АЗЯРО́К, Азяркі,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка. Пл. 0,28 км², найб. глыб. 8 м. Пл. вадазбору каля 4 км². Схілы выш. 8—10 м, парослыя хмызняком, у верхняй частцы разараныя. Берагі пясчаныя і затарфаваныя. Дно плоскае, пясчанае, глыбей за 2,5 м глеістае. Сцёк у р. Аўсянка. Расліннасць уздоўж берагоў, у яе складзе вадзяны арэх плывучы — рэлікт даледавіковай флоры (ахоўны від на Беларусі).

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюцца для атрымання алею. Назапашваюць алей пераважна ў насенні і пладах, некаторыя ў клубеньчыках (чуфа); у вадкім (травяністыя алейныя культуры, масліна, тунг) і цвёрдым (пальма, какава, васковае дрэва) стане. Культывуецца каля 50 відаў. У сусв. земляробстве найб. пашыраны соя, арахіс, сланечнік, масліна, рапс, кунжут, клешчавіна. На Беларусі вырошчваюць лён, сланечнік, каноплі (у іх насенні да 40% алею), але пераважна як тэхнічныя культуры. Гл. таксама Эфіраалейныя культуры.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадам імя Шчорса (камандзір П.​В.​Пранягін і ням.-фаш. захопнікамі 13.9.1942 у раёне Агінскага канала. Атрад з баямі выйшаў 10—13.9.1942 да 10-га шлюза, захопленага карнікамі (каля 100 гітлераўцаў), частка атрада перайшла ўброд р. Шчара і ўдарыла ў фланг праціўніка, асн. сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку 5-гадзіннага бою знішчылі больш за 60 гітлераўцаў, захапілі зброю, боепрыпасы.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (12.6.1875, С.-Пецярбург — 1937 ?),

батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1899). У 1920—35 заг. аддзела Мінскай балотнай доследнай станцыі, секцыі Бел. аддз. Усесаюзнага Ін-та прыкладной батанікі; кіраўнік геабатанічнай экспедыцыі Наркамзема БССР. Заснавальнік Вялікалятчанскага батанічнага саду (каля Віцебска) і батанічнага саду БДУ. Асн. працы па сістэматыцы раслін, дэндралогіі, геабатаніцы.

Тв.:

Обзор растительности Белорусского Полесья. Мн., 1928 (разам з А.​Д.​Лазук).

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛІ ЗЯМЛЯ́ (Terre Adélie),

частка тэрыторыі Усх. Антарктыды паміж 136° і 142° усх. даўгаты, абмываецца на Пн морам Дзюрвіля. Ледавіковае покрыва таўшчынёй да 2000 м, каля берага трапляюцца ўчасткі, свабодныя ад лёду. Клімат суровы, з перавагай штармавых вятроў. Адкрыта ў 1840 франц. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Ж.​Дзюмон-Дзюрвіля, названа ў гонар яго жонкі. З 1956 паблізу берага Адэлі зямлі (на в-ве Пятрэль) працуе франц. навук. станцыя «Дзюмон-Дзюрвіль».

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ХАВА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Пл. 0,64 км², даўж. 1,53 км, найб. шыр. 0,71 км, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Пл. вадазбору 19,4 км². Схілы выш. ад 2 да 12 м. Берагі стромкія, на Пн зліваюцца са схіламі, параслі хмызняком, на З забалочаныя. Дно плоскае, сапрапелістае, каля берагоў пясчанае і пясчана-галечнае. Выцякае ручай у воз. Саванар.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛА́М, забарол,

невысокая (каля 1,5 м) надбудова над абарончымі сценамі і вежамі драўляных замкаў Беларусі ў 16—17 ст. Служыў пагрудным прыкрыццём для абаронцаў. Меў выгляд верт. сценкі з 3—7 вянкоў, якая апіралася на кансольныя выпускі бэлек гарадзен, тарасаў і вежаў і выступала за сцены ніжніх ярусаў. Па бэльках насцілаўся верхні баявы мост з падсябіццямі. Прарэзаны байніцамі аблам часам завяршаўся дахам і ствараў крытую баявую галерэю, напр., у Віцебскіх замках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТЭ́РНА,

возера ў Беларусі, у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,89 км². Даўж. 5,5 км, найб. глыб. 12 м. Пл. вадазбору каля 115 км².

Берагі пясчаныя. Дно складанай будовы, выслана пяском і сапрапелямі. Схілы пераважна высокія, укрытыя лесам, на У разараныя. Злучана ручаём з воз. Укля, пратокамі з азёрамі Важа і Набіста. У 1967 узровень яго штучна падняты на 1 м.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРЫ́ТЫ, амарэі, амуру,

галіна семіцкіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі Сірыйскі стэп ад Палесціны да Персідскага зал. У канцы 3-га тыс. да н.э. разбурылі шумерскую цывілізацыю Ура і каля 1894 да н.э. заснавалі Старававілонскую дзяржаву. Асеўшы ў Месапатаміі, у 18—17 ст. да н.э. асіміляваліся з мясц. насельніцтвам, у Сірыі і Палесціне ў 15—10 ст. да н.э. зліліся з ханаанеямі. У 1-м тыс. да н.э. Сірыя наз. Амуру.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАЛУ́СКІЯ ГО́РЫ, Кардыльера-Бетыка (Cordillera Betika),

горная сістэма на Пд Пірэнейскага п-ва ў Іспаніі. Працягласць з ПдЗ на ПнУ каля 630 км. Выш. да 3478 м (г. Муласен). Утвораны некалькімі глыбока расчлянёнымі хрыбтамі і масівамі альпійскага ўзросту. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў. Развіты карст. Радовішчы жал. руды. Укрытыя лістападнымі і вечназялёнымі лясамі і хмызнякамі. У катлавінах і на ўзбярэжжы плантацыі цытрусавых, аліўкаў, вінаграднікі, на У — фінікавыя пальмы.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)