магу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы. // Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне. Колас. // Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.

2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Шамякін. // З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. Кірэенка. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі. Пальчэўскі. // перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой. Астрэйка.

3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць. Танк. А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле. Крапіва.

4. Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны. Штыхаў.

5. Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.

•••

Магутная кучка гл. кучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакрэ́т 1, ‑у, М ‑рэце, м.

1. Тое, што падлягае захаванню ўпотай, аб чым не гавораць усім; тайна. Выдаць сакрэт. □ Дзед Лукаш даўно здагадваўся, што ў Міколы ёсць сакрэты, пра якія ён маўчыць. Якімовіч. Асцерагаліся партызаны да пары, да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. // чаго. Скрытая прычына. Сакрэт поспеху. Сакрэт высокіх паказчыкаў працы. □ І ці не ў гэтым сакрэт і сэнс жыцця — сеяць прыгожае і з радасцю схіляць перад ім галаву... Навуменка. // Прыём, спосаб (вырабу, атрымання чаго‑н.), які невядомы іншым. Сакрэт вырабу сінтэтычнага валакна. □ Некалі сярод нашага брата — масцеравога хадзіла вера ў нейкі спадчынны вытворчы сакрэт. Кулакоўскі. // Пэўная інтэлектуальная рыса, якасць. [Удома] навучыўся сакрэту цярпення і ўменню хаваць ад другіх свае думкі і пачуцці. «Маладосць». Хаджу ў тэатр не толькі дзеля свайго задавальнення, але галоўным чынам вучыцца, пазнаваць сакрэты акцёрскага майстэрства. Сяргейчык.

2. Мудрагелістая канструкцыя механізмаў, прадметаў хатняга ўжытку, мэблі і пад. Замок з сакрэтам.

3. Дадатковы патайны пост, які размяшчаецца вартаўнічай аховай на найбольш небяспечных подступах праціўніка. Былі выстаўлены пасты, сакрэты, узмоцнена ахова — як на самай пярэдняй лініі. Асіпенка. Трэба было спяшацца, каб засветла выбраць, дзе паставіць сакрэт. Быкаў. // Месца патайнога паста. У Сцёпы было добрае сховішча, ім ён некалі карыстаўся, калі сядзеў у сакрэце. Зуб.

•••

Адкрыць сакрэт гл. адкрыць (у 7 знач.).

Не рабіць сакрэту з чаго гл. рабіць.

Сакрэт палішынеля — уяўная тайна; сакрэт, які стаў вядомы ўсім.

Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) гл. сказаць.

Трымаць у сакрэце гл. трымаць.

[Фр. secret.]

сакрэ́т 2, ‑у, М ‑рэце, м.

Прадукт дзейнасці залоз, неабходны для жыццёвых функцый арганізма.

[Ад лац. secretus — выдзелены.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свя́та, ‑а, М свяце, н.

1. Урачысты дзень у гонар або ў памяць якой‑н. выдатнай падзеі, даты. Рэвалюцыйныя святы. □ Ленін нас да шчасця клікаў, Мы за Лекіным пайшлі, І Кастрычнік стаў вялікім, Лепшым святам на зямлі. Грахоўскі. // Нерабочы дзень або некалькі дзён запар з прычыны такіх падзей. — Што цябе падняло? — Свята ж сёння, Вольга Міхайлаўна. Шамякін. [Валя:] — На зімовыя канікулы я абавязкова прыеду, а на кастрычніцкія святы можа вы з татам выберацеся... Васілевіч. // Дзень або дні, што адзначаліся царквою ў гонар якой‑н. падзеі ці святога. [Свідзерскі:] — Хто ведае, якое сёння царкоўнае свята? — Дзень Андрэя-налівы, здаецца, — сказаў пажылы баец. Хомчанка.

2. Урачыстасць, наладжаная з якога‑н. поваду. Сямейнае свята. □ [Сцёпка:] — Мы вельмі рады, што прыйшлі вы па наш фэст, на наша маладое свята працы. Колас. У старога сёння свята, І гасцей не месціць хата. Гілевіч. // чаго або якое. Дзень гульняў, спаборніцтваў, забаў і пад. Свята песні. Студэнцкае свята.

3. Шчаслівы, радасны дзень, азнаменаваны якой‑н. прыемнай падзеяй, а таксама сама такая падзея. Вялікім святам для сям’і было паступленне Васі ў школу. «Звязда». У Ліпава пайсці з ім [дзядзькам]! божа! І хто ўстаяць прад гэтым зможа? Ды гэта ж — свята, ягамосці! Колас. А калі выпрасаваныя накрухмаленыя фіранкі, сурвэткі і абрусы займалі сваё месца, у хаты зусім ужо заходзіў парадак і свята. Васілевіч.

4. перан. Пачуццё задавальнення, радасці, асалоды, зведанае кім‑н., выкліканае чым‑н. У Варанецкага на душы было сапраўднае свята. Дуброўскі.

•••

Прастольнае свята — свята ў памяць царкоўнай падзеі ці святога, з якім звязана стварэнне дадзенай царквы.

Будзе і на нашай вуліцы свята — спадзяванне на лепшае ў будучым, на перамогу над кім‑, чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Заклапочанасць чым‑н., неадольнае жаданне ажыццявіць што‑н. Больш за дзесяць гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб .. [Коласе] аповесць. Лужанін. Турбота аб механізацыі — гэта ў першую чаргу турбота аб цукровых бураках. На буракі хціва нападае рознае зелле. Пестрак. // Пастаянная руплівасць. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Колас. Калі над мужам навісала якая-небудзь бяда, — [Вера Антонаўка] рабілася адданай, поўнай турбот і клопатаў аб ім. Карпаў. // Неспакой. Гену ўсё больш брала турбота, што ў матчынай сяброўкі свой клопат, а яна ходзіць з ім, нечаканым госцем. Арабей.

2. звычайна мн. (турбо́ты, ‑бот). Клопаты, розныя справы. Ці мала ў .. [Паходні] турбот: паездка ў адстаючы сельсавет па заданню райкома, чарговая лекцыя ў палітшколе або даклад перад калгаснікамі. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Ходзіць вецер вясёлы па санных шляхах, Мусіць, пільныя мае турботы — Снег атрэсці з дрымучых лясоў, на палях Разбурыць снегавыя сумёты. Ляпёшкін. // Прычыненне каму‑н. клопату сваім наведваннем, просьбай. [Жэня:] — Дзякую, гаспадыня, прашу прабачыць за турботы. Новікаў. Не разумеў я, чаму лычка кілбасы бацька аддае гаспадыні .. — За турботы, панечка, — тлумачыў бацька. І калі забірала гаспадыня тую кілбасу, бацька ўздыхаў, і я зноў не разумеў: ад радасці гэта ці ад смутку. Скрыган. // Работа, занятак. Мазалі і таўшчыня былі яркім наказам таму, ці пальцы мелі многа турботы ў нялюбай падзённай працы. Бядуля. Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́рты, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі настойлівы, паслядоўны ў ажыццяўленні чаго‑н. Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка. Будзь упарты і смелы ў жыцці, Перашкоды знішчай — не здавайся, За маланкаю ў неба ляці, А зямлі сваёй роднай трымайся. Хведаровіч. // Які ажыццяўляецца цвёрда і паслядоўна, з вялікай вытрымкай, стойкасцю. [Нэля] прачытала .. [словы]: «Моцная сіла волі — гэта вынік упартай трэніроўкі, упартай працы над самім сабою». Лупсякоў. Нялёгка давалася Карпу навука, і Варановіч дзівіўся яго ўпартай настойлівасці і неверагоднай уседлівасці. Дуброўскі. Міру хацелі мы, міру жадалі, Працаю ўпартай мы мір бераглі. Астрэйка.

2. Незгаворлівы, які імкнецца рабіць што‑н. толькі па-свойму, наперакор каму‑н. Маці пачала адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч. Юра гарачы, упарты. Часамі выкідвае такія «конікі», што пасля і сам не рад. Бяганская. — Ат, — махнуў.. [дзед] рукой. — І навошта гэта, не ведаю, быць такім упартым, як баран. Брыль. // Які дрэнна паддаецца прыручэнню (пра жывёл). З гадзіну біўся старшыня, Ніяк не мог злавіць упартага каня, — Уцякае ад яго Буланы. Корбан. // Які выражае ўпартасць. Марцін жорстка зірнуў ва ўпартыя вочы Насці. Мележ. // Які не прычэсваецца (пра валасы). Яўстрат сядзеў далёка ад вогнішча, на мяккіх грывах белага сіўцу — шчуплы, далёка ўжо не малады, без шапкі, хоць і ў ватоўцы, з упартым рыжым ёршыкам — і мудраваў над кашом. Ракітны.

3. перан. Зацяжны, непрымірымы. Будзе бой цяжкі і ўпарты, Але час адбыцца бою. Кірэенка. Перакіпеў упарты, жорсткі На вуліцах берлінскіх бой. Прануза. // Настойлівы, няспынны. Сярод насельнікаў гета ішла ўпартая чутка, што немцы ўзводзяць наўкола горада ўмацаваны. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

якра́з,

1. прысл. У гэты час, у гэты момант. Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось. С. Александровіч.

2. прысл. У поўнай адпаведнасці, дакладна, у самы раз. Кузня стаяла якраз насупраць бацькавай хаты. Каваленка. Порткі яго [Алега] прыйшліся палоннаму амаль якраз. Брыль. Уля памерала тады — лодачкі былі якраз па назе. Паўлаў.

3. прысл. Іменна, менавіта. Новыя доследы якраз больш цікавяць юных натуралістаў, заахвочваюць іх да працы. Дубоўка. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка.

4. прысл. (у спалучэнні са словам «як»). Кропля ў кроплю. Сын — якраз як бацька. □ Зрабілася ад ліўняў і ад сонца [вушанка] Якраз як сівагракава крыло... Барадулін. Якраз як і ў аўтобусе Гуд зыбкі ў галаве. Смагаровіч.

5. у знач. вык. Як па мерцы, як на мяне (на яго, на яе). Аднойчы прымераў [світар]. Якраз на мае плечы. І ўзор наш, мой. Янкоўскі.

6. у знач. часціцы. Ужываецца для большай канкрэтызацыі, удакладнення асобы ці прадмета, для ўзмацнення якасці каго‑, чаго‑н. [Макар Белкін:] — Вось... Начальніка цэха Мышкоўскага можна крытыкнуць. Працуюць у яго там дрэнна, без аганьку. Якраз кандыдатура ў сатырычную газету. Шымук. Шмат год назад сказаў выдатна Маркс: Жыццё для чалавека — барацьба. Відаць, праблема першая якраз Перамагчы ў самім сабе раба. Семашкевіч. А Грышка тым часам бегаў каля ракі. Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак. Колас. // Ужываецца для падкрэслівання і азначэння таго, што маецца на ўвазе; сапраўды, так, праўда. Анежка, якраз як дзіця, сарамліва апусціла вочы. Броўка. А Рыгор якраз падыходзіць да мясцовых умоў: селянін і гэткі верны сацыялізму. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КНІГАЗНА́ЎСТВА,

навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл. Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.

Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.​Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.​С.​Сопікаў, В.​Р.​Анастасевіч, М.​М.​Лісоўскі, А.​М.​Лавягін, М.​А.​Рубакін, М.​М.​Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).

На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.​Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.​Будны, В.​Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.​Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.​М.​Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.​А.​Гільтэбрант, Ф.​М.​Дабранскі, А.​І.​Мілавідаў, С.​Л.​Пташыцкі, Р.​А.​Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж. бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.​І.​Бібіла, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Мялешка, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Шчакаціхін, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.​Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.​Ю.​Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.​Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук. АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел. ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.​Х.​Александровіч, М.​Б.​Батвіннік, Г.​Я.​Галенчанка, А.П. і В.​П.​Грыцкевічы, Л.​І.​Збралевіч, А.​К.​Каўка, Г.​В.​Кісялёў, У.​М.​Конан, Ю.​А.​Лабынцаў, А.​В.​Мальдзіс, Я.​Л.​Неміроўскі, М.​В.​Нікалаеў, С.​А.​Падокшын, Т.​І.​Рошчына, І.​В.​Саверчанка, В.​У.​Скалабан, В.​А.​Чамярыцкі, В.​Ф.​Шматаў, Я.​Я.​Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.​А.​Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш. тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел. бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.​Панькоў, М.​Вакар, Л.​Акіншэвіч, В.​Тумаш (С.​Брага), А.​Надсон, В. і З.​Кіпелі, Я.​Запруднік, А.​Ружанец-Ружанцоў і інш. Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.​Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.

Літ.:

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Белороссика: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1980;

Книга в Белоруссии. Вып. 1—2. Мн., 1981—83;

Мигонь К. Наука о книге: Очерк проблематики: Пер. с пол. М., 1991.

В.​М.​Герасімаў.

т. 8, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,

галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэнне бібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр. дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш. тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на Беларусі — Бібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.

Літ.:

Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ. М., 1983.

У.​А.​Акуліч.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕНЕ́З (ад антра́па... + ...генез),

1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.

2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).

Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.​Дарвін і Т.​Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн. г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн. г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс. г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс. г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс. г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл. Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн. г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.

Літ.:

Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДА (польскае arenda ад лацінскага arrendare аддаваць у наймы),

маёмасны наём (дагавор), паводле якога ўласнік маёмасці (арэндадавец) здае арандатару сваю маёмасць на часовае карыстанне за пэўную плату. Арандатарамі могуць выступаць юрыдычныя асобы (прадпрыемствы, установы і арганізацыі) і асобныя грамадзяне, арэндадаўцамі — любы ўласнік маёмасці ці органы, арганізацыі, упаўнаважаныя ўласнікам. Адносіны арандатара і арэндадаўца рэгламентуе заключаны паміж імі дагавор, які прадугледжвае склад і кошт маёмасці, што перадаецца ў арэнду, парадак яе перадачы, памер арэнднай платы, тэрмін арэнды, абавязкі і правы арандатара і інш. Здаючы маёмасць у арэнду, арэндадавец застаецца яе ўласнікам. Арандатар з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходаў, якімі ён, заплаціўшы прадугледжаную дагаворам арэндную плату, можа самастойна распараджацца. Арандатар са згоды арэндадаўца можа поўнасцю ці часткова выкупіць арандаваную маёмасць на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.

Узнікла арэнда ў рабаўладальніцкім грамадстве як арэнда зямлі: землеўладальнікі (латыфундысты) перадавалі яе для апрацоўкі рабам і беззямельным сялянам, што павышала зацікаўленасць апошніх у лепшых выніках працы і спрыяла ўмацаванню новага спосабу спалучэння эканамічных інтарэсаў уласнікаў зямлі і землекарыстальнікаў. Пазней арэнда пашыралася на іншыя сродкі вытворчасці, набыла новыя формы — арэнднае прадпрыемства, арэндны падрад, лізінг.

На Беларусі ў дасавецкі час пераважала арэнда зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці арэндная форма гаспадарання была спынена. Адноўлена на пачатку 1920-х гадоў у час ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі з мэтай паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. За 1921—26 у арэнду здадзена 620 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 536 дробных і 90 буйных (пераважна харчасмакавай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цагельнай прамысловасці). З перамогай сацыялістычнага ўкладу ў эканоміцы арэндная форма гаспадарання была зноў спынена. З канца 1980-х гадоў арэнда развіваецца як адзін з кірункаў раздзяржаўлення ўласнасці. Прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі закон аб арэндзе (1990) дазваляе арандаваць зямлю, іншыя прыродныя рэсурсы, асноўныя сродкі вытворчасці, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі ці іх асобныя падраздзяленні. Для аховы інтарэсаў арандатараў створаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў і арандатараў.

Л.​А.​Лобан.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)