род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (G. maxima), дуброўны (G. nemoralis), літоўскі (G. lithuanica), плывучы (G. fluitanse), складкаваты (G. plicata), трысняговы (G. arundinacea). Трапляюцца па берагах вадаёмаў, у забалочаных лясах, канавах.
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце з замкнёнымі похвамі, лінейнае, шурпатае. Каласкі шматкветныя, падоўжаныя, у мяцёлчатым суквецці. Плод — зярняўка. Пад назвай манна часам ужываюцца зярняўкі М. плывучага (адсюль назва роду). Харч. і карм. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах падцукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РФА-ПАСА́ДНІЦА (Марфа Барэцкая; 7—?),
наўгародская баярыня, удава пасадніка І.А.Барэцкага. Вызначалася розумам, энергіяй і красамоўствам. У 1470-я г. разам з сынамі ўзначальвала варожую маскоўскаму вял.кн.Івану III групоўку баяр — прыхільнікаў пераходу Наўгародскай феадальнай рэспублікі ў падданства ВКЛ (гл.Барэцкія). У 1477 М.П. і яе прыхільнікі сарвалі ратыфікацыю вечам дагавора аб прызнанні Івана III неабмежаваным уладаром Ноўгарада. У студз. 1478 Ноўгарад капітуляваў перад войскам Івана III, які выслаў М.П. ў Маскву, потым у Ніжні Ноўгарад, дзе яна пад імем Мар’і пастрыжана ў манашкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛЯ́НСКІ ПАЛА́Ц.
Існаваў у 19 ст. ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Меў рысы стыляў ампір і несапраўднай готыкі. Мураваны 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане на высокім цокалі. Цэнтр.ч., пад вальмавым дахам, вылучана 4-калоннай паўратондай, якая заканчвалася квадратным у плане бельведэрам са скульптурай у завяршэнні. Бакавыя крылы палаца на гал. фасадзе афармлялі слупавыя галерэі. Палац вядомы паводле малюнка Н.Орды 1860—70-х г., калі належаў Біспінгам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́ЗІУС ((Mathesius) Вілем) (3.8. 1882, г. Пардубіцы, Чэхія — 12.4.1945),
чэшскі мовазнавец. Заснавальнік і прэзідэнт Пражскага лінгвістычнага гуртка (гл. ў арт.Структурная лінгвістыка). Даследаваў агульную лінгвістыку, англ. мову, характаралогію мовы, пад якой разумеў супастаўленне элементаў розных моў для выяўлення тыповых уласцівасцей пэўнай мовы. Адзін з заснавальнікаў функцыянальнай лінгвістыкі. Абгрунтаваў сінхронны падыход да вывучэння мовы («Пра патэнцыяльнасць моўных з’яў», 1911). Распрацаваў тэорыю актуальнага члянення сказа. Аўтар прац «Чэшская мова і агульная лінгвістыка» (выд. 1947), «Функцыянальны аналіз сучаснай англійскай мовы на аснове агульнай лінгвістыкі» (выд. 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
адзін з відаў мікраўгнаенняў, які мае ў якасці мікраэлемента медзь у даступным для спажывання раслінамі выглядзе. У раслінах медзь уваходзіць у састаў ферментаў, удзельнічае ў працэсах дыхання; у аптымальных канцэнтрацыях паскарае рост і павышае ўстойлівасць раслін да засухі і захворванняў. Найб. пашыранае М.ў. — медны купарвас CuSO4∙5H2O мае 25,4% медзі, добра раствараецца ў вадзе (гл.Медзі злучэнні). Выкарыстоўваюць пераважна на асушаных тарфяна-балотных, пясчаных і супясчаных глебах пад пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, гарох, злакавыя травы, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЖНА,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 18 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 1,34 км², даўж. каля 3,6 км, найб.шыр. 550 м, найб.глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 11 км. Пл. вадазбору 15 км². Схілы катлавіны выш. 7—8 м, участкамі на ПнУ і З да 3 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на У зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі ілістае, глыбей дно выслана сапрапелем. Упадаюць 4 ручаі, сцёк па пратоцы ў Дрысу рэгулюецца шлюзам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛАМЕ́НТЫ (ад мікра... + позналац. filamentum ніткападобнае ўтварэнне, нітка),
скарачальныя ніткі ўнутрыклетачнага апорна-рухальнага апарату эўкарыёт — цыташкілета. Дыям. 4—7 нм. Маюць пераважна бялок актын, інш. скарачальныя бялкі (міязін, тропаміязін, актынін) і спец. бялкі (напр., вінкулін, фрагмін, філамін). Пад плазматычнай мембранай М. утвараюць суцэльнае спляценне, у цытаплазме клеткі фарміруюць пучкі з паралельна арыентаваных нітак або трохмерны гель. Забяспечваюць рухомасць нямышачных клетак (напр., нейтрафілаў, макрафагаў), удзельнічаюць у змене формы клеткі пры распластванні, прымацоўванні да субстрату, амёбападобным руху, эндамітозу, цыклозу (у раслінных клетках) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАЛАКАРТЫКО́ІДЫ,
гармоны кары наднырачнікаў, якія рэгулююць водна-салявы абмен у арганізме чалавека і жывёл. Па хім. прыродзе — кортыкастэроіды. Да М. адносяць альдастэрон (найб. актыўны) і 11-дэзоксікортыкастэрон. Пад уплывам М. затрымліваецца выдзяленне іонаў натрыю, хлору і вады ныркамі, павялічваецца выдзяленне іонаў калію і кальцыю з мачой, узмацняюцца анабалічныя працэсы. Пры павышанай прадукцыі М. у арганізме з’яўляюцца ацёкі, павышаецца артэрыяльны ціск, узнікае гіпакаліямія і інш. Пры недахопе М. павялічваецца выдзяленне натрыю і вады, што вядзе да абязводжвання арганізма. Сінт. прэпарат М. — дэзоксікортыкастэрону ацэтат выкарыстоўваюць для лячэння наднырачнай недастатковасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЖНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Мурожніца. У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,26 км², даўж. больш за 1,4 км, найб.шыр. 260 м, найб.глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 кмПл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя, месцамі пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 0,8 м пясчанае, ніжэй — ілістае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. З возера выцякае р. Язвінка, упадае р. Мурожніца.