ЗДАНО́ВІЧ (Ігнат Аляксандравіч) (13.1.1841, Вільня — 2.1.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве і Беларусі. Сын А.Здановіча. У 1858—62 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Атрымаў ступень канд.матэм.навук. Слухаў лекцыі ў Берлінскім ун-це. 3 лют. 1863 у Вільні, бліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем: касір Віленскага паўстанцкага цэнтра, са жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны 8.10.1863, публічна павешаны ў Вільні на гандл. плошчы Лукішкі. Аўтар брашуры «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» (Парыж, 1860).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАМЯРО́ЎСКАГА У. ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прыватнае бел. выдавецтва ў Вільні ў 1920-я — сярэдзіне 1930-х г. Заснавальнік У.Б.Знамяроўскі. Выдавала арыгінальную і перакладную л-ру, падручнікі, слоўнікі (усяго каля 20 назваў). Сярод іх «Беларускі каляндар на 1920 г.», «Сцэнічныя творы» Л.Родзевіча, «Дзед Завала» Ядвігіна Ш. (2-е выд.), «Руска-беларускі слоўнік» М. і Г.Гарэцкіх (2-е выд.), «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ў.Ігнатоўскага (4-е выд.) і інш. За выпуск «Беларускага дэкламатара» (1928) Знамяроўскі быў прыцягнуты ўладамі Польшчы да суд. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ПНІК (Phlomis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўразіі. На Беларусі вырошчваюць З. клубняносны (Ph. tuberosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты і кусты з простым ці галінастым сцяблом. Лісце найчасцей яйцападобнае ці трохвугольнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, двухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках, сабраных у коласападобнае суквецце; ружовыя, ліловыя, часам жоўтыя. Чашачка 5-зубчастая, трубчастая ці званочкавая. Плод — 4-гранны шматарэшак. Лек., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны. Клубнепадобныя патаўшчэнні на каранях З. клубняноснага ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЗЮ́ЛЯ» бел.нар. танец-гульня. Муз. памер 3/4. Тэмп умераны. Зафіксаваны Е.Раманавым у Дзісенскім пав. на Віцебшчыне. Удзельнікі ўтваралі 2 процілеглыя рады. Хлопец лавіў дзяўчыну з другога рада, потым яны мяняліся ролямі; астатнія ўдзельнікі танцавалі ў такт песні, а пры воклічы «ку-ку!» падавалі рукі тым, хто стаяў насупраць. На захадзе Беларусі М.Федароўскі зафіксаваў «З.» ў чыста танц. форме, якая выконвалася трыма дзяўчынамі. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. На Гомельшчыне бытуе пад назвамі «Кукаўка», «Ку-ку».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Фёдар Мікалаевіч) (н. 20.9.1929, в. Гірсаўка Прыазоўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна),
бел. акцёр. Засл. арт.Беларусі (1968). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1954). Працуе ў Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца характарных, камедыйных роляў: Трахім («Прымакі» Я.Купалы), Зайчык («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Стары («Ладдзя роспачы» У.Караткевіча), Белагубаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Настаўнік танцаў («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Цыба («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.Шылера). Яго мастацтва вызначаецца мяккім лірызмам, дасціпнасцю, народнасцю і псіхалагізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛ, мул,
тонкадысперсны насычаны вадой няўшчыльнены асадак, які намнажаецца на дне водных басейнаў. Мае ад 30 да 50% часцінак памерам менш за 0,01 мм. Паводле генезісу адрозніваюць І. тэрыгенны (гліністы і інш.), біягенны (дыятомавы, глабігерынавы і інш.), хемагенны (карбанатны і інш.), вулканагенны. З’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання многіх асадкавых горных парод (аргіліты, сланцы). Некаторыя І. (азёрны, сажалкавы, лагунны) выкарыстоўваюць як угнаенне і для мінер. падкормкі с.-г. жывёл, а таксама ў медыцыне для гразелячэння. На Беларусі пашыраны І. азёрны (сапрапель, гіція) і глебавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НКА, Кабак армуд, Палаціўка,
сорт грушы нар. селекцыі. На Беларусі пашыраны на прысядзібных участках.
Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай раскідзістай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку, у вільготныя гады пашкоджваецца паршой і пладовай гніллю. Плады сярэдняй велічыні (120 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шчыльная, пры паспяванні жоўта-зялёная з ружаватым румянцам на сонечным баку. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці і сакавітасці, салодкая. Спажывецкая спеласць у пач. жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІГРА́НТЫ [ад лац. immigrans
(immigrantis) які ўсяляецца] у біялогіі, усяленцы, жывыя арганізмы, якія ўсяліліся ў якую-н. мясцовасць, дзе раней іх не было. Называюць па мясцовасці, адкуль арганізмы перасяліліся (напр., амерыканскія, ціхаакіянскія),
і па часе. ўсялення. Час іміграцыі і яе напрамак вызначаюць паводле назіранняў або гіст. звестак. На Беларусі І. з’яўляюцца андатра, каларадскі жук, рамонак пахучы (амер.), шэры пацук, сярэбраны карась, аер (азіяцкія). І. называюць таксама асобныя клеткі, якія выходзяць з зародкаў органаў і даюць пачатак новым тканкам або органам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНІЦЫЯ́Л (ад лац. initialis пачатковы),
1) павялічаная загалоўная (пачатковая) літара якога-н. раздзела ў тэксце рукапіснай ці друкаванай кнігі. У рукапісах І. (т.зв. буквіцы) багата размалёўвалі складаным арнаментам, упрыгожвалі выявамі чалавечых фігур і жывёл, жанравымі сцэнкамі. З узнікненнем кнігадрукавання І. рабілі пераважна ў тэхніках гравюры. На Беларусі першыя І. ўжыты ў рукапісных кнігах 11 ст. У бел. друкаванай кнізе ўпершыню І. ў тэхніцы ксілаграфіі выкарыстаны ў выданнях Ф.Скарыны ў пач. 16 ст. 2) Вялікая пачатковая літара імя, імя па бацьку, прозвішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Рыгоравіч) (28.6.1911, г. Асцёр Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1943),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскія бранятанк. курсы (1942). На фронце са жн. 1942. Вызначыўся ў Палескай вобл.: экіпаж танка на чале з К. у 12-гадзінным баі знішчыў 4 гарматы, 7 кулямётных кропак, 2 мінамётныя батарэі, шмат жывой сілы ворага. Загінуў у гэтым баі. На месцы гібелі экіпажа каля в. Загальская Слабодка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены абеліск.