наўкру́г, прысл. і прыназ.
Разм.
1. прысл. Навокал, кругом. Мне здавалася тады, што гарэла ўсё наўкруг, гарэў увесь свет... Сачанка. Паглядзі, як прасторна наўкруг, Як прыціхлі палацы, касцёлы! Колас.
2. прысл. Не прама, а ў абход ці ў аб’езд; укругавую. Пажылыя з косамі, граблямі і харчамі ехалі на калёсах наўкруг за пятнаццаць вёрст, а моладзь ішла напрасткі цераз раку і балота. Чарнышэвіч.
3. прыназ. з Р. Вакол, кругом каго‑, чаго‑н. [Дрэвы] утваралі зялёную агаро[д]жу наўкруг усяго парку. Чарнышэвіч. Калі Варанецкі скончыў, Парамонаў устаў і захадзіў па пакоі наўкруг стала. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непісьме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўмее чытаць і пісаць. Каліна быў зусім непісьменны: не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Няхай. [Маці] амаль што зусім непісьменная, але вельмі любіць, калі хто чытае ўголас. Брыль. // Які піша і гаворыць з граматычнымі памылкамі. Непісьменны вучань. // перан. Які не мае адпаведных ведаў у якой‑н. галіне, недасведчаны ў чым‑н. Непісьменны рэцэнзент.
2. Які мае (арфаграфічныя, стылістычныя і пад.) памылкі. Непісьменнае сачыненне. // Які выкананы без належнага ведання справы. Непісьменны чарцёж.
3. у знач. наз. непісьме́нны, ‑ага, м.; непісьме́нная, ‑ай, ж. Мужчына, жанчына, якія не ўмеюць чытаць і пісаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязна́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Не бачаны раней, невядомы; нявывучаны. Калі [сябры] наблізіліся, бачаць: Зусім нязнаны край зямлі. Танк. Ногі просяцца ў далеч нязнаных дарог, Свежасць ніў удыхнуць хочуць грудзі. Арочка. / у знач. наз. нязна́нае, ‑ага, н. І тады за сябрам следам Стаў чацвёрты гаварыць: — Да ўсяго патрэбны Веды, Каб нязнанае скарыць. Кірэенка.
2. Такі, якога не давялося перажыць, зведаць; нязведаны. З канвертам у руках.. [Алаіза] хадзіла па пакоі, адчувала, як нейкая нязнаная дагэтуль радасць поўніць яе. Арабей. Міця адчуваў сябе трывожна. Нязнанае, нязведанае раней пачуццё непакоіла яго і хвалявала. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нясто́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.
2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няя́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які невыразна, дрэнна відаць, не вылучаецца сваімі контурамі. На тым беразе паказаліся дзве няясныя постаці. Колас.
2. Які ледзь чуваць; невыразны. У адну з хвілін, калі Міхаіл на момант скіраваў увагу на правага свайго суседа, спераду раптам пачуўся няясны шум і ўсплёск вады. Краўчанка. Не, не зман. Музыка. Плаўныя няясныя гукі музыкі. Мелодыю не вызначыш, але гэта — музыка. Ермаловіч.
3. Не зусім зразумелы; невыразны. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч. Словы Лапціна былі поўны няясных намёкаў, ад іх непрыемна застукала сэрца, і Каваль заспяшаўся. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́дла, ‑ы, ж.
1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.
2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазы́ка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.
1. Грашовая аперацыя, якая заключаецца ў тым, што некаторая сума грошай бярэцца ў доўг на пэўных умовах звароту. Дзяржаўная ўнутраная пазыка. Узяць пазыку. Выплаціць пазыку.
2. Выдача ў доўг на пэўных умовах грошай, рэчаў і інш., а таксама грошы, рэчы і інш., узятыя ў доўг. Сярэднія сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць. «Весці». А што калі б Ладуцька для пачатку паспрабаваў узяць у дзяржавы грашовую пазыку? Краўчанка. Дзяржава дала насенную пазыку. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пало́н, ‑у, м.
1. Няволя, у якую трапляе чалавек, захоплены ворагам у час вайны. — Мы акружэнне прабавалі двойчы, Пасля, кантужаны, я трапіў у палон. Смагаровіч. Быў сакавік сорак першага года. Для нас, жаўнераў польскай арміі, поўз другі год палону. Маладыя — нічога, трымаліся. А са старых — сямейных мужчын, .. двое ўжо звар’яцелі. Брыль.
2. перан. Стан залежнасці, падпарадкаванасці каму‑, чаму‑н.; знаходжанне ў гэтым стане. Дзе ты, шчасце, дзе прапала? Дзе твой радасны палон? Колас. Самае страшнае, калі чалавек, асвоіўшы гатовыя формы работы, знаходзіцца ў палоне іх і баіцца шукаць новага. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паме́ншаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стаць меншым па аб’ёму, колькасці, велічыні. Ды і ростам.. [Яцкевіч] нібы паменшаў: ну што гэта за мужчына, мне па плячо? Карпюк. Зблажэў не толькі матчын дом. Як бы папрысядалі, паменшалі памерамі ўсе навакольныя дамкі, хаціны, панадворкі, да дробязей знаёмыя з маленства. Навуменка. / у безас. ужыв. Парадзеў лес на берагах С[а]жа, паменшала і вады. Дуброўскі. // Стаць меншым па сіле, інтэнсіўнасці. У пакоі пацямнела, агонь у лямпе паменшаў — відаць, дагарала газа. Шахавец. Калі ж нарадзіліся Соня і Леначка, рэўнасць.. [Юркава] не толькі не паменшала, але стала яшчэ больш лютая. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.
2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.
3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)