз. т-вам, муз. гуртком, т-вамі аматараў прыгожых мастацтваў і сяброў музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЦКІ Іван Францавіч (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),
бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.Талстога і М.Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вамбел. школы.
Літ.:
Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;
Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588»,
комплекснае выданне, якое прысвечана выдатнаму помніку прававой культуры і юрыд. думкі феад. грамадства 16 ст. — Статуту Вялікага княства Літоўскага 1588 з нагоды яго 400-годдзя і з’яўляецца першай на Беларусі яго поўнай публікацыяй. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам«Беларуская Энцыклапедыя» ў 1989. Уключае: нарыс «Сацыяльна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г.», дзе раскрыты ўмовы, пры якіх адбывалася падрыхтоўка і ўвядзенне ў дзеянне Статута; арыгінальны тэкст Статута (факсімільнае ўзнаўленне), яго арыгінальны тэкст і пераклад на рус. мову; энцыклапедычны даведнік з 820 артыкулаў; паартыкульны каментарый; тэрміналагічны і імянны паказальнікі. Асн. частка матэрыялаў даведніка — артыкулы пра тагачасныя адм.-тэр. падзел ВКЛ, катэгорыі насельніцтва, саслоўі, службовыя асобы і пасады, судовы лад; віды злачынстваў і правапарушэнняў, меры пакарання і ўздзеяння за іх; грашовая сістэма, адзінкі вымярэння і інш. Змешчаны артыкулы пра крыніцы Статута і інш. прававыя акты і дакументы 15—16 ст., пра гісторыю падрыхтоўкі і выдання Статута, яго паліграфічныя і маст. асаблівасці. Шэраг артыкулаў прысвечаны выкарыстанню, збераганню і гісторыі даследавання Статута. У каментарыях разглядаецца прававая сутнасць і гісторыя распрацоўкі кожнай з уключаных у яго норм.
Г.А.Маслыка.
«Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» Мінск, 1989. Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УЗВЫ́ШША»,
літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1927—30 літ.-маст. згуртаваннем «Узвышша», у 1931 Бел.дзярж. выд-вам у Мінску на бел. мове. Заснавальнікі А.Бабарэка (літ. сакратар), З.Бядуля, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Пушча, К.Чорны (гал. рэдактар), В.Шашалевіч. Меў аддзелы паэзіі, прозы, драматургіі, крытыкі і публіцыстыкі; хроніку культ. жыцця, рубрыку «Культура мовы». Арыентаваў пісьменнікаў на творчы эксперымент, наватарства, культуру творчасці, нац. самабытнасць, абгрунтаваў аквітызм як новы кірунак у бел. л-ры, яго сувязь з айч.сусв.маст. традыцыямі. Публікаваў творы Дубоўкі, К.Крапівы, П.Глебкі, З.Бядулі, М.Лужаніна, Я.Коласа, П.Труса, А.Звонака, даследаванні па гісторыі л-ры і тэатразнаўстве І.Замоціна, А.Вазнясенскага, Я.Барычэўскага, Ю.Бярозкі, Ю.Дрэйзіна, пераклады твораў з арм., груз., літ., ням., чэш. і інш. моў. У выніку рэпрэсій і ссылкі лідэраў згуртавання «Узвышша» часопіс страціў арыгінальны кірунак, набыў эклектычны змест, у 1931 перайшоў на вульгарна-сацыялагічныя пазіцыі. Выйшлі 44 нумары ў 39 кнігах.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Адам Бабарэка. Мн., 1976;
Яго ж. Зруйнаванае «Узвышша» // Роднае слова. 1999. № 10.