недабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., што, чаго і без дап.

Узяць, набраць менш, чым меркавалася, павінна было быць. Недабраць ўраджаю. Недабраць балаў на экзаменах. □ Лета было гнілое, такое нявартае, што і старыя не помняць. Кармоў недабралі. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАР (Публій Квінтылій) (Publius Quintilius Varus; каля 53 да н. э. — 9 н. э.),

старажытнарымскі палкаводзец. Быў консулам (13 да н. э.), правіцелем Сірыі (6—4 да н.э.) і Германіі (6—9 н. э.). У час задушэння паўстання герм. плямён пад кіраўніцтвам Армінія Вар на чале з рым. легіёнаў трапіў у акружэнне ў Тэўтабургскім лесе. У выніку чатырохдзённай бітвы яго войска было знішчана, Вар скончыў самагубствам.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА.

Існавала ў ВКЛ у канцы 18 ст. Утворана ў 1793 у час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння надзвычайнага Гродзенскага сойма 1793 Браслаўскі павет Віленскага ваяв. вылучаны ў асобнае ваяводства з цэнтрам у г. Браслаў (з 1794 — Відзы). Падзелу на паветы не было. Скасавана ў 1795 у час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Яго тэр. ўвайшла як павет у Віленскую губ. Рас. Імперыі.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРЫ́ЙНЫ ВЫ́КІД у экалогіі,

ненаўмысны выкід забруджвальных рэчываў у прыроднае асяроддзе пры аварыях на прамысл. прадпрыемствах, ачышчальных збудаваннях і інш. тэхн. сістэмах. Па характары блізкі да залпавага выкіду. Можа ствараць небяспечныя рэгіянальныя экалагічныя сітуацыі (катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, аварыі трубаправодаў, буйных нафтаналіўных танкераў), часцей выклікае лакальнае забруджванне. Вынікам аварыйнага выкіду з Чарнобыльскай АЭС было суцэльнае і плямістае забруджванне земляў Беларусі, Украіны і далёкіх тэрыторый.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯКАМПА́НІЯ,

авіятранспартнае прадпрыемства, якое ажыццяўляе міжнар. і ўнутр. паветраныя зносіны. У 1993 у краінах свету было 660 авіякампаній па перавозцы пасажыраў (перавезены 1171 млн. чал.) і 60 па перавозцы грузаў (перавезена каля 18 млн. т). Сярод авіякампаній найбольшыя: «Юнайтэд», «Амерыкан», «Дэльта», «Нортуэст» (усе ЗША), «Брытыш эруэйз» (Вялікабрытанія), «Люфтганза» (Германія), ДЖАЛ (Японія), «Эр Франс» (Францыя), «Аэрафлот» (Расія). Найб. авіякампанія ў паветраным транспарце Рэспублікі Беларусь «Белавія».

А.​В.​Жураўскі.

т. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Існавала ў Оршы ў 1903—18. Тэрмін навучання 7 гадоў; мела падрыхтоўчы клас. У 1911 было 439 выхаванак. Выкладаліся рус. мова і л-ра, матэматыка, прыродазнаўства, маляванне, чыстапісанне, гісторыя, геаграфія, рукадзелле, ням. і франц. мовы. У 1918 рэарганізавана ў школы 1-й (1—3-і класы) і 2-й (4—7-ы класы) ступені з навучаннем асоб абодвух полаў.

А.​Ф.​Самусік.

т. 1, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ЛАВІЧЫ,

курганны могільнік радзімічаў 10—12 ст. каля в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. 124 насыпы (было каля 400). Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Сярод знаходак бронзавыя паясныя кольцы, нажы, крэсівы, упрыгожанні (бронзавыя прамянёвыя скроневыя кольцы, шкляныя бочачкападобныя залачоныя, пасярэбраныя і зонныя пацеркі, медныя пярсцёнкі, падвескі, бранзалеты), фрагменты ганчарнага посуду. На думку Г.​Ф.​Салаўёвай, група мужчынскіх пахаванняў — некропаль дружыннікаў. Побач з могільнікам існавала паселішча эпохі Кіеўскай Русі.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАВЫ́Я,

гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і курганны могільнік полацкіх крывічоў каля в. Гаравыя Полацкага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі доўгіх жытлаў слупавой канструкцыі, каменнае агнішча; сярод знаходак ляпны гліняны посуд, жал. прылады працы, косці жывёл. На могільніку было 38 круглых і падоўжаных у плане насыпаў; пахавальны абрад — трупаспаленне; пахавальны інвентар (шкляныя пацеркі, бронз. ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі) выяўлены толькі ў 3 курганах.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕЎ Рыгор Пракопавіч [22.1.1857, г. Магілёў — 6.4.1886], рэвалюцыянер-народнік. Удзельнік студэнцкага руху 1878—79 у Пецярбургу, падтрымліваў сувязь з гуртком магілёўскіх гімназістаў. З 1879 чл. тэрарыст. групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканкома. Удзельнік падрыхтоўкі замахаў на цара, рыхтаваў з М.А.Кібальчычам выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў крас. 1881, прыгавораны да пакарання смерцю, якое было заменена пажыццёвай катаргай. Памёр ад сухотаў у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРМЛЕ́ННЕ»,

сістэма ўтрымання службовых асоб за кошт мясц. насельніцтва на Русі да сярэдзіны 16 ст. Князь пасылаў у гарады і воласці намеснікаў і інш. служылых людзей, якіх насельніцтва павінна было ўтрымліваць («карміць») на працягу ўсяго тэрміну іх службы. Найб. развіцця сістэма «К.» дасягнула ў 14—15 ст. Паводле земскай рэформы 1555—56 ліквідавана, зборы на ўтрыманне кармленшчыкаў урад ператварыў у асобны падатак на карысць казны.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)