РЭНА́Р ((Renard) Жуль) (22.2.1864, Шалон-сюр-Мен, Францыя — 22.5.1910),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў як паэт-сімваліст (зб. вершаў «Ружы», 1886). Першы буйны празаічны твор — раман «Макрыцы» (1887) пра жыццё вясковых буржуа. У рамане «Паразіт» (1892) сатыр. вобраз пісьменніка-псеўдабунтаўшчыка і прычыны яго дэградацыі. Тэмы дзяцінства і вёскі распрацоўваў у рамане «Рыжык» (1894). Аўтар зб-каў нарысаў і апавяд. «Патайны ліхтар» (1893), «Вінаградар у сваім вінаградніку» (1894), «Буколікі» (1896), «Нашы суровыя браты» (1908) пра сял. побыт, п’ес, у т. л. «Ханжа» (1909) і інш. Найбуйнейшы яго твор — «Дзённік» (выд. 1927), у якім адлюстраваны светапогляд і прынцыпы Р., грамадскае і культ. жыццё Францыі канца 19 — пач. 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1946;

Дневник. М., 1965.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),

1) у музыцы тэма інстр. або вак. муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл. Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.

Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».

У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.​Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:

Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

В.​П.​Рагойша (у вершаскладанні).

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,

метадалагічная і тэарэтычная пазіцыя ў сацыялогіі і сац. філасофіі, пры якой у тлумачэнні чалавека і яго асяроддзя першаступеннае значэнне надаецца сац. рэальнасці і сацыялагічным метадам. Развіваецца з канца 19 ст. як рэакцыя на натуралізм і псіхалагізм у грамадскіх навуках. Прынцыпы С. развівалі франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм і яго паслядоўнікі ў даследаваннях маралі, рэлігіі і навукі, каставага ладу (С.​Бугле), этнічных працэсаў (М.​Мос), права (Ж.​Даві), эканомікі (Ф.​Сіміян) і інш. У метадалагічным плане С. — прызнанне сацыялогіі асобнай, незалежнай навукай і імкненне тлумачыць розныя з’явы рэчаіснасці выключна сац. прычынамі, а часам абсалютызацыя ролі сацыялагічнага падыходу ў трактоўцы культ.-гіст. працэсу (гл. Вульгарны сацыялагізм). У анталагічным плане С. — сцвярджэнне аўтаномнасці сац. рэальнасці і яе перавагі над індывідамі.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бу́кта ’глыбокае вірыстае месца ў рацэ на самым яе павароце, якое крыху ўдаецца ў сушу’ (Яшкін), буко́та ’тс’ (Яшкін), бу́кта ’глыбокае месца ў рацэ’ (Мат. Гродз.), ’шырокае і глыбокае месца на рацэ’ (Сцяшк. МГ). Як і бу́хта 2 (гл.), утварэнне ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati, дакладней ад яго экспрэсіўнай суфіксальнай формы *bukъtěti. Форма буко́та — ад *buk‑ot‑ěti (параўн. буко́та ’ўзгорак’). Форма бу́кча ’глыбокае месца ў рацэ; затока’ (жыт., Яшкін) утворана па мадэлі *bukъti̯a. Параўн. бу́хта 2, буко́т 1, бу́чаё, бук 2, бу́ка 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ложак ’мэбля — месца для спання, пасцель’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Сцяшк., Яруш.; КЭС, лаг.), ложык (Бяльк.), лу͡ожэк (паўд.-мін., паўд.-усх., КЭС), ло́жок (ТС). Відавочна, паланізм — параўн. польск. łóżko < паўн.-слав. ložьko (памяншальнае ад lože > ложа 1), якое пасля запазычання па-беларуску было б ложка, што вельмі блізка да лексемы ложка ’лыжка’, пашыранай на значнай тэрыторыі (гл., напрыклад, Сл. ПЗБ). Таму лексема пры запазычанні змяніла род і адпаведна суфікс па аналогіі да назваў прадмета паводле яго прызначэння, напрыклад прыпечак, абутак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́длік ’сноп’ (Сцяшк. МГ). Слова не зусім яснае па паходжанню. У іншых крыніцах яго няма, няма і ў суседніх мовах (рус., укр., польск.). Можна толькі прывесці некаторыя меркаванні наконт магчымасці этымалагізавання. У бел. мове ёсць слова мэ́длік (з шматлікімі фанетычнымі і марфалагічнымі варыянтамі; гл. ДАБМ, 874–877, № 286), якое азначае ’малая ўкладка снапоў у полі’. Можна думаць, што вэ́длік узнікла дысіміляцыяй з мэ́длік (м — л > в — л), а значэнне ’сноп’ (калі сапраўды такое ёсць) развілося з ’малой укладкі снапоў’ (’малая ўкладка снапоў > сноп’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галі́ць ’брыць’, галі́цца ’брыцца’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ). Укр. голи́ти, голи́тися. У рус. мове голи́ть ’брыць’, голи́ться ’брыцца’ вядома толькі з паўднёвых гаворак у Даля (гл. СРНГ, 6, 294). Можна ставіць пытанне: ці не запазычаны бел. і ўкр. словы з польск. golić, golić się ’тс’? Вырашальным тут павінна з’явіцца адносная храналогія адпаведных слоў. Тэарэтычна мяркуючы, значэнне ’брыць’ магло развіцца ва ўсх.-слав. мовах самастойна. Але адсутнасць яго ў рус. (акрамя паўднёвых дыялектаў) наводзіць на думку, што гэта ўсё ж такі запазычанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даліка́тнасць ’далікатнасць’ (БРС). Кюнэ (Poln., 50) лічыць, што гэта запазычанне з польск. delikatność ’тс’ (польск. слова зыходзіць да лац.). Таксама можна лічыць, што польск. паходжання і бел. даліка́тны ’далікатны’ (БРС) польск. delikatny. У ст.-бел. мове засведчана толькі деликатъ ’пястун’ (< франц. délicat < лац. delicatus; гл. Булыка, Запазыч., 90). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 496. Гл. таксама падрабязна аб сітуацыі з словам делика́тный у рус. мове ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 60 (што мае значэнне і для ўдакладнення этымалогіі бел. слова і яго гісторыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карабе́ль, укр. корабель, рус. корабль, чэш. koráb, славац. koráb, польск. korab, ст.-слав. корабль, балг. кораб, серб.-харв. ко̏рабаљ, славен. korabelj. Лічыцца праславянскім запазычаннем з грэч. χαςάβιον (Бернекер, 567). Спасылка на адзінасць гэтага эвентуальнага праславянскага грэцызма нічога не даводзіць, бо праблема палеабалканізмаў у праславянскай мове зусім не вывучана. Зафіксаванае толькі ў візантыйскую эпоху грэч. καράβιον тым не менш перадаецца ў славянскіх мовах з ‑bъ‑, а не ‑v‑, што гаворыць на карысць яго палеабалканскага паходжання (параўн. Трубачоў, Эт. сл. 11, 46–48).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)