род кветкавых раслін сям. капуставых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна трапляецца гарліца шэрая (B. incana). Расце на палях, сухіх лугах, пустках, узгорках, каля дарог, на сметніках і пясчаных мясцінах.
Адна-, двух- і шматгадовыя шаравата-зялёныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у галоўчатых гронках. Плод — авальны стручок; насенне пляскатае, акаймаванае. Лек. (мачагонны, патагонны, вяжучы, заспакаяльны і ранагаючы сродак) і меданосныя расліны; пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШЫНКІ (Pisidium),
род прэснаводных двухстворкавых малюскаў. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 15 відаў. Найб. пашыраны гарошынка рачная (P. amnicum), гарошынка бліскучая (P. nitidum), гарошынка балотная (P. casertanum).
Ракавіна даўж. 2—10 мм авальная або яйцападобная з ссунутай назад верхавінкай. Рухаюцца з дапамогай ланцэтападобнай нагі. Дыханне шчэлепнае. Гермафрадыты. Моладзь выношваюць у вывадкавых камерах (марсупіях). За год даюць 2 патомствы. Кормяцца мікрапланктонам, рэшткамі раслін і жывёл. Удзельнічаюць у біялагічным самаачышчэнні вадаёмаў. Корм для некат. рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Любоў Мікалаеўна) (н. 16.3.1941, в. Хацяноўшчына Мінскага р-на),
бел. літаратуразнавец. Скончыла БДУ (1964). Канд.філал.н. (1973). Працавала настаўніцай, з 1971 у Ін-це л-ры АНБеларусі. Выступае ў друку па пытаннях сучаснага літ. працэсу, з артыкуламі, прысвечанымі творчасці П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, А.Пысіна, Р.Барадуліна. Аўтар манаграфій «Аляксей Пысін» (1981), «Зямля бацькоў дала мне права» (1983), «Сатыры слова гнеўнае» (1989), «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996; з Т.К.Грамадчанка і А.С.Гурскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУРА́ (Султан) (1910, кішлак Кагалтам Бухарскай вобл., Узбекістан — 14.11.1943),
узбекскі паэт. Удзельнік баёў за вызваленне Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны (пахаваны ў в. Казярогі Лоеўскага р-на). Скончыў Бухарскі пед. тэхнікум (1930). Друкаваўся з 1927. Аўтар паэт. зб-каў «Самаадданы» (1939), «Масква» (1941), у якіх апаэтызаваў родны край, дружбу, каханне, патрыятызм моладзі, гераізм бел. народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову яго творы пераклалі А.Астрэйка, С.Ліхадзіеўскі, К.Паўтаржыцкі, К.Цвірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАЛЮ́БАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 30.6.1930, Мінск),
бел. вучоны ў галіне механікі і тэхн. кібернетыкі. Д-ртэхн.н. (1988), праф. (1989). Скончыў БПІ (1953). З 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АНБеларусі. Навук. працы па аналізе, сінтэзе і мадэляванні дыскрэтных сістэм кіравання машынамі, аўтаматызацыі праектавання, тэорыі механізмаў і машын, тэарэт. механіцы, геафізіцы.
Тв.:
Бегущие волны деформации. Мн., 1987;
Государственная власть как техническая система: О трех великих социальных изобретениях человечества. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКТУРО́ЎСКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),
савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап.ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.
Тв.:
Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Дзмітрый Сяргеевіч) (н. 6.7.1940, Мінск),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1985), праф. (1986). Скончыў БДУ (1962). З 1978 у БПА (з 1988 прарэктар), у 1993—95 у Мін-ве адукацыі і навукі Беларусі, з 1995 у БПА. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў, мікраэлектроніцы, прыладабудаванні. Распрацаваў колькасныя і якасныя метады люмінесцэнтнага аналізу паўправаднікоў, апаратуру для тэхнал. кантролю якасці паўправадніковых матэрыялаў і прылад.
Тв.:
Физика и материаловедение полупроводников с глубокими уровнями. М., 1987 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАКРЫ́ЛЫЯ, стрыжападобныя (Apodiformes),
атрад птушак. З сям.: стрыжы, калібры, чубатыя стрыжы (Hemiprochidae). Больш за 420 відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках. На Беларусі трапляецца стрыж чорны (Apus apus).
Маса 1,6—140 г. Крылы доўгія і вузкія з пакарочанай плечавой косцю і кароткімі другараднымі махавымі пер’ямі, што забяспечвае хуткі манеўраны палёт. Большую ч. дня праводзяць у паветры, на зямлі бездапаможныя, узляцець з роўнай паверхні не могуць. Т-ра цела можа часова зніжацца і птушкі ўпадаюць у здранцвенне. Нясуць 1—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЬКАВА ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нехрысць, за 33 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,51 км², даўж. 2,2 км, найб.шыр. 290 м, найб.глыб. 43,3 м (3-е па глыбіні на Беларусі), даўж. берагавой лініі 4,84 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 20—30 м, вельмі стромкія, пад хмызняком. Берагі супадаюць са схіламі. Мелкаводдзе вузкае. Дно да глыб. 6—10 м пясчанае, потым глеістае. Шырыня паласы расліннасці да 25 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРЭА́ЛЬНЫЯ (Hypocreales),
парадак грыбоў з класа аксаміцэтаў. Вядома больш за 1000 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмеранай зоне і тропіках. На Беларусі каля 50 відаў з родаў нектрыя, гіпакрэя, мікранектрыела, фузарыум і інш. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць хваробы раслін.
Пладовыя целы (перытэцыі) мяккія, мясістыя, светлыя або ярка афарбаваныя, утвараюцца на паверхні або ўнутры субстрату. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя. Аскаспоры рознай формы і памераў, аднаклетачныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця часта ёсць канідыяльная стадыя, якая адыгрывае вял. ролю ў пашырэнні відаў.