БУРГАМІ́СТР

(ням. Bürgermeister),

1) выбарная асоба, якая ўзначальвала мясц. самакіраванне ў сярэдневяковых гарадах, дзе дзейнічала магдэбургскае права. У феад. гарадах Беларусі наз. бурмістр.

2) У час Вял. Айч. вайны на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі пад выглядам мясц. самакіравання ў гарадах і раёнах назначалі бургамістра з мясц. жыхароў і з асоб, якія прыбылі разам з акупантамі і супрацоўнічалі з імі.

3) У шэрагу краін Зах. Еўропы (Германія, Бельгія і інш.) — кіраўнік органаў мясц. самакіравання.

А.М.Літвін.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.

Праводзілася ў жн.кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДАН (Gordon) Рычард

(н. 5.10.1929, г. Сіэтл, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Вашынгтонскі ун-т (1951). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 12—15.9.1966 з Ч.Конрадам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (двойчы выходзіў у адкрыты космас; агульны час 2 гадз 44 мін); 14—24.11.1969 з Конрадам і А.Бінам здзейсніў палёт да Месяца як пілот асн. блока касм. карабля «Апалон-12», на якім зрабіў 44 абароты вакол Месяца. Агульная працягласць палётаў 13,16 сут.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́БЛЯ,

гаць, шлях, пракладзены ў балоцістым месцы, часта з мастамі і пераходамі цераз ручаіны і рэкі. Аснову найпрасцейшай грэблі складаў насціл з галля. На балоцістых мясцінах грэблю часцей будавалі зімой. Вясной многія грэблі затапляліся і размываліся, іх даводзілася аднаўляць. Адыгрывалі важную ролю ў гасп. жыцці ВКЛ. Патрабавалі вял. ўвагі, асабліва ў час інтэнсіўнага руху гасп. грузаў і перамяшчэння войск. З усталяваннем індустр. формаў дарожнага буд-ва і меліярацыі грэблі страцілі практычнае значэнне.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ВЕР (Hoover) Герберт Кларк

(10.8.1874, г. Уэст-Бранч, штат Аява, ЗША — 20.10.1964),

дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. У час 1-й сусв. вайны арганізатар харч. дапамогі для Бельгіі і Францыі. У 1917—19 узначальваў Федэральную харч. адміністрацыю, у 1919—23 — Амерыканскую адміністрацыю дапамогі. У 1921—28 міністр гандлю. У 1929—33 прэзідэнт ЗША (ад Рэсп. партыі). Садзейнічаў аднаўленню ваенна-прамысл. патэнцыялу Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны кіраваў арганізацыяй амер. дапамогі многім краінам.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,

ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАВА́ННЕ, кумленне,

старадаўні бел. абрад устанаўлення прыязных сяброўскіх адносін. Спраўлялі яго пераважна на «зялёныя святкі» (Сёмуху) ва ўсх. і цэнтр. частках Беларусі. Дзяўчаты ішлі ў лес, звязвалі галінкі бярозак («завівалі» іх), праходзілі парамі 3 разы ўзад і ўперад пад завітымі ў вянок бярозкамі, спяваючы песню пра ўслаўленне сяброўскіх адносін, пасля елі абрадавую страву (яечню). Абрад выконвалі пасля заканчэння сяўбы. Ён сімвалізаваў пажаданне добрага ўраджаю. Як традыц. гульня-забава трапляецца і ў наш час.

М.Ф.Піліпенка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ДА

[ад лац. custos (custodis) вартавы],

у рукапісных кнігах — абазначэнне парадкавага нумара сшытка на 1-й і апошняй яго старонках. У старадруках К. — 1-е слова (або частка слова) наступнай старонкі, якое змешчана ў ніжнім правым радку папярэдняй старонкі. К. выкарыстоўваліся, каб аблегчыць чытанне, а таксама забяспечыць правільнасць падбору аркушаў і сшыткаў у час пераплёту кнігі. У сучаснай кнізе К называюць змешчаныя ў верхняй частцы старонак гранічныя тэрміны развароту энцыклапедыі або слоўніка.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВА (італьян. lava ад лац. labes абвал, падзенне) вулканічная, распалены (т-ра 690—1200 °C) сілікатны расплаў нетраў Зямлі, які выліўся або выціснуты на зямную паверхню ў час вывяржэння вулкана. Адрозніваецца ад магмы адсутнасцю шэрагу лятучых кампанентаў (вады, газаў і інш.) і некаторымі фіз.-хім. ўласцівасцямі. Пры застыванні Л. ўтварае эфузіўныя горныя пароды. Пашырана Л. андэзітавая, базальтавая, дацытавая, рыялітавая і інш. На Беларусі лававыя горныя пароды трапляюцца ў адкладах венду і дэвону.

У.Я.Бардон.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)