Ложак ’мэбля — месца для спання, пасцель’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Сцяшк., Яруш.; КЭС, лаг.), ложык (Бяльк.), лу͡ожэк (паўд.-мін., паўд.-усх., КЭС), ло́жок (ТС). Відавочна, паланізм — параўн. польск. łóżko < паўн.-слав. ložьko (памяншальнае ад lože > ложа1), якое пасля запазычання па-беларуску было б ложка, што вельмі блізка да лексемы ложка ’лыжка’, пашыранай на значнай тэрыторыі (гл., напрыклад, Сл. ПЗБ). Таму лексема пры запазычанні змяніла род і адпаведна суфікс па аналогіі да назваў прадмета паводле яго прызначэння, напрыклад прыпечак, абутак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́длік ’сноп’ (Сцяшк. МГ). Слова не зусім яснае па паходжанню. У іншых крыніцах яго няма, няма і ў суседніх мовах (рус., укр., польск.). Можна толькі прывесці некаторыя меркаванні наконт магчымасці этымалагізавання. У бел. мове ёсць слова мэ́длік (з шматлікімі фанетычнымі і марфалагічнымі варыянтамі; гл. ДАБМ, 874–877, № 286), якое азначае ’малая ўкладка снапоў у полі’. Можна думаць, што вэ́длік узнікла дысіміляцыяй з мэ́длік (мл > вл), а значэнне ’сноп’ (калі сапраўды такое ёсць) развілося з ’малой укладкі снапоў’ (’малая ўкладка снапоў > сноп’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галі́ць ’брыць’, галі́цца ’брыцца’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ). Укр. голи́ти, голи́тися. У рус. мове голи́ть ’брыць’, голи́ться ’брыцца’ вядома толькі з паўднёвых гаворак у Даля (гл. СРНГ, 6, 294). Можна ставіць пытанне: ці не запазычаны бел. і ўкр. словы з польск. golić, golić się ’тс’? Вырашальным тут павінна з’явіцца адносная храналогія адпаведных слоў. Тэарэтычна мяркуючы, значэнне ’брыць’ магло развіцца ва ўсх.-слав. мовах самастойна. Але адсутнасць яго ў рус. (акрамя паўднёвых дыялектаў) наводзіць на думку, што гэта ўсё ж такі запазычанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даліка́тнасць ’далікатнасць’ (БРС). Кюнэ (Poln., 50) лічыць, што гэта запазычанне з польск. delikatność ’тс’ (польск. слова зыходзіць да лац.). Таксама можна лічыць, што польск. паходжання і бел. даліка́тны ’далікатны’ (БРС) польск. delikatny. У ст.-бел. мове засведчана толькі деликатъ ’пястун’ (< франц. délicat < лац. delicatus; гл. Булыка, Запазыч., 90). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 496. Гл. таксама падрабязна аб сітуацыі з словам делика́тный у рус. мове ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 60 (што мае значэнне і для ўдакладнення этымалогіі бел. слова і яго гісторыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карабе́ль, укр. корабель, рус. корабль, чэш. koráb, славац. koráb, польск. korab, ст.-слав. корабль, балг. кораб, серб.-харв. ко̏рабаљ, славен. korabelj. Лічыцца праславянскім запазычаннем з грэч. χαςάβιον (Бернекер, 567). Спасылка на адзінасць гэтага эвентуальнага праславянскага грэцызма нічога не даводзіць, бо праблема палеабалканізмаў у праславянскай мове зусім не вывучана. Зафіксаванае толькі ў візантыйскую эпоху грэч. καράβιον тым не менш перадаецца ў славянскіх мовах з ‑bъ‑, а не ‑v‑, што гаворыць на карысць яго палеабалканскага паходжання (параўн. Трубачоў, Эт. сл. 11, 46–48).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштары́с ’фінансавы дакумент для вызначэння і плана валля выдаткаў і прыбыткаў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. укр. коштори́с ’тс’. Слова адносна новага паходжання. Яно адзначаецца таксама ў польск. мове (kosztorys), але там зафіксавана даволі позна (слоўнік Ліндэ яго яшчэ не ведае). Паводле крыніц, якія прыводзіць Слаўскі, 2, 545, упершыню слова адзначаецца ў ням.-польск. слоўніку 1854 г. як пераклад ням. Kostenanschlag. Слаўскі, там жа, указвае, што польск. слова было запазычана бел. мовай (каштары́с) і таксама ўкр. (кошто́рис). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аргані́сты ’арганіст, касцельны рэгент’ (Нас., Сцяшк.). Тыпова беларускае пераўтварэнне па ад’ектыўнаму ўзору запазычанага праз польск. арганіста (Нас.) (гл. Ірачак., Зб. Траўнічку, 312) ці замацаванага ў сувязі з рускай мовай арганіст (Нас., БРС). Аб гэтым пісаў Фогарашы, Beiträge, 31–32, хаця храналогія і стылістычная характарыстыка ў яго недакладныя: такія пераўтварэнні характэрныя для вуснай размоўнай мовы яшчэ ў XIX ст. Параўн. таксама аб слове арганісты як тыповым беларускім утварэнні (Мартынаў, Лекс. балтызмы, 25). Але ўкр. таксама органістый (Железняк, Мовознавство, 1975, 2, 51).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атачы́ць ’акружыць’ (Гарэц.). У рускай пашырана на захадзе, укр. оточити, польск. otoczyć ’тс’, чэш. otočiti, славац. otočiť ’акружыць, павярнуць, пакрыць, абвязаць’, славен. otočati ’акружаць’. Дзеяслоў точити засведчаны ў ст.-рус. у значэнні ’гнаць, ездзіць’, аналагічныя значэнні вядомыя сучаснай чэшскай і славацкай мовам, дзе таксама дзеяслоў točiti ўказвае на вакольны, кругавы рух, паварот. Гэта значэнне і было, відаць, першасным для пашыранага цяпер у шэрагу славянскіх моў значэння слова атачыць ’акружыць’. Улічваючы адзінкавасць беларускага прыкладу, можна меркаваць пра яго запазычаны (відаць, з польскай) характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атэі́зм. Паводле Крукоўскага, Уплыў, 81, праз рускую. У рус. атеизм з XVIII ст. (аѳеисм — 1722), Біржакава, 344. Паводле Біржакавай, з лац. atheismus < грэч. ἄθεον, ἀθεία непасрэдна і праз укр. атеизм (Цімчанка — XVI ст.); наяўнасць слова ў стараўкраінскай мове стварае магчымасць яго наяўнасці ў старабеларускай, аднак у адрозненне ад атэіст (гл.) слова, відаць, не замацавалася і ў сучасную беларускую мову трапіла праз рускую. Улічваючы прыведзеныя Біржакавай матэрыялы, франц. athéisme, на якое як на крыніцу ўказвае Шанскі, 1, А, 170, магло садзейнічаць замацаванню слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)