вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс.г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́К,
збудаванне вежавага тыпу, прызначанае для вызначэння месцазнаходжання суднаў і забеспячэння бяспекі плавання. Будуюцца на высунутай у мора ч. берага, у вусцях рэк, на водмелях, скалах, часам устанаўліваюць на якарах (плывучыя М.). Акрамя агульных бываюць М. для ВМФ (у закрытых для плавання раёнах); гідраакустычныя М.-адказчыкі, якія ўстанаўліваюцца на перыяд баявых дзеянняў і інш.
Абсталёўваюцца святлоаптычнай сістэмай (далёкасць бачнасці святла больш за 10 міль — 18,5 км), акустычнымі і гідраакустычнымі ўстаноўкамі (для падачы сігналаў у тумане, вадзе), радыётэхн. прыстасаваннямі (гл.Радыёмаяк, Радыёлакацыйны маяк), выратавальнымі станцыямі. М. на паветр. лініях, якія забяспечваюць арыентаванне лятальных апаратаў, наз. аэрамаякамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫ́НА (араб.Медынат-Расул-Алах або Медынат-ан-Набі — горад прарока),
горад на З Саудаўскай Аравіі, у аазісе. Больш за 500 тыс.ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі (пасля Меккі) свяшчэнны горад і месца паломніцтва мусульман (штогод каля 2 млн.чал.): грабніцы заснавальніка ісламу Мухамеда, яго дачкі Фатымы, першых арабскіх халіфаў у мячэці Харам (7—8 ст., перабудавана ў 19 ст.). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Мусульм.ун-т.
У дамусульманскі перыяд вядома пад назвай Ясрыб (Ятрыб). У 622 сюды пераехаў Мухамед, пакінуўшы Мекку (гл.Хіджра), з гэтага часу наз. М. Стала другім пасля Меккі свяшчэнным горадам ісламу. У 632—656 сталіца араб. халіфата. Пры Амеядах і Абасідахадм. ц. Хіджаза. З 10 ст. пад уладай егіп. дынастый. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. З 1804 пад уладай вахабітаў, у 1916—24 — караля Хіджаза, пазней далучаны да Саудаўскай Аравіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫЯ КЛІ́МАТУ, паляпшэнне клімату,
комплекс мерапрыемстваў з мэтай змены клімату ў патрэбным чалавеку кірунку (паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва, развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі і інш.). Пры сучасным узроўні развіцця навукі і тэхнікі М.к. можа праводзіцца на невял. тэрыторыях і пераважна ў каляземным слоі паветра. Непасрэдна М.к. робяць рэдка, амаль заўсёды яна з’яўляецца ўскосным вынікам меліярацыі. Магчыма ўздзеянне на скорасць ветру, т-ру і вільготнасць паветра і глебы, аэрацыю глебы, вышыню і шчыльнасць снегавога покрыва і інш. Для барацьбы з замаразкамі і павелічэння вегетац. перыяду ўжываецца дымленне, арашэнне, штучны абагрэў, зачарненне снегавога покрыва. Асушэнне і арашэнне паляпшае водна-паветраны і цеплавы рэжым глебы і каляземнага слоя паветра. Лясныя палосы і насаджэнні садзейнічаюць памяншэнню скорасці ветру, больш раўнамернаму размеркаванню снегу, павелічэнню вільготнасці і т-ры паветра. У буйных гарадах шкодны ўплыў клімату горада памяншаецца стварэннем рацыянальнай сістэмы забудовы і правядзеннем азелянення і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРВ,
адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФІ́ЗМ (ад грэч. metamorphoomai ператвараюся),
працэс змены структуры, мінер. і часткова хім. саставу асадкавых і магматычных горных парод пад уздзеяннем т-ры, ціску, хімічна актыўных флюідаў. Цесна звязаны з метасаматызмам. У выніку М. ўзнікаюць метамарфічныя горныя пароды і метамарфагенныя радовішчы. Пры М. адбываецца перакрышталізацыя зыходных мінералаў і ўтварэнне новых, больш устойлівых мінер. асацыяцый. Працэсы М. працякаюць з нязначнымі зменамі хім. саставу зыходных парод (ізахімічны М.) і з істотнымі (алахімічны М.). Падзяляецца на эндагенны (з удзелам унутрызямных т-р, ціску, флюідаў) і касмагенны (узнікае ў астраблемах пад уздзеяннем на пароды ўдарных хваль пры падзенні буйных метэарытаў). Адрозніваюць М.: рэгіянальны, кантактавы, дынаматэрмальны, гідратэрмальны, прагрэсіўны, рэгрэсіўны, дыслакацыйны і інш. Паводле складу мінер. асацыяцый, якія ўтвараліся ў залежнасці ад велічыні т-р і ціску, вылучаюць фацыі М.: зялёнасланцавая, амфібалітавая, гранулітавая і інш. На тэр. Беларусі працэсы М. шырока праяўлены ў дакембрыйскім крышт. фундаменце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНЫЯ АЗЁРЫ, салёныя азёры,
азёры, вада якіх моцна мінералізавана (змяшчае вял. колькасць солей). Пры салёнасці вады да 1 г/л азёры прэсныя, ад 1 да 24,7 г/л саланаватыя або слабамінералізаваныя, больш за 24,7 г/л — салёныя або мінеральныя. Пры высокіх канцэнтрацыях солей воды М.а. з’яўляюцца насычанымі растворамі або блізкімі да насычэння, адбываецца крышталізацыя солей і іх выпадзенне ў асадак (самасадачныя М.а.), вада ў іх — рапа. М.а. — характэрны кампанент засушлівых ландшафтаў. Намнажэнне солей адбываецца за кошт наносаў у бяссцёкавыя катлавіны раствораных солей, газаў, біягенных элементаў рэкамі, падземнымі водамі і атм. ападкамі, інтэнсіўнага выпарэння вады з паверхні азёр. М.а. бываюць таксама марскога паходжання (ліманы, адасобленыя залівы і інш.). Паводле хім. саставу падзяляюцца на карбанатныя (содавыя), сульфатныя (горка-салёныя) і хларыдныя (салёныя). З М.а. здабываюць кухонную соль, соду, злучэнні брому, ёду, бору і інш.хім. элементаў; некаторыя іх донныя адклады (мінер., пераважна серавадародныя гразі) выкарыстоўваюцца ў лекавых мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ НАРО́ДНІЦКІЯ ГУРТКІ́ дзейнічалі ў Мінску ў 2-й пал. 1870—80-х г. Складаліся пераважна з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, прыхільнікаў тэорыі сял. сацыялізму. Першыя гурткі арганізаваны ў пач. 1876 студэнтамі М.Шварцам, С.Гаховічам, М.Велерам. Яны вялі прапаганду сярод вучняў, інтэлігенцыі, рамесных рабочых, сялян, яўр. насельніцтва. Гурткі аб’ядноўвалі больш за 160 чал. У час расколу «Зямлі і волі» (1879) у Мінск двойчы прыязджаў у 1879—80 лідэр «Чорнага перадзелу» Г.В.Пляханаў; другі яго прыезд звязаны з арганізацыяй у Мінску С.Грынфестам і І.Ляўковым цэнтр.падп. друкарні партыі «Чорны перадзел». Мінскія гурткі мелі цесную сувязь з польскай сацыяліст. партыяй «Пралетарыят». У 1887—88 пасля працяглых дыскусій пад уздзеяннем брашуры Пляханава «Нашы рознагалоссі» нарадавольцы аб’ядналіся вакол А.В.Бонч-Асмалоўскага, А.Я.Багдановіча, Я.С.Хургіна. Большасць чорнаперадзельцаў перайшла ўслед за Пляханавым на с.-д. пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАБО́Л,
[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАДЭ́ЛІ (Вано Ільіч) (6.4.1908, г. Горы, Грузія — 14.8.1970),
грузінскі і расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1957). Нар.арт.СССР (1968). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1931). Вучань С.Бархударана, М.Мяскоўскага і інш. У 1931—34 у драм. т-рах Грузіі. У 1938—39 адказны сакратар Саюза кампазітараў СССР. У 1942—44 начальнік і маст. кіраўнік Цэнтр. ансамбля ВМФСССР. Для яго творчасці былі характэрны грамадз. накіраванасць, публіцыстычная завостранасць, увага да праблем сучаснасці. Сярод твораў: оперы «Вялікая дружба» (паст. 1947), «Кастрычнік» (паст. 1964), аперэты «Дзяўчына з блакітнымі вачыма» (паст. 1966), «Масква—Парыж—Масква» (паст. 1968), кантаты; 2 сімфоніі (1938, 1945), «Грузінскі сімфанічны танец» (1936); хары, песні (больш за 100); рамансы на вершы А.Пушкіна, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар мемуараў «З майго жыцця» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.